Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты // Форум
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Джані Радары

1. Крышталёвы Джакома
2. Уцёкі Пульчынэлы
3. Калодзеж у Кашына П’яна
4. Блакітны светлафор
5. Карусель у Чэзенатыка

КРЫШТАЛЁВЫ ДЖАКОМА

Аднойчы ў адным далёкім горадзе на сьвет нарадзіўся празрысты хлопчык. Празь ягонае цела можна было глядзець, як праз паветра або ваду. Ён быў з плоці і касьцей і толькі здаваўся шкляным. Калі ён падаў, то не разьбіваўся на аскепкі. А самае горшае – атрымліваў празрысты гузак на ілбе.

Можна было бачыць, як б’ецца ягонае сэрца і мітусяцца, як каляровыя рыбкі, ягоныя думкі ў галаве.

Аднойчы хлопчык памылкова схлусіў, і адразу ўсе ўбачылі нешта накшталт вогненнага шарыка на ягоным твары. Ён сказаў праўду, і вогненны шарык растаў. Больш ніколі ў жыцьці ён ня хлусіў.

Другі раз адзін сябра даверыў яму свой сакрэт. І хутка ўсе ўбачылі, як чорны шарык беспакойна круціцца ў ягоных грудзях. Сакрэт стаў вядомы кожнаму.

Хлопчык рос, стаў юнаком, потым дарослым, і кожны мог прачытаць ягоныя думкі і адгадаць ягоныя адказы на любое пытаньне раней, чым ён адкрые рот.

Ён зваўся Джакома, але людзі называлі яго “Крышталёвы Джакома” і любілі за ягоную шчырасьць. Побач зь ім усе станавіліся лагаднейшымі.

На жаль, да ўлады ў крамне прыйшоў жорсткі дыктатар, і для народу пачаўся час уціску, несправядлівасьці і бядоты. Хто асьмельваўся пратэставаць, той бясьследна зьнікаў. Хто паўставаў, таго расстрэльвалі. Беднякоў перасьледвалі і абражалі як хацелі.

Людзі маўчалі і зносілі ўсё, баючыся помсты.

Але Джакома ня мог маўчаць. Нават калі ён і не адкрываў рота, ягоныя думкі гаварылі за яго. Ён быў празрысты, і ўсе чыталі на ягоным твары думкі пагарды і асуджэньня несправядлівага і злога тырана. Потым употай людзі паўтаралі думкі Джакома і набывалі надзею.

Тыран аддаў загад арыштаваць крышталёвага Джакома і кінуць у самую змрочную турму. Але адбылося нешта неверагоднае. Сьцены камэры, дзе сядзеў Джакома, сталі празрыстымі а потым муры турмы, а ўрэшце і навакольныя сьцены. Людзі, што праходзілі каля турмы, бачылі Джакома на турэмнай лаве, нібыта сама турма стала крышталёвай. І яны, як раней чыталі ягоныя думкі. Уначы вакол турмы разьлівалася яркае сьвятло, і тыран у сваім палацы загадаў спусьціць усе заслоны, каб ня бачыць яго. Але ўсё роўна ня мог заснуць. Крышталёвы Джакома ў кайданах быў мацнейшым за яго, бо праўда мацнейшая зя ўсё, ярчэйшая за дзень, дужэйшая за ўраган.

УЦЁКІ ПУЛЬЧЫНЭЛЫ

Пульчынэла была самай неспакойнай марыянэткай у старым лялькавым тэатры. Яна заўсёды крыўдзілася: то хацела падчас рэпэтыцыі пайсьці на шпацыр, то хацела іграць драматычную ролю, а не камічную, якую прызначыў ёй лялечнік.

– Ня сёньня дык заўтра,– прызнавалася яна Арлекіну,– я абрэжу свае нітачкі. Гэтак яна і зрабіла, толькі гэта было ня ўдзень. Уначы ёй ўдалося знайсьці нажніцы, забытыя лялечнікам,. Яна абрэзала адну за адной нітачкі, што былі прывязаныя да яе галавы, рук і ног, і запрапанавала Арлекіну:

– Пайшлі са мной.

Але Арлекін баяўся разьвітацца з Калямбінай. А Пульчынэла ня думала браць з сабой гэтую крыўляку, якая столькі разоў пры ўсіх пакеплівала зь яе.

– Зьбягу сама.– вырашыла яна. Сьмела саскочыла на зямлю і – ногі ў рукі.

“Як цудоўна,– думала яна на бягу,– што ніхто ня тузае мяне гэтымі праклятымі нітачкамі. Як цудоўна крочыць менавіта там, дзе хочаш сама”.

Сьвет быў для самотнай марыянэткі вялікім і страшным. Асабліва ўначы. Жорсткія каты гатовыя былі кінуцца на кожны рухомы цень, пераблытаўшы яго з мышай. Пульчынэла здолела пераканаць катоў, што яны маюць справу з сапраўднай актрысай. Але на ўсялякі выпадак яна схавалася ў садзе, прытулілася да плоту і заснула.

На сьвітанку яна прачнулася і захацела есьці. Але навокал было відаць толькі гвазьдзікі, тульпаны, львіныя сэрцы і гартэнзіі.

Пацерпім.– сказала сабе Пульчынэла і, сарваўшы гвазьдзік, пачала недаверліва жаваць пялёсткі. Гэта было ня тое самае, што есьці добра прасмажаны біфштэкс або філе з акуня: у кветках шмат водару і мала смаку. Але для Пульчынэлы гэта быў прысмак свабоды, і наступны пялёстак ёй смакаваў, як самая смачная ежа. Яна вырашыла назаўсёды застацца ў гэтым садзе. Так і зрабіла. Спала пад высокай магноліяй, чыё лісьце не баялася ні дажджу, ні градабою. Жывілася кветкамі: сёньня зьесьць гвазьдзік, заўтра ружу. Пульчынэла сьніла горы спагеці і даліны з сыру, але яна не здавалася. Яна зусім высахла, але стала такой духмянай, што час ад часу пчолы сядалі на яе, каб узяць нэктар. Але яны адляталі расчараваныя, паспрабаваўшы безвынікова ўсадзіць свой хабаток у яе драўляную галаву.

Надышла зіма, абляцелі кветкі, і сад чакаў першага сьнегу. Бедная марыянэтка ня мела што есьці. Не было гаворкі, каб ісьці далей: яе слабыя драўляныя ногі не дайшлі б далёка.

“Пацерпім,– сказала сабе Пульчынэла,– буду паміраць тут. Тут ня самае горшае месца, каб паміраць. Галоўнае, што я памру вольнай. Больш ніхто ня будзе тузаць за нітачку маю галаву, каб прымусіць мяне гаварыць так або не”.

Першы сьнег накрыў яе мяккай белай коўдрай.

Увесну акурат у гэтым месцы вырас гвазьдзік.

Пад зямлёй спакойная і шчасьлівая Пульчынэла думала: “Трэба ж, над маёй галавой вырасла кветка. Можа хтосьці будзе шчасьлівейшы за мяне?”

Але яна не памерла, бо драўляныя марыянэткі не паміраюць. Яна і цяпер там, і ніхто пра яе ня ведае. Калі вы яе знойдзеце, то не чапляйце ёй нітачку да галавы. Каралі і каралевы лялечнага тэатру спакойна жывуць з гэтай нітачкай, а нашая марынэтка яе цярпець ня можа.

КАЛОДЗЕЖ У КАШЫНА П’ЯНА

На сярэдзіне шляху ад Сароны да Лен’яна на ўзлеску знаходзілася вёска Кашына П’яна, якая мела толькі тры двары. Там жылі разам адзінаццаць сем’яў. У Кашына П’яна быў адзін калодзеж на ўсіх. Але дзіўны калодзеж, таму што катушка для вяроўкі была, а вяроўкі або ланцуга не было. Кожная з адзінаццаці сем’яў мела сваё вядро з вяроўкай. І той, хто прыходзіў па ваду, прывязваў вяроўку да катушкі і апускаў вядро ў калодзеж. Выцягнуўшы вядро, ён адчапляў вяроўку і хаваў яе ў сябе ў хаце. Адзін калодзеж і адзінаццаць вяровак. А калі не верыце, спытайце самі, і вам раскажуць, як расказалі мне. Што тыя адзінаццаць сем’яў не жылі ў згодзе і замест, каб разам купіць добры ланцуг і прычапіць яго на патрэбу ўсім, засмечвалі калодзеж брудам і трэскамі.

Пачалася вайна, і мужчыны Кашына П’яна пайшлі ў войска, строга загадаўшы сваім жонкам сярод іншага, каб прыглядалі за сваімі вяроўкамі.

Потым прышлі немцы, мужчыны былі далёка, жанчыны баяліся, але ўвесь час хавалі свае адзінаццаць вяровак.

Аднойчы вясковы хлопчык пайшоў у лес па сухое галлё і пачуў у хмызьняку стогны. Гэта быў партызан, паранены ў нагу. Хлопчык пабег і паклікаў маці. Жанчына напалохалася, схапілася за галаву, а потым сказала: — Аднясем яго да нас і схаваем. А хто-небудзь далёка дапаможа твайму бацьку-салдату, калі здарыцца бяда. Мы не ведаем нават, дзе ён і ці жывы.

Яны схавалі партызана ў свіране і паклікалі доктара, сказаўшы, што захварэла старая бабуля. Іншыя жанчыны Кашына П’яна, аднак, бачылі бабулю яшчэ раніцай жывую і здаровую і западозрылі нейкую таямніцу. Не прамінула і дня, а ўся Кашына ўжо ведала пра параненага партызана ў свіране. А нейкі стары сказаў: — Калі даведаюцца немцы, то прыдуць сюды і пазабіваюць нас. Мы ўсе кепска скончым.

Але жанчыны разважалі інакш. Яны думалі пра сваіх мужоў. Уздыхалі і думалі, што тыя таксама можа недзе далёка параненыя і павінны хавацца. На трэці дзень адна жанчына прынесла свіную кілбасу, якую толькі што зрабіла. Яна аддала яе Катарыне, той, што схавала партызана, і сказала: — Яму, бедненькаму, трэба набірацца моцы. Дай яму гэтую кілбасу.

Потым прышла другая жанчына з бутэлькай віна, потым трэцяя з воркам крупы для кашы, потым чацьвертая з шматком сала. І да вечара ўсе жанчыны вёскі пабылі ў Катарынінай хаце, убачылі партызана і аддалі яму свае гасцінцы, выціраючы слёзы.

І ўвесь час, пакуль гаілася ягоная рана, усе адзінаццаць сем’яў Кашыны апекаваліся партызанам, як уласным сынам, і дзяліліся апошнім.

Партызан ачуняў, выйшаў на двор пасядзець на сонейку, убачыў калодзеж без вяроўкі і страшна здзівіўся. Жанчыны чырванелі, тлумачачы, што кожная сям’я мае сваю вяроўку, але не маглі яго пераканаць. Яны павінны былі б расказаць пра сваю ўзаемную варожасць, але яе ўжо не было, таму што яны пакутвалі разам і разам дапамагалі партызану. Яны яшчэ не зразумелі таго, што сталіся сяброўкамі і сёстрамі. Што не было больш сэнсу мець адзінаццаць вяровак.

Тады яны вырашылі купіць ланцуг на грошы ўсіх сем’яў і прычапіць яго. Так і зрабілі. А партызан дастаў першае вядро вады і гэта было, як урачыстае адкрыццё помніка.

Тым жа вечарам партызан, які зусім выздаравеў, пайшоў у горы.

БЛАКІТНЫ СВЕТЛАФОР

Аднойчы са светлафорам, які стаіць у Мілане на Саборнай плошчы, пачалі адбывацца дзіўныя рэчы. Усе ягоныя ліхтары адразу засвяціліся блакітным колерам, і людзі больш не ведалі, як пераходзіць вуліцу.

Пераходзіць або не пераходзіць? Стаяць або не стаяць?
Усімі сваімі ліхтарамі ўва ўсе канцы светлафор пасылаў блакітныя сігналы. Настолькі блакітныя, што неба над Міланам не бывае такім блакітным. Нічога не разумеючы, шафёры шумелі і гудзелі, матацыклісты ціснулі на газ, а самыя тоўстыя пешаходы крычалі: — Вы не ведаеце, хто я такі!

Гумарысты падкідвалі жарцікі: — Зялёны колер з’еў начальнік паліцыі, каб зрабіць сябе дачу на вёсцы.

– А чырвоны забралі, каб пафарбаваць персікі ў Джарзіні.

– А з жоўтым ведаеце, што зрабілі? Разбаўляюць аліўкавы алей.

Урэшце прышоў пастарунковы, устаў на скрыжаванні і пачаў рэгуліраваць рух. Другі пастарунковы разабраў каробку светлафора, каб направіць дэфект. Ён выключыў ток.

Перш чым згаснуць, светлафор паспеў падумаць:

– Небаракі! Я ім сігналіў: дарога ў неба адкрыта. Калі б яны зразумелі мяне, то зараз бы змаглі лятаць. Відаць, ім не хапіла смеласці.

КАРУСЕЛЬ У ЧЭЗЕНАТЫКА

Аднойчы ў Чэзенатыка на беразе мора паставілі карусель. На ёй былі шэсць драўляных коней і шэсць ружовых джыпаў, крыху палінялых для дзяцей з больш сучасным густам. Чалавечак, які рукамі круціў карусель, быў маленькі, хударлявы, смуглявы, з тварам такім, нібыта ён ёў праз два дні на трэці. Увогуле, гэта была не абы-якая карусель. Яна прыцягвала дзяцей, нібыта была зроблена з шакаладу. Яны ўвесь час зачаравана тоўпіліся вакол яе і кленчылі дазволу пакатацца.

– Што вам тая карусель, мёдам нашмаравана ці што? – казалі маці. І прапаноўвалі дзецям: — Пойдзем паглядзім на дэльфінаў у канале. Пойдзем у кавярню, дзе можна пакуляцца на канапе.

Безвынікова: дзеці хацелі на карусель.

Аднойчы вечарам стары сеньёр пасадзіў унука ў джып, а потым сам залез на карусель і ўсеўся ў сядло драўлянага каня. Яму было няўтульна, ягоныя доўгія ногі віселі над зямлёй, ён смяяўся. Але, як толькі чалавечак пачаў круціць карусель, стаўся цуд: стары сеньёр у адно імгненне ўзняўся над хмарачосам Чэзенатыка, ягоны конь ляцеў галопам у паветры, трымаючы храпу насустрач нябёсам. Сеньёр паглядзеў уніз і ўбачыў усю Раманью, потым усю Італію, потым усю Зямлю, якая аддалялася пад капытамі каня, і скора сталася маленькай іскаркай, што круцілася, круцілася, паказваючы адзін за адным кантыненты і акіяны, намаляваныя нібыта на геаграфічнай карце.

– Куды гэта мы ляцім? – спытаў сам сабе стары сеньёр.

У гэты момант яго абагнаў унучак, які сядзеў за рулём старога, крыху палінялага ружовага джыпа, што ператварыўся ў касмічны карабель. А за ім чарадой усе астатнія дзеці, спакойныя і ўпэўненыя на сваёй арбіце, як тыя спадарожнікі.

І карусельны чалавечак быў тут. Чулася таксама мелодыя пласцінкі, гэткая непрыгожая: тра-ля-ля. Кожны сеанс на каруселі працягваўся, пакуль не скончыцца пласцінка.

– Дык гэта чарадзейства.—кажа сам сабе стары сеньёр.—Гэты чалавечак, мабыць, чарадзей.

І яшчэ падумаў: — Пакуль іграе пласцінка, мы адзін раз абляцім Зямлю і тады паб’ем рэкорд Гагарына.

Касмічны караван праляцеў над Ціхім акіянам з усімі яго астраўкамі, над Аўстраліяй, дзе скакалі кенгуру, над Паўднёвым полюсам, дзе мільёны пінгвінаў задралі насы ў неба. Але не ставала часу падлічыць іх, на іхнім месцы з’явіліся амерыканскія індзейцы, якія давалі дымавыя сігналы. А вось хмарачосы Нью-Ёрка, а потым самотны хмарачос у Чэзенатыка. Пласцінка скончылася. Стары сеньёр разгублена азірнуўся навокал: ён зноў быў на старой, ціхамірнай каруселі на беразе Адрыятыкі, а смуглявы, хударлявы чалавечак асцярожна, без штуршкоў тармазіў яе.

Стары сеньёр, хістаючыся, сышоў уніз.

– Ведаеце.—сказаў ён чалавечку. Але той не паспеў адказаць яму. Наступная чарада дзяцей расселася на конях і джыпах, і карусель паляцела ў новы віток вакол Зямлі.

– Паслухайце…– зноў пачаў стары сеньёр крыху раззлавана.

Але чалавечак нават не зірнуў на яго. Ён штурхнуў карусель, па кругу закруціліся вясёлыя твары дзяцей, якія шукалі ў натоўпе бацькоў. А тыя стаялі шчыльным колам, усе з падбадзёрваючымі ўсмешкамі на вуснах.

Дык сапраўды чараўнік гэты чалавечак за два грошы? А гэтая ламака, што круціцца пад гугнявае тра-ля-ля, — чароўная карусель?

– Пайшлі адсюль.—заключае стары. – Лепш не расказваць нікому. Можа будуць смяяцца ў мяне за спіной і казаць: “А ён не ведаў, што ў такія гады небяспечна катацца на каруселі, бо здані здаюцца”.

Gianni Rodari. Favole al telefono. Torino, 1962.

Пераклад з італьянскай - Валеры Буйвал

Джані Радары (1920-1980) – вядомы італьянскі пісьменнік, навелы, казкі і аповесці якога перакладзены на мноства моў і выдадзены ў мільёнах асобнікаў. Удзельнік антыфашысцкага руху Супраціўлення ў гады вайны, Радары не абмінуў партызанскую тэму. Курорт у Чэзенатыка вядомы цяпер сотням беларускіх дзяцей, якіх запрашаюць туды штолета гуманітарныя арганізацыі. Творчасць Радары належыць усяму свету.

4/11/2004 › Цікавая літаратура


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Лістапад 2004
П А С Ч П С Н
« Кас   Сьн »
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ

Народная Перамога

[ Усе сябры ]




Лічыльнік:


Беларуская Салідарнасьць // Усе правы абароненыя // 2000—2019
Сувязь