Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Марыя Жудзітэ дэ Карвальё “Навэлы”

1. Армінда
2. Жыццё і мара

АРМІНДА

Людзі, якія ведалі яе або хутчэй былі ўпэўненыя, што ведаюць, бо бачылі, як штораніца яна праходзіла, вельмі сур’ёзная, амаль заўсёды спяшаючыся, на хаду нацягваючы пальчаткі і насоўваючы на галаву берэт, гэтыя людзі падумалі, разгарнуўшы свежую газету, што гэтага не можа быць, што безумоўна дапушчана нейкая памылка і нават што йдзецца пра супадзенне імя і пра фатаграфію кагосьці вельмі падобнага на яе. Ну, сапраўды, якая сувязь можа быць паміж жанчынкай, пунктуальнай, трохі паўнаватай, з сівізной у валасах, якую яшчэ называлі паненкай, паненкай Арміндай нягледзячы на тое, што ёй было пад сорак, якая роўна а дзевятай з паловай выходзіла на вуліцу, садзілася ў машыну і ехала на працу, лёгка кіўнуўшы цырульніку, што стаяў у дзвярах свайго салону ды таксама лёгка ўсміхнуўшыся пані Пэрпэтуа, якая з-за шыбаў глядзела на ўсіх мінакоў, — і гэтым імем, яе імем, гэтым безвыразным партрэтам, таксама ейным, на старонцы “Сідадэ” паміж начным самагубствам і ўзброеным нападам?

Але паступова, падумаўшы, падумаўшы добра, людзі пачалі цяміць, што справа ўрэшце не настолькі неверагодная, бязглуздая, як здавалася на першы погляд. Звычкай людзей ёсць думаць добра, што значыць, увесь час карэктаваць свае ўражанні аб іншых. У гэтым выпадку, напрыклад, усе пагадзіліся, яшчэ нават не абмяняўшыся ўражаннямі аб здарэнні, што жынчына заўсёды выклікала ў іх недавер. Перш за ўсё ў жанчын. Яны любілі хадзіць адна да адной, абмяркоўвалі хваробы дзяцей, чужое жыццё. Яна ніколі. Яна заўжды сядзела дома. Бачылі яе толькі, калі яна выходзіла на працу, бо калі вярталася, вокны былі ўжо зачынены, і ўсе сем’ямі сядзелі за вячэрай.

Жанчыны проста згубілі галаву, пачуўшы навіну, прачытаную ўголас іхнімі мужамі. Яны ніколі не чыталі газету, яна для мужчын, пра футбол, палітыку і падобнае. Але сёння і іх працяло, і яны схацелі пачытаць. Яны прыціскалі да сябе маленькіх дзяцей, цалавалі іх так моцна, што тыя пачыналі плакаць. А потым утлумачвалі ім, каб не хадзілі нікуды з незнаёмымі, ну акрэм Кацініны, бедалагі, які не зробіць шкоды, бо сябра ўсіх дзяцей.

Жанчыны думалі мала, хаця гаварылі звычайна шмат. Ім ніколі не прыйшло б у галаву, што Армінда бавіла вечары, седзячы ў крэсле, склаўшы рукі і думала. І гэта працягвалася, працягвалася месяцамі з тае пары, як памерла яе маці і яна засталася сама ў цэлым свеце. Армінда думала. Так бавіла вечары.

Ейныя думкі, зразумела, мелі эвалюцыю, развіваліся па небяспечнай крывой, настолькі небяспечнай, што ў канцы яе аказаліся турэмныя краты. Адразу пасля смерці пані Лаўры яна шмат думала пра сябе, плакала аб сябе, упэўненая, што пралітыя слёзы прысвечаныя маці. Потым яна стала ізноў перажываць пражытыя гады, каб не быць такой самотнай і напоўніць уласныя думкі. Натуральна, пачала думаць пра гэта. Таму што гэта ўрэшце было пачаткам і канцом усяго, свайго роду народзінамі дзіцяці, яе самой, мёртванароджанай. Яна не мела нічога за сабой і перад сабой нічога. Наперадзе, удалечыні, у глыбіні начы ледзь займалася святло, яшчэ слабое, недаступнае, да якога яна імкнулася. Святло, якое пазней, калі яна дасягнула яго, спаліць яе дашчэнту.

Калі гэта здарылася, яна жыла ў малым правінцыйным мястэчку, дзе ейная маці працавала настаўніцай. Бацька памёр колькі месяцаў таму, а ёй было чатырнаццаць год. Дзяўчо з формамі жанчыны, не па ўзросту высокае і ўжо трохі паўнаватае. Вясёлая, яна любіла гуляць з іншымі дзяўчынкамі, бегаць з імі па прадмесцю побач з домам, дзе жыла. Аднойчы ўвечары, калі яна вярталася са школы, ішла па пустой вуліцы, каля яе спыніўся аўтамабіль. “Ня хочаш пракаціцца?”—спытаў яе пяшчотны, прывабны голас. Армінда згадзілася, таму што не ведала пра жыццё, таму што ніхто не папярэдзіў яе. Мужчына ўзяўся запоўніць гэтую нішу, на свой спосаб, зразумела. Бязлітасна. Дзядзка спяшаўся, безумоўна, меў свае прычыны і не мог марнаваць часу на цацканне. Яе знайшлі ўначы, на дарозе, у некалькіх кілометрах ад гораду. Яна ішла, як памесяўнік, у парванай вопратцы.

У горадзе ўсе загаманелі аб здарэнні з дачкой настаўніцы. Армінда, аднак, нічога не ведала, бо ніколі не выходзіла з дому. Жыла ў страху. Усе мужчыны, якіх яна бачыла ў акно, здаваліся ёй тым мужчынай з ягонымі моцнымі рукамі, нецярплівым целам, дыханнем настолькі агідным, што праз месяцы яна, здавалася, адчувала яго. Яна згубіла ягоны твар, нібыта ён не меў яго. Гэта быў проста мужчына. Часам уначы яна абуджалася з крыкам, уставала з ложку і бегла ў абдымкі маці і прыслужніцы, старой і кашчавай. Тады яны пераехалі ў Лісабон, бо маці Армінды не магла перажыць шэпты натоўпу, цікаўнасць позіркаў, навязлівасць людзей, якім здавалася, што менавіта гэтая тэма найбольш падабалася ёй і таму яны не краналі іншых тэм. Урэшце яна вырашыла змяніць усё і выехаць з мястэчка. Па гэтых прычынах, а таксама таму, што тут дачка ніколі не выйдзе замуж.

І вось яны знялі сціплую кватэру на трэцім паверсе на Руа да Фэ. Пані Лаўра мела трохі аблігацый, да таго ж часам давала прыватныя ўрокі і на жыццё гэтага хапала. Армінда не схацела вучыцца далей, і маці не настойвала, думаючы ўладкаваць яе на працу. Ведала, што дачка – жанчына траўмаваная, абражаная да канца сваіх дзён. На вуліцы яна заўсёды апускала вочы, нішто яе не цікавіла. Дома бавіла час, паглынаючы раманы, нібыта прыдуманы свет мог даць ёй кампенсацыю за яе пустое існаванне.

Толькі адно, адзінае магло вывесці яе з апатыі, у якую, здаецца, яна была занураная назаўжды – дзеці, што гулялі ў парках або на вуліцы, вяртаючыся са школы. Яна ўзіралася ў іх шырока расплюшчанымі вачыма, прагна, як бедны падлетак, які згаладнела ўзіраецца ў вітрыну цукерні. Яшчэ змалку яна марыла аб будучых дзецях. Іх будзе шмат, казала яна. Трэба, каб было шмат. Прынамсці, пяць або шэсць. Але ейная змрочная прыгода пазбавіла яе надзеі. Яна ніколі не здолее аддацца мужчыне, яна добра гэта ведала. Хаця аднойчы паддалася жаданню. Мела тады дваццаць год.

У доме стрыечнай сястры маці ў Лісабоне яна пазнаёмілася з сур’ёзным маладым чалавекам, банкаўскім служачым, які ўпадабаў яе. Ён даведаўся пра ўсё ў цёткі і гісторыя Армінды кранула яго. Ён хацеў паправіць усё, ператварыць яе ў жанчыну, падобную на іншых. Прасіў пабрацца з ім шлюбам. Армінда згадзілася, поўная надзеі, ужо ўяўляючы сябе дзіця, якое народзіць. Але з першага ж разу, як яны засталіся самі, і ён узяў яе руку, яна шалёна вырвалася і, як вар’ятка, кінулася па лесвіцы ўніз, не чуючы галасоў, што гукалі яе. Некалькі гадзін залівалася слязьмі на ложку. Маці таксама плакала, ціха, не рашаючыся нават абняць яе, баючыся параніць яе яшчэ бальней якім-небудзь няўдалым словам.

Міналі гады. Дзеці, што з’явіліся на свет у год, калі і ейнае дзіця магло б нарадзіцца, ужо мелі пятнаццаць, потым шаснаццаць год. Некаторыя закахаліся. А яна ўсё была паненкай Арміндай. Да таго дня, калі ў газеце яе назвалі проста “Армінда”.

Тым часам пані Лаўра памерла. Гэтая смерць вызначыла рэзкі пералом у ейным жыцці. Яна зноў супакоілася, спакойная, як роўнядзь возера, па якой разышліся кругі ад кінутага каменя.

Дома без маці стала невыносна. Трэба было ўладкавацца на працу, але яна ведала, што нічога не выйдзе. Яна стала блукаць, хадзіла ў парк, у Кампу Грандэ. Сядала на лаву і глядзела на дзяцей. Ведаючы, што суседзі і прыслужніцы называюць яе вар’яткай, яна сказала, што нібыта працуе, і кожны дзень выходзіла з дому а той жа гадзіне, каб не выклікаць падозранняў. Знайшла кавярню насупраць школы ў раёне Інтэндэнтэ і там бавіла дажджлівыя раніцы за кубачкам кавы перад разгорнутай кнігай, не адрываючы вачэй ад брамы, праз якую ўваходзілі і выходзілі дзеці.

Аднойчы яе нібыта працяло ўдарам току. Яна выпрастала руку і застыла. Яна ўсміхалася новай перспектыве, якая адкрылася перад ёй. Чаму б і не? – падумала яна. І пачала канструіраваць план, які падаўся ёй простым і магчымым, план выкрадання дзіцяці. Усынавіць сірату або падкідыша – такая ідэя здаўна займала яе душу. Але яна баялася. Размаўляць з людзмі, адказваць на бясконцыя пытанні, бегаць па дзяржаўных установах. Выкраданне, безумоўна, бало для яе больш простым. Ідэя паўстала перад ёй, як позняя раніца пасля чорнай начы яе жыцця.

У парку Эдуарда VIІ штораніца з’яўляўся хлопчык у блакітнай калясцы. Бялявы, румяны, ен махаў сваімі маленькімі ручкамі або спаў, як анёл. Нянька, што заўсёды была побач, называла яго Жаазіньё. Армінда колькі разоў падыходзіла да іх, усміхалася да нянькі, са страхам дакраналася да прыгожага тварыку дзіцяці. Потым схамянулася, яе маглі запомніць. Хаця дзяўчына ўвесь час чытала або заігрывала з ахоўнікамі, але бясспрэчна магла прыгадаць яе пасля знікнення дзіцяці і нават апісаць яе ў паліцыі. Упершыню пасля таго яна атрымала моцную надзею.

Лёс дапамог ёй наступнай раніцай. Хлопчык і нянька былі на звычайным месцы, больш нікога. Не, быў яшчэ ахоўнік парку, але Армінда ведала, што гэта было дарэчы, бо ён заўмаў увагу дзяўчыны. Яны адвярнуліся спіной і смяяліся. Хлопчык спаў. Армінда ўзяла яго на грудзі так асцярожна, што ён нічога не пачуў. Потым знікла нікім не заўважаная. Ніхто не бачыў яе і на Руа да Фэ.

Хлопчык не здзівіўся і амаль не плакаў, калі расплюшчыў вочы. Відаць, пазнаў Армінду і зразумеў, што яна любіць яго. Яна адчувала, як грудзі яе разрываюцца ад празмернага шчасця.

Шчысце працягвалася роўна два дні і дзве начы. Маўклівыя позіркі прыслужніцы прымушалі Армінду чырванець. Яны добра разумеліся. Жылі разам трыццаць восем гадоў: як жа было не паразумецца. І яна стала чакаць паліцыю, апранула лепшую вопратку, каб з годнасцю пайсці з імі, калі яны прыйдуць па яе.

Яны сапраўды прыйшлі. На трэцюю раніцу. Сусед з другога паверху расказаў у доме сястры, куды завітаў на вячэру, што ў кватэры побач з’явілася дзіця. Ён чуў уначы яго плач. Швагер, які прачытаў у газеце пра знікненне дзіцяці, распытаў пра падрабязнасці, а потым патэлефанаваў сябру-паліцэйскаму. Вось і ўсё.

Калі яны стукаліся ў дзверы, яна мыла Жаазіньё. Старая яшчэ спрабавала засланіць дарогу паліцэйскім, але адступіла. Навошта супраціўляцца, калі рана або позна гэта павінна было стацца?

Армінда спалатнела, убачыўшы двух мужчын, што ўвайшлі ў яе пакой, і прыціснула Жаазіньё да грудзей з такой сілай, што ён заплакаў.

– Дык гэта Вы, сеньёра?—рэзка спытаў высокі, хапаючы яе за руку.—Вы арыштаваная. Хадземце з намі, хуценька. І Вы таксама!

Армінда вытарашчыла вочы. Жалезная рука, што схапіла яе руку – гэта рука мужчыны, як і голас, грубы, настойлівы, бязлітасны. Яна адпусціла дзіця, якое плакала ўсё мацней, і пачала адбівацца, як тады, дваццаць чатыры гады таму. Паліцэйскія з цяжкасцю начапілі на яе кайданкі. Прыслужніца залілася слязьмі. “Беднае дзяўчо,– казала яна,– беднае дзяўчо”. Але адзін з мужчын абарваў яе:

– Давай рухайся! Калі так шкадуеш дзяўчо, чаму нічога не паведаміла?

Старая паціснула плячыма і пайшла па паліто Армінды. А тая была ўжо даўно падрыхтаваная.

ЖЫЦЦЁ І МАРА

Ён мог стаць каміваяжорам, машыністам цягніка або мараком. Аднак ён не стаў нічым з гэтага, таму што не мы робім сябе, нас будуюць умовы. Бацька, зразумела, у выніку многіх просьбаў, дамогся, што ўжо ў трынаццаць гадоў яго прынялі ў важны банк, дзе яму далі шэрую форму і месца на будучыню. “Хлопча, дзе ж гэты чэк?”, “Хлопча, аднясі гэты ліст сеньёру Сілву”, “Дзе ты, хлопча?”, “Хло-о-пча!” Ён увіхаўся, вельмі старанна, такі сур’ёзны, прыкладаў усе намаганні, каб выканаць загад, не разумеючы яшчэ, што ягоныя дбайнасць і стараннасць паступова ўблытвалі яго цалкам у галаваломку, з якой яму ўжо ніколі не ўдасца вызваліцца. Уначы дома ён праглынаў кнігі Эмілія Сальгары, якія пазычаў яму багацейшы за яго калега. Іншым разам ён гартаў стары атлас, ушчэнт парэпаны і зашмальцаваны, які бацька купіў некалі ў букініста. Але што Адэрыту лініі межаў? Яму хапала неабсяжных блакітных прастораў, гэтых гарадоў з экзатычнымі імёнамі, якія ён прачытваў (кепска) уголас амаль з асалодай, каб пачуць іхняе гучанне.

Потым міналі гады, а ён амаль не заўважыў, як яны мінулі, поўныя доўгіх, зусім аднолькавых, нецікавых дзён. Ён ужо стаяў за банкаўскім дыскам, меў уласную сакратарку з папкай і губкай (перспектыўная пасада), зведаў жанчын, — нямногіх,– ажаніўся. Цяпер ён ужо гукаў: “Хлопча! Хлопча!” і пры гэтым заўсёды адчуваў як бы сутаргу ў горле, гэткі сорам, які й сам не мог растлумачыць, а таксама віну, непазбыўнае адчуванне віны перад гэтымі сур’ёзнымі, актыўнымі, вельмі стараннымі хлапчукамі.

Задумваўся ён рэдка (навошта пранікаць у сутнасць рэчаў), але іншым разам рашаўся сказаць сябе, што народжнаы не дзеля гэтага і ўрэшце надыйшоў час уцячы. Але ўцячы ад чаго? Куды? Яго задавальняла праца. Сапраўды задавальняла? Насамрэч ён не ўмеў рабіць іншай. Лічбы, лічбы, дні, месяцы, гады лічбаў, абстрактныя гады для яго і канкрэтныя, гэта відавочна, для многіх іншых асобаў. Ён народжаны не дзеля гэтага, можа быць. Але ж хто і дзеля чаго нараджаецца? – разважаў ён у жаданні супакоіцца. Ён быў чалавек спакойны, прызвычаены зносіць цяжкасці жыцця. Чалавек, дзеля якога задавальненні не былі надта моцнымі ды й расчараванні не надта нясцерпнымі. Чалавек метадычны, з немагчымымі марамі, але без ніякіх амбіцый.

Штонядзелю ён апранаў свой лепшы блакітны строй, завязваў з году ў год гальштук і ішоў на футбол. Жонка таксама выбіралася да сваёй маці. Часам яны выходзілі разам, развітваліся ўжо ў канцы вуліцы, цалаваліся проста так. Гэта была старая завядзёнка, якую як адзін, так і другая лічылі натуральнай, калі развітваліся ў нядзелю да вечара. Настолькі ж натуральная і нязменная, як і наведванне ўвечары кінатэатру ў іхнім квартале, каб паглядзець якую-небудзь стужку, што круцілі суботнім вечарам, як наведванне нядельнай імшы аб адзінаццатай у касцёле Сао-Дамінгуш.

Часам пры сустрэчы жонка пыталася:

– Не ладзілася гульня?

Адэрыту адказваў: так сабе, або нат не лічыў патрэбным даваць адказ. Ён заўсёды лёгка чырванеў, таму што быў чалавекам, які гідзіўся любой хлуснёй. Калі ён хлусіў, то адно з-за таго, што адчуваў: ягоная жонка лягчэй разумела расказаную ім хлусню, чым праўду, якую ён мог расказаць ёй. Ён не мог увявіць сабе,– і часта думаў пра гэта,– якой была б ейная рэакцыя, калі б ён расказаў, дзе бавіў час ужо столькі гадоў нядзельным вечарамі. Штовечар. І ў дождж, і пад сонцам. Яна не паверыць, жанчыны заўсёды цяжка даюць веры простым, ясным рэчым. Так, яна ніколі не паверыць, што ён ходзіць на прыстань, каб паглядзець, як адплываюць караблі, або ў аэрапорт, каб зірнуць на самалёты, што пакідаюць зямлю. Аднойчы ён сказаў Кошту, свайму калегу па банку, пра сваё захапленне, і ў Кошты з’явілася з’едлівая ўсмешачка. Калі Кошта не зразумеў яго, як магла зразумець жонка, бедная, пустая кабета..? Кошта нат спытаўся:

– І што ты знаходзіш у гэтых людзях, што ад’язджаюць на самалёце або караблі?

Якраз гэта і было дзіўна. Адэрыту ішоў у аэрапорт або на прыстань не дзеля таго, каб паглядзець на людзей, якія ад’язджаюць. І не за тым, каб паглядзець на карабель або самалёт. Усё было больш складана. Ён і сам не ведаў,– быў ён чалавек просты,– што перажываў у тыя моманты, без сумневу найшчаслівейшыя, найярчэйшыя, найдасканалейшыя ў ягоным безжыццёвым існаванні. Гэта было ўсё і адначасова нішто. Моцны, трошкі тхлявы пах вады, блізкай, цёмнай, зусім загадкавай, салёнае паветра б’ецца аб скуру, нервовыя галасы, беганіна, крыкі, там-сям слёзы, словы спакойнай, арганізаванай прыроды запаўнялі ўсё навокал. Паехаць бы ў Карачы… або ў Бразілію… або ў Нью-Ёрк… Потым, і гэта было самае надзвычайнае, вялікая птушка раве, цягнецца па зямлі, рассякае прастору, або вось агромністы карабель плыве спакойна, як час, па лёгкіх хвалях ракі, нібыта ў акіяне.

Часам ён стаяў там, пакуль карабель не знікаў. Ён перажываў свайго роду горыч, нібыта нехта вельмі дарагі ад’ехаў назаўсёды. Але не зусім так. Тое, што ён адчуваў, было болем за тую асобу, сябе самога, што заставаўся на беразе.

Тады ён пачынаў ісці ўздоўж прыстані і сустракаў людзей, вельмі брудных або проста загарэлых на сонцы – ён не ведаў. Яны цягнулі або перакатвалі цюкі ў транспартныя караблі, што прысталі або меліся адплысці. Людзі з прыгодніцкімі тварамі. Людзі. Часам ён кідаў позірк на іншыя плаўні, малыя і старыя з выгляду, што падгнілі ў вадзе, былі заўсёды на месцы, прывязаныя тоўстымі дратамі да жалезных слупоў. Прывязаныя, як ён. Вяртаўся ён дадому заўсёды сумны. Бачыў стол, накрыты для вячэры, пунсовую засню, статуэтку хлапца, які есць вішні (вішні гайдаліся, калі ён уваходзіў), уласную жонку, ужо тоўстую і друзлую ад узросту, бачыў іншымі вачыма, новымі вачыма, як той, хто вяртаецца здалёк і трапляе раптам, без падрыхтоўкі ў штодзённае жыццё, у старое жыццё, у жыццё, якое чакада ЯГО, урэшце ў СВАЁ жыццё.

Жонка спытала, калі падавала суп:

– Не ладзілася гульня?

Ён пачырванеў.

– Так сабе. А твая маці, як яна маецца?

Часам увечары падаў дождж. Кроплі моцна стукалі ў шыбы, вецер падмятаў вуліцу. Яна кідала вязанне, шчыльней атулялася ў хустку, таму што была мярзлячкай.

– Прыемна быць у хаце,– казала яна. – Ведаеш, дзе б я была шчаслівая? У Афрыцы…

Ён лёгка ўсміхаўся, ішоў да кніжнай шафы, адкрываў “Рабінзона Круза” або якую-небудзь з кніг Жуля Верна, прачытаную столькі разоў, што ўжо напамяць ведаў цэлыя ўрыўкі.

Наступнай раніцай ён вяртаўся ў банк і складаў, памнажаў, дзяліў. “Хлопча!, “Дзе ты, хлопча?” Але ў яго быў вінаваты выгляд, і дзятва яго не паважала. Яго заўсёды абслугоўвалі апошнім.

Аднойчы адзін з дырэктараў выклікаў яго, прапанаваў сесці ў адно з тых крэслаў зялёнай скуры, якія ён ведаў дагэтуль толькі з выгляду. То быў чалавек тоўсты, вельмі вохны, усмешлівы, з дыямэнтамі на пальцах. Ён засяроджана паглядзеў на Адэрыту, нібыта хацеў прачытаць ягоныя думкі.

– Ведаеце, чаму я вас выклікаў?

Але Адэрыту не ведаў. Не ўяўляў нават. Ён сядзеў на акрайчыку крэсла і трымаў рукі на сціснутых каленях, пачціва сціснутых.

Дырэктар пачаў казаць. Што дырэкцыя прызнае ягоныя добрыя якасці, ягоную адданасць сям’і, любоў да працы. Як ён, мабыць, чуў, банк мае філію ў Ларэнсу-Маркешы (1). Справа ў тым, што дырэкцыя думае, каб яго, Адэрыту, паслаць туды, ну, каб накіраваць. Заробак будзе, зразумела, падвышаны. Можна нат заверыць, што падвышэнне будзе значнае… Значнае… Дык вось, сітуацыя вельмі-вельмі выйгрышная. Не кажучы ўжо пра прэстыж. Ну, але падумайце, потым скажаце, згаджаецеся ці не.

Адэрыту не думаў або, лепш сказаць, думаў вельмі мала. І жонцы не сказаў нічога пра гэта, таму што яна няздольная была зразумець ягонае рашэнне ў справе, прапанаванай дырэктарам. Яна заўсёды марыла быць сеньёрай, бедалага. Мець шмат капелюшоў, шмат вопраткі і кучу грошай, каб прымаць візіты. Жанчына эліты каланіяльнага гораду… Яна ніколі не выбачыла б яму адмовы, гэта зразумела. Ён казаў дырэктару пра здароўе жонкі, пра сваю пячонку – вельмі прачула. Усё хлусня, натуральна. Але ж чаму, чаму? Ён і сам не ведаў. І рабіў гэта, можа быць, з лепшымі намерамі. Можа таму, што ёсць асобы, якія мараць і жывуць адначасна: чорныя людзі на караблях, акторы і акторкі, якіх ён бачыў суботнімі вечарамі ў кінатэатры ў сваім квартале, ён прызвычаіўся марыць і жыць. Магчыма, таму. Ужо позна, надта позна. Ён ужо не зможа пражыць сваю мару. Ён пачуваўся старым, страшэнна старым і стомленым, вельмі, вельмі стомленым.

І вось паехаў Кошта, адплыў на прыгожым параплаве. На прыстані стаяў Адэрыту з шырока расплюшчанымі вачыма і адчуваў вялікі, неабсяжны сум. Ён глядзеў на карабель, пакуль той не растварыўся ў густым тумане, які пакрываў той раніцай Тэжу. А потым пабег у аэрапорт паглядзець, як стартуюць самалёты.

1. цяпер Мапуту, сталіца Мазамбіка.

Maria Judite de Carvalho. Tanta gente, Mariana. Lisboa, 1991.

Пераклад з партугальскай - Валеры Буйвал

Марыя Жудзітэ дэ Карвальё (1921-1998), партугальская пісьменніца. Аўтар раманаў і аповесцяў “Краявід без караблёў”, “Пустыя шафы”, “Кветкі па тэлефоне”, “Вакол людзі, Марыяна”, шэрагу навел.

Героі пісьменніцы – як правіла, сацыяльныя дзівакі, постаці сумныя і меланхалічныя. Каларыт яе твораў неяк не адпавядае распаўсюджанаму ўяўленню пра сонечную паўднёвую краіну. Аднак, гэта не той жанр класавай крытыкі, знаёмай нам па опусах “прагрэсіўных пісьменнікаў”, якіх так любілі друкаваць у СССР. Жудзітэ дэ Карвальё назірае карцінкі штодзённага жыцця і ўсім сэрцам суперажывае лісабонскаму Акакію Акакіевічу ды іншым неўдахам. Пісьменніца верная вечнай тэме маленькага чалавека.

3/11/2004 › Цікавая літаратура


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Лістапад 2004
П А С Ч П С Н
« Кас   Сьн »
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024