Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Ардрэ Маруа “Навэлы”

1. Сабор
2. Нараджэнне мэтра

САБОР

Сэсіль і Ральфу Карзон

У 18… годзе адзін студэнт спыніўся на вуліцы Сэнт-Анарэ перад вітрынай гандляра карцінамі. У вітрыне было выстаўлена палатно Манэ “Шартрскі сабор”. Манэ тады ніхто яшчэ не захапляўся, акрэм некалькіх аматараў, але мінак меў добры густ. Прыгажосць гэтай карціны яго зачаравала. Шмат дзён ён прыходзіў зноў, каб паглядзець на яе. Урэшце рашыўся ўвайсці і спытацца пра кошт.

На прамілы Бог,– сказаў гандляр,– яна тут ужо даўно. За дзве тысячы франкаў я яе вам саступлю.

У студэнта не было такой сумы, але ён належаў да адной правінцыйнай сям’і, у якой грошы вадзіліся. Адзін з ягоных дзядзькаў сказаў яму перад тым, як ён ад’язджаў у Парыж: “Я ведаю, што значыць быць маладым. Калі тэрмінова што спатрэбіцца, напішы мяне”. Студэнт папрасіў гандляра не прадаваць палатно на працягу васьмі дзён і напісаў дзядзьку.

Маладзён меў у Парыжы каханку, што была замужам за чалавекам старэйшым за яе і нудзілася. Яна была трошкі вульгарная, дастаткова дурная і вельмі ладная. Увечары дня, калі студэнт запытаў пра кошт “Сабору”, тая жанчына сказала яму:

– Я чакаю заўтра візіту адной сяброўкі па пансіёну, якая прыязджае з Тулону, каб пабачыцца са мной. Мой муж не мае часу, каб забаўляць нас. Я разлічваю на Вас.

Сяброўка прыехала назаўтра. Ды ў суправаджэнні яшчэ адной. Студэнт павінен быў шмат дзён вадзіць жанчын па Парыжу. Так, аплочваючы абеды, фіякры і спектаклі, ён і пражыў гэты, такі імклівы месяц. Ён пазычыў грошы ў прыяцеля і пачаў непакоіцца, але ўрэшце атрымаў ліст ад дзядзькі. У ім ляжалі дзве тысячы франкаў. То была вялікая палёгка. Ён вярнуў пазыкі і зрабіў падарунак сваёй каханцы. Адзін калекцыянер купіў “Сабор” і значна пазней адпісаў яго ў спадчыну Луўру.

Тым часам студэнт пастарэў і стаўся знакамітым пісьменнікам. Ягонае сэрца засталося маладым. Ён яшчэ спыняецца ў захапленні перад краявідам або перад жанчынай. Часам на вуліцы, выходзячы з дому, ён сустракае пажылую даму, што жыве па суседству. Гэтая дама – ягоная былая каханка. Ейны твар да брыдасці тлусты; ейныя вочы, некалі прыгожыя, падкрэслены мяшкамі; над ейнымі вуснамі сівое валоссе. Яна ідзе з цяжкасцю і відавочна, што ў яе кепска з нагамі. Пісьменнік яе вітае, але не спыняецца, бо яму брыдка і непрыемна думаць, што ён некалі кахаў яе.

Час ад часу ён ідзе ў Луўр і падымаецца ў залу, дзе выстаўлены “Сабор”. Ён доўга глядзіць на яго і ўздыхае.

НАРАДЖЭННЕ МЭТРА

Мастак П’ер Душ завяршаў нацюрморт: кветкі ў слоіку з-пад зёлкаў, баклажаны на талерцы,– калі раманіст Поль-Эміль Глез увайшоў у майстэрню. Глез некалькі хвілін паглядзеў, як працуе сябра, потым голасна сказаў:

– Не.

Той ад нечаканасці падняў галаву і кінуў дамалёўваць баклажан.

– Не!—паўтарыў Глез,– Не! Ты ніколі не праб’ешся. Ты ведаеш сваю справу, маеш талент, ты – шчыры. Але твой жывапіс – аніякі, мой даражэнькі. Ён не выбуховы, не гарласты. У салоне, дзе пяць тысяч палотнаў, нішто не спыніць перад тваімі работамі заспанага наведвальніка… Не, П’ер Душ, ты ніколі не праб’ешся. А шкада.

– Чаму?—уздыхнуў шчыры Душ.—Я перадаю тое, што бачу: імкнуся выказаць тое, што адчуваю.

– Справа вось у чым, мой бедны сябра. У цябе жонка, трое дзяцей. Кожнаму з іх трэба па тры тысячы калорый штодня. Карцін больш, чым пакупнікоў, і прыдуркаў больш, чым знаўцаў. Ну і чым жа можна, П’ер Буш, вызначыцца ў натоўпе невядомых і няўдачнікаў?

– Працай,– адказаў П’ер Буш,– шчырасцю.

– Давай сур’ёзна. Адзіны сродак, П’ер Буш, каб растармасіць прыдуркаў, гэта зрабіць нешта надзвычайнае. Паведам усім, што едзеш маляваць на Паўночны полюс. Хадзі апрануты пад егіпецкага цара. Заснуй школу. Накідай у капялюш разумных словаў: экстр’ерызацыя, дынамізм, падсвядомае, нон-фігуратыўнае,– змяшай іх і складай маніфесты. Адмоўся ад руху там, дзе ёсць спакой; ад белага, дзе ўсё чорнае; ад круга, дзе ёсць квадрат. Вынайдзі неагеаметрычны жывапіс, які не ведае нічога, акрэм чырвонага і зялёнага, цыліндрычны жывапіс, актаганічны жывапіс, жывапіс у чатырох вымярэннях…

У гэты момант дзіўная і салодкая парфума паведаміла пра прыход мадам Касьнеўскай. Гэта была прыгожая полька, фіялетавымі вачыма якой захапляўся П’ер Душ. Яна выпісвала дарагія часопісы, у якіх маштабна рэпрадуцыраваліся шэдэўры трохгадовых дзяцей, а імя шчырага Душа яна там не сустракала і пагарджала ягоным жывапісам. Усеўшыся на канапе, яна зірнула на распачатае палатно, адкінула свае светлыя космы і ўсмяхнулася трошкі зласліва:

– Я ўчора хадзіла,– сказала яна са сваім цякучым і спеўным акцэнтам,– глядзець выставу негрыцянскага мастацтва славутай эпохі. Ах! якая пачуццёвасць, пластыка, моц!

Жывапісец прынёс, каб паказаць ёй, партрэт, якім ён быў задаволены.

– Панадна.—сказала яна акрайчыкамі вуснаў. Потым, расчараваная, рухавая, спеўная, у воблаку парфумы, — знікла.

П’ер Душ закінуў палітру ў кут і ўпаў на канапу: “Я павінен быў бы стаць інспектарам ашчаднай касы, банкаўскім служачым, паліцэйскім. Жывапіс – апошняя з прафесій. Поспех у разявак дастаецца толькі рамеснікам. Замест каб шанаваць мэтраў, крытыкі натхняюць варвараў. З мяне досыць. Кідаю гэтую справу”.

Поль-Эміль, выслухаўшы яго, запаліў цыгарэту і пачаў нетаропка разважаць:

– Ці ты пачуваеш сілу,– сказаў ён урэшце,– каб паведаміць з надзвычайнай сур’ёзнасцю Каснеўскай і некалькім іншым асобам, што год праз дзесяць ты збіраешся абнавіць манеру?

– Я?

– Паслухай… Я паведамлю нашым “элітам” у парачцы добра ўладкаваных артыкулаў, што ты засноўваеш ідэйна-аналітычную школу. Да цябе партрэтысты ў сваёй непісьменнасці вывучалі чалавечы твар. Плыгкасць! Не, тое, што сапраўды прадстаўляе чалавека, гэта – ідэі, якія ён абуджае ў нас. Так вось, партрэт палкоўніка – гэта сіне-залаты фон, перасечаны пяццю агромністымі пазументамі, конь у адным куце, крыж у другім. Партрэт фабрыканта – гэта фабрычны комін, сціснуты кулак на стале. Разумееш, П’ер Душ, штó ты падорыш свету, дык ці можаш ты намаляваць мне за месяц дваццаць ідэя-аналітычных партрэтаў?

Жывапісец сумна ўсміхнуўся.

– Так раптам,– сказаў ён,– і што сумна, Глез, дык тое, што будзь я іншым чалавекам, гэта магло б атрымацца.

– Паспрабуем.

– Мяне не стае на красамоўства.

– Ну дык, мой даражэнькі, на любую просьбу патлумачыць, ты расцягнеш час, запаліш файку, падпусціш дыму пад нос цікаўнаму і скажаш просты словы: “А Вы ніколі не глядзелі на раку?”

– І што гэта значыць?

– Нічога.—сказаў Глез.—Так яны будуць лічыць цябе вельмі моцным, а калі яны цябе адкрыюць, пачнуць аналізаваць, захапляцца, мы раскажам пра хітрык і пацешымся з іхнай разгубленасці.

х х х

Праз два месяцы вернісаж выставы Душа прайшоў трыюмфальна. Спеўная, рухавая, ахутаная водарам прыгажуня мадам Каснеўска не адставала ні на крок ад свайго новага куміра.

– Ах!—паўтарала яна.—Якая пачуццёвасць! Пластыка! Моц! І як жа Вы, даражэнькі, прыйшлі да гэтых непараўнальных сінтэзаў?

Жывапісец расцягнуў час, запаліў файку, напусціў дыму і сказаў: “Вы ніколі, мадам, не глядзелі на раку?”

Вусны прыгожай полькі затрымцелі, абяцаючы асалоду цякуча і спеўна.

У паліто з трусіным каўняром малады і бліскучы Струнскі прамаўляў у атачэнні іншых: “Вельмі моцна!—казаў ён.—Вельмі моцна! Але скажыце, Душ, натхненне? Адкуль яно прыйшло да Вас? З маіх артыкулаў?”

П’ер Душ вытрымаў значны час, пусціў яму пад нос трыюмфальнае воблака дыму і сказаў: “Вы ніколі, мой даражэнькі, не глядзелі на раку?”

– Цудоўна!—падхапіў той.—Цудоўна!

У гэты момант знакаміты гандляр карцінамі, прайшоўшыся па майстэрне, узяў мастака за рукаў і пацягнуў у кут.

– Душ, сябра,– сказаў ён,– Вы – малайчына. На гэтым можна зарабіць. Дайце мне правы на Вашую вытворчасць. Не мяняйце манеру, пакуль я Вам не скажу, і я Вам прадам пяцьдзесят карцін за год… Пасуе?

Душ, загадкава маўчаў, паліў, не даючы адказу.

Паціху майстэрня апусцела. Поль-Эміль Глез пайшоў зачыняць дзверы за апошнім наведвальнікам. На лесвіцы чулася ўсхваляваная гаворка, усё далей. Потым, застаўшыся сам-насам з мастаком, раманіст радасна сунуў рукі ў кішэні.

– Ну што, мой даражэнькі!—сказаў ён.—Як мы іх? Ты чуў таго малога, з трусіным каўняром? А прыгожую польку? А трох маладых ладных дзяўчын, што паўтаралі: “Як нова! Як нова!” Ах, П’ер Душ, мяне здавалася, што чалавечае глупства бязмежнае, але гэта пераўзыйшло мае спадзяванні.

Яго ахапіў прыпадак няўрымслівага рогату.

Мастак насупоніў бровы і пакуль той душыўся ў канвульсіях рогату, рэзка сказаў:

– Ты дурань!

– Дурань?—раззлавана крыкнуў раманіст.—Я ж здолеў падладзіць такую выдатную хохму, што нат Бісю…

Мастак з гонарам прабег вачыма па дваццацёх аналітычных партрэтах і сказаў з націскам, які выдаваў перакананасць:

– Так, Глез, ты – дурань. Ёсць нешта ў гэтым жывапісе…

Раманіст разгублена ўтаропіўся ў сябра.

– Вось гэта ты даў!—гаркнуў ён.—Душ, прачніся. Хто цябе прапанаваў гэтую новую манеру?

А П’ер Душ вытрымаў паўзу і выпусціў з файкі цэлае воблака:

– Ты ніколі,– сказаў ён,– не глядзеў на раку?

Andre Maurois. Les nouvelles. Paris, 1960.

Пераклад з французкай - Валеры Буйвал

Андрэ Маруа (1885-1967) – французкі пісьменьнік і эсэіст. Аўтар літаратурных біяграфіяў Байрана, Вальтэра, Тургенева, Жорж Санд, Гюго, Дзюма, Бальзака, раманаў і аповесьцяў “Маўчаньне палкоўніка Брамбля”, “Сямейнае кола”, навэлаў і эсэ.

3/11/2004 › Цікавая літаратура


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Лістапад 2004
П А С Ч П С Н
« Кас   Сьн »
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024