Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты // Форум
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

П’ер Паола Пазаліні “Хаос”

1. В’етнам выйшаў з моды?
2. Наркотыкі і культура
3. Новая свабода, якая забівае
4. Перадгістарычныя сляды
5. На мосце ў 43-м

В’ЕТНАМ ВЫЙШАЎ З МОДЫ?

Колькі тыдняў таму слова “В’етнам”, здаецца, знікла з тытулаў газет. Сенсацыйнасць, настойлівасць, эфектнасць, з якімі гэтае слова да апошняй пары “стварала навіны”, саступілі месца няўважлівай “руціне” альбо па крайней меры пэўнаму замоўчванню. Калі б нейкаму вар’яту прыйшла ў галаву думка правесці філалагічнае даследванне, каб вызначыць, колькі разоў слова “В’етнам” было выкарыстана ў апошніх паведамленнях за гэтыя гады, і зрабіць падлік паводле розных крыніц: палітычных партый, газет, асоб і г.д., — то атрымалася б статыстыка, якая на свой лад выдатна склала б уяўленне аб палітычным і маральным клімаце, у якім мы жылі: шкада, што такім даследванням бракавала б дадатка пра вуснае выкарыстанне гэтага слова.

Магу сказаць з абсалютнай упэўненасцю, што я буду апошнім у спісе асоб, якія выкарыстоўвалі гэтае слова (і пісьмова і таксама вусна: пісьмова, напэўна, я пакарыстаўся ім не больш за тры разы). Гэта робіць мне гонар. Сапраўды, слова “В’етнам” у большасці выпадкаў выкарыстоўвалася дэмагагічна, па-выгадніцку, па абавязку, як даніна модзе, маралізатарству, па неабходнасці: з мэтай прадэманстраваць яго або прадэманстраваць сябе; ад марнасці, пыхі, ад канфармізма. Гэта было памкненне, якое ахапіла ўсіх: адначасова і неразборлівае, і выбарачнае, голас большасці і абраных.

Ахоплены шалёным сорамам, я заўсёды ўтрымліваўся ад згадак пра В’етнам: як у Запаведзях казана не згадваць (марна) Бога. Але ж цяпер настаў момант спакою (ах, зразумела, не вечнага) у жорсткай модзе на В’етнам; цяпер, калі байцы В’етконга хаця б на кароткі час здаюцца далёкімі і “адмежаванымі” (зараз больш выгадна казаць пра мексіканскіх студэнтаў), я хацеў бы выказаць усю любоў да гэтага малога і цудоўнага народа. У час калі ў Еўропе ідуць несапраўдныя авангардныя баталіі (несапраўдныя, бо аб’ектыўна заўчасныя: паўсюль у Еўропе фашызм, у розных формах, па-за Англіяй): а тамака ў В’етнаме ідзе ар’ергардная вайна: гэта значыць, змаганне перш за ўсё за мінімальныя і элементарныя рэчы, якімі ёсць воля і незалежнасць. У сваю чаргу не хачу быць шантажыстам. Хачу толькі прапанаваць быць рэалістамі. І кажу гэта перш за ўсё людзям майго ўзросту: якім выпаў лёс, як і мне, “самарэалізоўвацца” у эпоху, што адрозніваецца ад той, у якую пачыналася наша жыццё.

Не: для іх ёсць толькі старая эпоха, яны ўсё вядуць свае старыя баталіі. Менавіта таму, што яны яшчэ на гэтым свеце, многія з прычын, якія вызначылі іхнюю эпоху, яшчэ застаюцца рэчаіснасцю. Іхняя падвоенасць, такім чынам, скрайне абцяжарана: і, безумоўна, набудзе драматычныя, нават трагічныя формы. Не могуць яны, сапраўды, не ведаць і не бачыць, што нарадзілася новая эпоха: але адно могуць “самарэалізоўвацца” у старой. І гэта не ёсць пытанне пакаленняў.

Калі нават універсітэцкая моладзь крычыць “ХаШыМін!”, людзі і “героі” В’етконга належаць да старой эпохі. Я ўзяў у двукоссе слова “героі”, бо Базалья распавёў мне ў сваім вар’яцкім доме, як адна з пацыентак сказала яму, што героі – гэта прадукт рэпрэсіўнага грамадства.

НАРКОТЫКІ І КУЛЬТУРА

Чаму людзі ўжываюць наркотыкі? Я не разумею гэтага, але нейкім чынам тлумачу. Ужываюць наркотыкі з-за браку культуры.

Кажу, зразумела, пра значную большасць або пра сярэднястатыстычную колькасць наркаманаў. Ясна, што яны ўжываюць наркотыкі, каб запоўніць пустату, брак чагосьці, што выклікае разгубленасць і абурэнне. Гэта замест магіі. Прымітыўныя народы заўсёды сам насам з гэтай страшнай пустатой у саміх сябе. Эрнэста дэ Марціна называе гэта “страхам згубіць сваю ўласную прысутнасць”; і прымітыўныя як раз запаўняюць гэтую пустату, звяртаючыся да магіі, якая ўсё тлумачыць і запаўняе.

У сучасным свеце прыстасаванне да прыроды саступіла месца прыстасаванню да грамадства: калі мінае першы момант эйфарыі (ілюзорнасць, навука, прыкладная навука, камфорт, дабрабыт, вытворчасць і спажыванне), вось тады той, хто прыстасоўваецца, апынаецца сам насам з сабой: ён, такім чынам, як і прымітыўны чалавек, апантаны страхам згубіць уласную прысутнасць.

На самой справе ўсе мы – наркаманы. Я (бо ведаю) займаюся кіно, астатнія захапляюцца іншымі відамі дзейнасці. Справа заўсёды мае функцыю наркотыка. “Чэ” Гевара быў наркаманам праз рэвалюцыйную дзейнасць (тэорыя якой зыходзіла з рамантычнага кастрызма: дзейнічаць, а потым думаць). Праца, якая служыць “вытворчасці”, таксама ёсць від наркотыка. Тое, што выратоўвае ад сапраўдных і ўласна наркотыкаў (гэта значыць, ад самагубства) заўсёды з’яўляецца формай культурнай бяспекі. Усе, хто ўжывае наркотыкі, знаходзяцца ў небяспецы ў культурным сэнсе. Пераход ад гуманістычнай культуры да культуры тэхнічнай выклікае крызіс культуры як такой. Ахвярамі гэтага крызіса становяцца перш за ўсё маладыя. Вось чаму так шмат маладых людзей ужываюць наркотыкі.

Быць пазбаўленым культурных прыярытэтаў, а, значыць, і магчымасці запоўніць уласную пустату ў хворай душы калі не метадам самааналіза, то праз свядомасць (індывідуальную або класавую) альбо інакш кажучы, банальнымі словамі – таксама значыць быць невукамі. Крызіс культуры сапраўды прывёў да таго, што многія маладыя людзі літаральна ёсць невукамі. Гэта значыць, што яны ўжо больш не чытаюць і не чытаюць з любоўю.

Трэба дадаць: маладыя невукі, якія не ўжываюць наркотыкі, а магчыма ўсё ж з’яўляюцца наркаманамі праз адмысловую палітычную дзейнасць (што ёсць асобная форма невуцтва), вельмі часта паводле характару злыя, негуманныя, дзёрзкія, непрыемныя: менавіта такія, якімі хоча іх бачыць неакапіталістычная культура (супраць якой яны змагаюцца).

А вось маладыя “невукі”, якія ўжываюць наркотыкі, у цэлым добрыя, прыемныя, міласэрныя, як апосталы, бяззбройныя, неагрэсіўныя, даверлівыя (менавіта, як прымітыўныя народы): разлом у царственнай асобе, гэта значыць, у іхнім уласным целе ёсць больш страшны і мізэрны. Яны сапраўды, калі б былі на гэта здольныя, то мелі б поўнае права першымі кінуць камень. У адрозненні ад згаданых першымі класавых экстрэмістаў, якія кажуць словамі (кепскіх) друкаваных выданняў, другія спалілі масты: для іх не засталося ніякой магчымасці інтэгравацца.

Такім чынам, іхні бунт, хаця страшны і хвалюючы, ёсць безвыніковы: менавіта таму, што яму бракуе культуры або ён разгортваецца па-за кульурай. Наогул, лёгка быць добрымі і прыемнымі, як прымітыўныя народы, лёгка быць жаласлівымі з прычыны страху, выкліканага пустатой, у якой жывеш.

З другога боку (і гэтае выключэнне напаўняе адчаем), вызваленне ад гэтага “браку культуры” або ад “культурніцкага інтарэсу” здаецца немагчымым; сапраўды, гэта выклікана хутчэй за ўсё больш агульнай з’явай “страху перад будучыней”. Ніколі яшчэ, як у нашы гады (калі “прадбачанне” стала навукай), будучыня не была крыніцай такой няпэўнасці, што так падобна да незразумелага жаху.

НОВАЯ СВАБОДА, ЯКАЯ ЗАБІВАЕ

Забілі Тома Мбоя. Для мяне Том Мбоя не проста імя або аддаленая абстракцыя. Я бачыў яго на ўласныя вочы, быў фізічна блізкі да яго, слухаў, як ён гаворыць. Дзесятак гадоў назад, незадоўга да вызвалення Кеніі, калі яшчэ дзейнічалі атрады “Маў-Маў”: так што аднойчы ўначы, калі я сам блукаў па Найробі, мяне падабрала англійская паліцэйская машына і прымусова завезла ў гатэль.

Аднойчы пасля абеду я блукаў,– натуральна абсалютна вольны ад пачуцця асцярожнасці, якую я з ідэалагічных матываў хацеў праігнараваць,– па горадзе і патрапіў на перыферыю, на адну з вялікіх афрыканскіх плошчаў, якія для мяне ёсць найпрыгажэйшымі мясцінамі ў свеце. На такой плошчы, што месцілася ў катлавіне, сабраліся на сход сотні і сотні людзей народнасці кікую. Невысокі памост, з якога выступаў аратар, знаходзіўся ў глыбіні закругленай плошчы, у цэнтры вялізнага негрыцянскага натоўпу. Аратарам быў як раз Том Мбоя і прамаўляў з жарсцю, уласцівай гістарычнаму моманту. Кенія была напярэдадні набыцця незалежнасці пасля кравапралітнай партызанскай вайны. “Угуру!”—крычаў ён раз-пораз.. І натоўп адказваў радасным хорам: “Угуру!” (“Свабода!”). Я прысеў пасярод гэтага вялізнага натоўпу, і адразу тыя, што сядзелі побач, пасунуліся, каб я, адзіны белы сярод іх, мог усесціся ямчэй. Калі потым даведаліся, што я італьянец, то былі не ў сябе ад задавальнення. Чаму? Таму што італьянцы, як і яны, вялі супраць немцаў партызанскую вайну. Мне сказаў гэта просты рабочы. Ніколі б не спадзяваўся пачуць ад яго гэтыя словы. Мы былі, такім чынам, братамі.

Пасля абвяшчэння незалежнасці Том Мбоя стаў умераным палітыкам і ўрэшце схіліўся на неакаланіалісцкія пазіцыі. Магчыма з тае пары яго сталі падтрымліваць англічане. Яго забіў малады негр (які дзесяць гадоў назад быў дзіцем) у імя новай свабоды.

Усе вызваленчыя войны маюць гэты сумны канец. Па ўсім свеце, якую краіну не ўспомніць, убачыш змрочны краявід вызваленчых войнаў, што скончыліся расчараваннем і рэстаўрацыяй. Ці будзе таксама ў В’етнаме: чаго іншага можна чакаць там? Дык які ж сэнс тады жыць, калі не быць вернымі адчайна і магчыма з тупой упартасцю першай і нязграбнай ідэі свабоды, якая ўздымае нас на барацьбу з самай маладосці?

ПЕРАДГІСТАРЫЧНЫЯ СЛЯДЫ

Гляжу на знакамітую фатаграфію са слядамі чалавечых ног на паверхні Месяца (ужо састарэлую фатаграфію ў журналісцкім сэнсе). Не магу сказаць, што са мной адбываецца. Добра супрацьстаю гэтаму, нават працягваю з раўнадушнасцю рабіць тое, што рабіў раней: але мяне ахоплівае свайго роду галавакружэнне, пачуцце адкрыцця. Успамінаю і пішу цытату з Пруста: “intermittence du coeur” (1): і я пішу гэта, таму што сапраўдная гаворка ідзе пра “intermittence du coeur”. Гэта фатаграфія, аднак, нагадвае мне іншыя вобразы. Гэтыя сляды нагадваюць мне іншыя сляды. Справа не ў навіне: мне не адкрываецца нешта незнаёмае. Справа ў тым, што я яшчэ раз вяртаюся назад. Бедны старажытны чалавек, яшчэ амаль звер, які пакінуў нам сляды на зямлі! Яго шлях на гэтым свеце не пакінуў аніякіх іншых сведчанняў. Можа як раз след або знак тваёй няўклюднай, зверападобнай працоўнай рукі. Няшмат што больш злучае нас з чалавекам – далёкім братам, і напаўняе гарачым і сапраўдным пачуццем спагады – чым ягоныя сляды, нязначныя і мізэрныя. Тут чалавек пакінуў пяцьдзесят тысяч год назад свае косці. Тут чалавек пакінуў сем тысяч год назад сціплы чырванаваты сілуэт аленя… Верны камень рупліва захоўвае гэтае нішто на працягу тысячагоддзяў.

Адбіткі падэшваў, пакінутыя людзьмі на Месяцы, даюць тое ж спагадлівае разуменне жыцця, якое прамінула ў неймавернай мінуўшчыне. Яны вярнуліся на зямлю, памерлі, на іхнія марныя жыццёвыя справы наваліліся тысячагоддзі: а вось тут іхнія сляды, знакі іхняга шпацыру. Так, яны дабраліся сюды пасля бясконцых блуканняў. Што кранае ў шпацыры амерыканцаў па Месяцы, такім празаічным і трохі бязглуздым, дык гэта не будучыня, а мінулае: наканаванне кожнай будучыні стацца мінулым, калі яна яшчэ не настала. І бясконцае паўтарэнне ўпартым чалавекам гэтых настойлівых пошукаў навобмацак – якія губляючы ў трывалым знаку магічную працягласць і завершаны сэнс, раптам даюць дакладнае вымярэнне яго велічы і малечы – натхняе таго, каму наканавана жыць сёння (з верай у сваю бессмяротнасць або меншую смяротнасць сярод іншых людзей): натхняе перад абліччам невычэрпнай і паэтычнай ёмістасці чыстай сучаснасці, непазбыўнай, а значыць, незаменнай.

Гэтыя адбіткі буйных чалавечых ног скіраваны ў адзін бок: ісці і дайсці. Да і пасля няма нічога, што можна было б рэканструіраваць. Адчуваю, як сэрца замірае ў мінулым і гэта суцяшае.

НА МОСЦЕ Ў 43-М

Вось ён, гэты мост… Мінаю яго прыспешана. Сцямлю, што справа йдзецца пра “знакаміты” мост, толькі перайшоўшы яго. Успрымаю ўсё так раўнадушна, што амаль паціскаю плячыма, ахоплены свайго роду ачмурэннем раўнадушнасці.

Гаворка ідзе пра мост паблізу Ліворна па дарозе з Пізы.

9 або 10 верасня 1943 года.

Вось гэта я: пад адхонам, апрануты жаўнерам. Вакол мяне мой узвод або цэлы полк (не памятаю, не памятаю).

Мы заляглі ў хмызьняку, на беразе не ведаю, якой ракі або каналу (як у сне). Бачу вакол сабе іншых, што сталіся незразумелымі выявамі сабе саміх.

Не магу ўявіць, што адбываецца ў іх: якія пачуцці яны перажываюць у гэты момант? Настаў час вялікіх прызнанняў. Але ніхто не мае часу на прызнанні; або не мае магчымасці.

Я напалоханы, гэта праўда. Баюся смерці. Страх так сціскае мне ўсё нутро, што я проста не ведаю, як прыхаваць гэта. Так, уяўляю сабе, я таксама на фоне іншых ёсць выява без пачуццяў. На самой жа справе я ціхамірна разлёгся ў засені хмызьняку, куды закінуў мяне лёс, і грэюся на сонейку.

Над узбярэжжам (колераў позняга, яшчэ цёплага лета) чуюцца рэгулярныя мінамётныя стрэлы.

Мы таксама ўзброеныя (узброеныя? толькі вінтоўка ды адна ручная граната): загадана змагацца. Супраць каго? Супраць немцаў, зразумела. Але мы не надта ўпэўненыя.

Тры або чатыры афіцэры, што побач – яшчэ ўчора яны пампезна вучылі нас, як перад атакай трэба крычаць “Савоя!” (sic!) – цяпер паапускалі крылы і відавочна баяцца больш за нас.

Мінаюць гадзіны.

Пад’язджаюць два нямецкія танкі, спаўзаюць па адхону ў хмызьняк сярод нас. Нейкае замяшанне, і праз імгненне мы сцямілі, што здаліся ў палон. Афіцэры загадваюць нам здаць зброю пяці або шасці нямецкім жаўнерам, што сядзяць на танках.

Па чарзе мы падыходзім, каб здаць зброю.

Мой сябра Касцільёні (які хадзіў са мной у ліцэй Гальвані ў Балоньі), злавіўшы мой позірк, глянуў на мяне. Я зноў зірнуў на яго, а ён на мяне.

Я яшчэ фізічна вельмі моцны, але быў тады далікатным паэтам, герметычным – як кажуць фрыульцы на сваёй мове. А ён не быў і моцным. Крохкі і безабаронны хлапец з добрай сям’і. Мы глядзім адзін на аднаго, як я ўжо сказаў, два слабыя інтэлектуалы, антымілітарысты, якія за некалькі дзён вайсковай службы зрабілі ўсё, што маглі зрабіць антымілітарысты, палемісты і ідэалісты. Чытаем адзін у аднаго ў вачах тую ж думку.

Ну не, не дачакаецеся! Здаць зброю? Гэтым чатыром немцам, што ўхмыляюцца? Ніколі гэтага не будзе. Не падпарадкуемся.

Па крыёму мы хаваемся сярод хмызьняку і хаваем там вінтоўкі. Што да ручных гранат, то іх кідаем у яму.

Потым нас шыхтуюць у калону і гоняць, як статак авечак, з афіцэрамі з-пад “Савоі!”, абеззброеных, разам з жаўнерскай масай, у бок Ліворна.

Я і Касьцільёні ўсё паглядалі адзін адному ў вочы не надта ўпэўнена. Раптам страляніна. Настаў момант невымоўнага страху. Мы кідаемся ў роў на ўзбочыне дарогі. Калі страляніна скончылася, і астанія выпрастоўваюцца, каб ісці далей, то я, Касцільёні ды яшчэ двое-трое застаемся, схаваўшыся ў рове. Полк ужо далёка, шэра-зялёны статак. Я так і не даведаўся пра ягоны лёс.

Мы вылазім з рову і шыбуем у адваротны бок, сярод палёў на поўнач ад Ліворна. Вінаград саспеў, сонца высока, спяваюць цыкады.

1. “збоі сэрца” (франц.)

Pier Paolo Pasolini. Il caos. Roma, 1995.

Пераклад з італьянскай - Валеры Буйвал

П’ер Паола Пазаліні (1922-1975) – выдатны італьянскі пісьменнік, паэт, рэжысёр, мастак, публіцыст. Аўтар паэтычных зборнікаў “Дзённікі”, “Прах Грамшы”, “Рэлігія майго часу”, раманаў “Сон аб нечым”, “Бурнае жыццё”, фільмаў “Евангелле ад Мацея”, “Дэкамерон”, “Акатон”. Пяць тэкстаў са зборніка “Хаос”, якія прадстаўлены ў беларускім перакладзе, напісаны ў 1968-70 гг.

Пазаліні – з тых марксістаў, якія перажылі вялікі шок ў 1968 годзе, падчас разгрому саветамі Пражскай вясны. Ён – з пакалення левых ідэалістаў, якія і цяпер не перавяліся на Захадзе. Такіх у Польшчы называюць “kontrowersyjnymi”. Яны бясконца (часам скандальна) парушаюць стэрэатыпы паводзінаў і поглядаў, мастацкай моды і сацыяльнага густу. Іхняя крытыка вострая і мастацкая па форме. Ад іх няма спакою добраўпарадкаванаму грамадству. Але калі яны паміраюць (у 1975г. Пазаліні быў жорстка забіты невядомымі ўначы на пляжы пад Рымам), ствараецца нейкая пустата, іх бракуе. У Італіі ў сувязі з нядаўнім 80-годдзем з дня нараджэння творцы шмат пісалі і ўспаміналі пра яго, друкавалі ягоныя працы, дэманстравалі фільмы. Пры чым не ў класічнай трактоўцы, а як з’яву сучасную, звышактуальную, хвалюючую. Публіцыстычныя мініацюры Пазаліні са зборніка “Хаос” падобныя на яго рысункі – такія ж імпэтныя, месцамі нервовыя лініі, штрыхі, што адвольна ствараюць незабыўную выяву. Чытаючы Пазаліні, мы атрымліваем урокі нон-канфармізму.

3/11/2004 › Цікавая літаратура


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Лістапад 2004
П А С Ч П С Н
« Кас   Сьн »
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ

Народная Перамога

[ Усе сябры ]




Лічыльнік:


Беларуская Салідарнасьць // Усе правы абароненыя // 2000—2019
Сувязь