Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты // Форум
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Жоржы Амаду “Гісторыя каханьня”

Жоржы Амаду пра аповесьць: “Прысьвячаю гэтую кнігу шматаблічнаму і ананімнаму сябру. Я хачу, каб ён быў сімвалам маіх бразільскіх і замежных чытачоў з многіх краінаў і многіх моваў, з падзякай ім за вернае ўшанаваньне, гонар і славу майго пісьменьніцкага жыцьця”.

КОТ МАЛЬЯДУ І ЛАСТАЎКА СІНЬЯ

Ім сьвет адкрыўся для жыцьця
У той дзень, калі ўбачыў кожны,
Як ажаніўся кот бадзяжны
З вясёлай ластаўкай Сінья.
Як паляцелі ў аблака
Жаніх з ягонай нарачонай
Дон Кот і дона Ластаўка.
(Радкі і філасофія Эстэваў да Эскуна, народнага паэта з рынка Дас Сэтэ Портас, што ў Баі).

Гэта здарылася даўно, вельмі даўно, у глыбіні мінуўшчыны, калі жывёлы ўмелі размаўляць, сабакі сядзелі на ланцугу са сьвіной кілбасы, краўцы жаніліся на прынцэсах, а дзяцей прыносілі ў дзюбах буслы. Цяпер хлапчукі і дзяўчынкі ўжо з нараджэньня ведаюць усё, навучаюцца ў жываце ў маці, дзе яны праводзяць псіхааналіз, каб выбраць сябе любімы комплекс, злосьць, самоту, гвалт. Дык вось, здарылася тады гісторыя каханьня.

СЬВІТАНАК

Раніца надыходзіла нетаропка, заспаная; тры чвэрці гадзіны спазьненьня, нічога ня вартая работніца. Яна затрымалася ў воблаках, гультайка, з цяжкасьцю расплюшчыла вочы над полем; эх, паспаць бы яшчэ ды не абуджацца, спаць, пакуль зусім не захочацца сну! Калі б ёй знайсьці багатага мужа, Раніца не абуджалася б раней за адзінаццаць ды й яшчэ пазьней. Фіранкі на вокнах ад моцнага сьвятла, кава ў ложак. Мары паненкі на выданьні, зусім не падобныя на рэчаіснасьць жыцьця падняволенай служанкі, што падпарадкоўваецца строгаму распарадку. Абавязаная выконваць яго дакладна, каб гасіць зоркі, якія запальвае Ноч са страху перад цемрай. Ноч – баяка, баіцца змроку.

Пацалункам Раніца гасіць кожную зорку, ідучы па сьцежцы да далягляду. Напоўзаспаная, пазіхаючы, яна, бывае, прапускае некаторыя і не гасіць іх. Яны, бедалагі, застаюцца запаленымі сярод яснага сьвятла, безвынікова імкнучыся зьзяць удзень, шкада глядзець на іх. Потым Раніца запальвае Сонца, гэта цяжкая праца, заданьне для гігантаў, а не для такой далікатнай дзяўчыны. Трэба разьдзьмуць вуглі, спаленыя за Ноч, атрымаць першы, слабы агеньчык, падтрымліваць яго, пакуль не разгарыцца вогнішча. Бывала Раніца ўвіхалася гадзінамі, каб запаліць Сонца, але амаль заўсёды Вецер, славуты дзьмухайла, дапамагаў ёй. Толькі дурны можа задавацца пытаньнем, ці выпадкова ён мінаў тут.

Хто ня ведае пра тайную жарсьць Ветру да Раніцы? Тайную? Ды пра гэта ведае ўжо ўвесь сьвет.

Пра Ветра хадзілі чуткі, шэптам выказвалі падазрэньні, называлі яго распусьнікам і нахабнікам, небясьпечным і дзёрзкім сэрцаедам. Згадвалі звычайныя нумары гарэзы: то ён гасіў ліхтары, лямпады, сьвяцільнікі, паходні, каб напалохаць Ноч, то зрываў з дрэваў прыгожую вопратку лісьця, пакідаючы іх голымі. Штукарства відавочна кепскага густу; аднак, як не падасца гэта неверагодным, убачыўшы яго, Ноч уздыхала, а дрэвы ў лесе, бессаромнікі, задаволена хісталіся, калі ён праходзіў міма.

Любімым свавольствам Ветра было кідацца пад спадніцы жанчын, навязваючы ім нехарошае эгсгібіцыянісцкае памкненьне. Трук, які ў мінулыя часы меў надзейнейшы посьпех, што выказвалася сьмехам, касымі позіркамі жарсьці, крыкамі пажаданьня, энтузіястычнымі ахамі і вохамі. У мінулым, таму што цяпер Вецер не даб’ецца й мінімальнага посьпеху такім абкатаным выбрыкам: выстаўляць на агляд штó, калі выстаўляецца усё, а чым больш выстаўляецца, тым менш хочацца на гэта глядзець? Хто ведае, мабыць, будучыя пакаленьні будуць змагацца супраць бачнага і простага, патрабуючы на мітынгах і дэманстрацыях схаванага і складанага.

Хоць ён і быў крыху шаленец і самотнік, мы ня будзем хаваць недахопы Ветру. Але чаму ж не сказаць таксама пра ягоныя выдатныя якасьці? Вясёлы, лёгкі, славуты танцор, знакаміты вальсіст, дружалюбны, заўсёды гатовы дапамагчы іншым, перад усім што тычыцца сеньёр і паненак.

Чым пазьней, тым ён станавіўся халадней, і дзе б ён не знаходзіўся, лётаючы па далёкіх і пакручастых шляхах, на золку ён з’яўляўся ў дом Сонца, каб падмагчы Ранічцы. Ён дзьмуў і дзьмуў паветра вялізны жалам. Як толькі жар разгараўся ў агеньчык, Вецер пакідаў на Раніцу клопат раздзьмухаць полымя вахляром лёгкага ветрыка і пачынаў успамінаць прыгоды, распавядаць пра ўбачанае на шляхах: пра засьнежаныя вяршыні гор зусім побач з воблакамі або пра бездані, такія глыбокія, што Раніца ніколі не змагла б зазірнуць туды.

Імпэтны і сьмелы, кароль гончыкаў, прарываючыся праз межы, запаўняючы прасторы, зазіраючы ў хованкі, Вецер прыносіў торбу гісторыяў для ўсіх, хто хацеў яго слухаць і пазнаёміцца з ім.

У захапленьні ад цікавай гісторыі Раніца спазьнялася яшчэ больш, уважліва слухаючы, як гудзе Вецер свае гісторыі, то сьмешныя, то смутныя, некаторыя доўгія, што расцягваліся главамі з працягам. Мала зважаючы на працу, Раніца апантана слухала. Сьмеючыся, сумуючы, заліваючыся сьлязьмі,– чым сентыментальней, тым лепш навела,– яна выклікала непапраўныя парушэньні гадзіньнікаў, якія павінны былі зьменшыць рытм ківачоў і стрэлак у залежнасьці ад прыходу Раніцы, каб дакладна паказаць пятую гадзіну. Многія гадзіньнікі пашалелі, больш ужо не паказвалі як раней сапраўдны час, адстаючы або сьпяшаючыся, блытаючы дзень з ноччу. Іншыя спыніліся раз і назаўжды. Адзін сусьветна вядомы гадзіньнік, усталяваны на вежы сусьветна вядомай фабрыкі сусьветна вядомых гадзіньнікаў (найдакладнейшых у сьвеце), сапраўды алімпійскі чэмпіён дакладнага часу, пакончыў жыцьцё самагубствам, павесіўшыся на стрэлках, бо ня мог больш цярпець запаволенасьць Раніцы і агульны спад вытворчасьці. Гэта быў швейцарскі гадзіньнік з узорным пачуцьцем адказнасьці і бязьмежнага індустрыяльнага патрыятызму.

Ня толькі гадзіньнікі, але таксама й пеўнікі з’ехалі з глузду, пераблытаўшы момант кукарэканьня, каб паведаміць пра з’яўленьне Сонца, калі тым часам Раніца толькі распальвала яго, уважліва слухаючы расповеды Ветру. Яны жылі ў роспачы, дэмаралізаваныя. Гадзіньнікі і пеўнікі зьвярнуліся з заявай да Часу,– свайго гаспадара,– выказваючы пратэст у васьмі параграфах і дваццаці шасьці неабвержных аргументах. Але Час бясконцы, яго гэта не надта хвалявала – на адну гадзіну больш, на адну гадзіну менш – гэта такая драбніца, якой ня варта займацца, калі перад табой вечнасьць. Да таго ж гэта прыдалося, каб парушыць манатоннасьць. Акрамя таго, Час не хаваў пэўнай слабасьці да Раніцы. Сьмяшлівая і непасьлядоўная, маладая і свавольная, слаба падпарадкаваная правілам і статутам, яна ў некаторыя моманты дапамагала яму забыцца пра непазбыўную нуду вечнасьці і хранічны бранхіт.

Тым разам, аднак, гультайка пераўзышла ўсе межы дапушчальнага. Вецер спрабаваў падзяліць доўгае апавяданьне на два або тры эпізоды, але яна патрабавала, каб расповед быў дэталёвы і поўны, да фінальнага эпізода. Ужо й Сонца пякло, калі яны разьвітваліся.

Апранутая ў белае сьвятло з рысункам у блакітныя і чырвоныя кветкі, Раніца крочыла сярод воблакаў, разгубленая, задуменная, думкамі ўся ў эпізодзе, расказаным толькі што Ветрам. Летуценьніца, яна ўспамінала дэталі, злёгку сумная. Эрудыраваны аўтар сказаў бы пра зьбянтэжанасьць пачуцьцяў.

Дастаткова й ня быць уласна Раніцай з дакладнымі абавязкамі, каб прылегчы на прасторах сьвітанку ў думках пра памкненьні Ветра. Чаму ён выбраў менавіта гэтую гісторыю? Можа меў намер даць расповедам нейкае маральнае павучэньне? Можа Вецер зрабіў так з-за захапленьня расповедам, проста так? Раніца падазравала схаванае памкненьне, тайны сэнс, які раскрываўся ў затуманеным позірку напарніка, у нечаканым устхненьні ў момант разьвітаньня.

Можа Вецер уздыхаў па ёй, як пляткараць кумкі? Думае прасіць яе рукі? Пабрацца шлюбам з Ветрам неблагая ідэя, калі Раніца аддае перавагу мільянеру. Вецер дапамагаў бы ёй гасіць зоркі, запальваць Сонца, высушваць расу і раскрываць кветку пад назвай Адзінаццаць Гадзінаў, якую Раніца ўсім на зло, каб зрабіць наадварот, ракрывала штодзень паміж паловай дзесятай і дзесятай. Калі б яна пабралася з Ветрам, пайшла б з мужам у шырокі сьвет, пралятаючы над высачэзнымі вяршынямі гораў, імкнучыся на лыжах сярод вечных сьнягоў, бягучы па зялёнай сьпіне мора, скачучы з хвалямі, заміраючы ў падземных пячорах, дзе цемра хаваецца ўдзень, каб адпачыць і паспаць.

Вольны і непастаянны, прафэсійны стары кавалер, ці сапраўды Вецер думаў жаніцца? Шлі размовы пра дзесяткі раманаў, эпізодаў, прыгодаў, скандалаў, у якія ён быў замяшаны. Згадваліся выкраданьні, пагоні, звар’яцелыя мужы, клятвы помсты. У Раніцы галава ішла кругам: Вецер і ня думаў ні на кім жаніцца, у яго іншыя намеры, агідныя намеры, як казалі ў той час адсталасьці і цемрашальства.

Хоць бы й так, але варта падумаць. Паглыбленая ў гэтыя роздумы, ідзе Раніца, летуценная, забыўшыся пра час. Гадзіньнікі, усе да аднаго спыненыя ў чаканьні; пеўнікі, усе без выключэньня, ахрыплыя ад бясконцага сьпеву на прыход Сонца. Паводле сьпеву пеўнікаў людзі зьвяраюць, ставяць на цыферблаце гадзіньнікаў дакладныя пяць гадзінаў, каб потым канстатаваць, што Сонца няма. У небе цьмянае сьвятло сьвітанку зьмешваецца з шэрай газай вэлюму Начы. Можа настаў канец сьвету? Проста нябачны пярэпалах.

Атрымаўшы столькі скаргаў за такое вялікае спазьненьне, Час пачуваўся абавязаным як сьлед разабрацца з Раніцай, заклікаць яе да парадку і пагразіць пакараньнем, хаваючы змоўную ўсьмешку на суровым твары ў барадзе і зморшчынах. Раніца прызнала ўсё, заціўкала птушкай: Ойча, я слухала, як Вецер распавядаў адну гісторыю. І згубіла гадзіну. – Гісторыю? – зацікавіўся Час, які заўсёды шукаў што-небудзь, што аблегчыла б яму цяжар вечнасьці, праклятай вечнасьці! – Раскажы мне яе, калі гэта сапраўды харошая гісторыя; я тады цябе ня толькі выбачу, але й дам блакітную ружу, якую вырасьціў шмат стагоддзяў назад і цяпер нідзе ў сьвеце не сустрэнеш такіх, таму што ўсё змянілася, дачушка, зьмянілася на горшае, цяпер ня тое, што было раней, скончылася ўсё добрае ў жыцьці, ах! – засумаваў Час.

Раніца ўселася ля ног Гаспадара, расправіла складкі свайго строю са сьвятла, пачала распавядаць. Пасярод гісторыі Час заснуў, але Раніца не спынялася, стракатала сваё апавяданьне, як раптам ёй падалося, што яна чуе пяшчотны голас Ветру, бачыць выраз мальбы ў ягоных шальмоўскіх вачах. Вецер, нястомны бадзяга, куды ты ідзеш? У які край сьвету, распускаючы плёткі, рапранаючы дрэвы, гонячы хмары, імкнучыся па небу навыперадкі з Навальніцай, каб потым абрынуць яе ўрэшце на зялёную пашу? Блізкія, надта блізкія спадарожнікі-бадзягі Вецер і Навальніца. Але ці толькі спадарожнікі. Раніца раптам заклапочана нахмурвае лоб.

У дужках.

(Гісторыя, якую Раніца расказала Часу, каб атрымаць блакітную ружу, была пра Ката Мальяду (1) і Ластаўку Сінья (2). Яна пачула яе ад Ветру, які распавёў яе шэптам з загадкавым выразам твару і частымі ўстхненьнямі – сьлёзным голасам. Я перапісаў я са словаў знакамітага Сапа Куруру, які жыве на вяршыне каменя сярод імху, на беразе возера з гнілой вадой, дзе краявід негасьцінны і пустэльны. Стары прыяцель Ветру высакародны

1. Пялясы (партугальск.).
2. Паненка (бразільск.).

Сапа Куруру распавёў мяне пра тое, што адбылося, каб прыверыць, наколькі адказны ягоны сябра. Вецер захапіўся фантазіямі замест таго, каб выкарыстаць доўгія падарожжы па чужых краях для вывучэньня сродкаў сувязі, санскрыту або аквапунктуры, выключна карысных прадметаў. Сапа Куруру з’яўляецца доктарам філасофіі, загадчыкам кафедры лінгвістыкі і пластыкі цела. Ён — адмысловец па року, член, член-карэспандэнт і ганаровы член нацыянальных і замежных акадэмій, знакаміты знаўца некалькіх замежных моваў. Калі апавяданьне падасца вам непрыгожым, то гэта не па віне Ветру або Раніцы, тым больш не навукоўца Сапа Куруру, доктара ганорыс каўза. Перакладзеная на чалавечую мову, ніводная гісторыя не захавае цэльнасьць і чыстую чароўнасьць; тады губляюцца музыка і паэзія Ветру).

ВЯСНА

Калі надыйшла Вясна, апранутая ў сьвятло, колеры і радасьць, з водарам тонкіх парфумаў, раскрываючы кветкі і апранаючы дрэвы ў зялёныя строі, кот Мальяду выпрастаў лапы і адкрыў карыя вочы, свае злыя і нахабныя вочы. Злыя і нахабныя, як думаюць усе. Аднак, трэба сказаць, што наўрад ці вочы ката Мальяду сьвяціліся злосьцю, як і ўся ягоная моцная і рухавая фігурка ў жоўтыя і чорныя палосы. Гаворка ідзе пра ката сярэдняга веку, далёка ня першай маладосьці, калі ён любіў лётаць па дрэвах, блукаць па дахах, на ўсё горла мяўкаць песьні каханьня, зразумела, шальмоўскія і кплівыя. Ніхто і ўявіць сябе ня мог, што ён можа сьпяваць песьні рамантычныя і сентыментальныя.

У гэтым глухім закутку ня было стварэньня больш эгаістычнага і самотнага. Ён не падтрымліваў сяброўскіх адносінаў з суседзямі і амаль ніколі не адказваў, калі мінакі зрэдку віталіся з ім са страху, а ня з ветлівасьці. Ён бурчэў і рабіў такія вочы, нібыта ўвесь спектакль быў яму не па густу яшчэ й не распачаўшыся.

А быў гэта тым ня менш прыгожы спектакль – хвалюючае жыцьцё навокал у гэтым закутку. Бутоны нараджаліся водарнымі і раскрываліся яркімі кветкамі, птушкі лёталі з вясёлым ціўканьнем, галубы буркавалі пра каханьне, толькі што вылупленыя кураняты беглі на кудахтаньне ганарыстай курыцы. вялікі Чорны Качар дагаджаў прыгажуне Белай Качцы, купаючы яе ў празрыстай вадзе возера. Гарэзы-сабакі бавіліся, скачучы па газонах.

Ніхто не набліжаўся да ката Мальяду. Кветкі закрываліся, калі ён накіроўваўся да іх: казалі, што аднойчы ён зламаў адным ударам лапы сьціплую белую лілію, у якую былі закаханыя ўсе ружы. І ня было больш сьведчаньняў, якія паставілі б пад сумнеў разбуральныя дзеяньні кацішчы? Птушкі набіралі вышыню, калі праляталі паблізу хованкі, дзе ён спаў. Хадзілі чуткі пра тое, што гэта кот Мальяду (або злыдзень) выкраў маленькага Сабіа з яго гнязда сярод галінаў. Матуля Сабіа, не знайшоўшы сына, якому яна прынесла ежу, скончыла жыцьцё самагубствам, кінуўшыся грудзямі на шып мандакары. У дзень смутнага пахаваньня шмат праклёнаў было выказана ў адрас ката Мальяду. Доказаў ня было, але хто ж іншы мог гэта зрабіць? Дастаткова было зірнуць на твар кацяры, каб зразумець, хто забойца. Ён, гадзіна, зрабіў гэта.

Галубы з сваім каханьнем трымаліся ад яго як мага далей. Усе былі амаль упэўненыя, што гэта ён забіў,– каб з’есьці,– самую прыгожую галубку-туркаўку з галубятні, і з таго часу адзін паштовы голуб згубіў радасьць жыцьця. Што праўда, ня было доказаў, але,– як казаў Прэпадобны Папугай,– хто яшчэ мог зрабіць такое, як не гэты змрочны тып без цара ў галаве, гэты прайдзісьвет?

Мацеркі-курыцы вучылі куранят залатога колеру, як ратавацца ад ката Мальяду, у чыіх злачынных лапах,– як яны сьцьвярджалі,– загінула так шмат куранятак (ня кажучы ўжо пра яйкі, якія той выкрадаў з гнёздаў, каб насыціць сваё гнюснае чэрава). Толькі Чорны Качар не цікавіўся ім, таму што кацяра ня любіў вады возера, любімага месца качыных параў. Сабакі яго заклікалі пабегаць і паскакакць разам. Але ён падрапаў ім пысы і абражаў іх, натапырваючы шэрсьць, ганьбячы іхную сям’ю, увесь род, бліжніх і дальніх сваякоў.

Дрэнны кот. Дрэнны і эгаістычны. Раніцай ён разьлягаўся на траве, каб пагрэцца на Сонцы, але як толькі Сонца ўсходзіла вышэй, ён пакідаў яго, хаваючыся ў пяшчотны цень. Няўдзячны. Доўгі час Гуява з шурпатым ствалом жыла ілюзіяй, што кот Мальяду яе кахае і выхвалялася гэтым перад усімі дрэвамі ў парку. Толькі таму, што ён, гнуткі, з ягоным сэнсуальным целам, прыходзіў, каб пацерціся аб яе сукаваты ствол сьпякотнымі вечарамі. Гуява, якая строілася пад арыгіналку, пачувалася ўсьцешанай ўвагай з боку такога нязноснага тыпа, аб якім было столькі размоваў. Яна зрабіла сябе пластычную аперацыю, ачысьцілася ад усіх нарасьцяў, што збрыджвалі яе ствол, стала прыгожай для ката Мальяду. І чакала яго са ствалом гладкім і чыстым. Але калі ён убачыў, што ня можа ўжо казытацца аб ствол, на якім няма выступаў, то адвярнуўся ад Гуявы і больш ніколі не глядзеў ў яе бок. На пэўны час з-за гэтай прыгоды Гуява стала выбранай ахвярай насьмешак (кепскага густу) жыхароў парку. Нават Старая Сава, якая жыла на Хлебным Дрэве, сьмяялася, калі ёй расказвалі гэтую гісторыю.

Трэба сказаць, каб быць дакладным, што кот Мальяду і не ўяўляў сябе, як кепска пра яго кажуць. А каб ён ведаў, то й не хваляваўся б, але магчыма, што й ня мог ведаць, што да яго ставяцца так кепска, бо не размаўляў ні з кім, калі ня лічыць некалькіх размоваў са Старой Савой. Дарэчы, Сава, чыя думка вельмі шанавалася ў сувязі з яе ўзростам, заўсёды казала, што кот Мальяду зусім не такі кепскі, а ўсё выклікана агульным незразуменьнем. Усе слухалі, качалі галовамі і нягледзячы на павагу да Савы, працягвалі пазьбягаць ката Мальяду.

Так ён і жыў, пакуль Вясна не прыйшла ў парк у віры колераў, водараў, мелодыяў. Вясёлых колераў, водараў, што кружылі галаву, радасных мелодыяў. Кот Мальяду спаў, калі ўварвалася Вясна, імпэтная і магутная. Але яе наступ быў такі напорысты і моцны, што ён абудзіўся ад сну без сноў, расплюшчыў карыя вочы і выцягнуў лапы. Чорны Качар, які выпадкова глядзеў на яго, ледзь ня ўпаў ад страху, бо яму падалося, што кот Мальяду ўсьміхаецца. Ён прыгледзеўся ўважлівей, гукнуў малую Белую Качку.

– Цябе не здаецца, што ён ўсьміхаецца?

– Божа! Сапраўды ўсьміхаецца…

Яны ніколі ня бачылі, каб ён усьміхаўся. Малая Белая Качка ажно прыклала крыла да сэрца, настолькі ўсхвалявала яе гэтая ўсьмешка на злой пысе ката Мальяду. Ён усьміхаўся на ўсю пысу, а што было яшчэ больш незразумелым, усьміхаўся таксама сваімі карымі вачыма.

Раптам ён кульнуўся ў траве, нібыта быў зноў маладым, поўным імпэту катом. У яго вырвалася такое “мяў”, што было больш падобна на стогн. Усіх у парку ахапіла зьдзіўленьне. Курыца Карыжу, якая праходзіла побач са сваім залацістым вывадкам куранятаў, закрычала:

– Ай! – і ўпала непрытомная на рукі сваіх дзетак.

Пеўнік Дон Жуан дэ Род Айлэнд прыбег паглядзець, што здарылася. З усіх курэй ягонага гарэма Карыжу была самай любімай. Ён дапамог ёй падняцца і пачаў сьпяваць песьню вайны і пратэсту, падобную на трэль кларнета, як раптам кот Мальяду яшчэ раз кульнуўся ў траве і зноў мяўкнуў сваё “мяў”. Ах, Божа мой, якое рамантычнае “мяў”! Немагчыма!

Дон Жуан дэ Род Айлэнд папярхнуўся, і поўная ціша пакрыла сабой парк у гэты момант надыходу Вясны. Ня чулася нават любоўнага курлыканьня галубоў, як і ўсеагульнага вэрхалу, што быў выкліканы нечаканымі паводзінамі ката Мальяду.

Думаю, што ён ашалеў…—выдаў свой дыягназ Хмель, які карыстаўся славай добрага лекара.

Ён рыхтуе нейкую новую подласьць…—прашаптала курыца Карыжу, да якой вярнулася прытомнасьць, і павяла за сабой падалей адтуль куранятак і Дона Жуана дэ Род Айлэнд.

А між тым кот Мальяду падняўся, выпрастаў лапы, каб лепш прымаць цяпло надзвычай пяшчотнага сонца. Растапырыў ноздры, каб удыхаць новыя водары, што віравалі ў паветры. Уся ягоная непрыгожая і злая пыса расплылася ў сардэчнай ўсьмешцы да ўсіх рэчаў і стварэньняў навокал. Ён рушыў з месца.

Тут пачаўся ўсеагульны гармідар. Вялікі Чорны Качар зацягнуў малую Белую Качку на сярэдзіну возера, а адтуль даў нырка, пабіўшы ўсе свае папярэднія рэкорды, пераплыў на другі бераг, дзе надзейна схаваў сваю жоначку. Усе галубы пахаваліся ў галубятню, сцішылася любоўнае курлыканьне на галінах, дзе нараджаліся і множыліся зялёныя пупышкі, імгненна пераўтвараючыся ў лісьце, што давала цень. Сабакі пачалі бегаць і рыць зямлю, робячы выгляд, нібыта яны вельмі занятыя раскопваньнем схаваных раней костак. Бутоны, якія ўжо пачалі раскрывацца кветкамі, адразу ж спынілі сваю працу, а адна ружа, што пасьпешліва раскрылася, раптам абсыпала ўсе свае пялёсткі на зямлю. Толькі адзін з іх усё лётаў у паветры, падхоплены парывам ветру.

Уся гэтая мітусьня нарабіла шуму і прыцягнула ўвагу ката Мальяду. Ён глядзеў, як усе разьбягаліся, і дзівіўся – чаму? Бо парк быў такі прыгожы ў момант надыходу Вясны. Ня было навальніцы, не наляцеў халодны вецер, што зрывае лісьце, дождж ня ліў сьлезы на дахі. Як можна ўцякаць і хавацца, калі ідзе Вясна, нясучы з сабой асалоду жыцьця? Можа кобра Каскавэл вярнулася, зноў насьмелілася з’явіцца ў парку? Кот Мальяду шукаў яе вачыма. Калі гэта яна, то трэба зноў правучыць яе, каб яна ніколі не прыпаўзала сюды красьці яйкі, хапаць птушак у гнёздах, ёсьці куранят і горлавак. Але не, Каскавэл тут ня было. Кот Мальяду задумаўся. І ўрэшце зразумеў, што ўсе уцякаюць ад яго, бо так даўно ніхто ня чуў, як ён мяўкае, і ня бачыў, як усьміхаецца. Дык вось яны цяпер і напалохаліся.

Гэта была сумная выснова. Сьпярша ён перастаў усьміхацца, а потым паціснуў плячыма ў знак раўнадушша. Ён быў ганарлівы кот, яго мала хвалявала, што пра яго думаюць. Ён проста прыжмурыў,– і зрабіў гэта трохі вымушана,– сваё шальмоўскае вока на Сонца, і гэтая грымаса, зусім нечаканая, выклікала падзеньне вялікага Каменя, які безьліч гадоў праляжаў паблізу месца, дзе знаходзіўся кот, і раптам імкліва пакаціўся ў хмызьняк.

Кот Мальяду на ўсе лёгкія ўдыхаў Вясну, якая толькі што надышла. Ён пачуваўся невясомым, хацеў бы казаць бессэнсоўныя словы, пайсьці, куды вочы глядзяць, нават пагаманець з кім-небудзь. Не адзін раз ён разгледзеўся навокал сваімі карымі вачыма, але ня ўбачыў нікога. Усе паўцякалі.

Не, ня ўсе. З галіны дрэва ластаўка Сінья глядзела на ката Мальяду і ўсьміхалася яму. Толькі яна не ўцякла. Ёйныя бацькі гукалі яе здалёк нярвовымі крыкамі. А з сваіх хованак усе жыхары парку ўзрушана назіралі за ластаўкай Сінья, якая ўсьміхалася кату Мальяду. Вакол была Вясна, сон паэта.

Новыя дужкі, каб прадставіць ластаўку Сінья.

(Калі яна прылятала, радасная і гарэзьлівая, не было птушкі ў жаніхоўскім узросьце, якая б не ўздыхала. Яна была яшчэ вельмі маладая, але, як бы там ні было, цяпер усе юнакі парку дамагаліся яе. Рабілі ёй прапановы, пісалі паэмы, а Салавей, славуты майстра серэнадаў, прылятаў сьпяваць пад яе вакном у месячным сьвятле. Яна з усіх сьмяялася, усіх злавала, не кахала нікога. Вольная ад усіх клопатаў, яна лятала з дрэва на дрэва па парку, цікаўная і гаваркая, нявіннае сэрца. Адным словам, ня было ні ў адным парку навакольля ластаўкі, такой прыгожай і такой прыемнай, як ластаўка Сінья).

ПРАЦЯГ ВЯСНЫ

Навокал была Вясна, сон паэта. Кот Мальяду хацеў быў сказаць нешта такое ластаўцы Сінья. Ён усеўся на зямлю, прыгладзіў вусы і толькі спытаў:

– Ты ня ўцякла з іншымі?

– Я? Уцякаць? Я не баюся цябе, гэта яны ўсе баязьліўцы… Ты мяне ня можаш дастаць, ня маеш крылаў, каб лятаць. Ты – кацяра яшчэ больш дурны, чым непрыгожы. І я бачу цяпер, што ты непрыгожы…

– Я, непрыгожы?

Кот Мальяду засьмяяўся страшным сьмехам, якім даўно развучыўся сьмяяцца. І тады нават найсьмялейшыя дрэвы, як гігант Чырвоны Сандал, затрэсьліся. “Яна яго абразіла, і ён заб’е яе,– падумаў Стары Пудзель.

Прападобны Папугай,– прападобны, таму што ён бавіў пэўны час у семінарыі, дзе навучыўся маліцца і завучыў лацінскія сказы, што надавала яму зайздросную рэпутацыю эрудыта,– заплюшчыў вочы, каб ня быць сьведкай трагедыі. З двух прычынаў: таму што быў эмацыянальны і ня выпадала яму бачыць кроў, тым больш такой прыгожай ластаўкі, і ад нежаданьня выступаць сьведкай, калі злачынства будзе разглядацца ў судзе, набыўшы шырокі розгалас. Трэба было вырашыць, ці то сказаць праўду і нарвацца ў наступстве на гнеў ката Мальяду,– працэс пра ілжэсьведчаньне, удары па галаве, абадраны хвост, ды хто ведае, што яшчэ. Ці то схлусіць і набыць славу баязьліўца, саўдзельніка забойцы. Пра сябе ён маліўся за душу ластаўкі Сінья, застаючыся ў міры са сваім сумленьнем, як баржа поўная прэтэнзіяў.

Сама ластаўка Сінья адчула, што сказала лішняе і, засаромеўшыся, заляцела на самую высокую галіну. Стала рабіць выгляд, што чысьціць пёркі з крайняй фарсістасьцю. Кот Мальяду працягваў сьмяяцца, хаця й пачуваўся вельмі абражаным. Не таму, што ластаўка абазвала яго злым, але таму, што назвала яго непрыгожым. А ён лічыў сябе прыгожым, краса, а ня кот. Да таго ж элегантны.

– Ты мяне абазвала непрыгожым? Сапраўды?

– Надта непрыгожы…—пацьвердзіла з вышыні ластаўка.

– Ня веру. Толькі сьляпое стварэньне магло абазваць мяне непрыгожым.

– Непрыгожы і саманадзейны!

Размова не атрымала працягу, таму што бацькі ластаўкі Сінья, у якіх любоў да дачкі пераадолела страх, прыляцелі і забралі яе, насварыўшыся і прачытаўшы звычайную мараль. Але ластаўка, калі яе забіралі, пасьпела крыкнуць кату:

– Да сустрэчы, непрыгожы спадар…

Вось так, з гэтага дыялогу, трохі ідыёцкага, і пачалася ўся тая гісторыя ката Мальяду і ластаўкі Сінья. На самой справе, гісторыя, прынамсьці што тычыцца ластаўкі, пачалася раней. Першая глава павінна была б закрануць некаторыя падзеі з мінулага ластаўкі. Але з тае прычыны, што я ўжо не магу напісаць яе, дзе трэба, у адпаведнасьці з узорнымі правіламі класічнага апавяданьня, мне застаецца толькі спыніць дзею і вярнуцца назад. Гэта, безумоўна, анархічны метад апавяданьня гісторыі, трэба прызнацца. Але няпамятлівасьць можа быць сьпісана на блытаніну, якую надыход Вясны выклікае ў катоў і апавядальнікаў гісторый. А яшчэ лепш, я магу заявіць пра сябе як пра рэвалюцыянера формы і структуры апавяданьня, што імгненна забясьпечыць мяне падтрымку акадэмічнай крытыкі і водгукі ў газетах.

ПЕРШАЯ ГЛАВА,
спозьненая і не да месца

Ластаўка Сінья, хаця й прыгожая, была трохі з прыветам. З прывецікам, лепш сказаць. Хаця яна яшчэ хадзіла ў птушыную школу,– дзе Папугай вёў курс Закона Божага,– і была такая маладая, што рэспектабельныя бацькі не дазвалялі ёй выходзіць самой да ейных паклоньнікаў, але яна ўжо паводзіла сябе незалежна, гордая тым, што падтрымлівае добрыя адносіны з усімі ў парку. Сяброўка кветак і дрэваў, качак і курыц, сабак і камянёў, галубоў і возера. З усімі яна ўступала ў размову, не зьвяртаючы ўвагі на жарсьці, якія выклікала сваім з’яўленьнем.

Нават Прападобны Папугай, які любіў шырока прапагандаваць свае ўласныя вартасьці і лічыўся ўсімі троху царкоўнікам з-за таго, што пэўны час бавіў у семінарыі, нават ён глядзеў на яе на лекцыях вылупленымі вачыма.

Нягледзячы на ўсе гэтыя сувязі і захапленьні, жыцьцё ластаўкі Сінья засьцінаў цень, з-за якога й узьнікла гэтая спозьненая першая глава. А ценем быў якраз кот Мальяду. Або калі сказаць лепш: той факт, што ніхто не хацеў размаўляць з катом. Гэты маўклівы тып, ганарысты і прыкінуты дурням, страшна нерваваў яе. Яна прызвычаілася шпіёніць за ім, калі ён спаў або грэўся пад сонцам на траве. Схаваўшыся на галіне дрэва, яна назірала за ім цэлымі гадзінамі, пакутуючы ў здагадках, чаму гэты непрыгожы ні з кім не падтрымлівае адносіны. Яна чула, як кепска пра яго казалі, але прыглядалася да ягонага ружовага носа, вялікіх вусоў і, ніхто ня ведае чаму,– сумнявалася ў праўдзівасьці гэтых чутак. Такія вось ластаўкі, што ж ты зробіш? Няма спосабу пераканаць іх у праўдзівасьці самых ясных фактаў, шматкроць правераных і вядомых, калі яны ўзяліся сумнявацца. Яны цьвердалобыя і слухаюцца толькі свайго сэрца.

Кот Мальяду быў ценем у ясным і спакойным жыцьці ластаўкі Сінья. Часам яна сьпявала адну з прыгожых песень, якой навучылася ад Салаўя, як раптам змаўкала, таму што бачыла (а часам адчувала блізкасьць) вялікай постаці ката, які перасякаў сьцяжыну яе любімага сьпеву. Яна адразу ўзьлятала, ціхенька сачыла за ім, а аднойчы ўвечары вельмі бавілася, кідаючы яму на сьпіну сухое шыгальле. Кот спаў, яна добра схавалася ў лісьце жакейры, сьмеючыся кожнай шыгаліне, што трапляла ў сьпіну кату, і вымушала лайдака расплюшчваць вока ды азірацца навокал. Але ён адразу ж зажмурваўся, думаючы, што гэта адзін з ідыёцкіх жартаў Ветру. Ужо даўно кот Мальяду зразумеў, што не выпадае бегчы за Ветрам, каб даць яму лапай. Лепш няхай ён сам стоміцца ад жартаў. Але ў той дзень, калі Вецер усё не спыняў свае штучкі, ён вырашыў пайсьці адтуль. Ластаўка Сінья таксама адляцела, задаволеная, што здолела надурыць страшнага ката Мальяду.

Гэта здарылася ў дзень, калі ў яе адбылася знакамітая размова з каровай Мошай (3). Я кажу пра карову Мошу ў пачатковай главе гісторыі, таму што гаворка ідзе пра адну з найважнейшых постацей ў парку. Яна мела амаль такі ж прэстыж, як Старая Сава. Яна была вядомая як спакойная, нават крыху напышлівая асоба, вельмі важная. Мела ўсе высокія тытулы і была нашчадкам аргентынскага быка, яна называла сябе Рашэль Пусія. Аднак, мела тэмперамент помстлівы, настрой зьменлівы. Вельмі ветлівая з тымі, каго любіла,– з парай качак, напрыклад,– рэзкая і грубая з публікай, якая ёй не падабалася: з мухай Варэжэйрай, сабакамі і больш за ўсё з катом Мальяду.

Ёй не падабаўся кот Мальяду, таму што, будучы асобай надзвычай рэспектабельнай, аргентынскіх сталічных крывей, яна пачувалася страшна абражанай мізэрным кацярам пасьля аднаго даўняга выпадку. Здарылася, што нягледзячы на сваю асьцярожнасьць карова Моша рашылася на іранічны выпад. А было так, што аднойчы, сустрэўшы ката Мальяду ў хляве, дзе ён, напэўна, хадзіў, каб скрасьці крыху малака, яна сказала яму, зьмяшаўшы пагарду і зьдзек, на трасянцы з іспанскай і партугальскай:

– Такі малы, а ўжо з вусамі!

Кот меў сьмеласьць адказаць ёй з відавочнай і нявыбачальнай непавагай:

– Такая здаровая цётка і без станіка!

Карова Моша з усяе сілы брыкнула яго, але кот быў ужо далёка, сьмеючыся сваім зласьлівым сьмехам. Увесь парк прыйшоў да высновы, што карову Мошу страшна абразілі, і ўвечары многія сем’і прыйшлі да яе, каб выказаць ёй сваю салідарнасьць. Але яна была несуцешная і ўсё плакала. Раней за іншых прыйшоў Прападобны Папугай, які тым вечарам упіўся ў дым і бавіў прысутных анекдотамі, якія ён пачуў на кухні ў семінарыі. Тады карова Моша кінула плакаць і пачала сьмяяцца, потым зноў заплакала, але ўжо скрозь сьмех.

Калі ластаўка распавяла ёй, як яна бавілася гэтым вечарам, карова Моша нашкадавала, што замест шыгальля ластаўка ня кідала ў чэрап кату вялізныя галькі, каб прыкончыць яго раз і назаўсёды. Але калі Сінья напалохалася ад такой прапановы і прызналася, што кідала шыгальле, каб зачапіць ката і ўступіць з ім у размову, то ўжо настала чарга каровы паказаць свой перапуд:

3. Лабатая (партугальск.)

– Размаўляць з Катом? Ты думаеш, дурнічка, гэта сапраўды магчыма, На прамілы Бог, не будзь дурной!

Размаўляючы па-іспанску, яна надавала сябе саліднасьці і важнасьці, ды якой важнасьці! Працягвала яна па-партугальску.

– Дык ты ня ведаеш, што ён – кот, дрэнны кот. І што ніколі ніводная ластаўка ня можа,– не кампрамітуючы гэтым сваю сям’ю,– падтрымліваць адносіны, заігрываць з гэтым прасьцяком, з катом? Што каты ёсьць зацятыя ворагі ластавак, што многія і многія твае сваякі загінулі ў кіпцюрах такіх катоў, як гэты, Пялясых ці не.

Яна працягвала сваю лекцыю. Як магла дадумацца дурная ластаўка парушыць даўно ўсталяваны закон, абысьці правілы, асьвечаныя часам, так зьневажаць сваіх сяброў, прыносячы такую вялікую непрыемнасьць сваім бацькам?

– Але ён мяне нічога не зрабіў…

– Ён – кот, ды яшчэ да таго ж грубіян!

– Толькі з-за таго, што кот, то ўжо й грубіян? Але ў яго такое ж сэрца, як і ва ўсіх нас…

– Сэрца?—абурылася карова Моша, абурылася так моцна, што такое абурэньне можна сустрэць рэдка ў каго.—Хто цябе сказаў, што ў яго ёсьць сэрца? Хто?

– Ну, я думаю…

– Ты бачыла ягонае сэрца? Скажы!

– Бачыць ня бачыла…

– Ну дык?

І зьвягала яшчэ доўга. Распавяла гісторыю пра тое, як кот Мальяду яе абразіў і пускала сьлязу, успамінаючы абразу. Гучалі новыя парады, папярэджаньні. Даваць парады – было адным з любімых заняткаў каровы Мошы. Правілы добрага тону, усё пра паляпшэньне маралі, ну проста нуда. Яна тлумачыла, як павінна паводзіць сябе маладая паненка-ластаўка, што можа рабіць і што ёй забараняецца. У першую чаргу не павінна размаўляць з катамі, тым больш з катом Мальяду…

Ластаўка слухала ўважліва, як трэба паводле правілаў добрага выхаваньня, і сумавала. Нельга размаўляць з катом. Ёй вельмі цяжка думаць пра гэта. Карова, мабыць, мае рацыю, яна ж дасьведчаная ды да таго ж мае голас уладарны і высакародны. Толькі цьвердалобая ластаўка не разумела, чаму гэта грэх: размаўляць з катом. У любым выпадку яна паклялася карове ніколі больш ня кідаць шыгальле на жоўта-чорную сьпіну ката Мальяду і нават ня думаць размаўляць з ім.

Але клятва ластаўкі шмат ня вартая, ня трэба надта давяраць ёй. Тым больш, клятва маладой ластаўкі, у якой галава ідзе кругам, а натура крыху авантурніцкая. Я падазраю, што даючы клятву, яна ўжо ведала, што няздольная выканаць яе. Яна працягвала шпіёніць за катом. Больш ужо ня кідала ў яго шышкі, але! Не з-за клятвы, а са страху, што ён можа зноў падумаць пра жарты ветру. Яна шпіёніла за ім штодня, як і ў дзень надыходу Вясны…

І тут канчаецца пачатковая глава, і мы вяртаемся да гісторыі, забягаючы наперад, дзе пакінулі яе з-за памылкі ў кампазіцыі або з-за сучаснай літаратурнай мудрагелістасьці.

КАНЕЦ ВЯСНЫ

Бацькі Сінья лаяліся на яе. Але яны так ганарыліся сваім геройствам,– мелі сьмеласьць выступіць супраць ката Мальяду, каб выратаваць дачку,– што ня лаяліся занадта. Ластаўка-бацька казаў ластаўцы-маці:

– Мы любім нашу дачку, мы яе выратавалі.

Ластаўка-маці адказвала:

– Мы – добрыя бацькі, абаранілі нашу дачку.

І глядзелі адзін на аднаго з захапленьнем. Яны канчаткова забаранілі ластаўцы набліжацца да лютага ворага. Але калі клятвы маладой ластаўкі ня былі нічога вартыя, то рэзкія забароны адно абвастралі яе інтарэс і цікаўнасьць. Сінья была ня з тых ластавак, якім дастаткова было сказаць “не рабі гэта”, як яны адразу будуць рабіць насуперак. Наадварот, пяшчотная і паслухмяная, яна любіла сваіх бацькоў. Добра паводзіла сябе, была прыязная і чулая. Але хацела, каб яе пераканалі ва ўсім добрымі і слушнымі аргументамі, а пакуль што ніхто ня здолеў давесьці ёй, што гэта ёсьць грэх альбо злачынства – падтрымліваць адносіны з катом Мальяду. І вось, калі яна паклала сваю разумную галоўку на пялёстак ружы, што служыў ёй падушкай, то вырашыла працягнуць размову на наступны дзень:

– Ён непрыгожы, але сімпатычны…—прамармытала яна, засынаючы.

Тым часам і кот Мальяду думаў пра дзёрзкую ластаўку Сінья той першай ноччу Вясны, паклаўшы галаву на падушку. Аднак, якраз адной рэчы ў яго ня было: падушкі. Хаця злы і непрыгожы, кот Мальяду быў бедны, як Іоў; ён клаў галаву на лапы. Ня жывучы ў раскошы, ён не наракаў. Адчуваў брак іншага: захапленьня, пяшчоты і венскіх кілбасак.

Надышоў вечар. Спачатку ён бесшабашна прайшоўся па парку. Адным скачком ускрасківаўся на дрэвы, мяўкаў без лада прычыны, адчуваў жаданьне зноў блукаць па дахах, як у часы даўняга юнацтва. Прыемны пах зямлі пранікаў у ягоныя ноздры, і ягоныя вусы неспакойна рухаліся. Ён пачуваўся вельмі маладым, нават хацеў пабегаць з сабакамі. Ён так напэўна й зрабіў бы, калі б сабакі не паўцякалі з перапуду, як толькі ён наблізіўся. Яго ахапіла такая нуда і нявымоўнае жаданьне, што ён прамармытаў сам сябе:

– Здаецца, я захварэў.

Прыціснуў лапу да галавы і зрабіў выснову:

– У мяне гарачка і ліхаманка…

Калі настала ноч, ён вяртаўся да свайго ложка,– старой аксамітнай шматы,– і раптам убачыў кветку, а ў ёй адлюстраваныя вялікія вочы ластаўкі. Ён затрымцеў, падаўся на возера і ў вадзе таксама разгледзеў ластаўку, якая сьмяялася. І бачыў яе ў кожным лістку, кожнай кроплі расы, у кожным промні гаснучага сонца, у кожным ценю надыходзячай ночы. Потым ён знайшоў яе, апранутай у срэбра, на поўні. І ад гэтага жаласна мяўкнуў. Была ўжо глыбокая ноч, калі ён здолеў заснуць. Ён сьніў ластаўку, упершыню за шмат год ён бачыў сны.

Трэба зрабіць выснову, што ката Мальяду з непрыгожымі карымі вачыма, з цёмнай славай зладня, ахапіла жарсьць. Цяпер, калі ён і ластаўка сьпяць, і толькі Старая Сава ня сьпіць, я дазволю сябе крыху пафіласофстваваць. Я маю на гэта права, паўсюдна прызнанае за расказчыкамі гісторыяў, і павінен выкарыстаць яго прынамсьці дзеля таго, каб не адыходзіць ад агульнай завядзёнкі. Мушу сказаць, што ёсьць людзі, якія ня вераць у каханьне з першага позірку. Іншыя, наадварот, трэба прызнаць, сьцьвярджаюць, што гэта адзінае магчымае каханьне. І тыя, і іншыя маюць рацыю. Таму што каханьне сьпіць у сэрцы ўсіх стварэньняў, і ў адзін цудоўны дзень яно абуджаецца з надыходам вясны або нават сярод лютай зімы. Увесну ўсё лягчэй, але гэта ўжо іншая тэма, якая не пасуе сюды.

Раптам каханьне абуджаецца ад сну ад нечаканага з’яўленьня іншага стварэньня. Нават калі мы яго ўжо ведаем, то атрымліваецца, нібыта бачым яго ўпершыню. І таму кажуць, што гэта каханьне з першага позірку. Такім было каханьне ката Мальяду і ластаўкі Сінья. Што да таго, што адбывалася ў маленькім, але мужным сэрцы Сінья, то не спадзявайцеся на мае тлумачэньні або адкрыцьці. Я не да такой ступені дурны, каб прэтэндаваць на здольнасьць разумець жаночае сэрца, тым больш ластаўчына.

Ніводнае з гэтых меркаваньняў не турбавала той ноччу ката Мальяду. На самой справе ён ня лічыў сябе закаханым. Такая думка нават не прыходзіла яму ў галаву. Калі ён быў маладым, то закохваўся штотыдзень, як правіла па аўторках, а раскохваўся па пятніцах, бо быў катом, што верыць у забабоны, і пакідаў суботу, нядзелю і панядзелак на адпачынак. Ён разьбіў нязьлічоныя сэрцы кошак усіх колераў, пяпяластай трусіхі і юнай лісы. Але гэта было так даўно, што ён ужо ня памятаў імёнаў і абставінаў. Жыў у сваім кутку, як я ўжо згадваў, спакойна грэючыся на сонцы, цешыўся далікатнай пяшчотай ветрыка, сьвежасьцю начэй Лета, прыемнай прахалодай Зімы. І вось надыйшла Вясна, каб парушыць ягоны спакой.

На наступны дзень, падняўшыся і памыўшы пысу, ён падумаў пра ластаўку, прыгадаўшы сон, што не адставаў ад яго гэтай ноччу: як ён і Сінья дыскутуюць пра дабрыню і пачварнасьць. Ён засьмяяўся: “чаго толькі ня бывае ад хваробы” і вырашыў больш ня думаць пра ластаўку. Скіраваўся ў свой любімы куток, каб пагрэцца на сонцы на старой аксамітнай шмаце. Парк паціху ажываў.

Ну вось, так і ляжыць кот Мальяду. Распасьцёрты, як заўжды, на траве, каб пяшчотнае сонца Вясны сагравала яго цалкам. Але, што дзіўна, ён ня можа зажмурыць вочы, як звычайна. Досьвед навучыў яго, што з зажмуранымі вачыма больш асалоды прыносіць сонечнае цяпло і сьвежасьць ветрыка. Аднак, у гэты другі дзень Вясны вочы ягоныя былі расплюшчаны і, больш таго, скіраваны на дрэва, дзе напярэдадні сядзела ластаўка Сінья. Калі ён сьцяміў, што адбываецца, то раззлаваўся. Адвёў позірк і, ціха пасьвістваючы, пачаў шукаць іншыя краявіды. Глядзеў на сабак, што бегалі (ідыёты, яны толькі гэта й умеюць), на дрэвы ў купах лісьця. Глядзеў таксама на Папугая, занятага сваімі ранішнімі малітвамі. Папугай трымаў адно крыло на грудзях, а вочы ўтаропіў у неба. Кот, заўважыўшы ягоны ялейны, амаль царкоўны выгляд, не стрымаўся і паказаў яму язык. Папугай, напалоханы нечаканым і пагрозьлівым жэстам, перапыніў свае малітвы і павітаўся:

– Добры дзень, мой даражэнькі кот Мальяду. Як маецеся-пачуваецеся? Усё, слава Богу, добра?

Кот нават не спадобіўся адказаць. Перш за ўсё таму, што ягоны позірк быў ужо зноў скіраваны на дрэва, дзе напярэдадні сядзела ластаўка Сінья. Пакуль ён прыглядаецца ў надзеі ўбачыць яе, я патлумачу сэнс непрыгожага жэста ката. Ён не азначае, як можна падумаць, непавагу да рэлігіі. Справа ў тым, што кот Мальяду ня любіць ілжывых асобаў. А Папугай быў увасабленьнем ілжывасьці.

Сава, якая дасканала ведала жыцьцё ўсіх жыхароў парка, расказала кату, што маэстра Папугай пад усёй гэтай маскай рэлігійнасьці хавае разбэшчанасьць. Ён рабіў непрыстойныя прапановы малой Белай Качцы, курыцы Карыжу, Горліцы, якой выкладаў катэхізіс. Ды й самой Саве, не паважаючы ейны ўзрост, ён нашэптваў сумнеўныя прапановы. А выпадак з Голубам? Ах! Той выпадак з Голубам варта расказаць. У той дзень Паштовая Галубка нарадзіла дзіўнага сына: галубка, які размаўляў на чалавечай мове. Праставаты Паштовы Голуб жыў ў доўгіх раз’ездах, дастаўляючы ўсю карэспандэнцыю парка. Афіцыйна сын быў ягоны, але Сава казала, што нешта тут ня так. Хто у парку, акрамя папугая, ведаў і размаўляў на чалавечай мове? Сабакі яе разумелі, але не карысталіся ёю. Акрамя таго, Папугай ня выходзіў з дому Паштовай Галубкі ў адсутнасьці мужа пад прэтэкстам забесьпячэньня яе “духоўнай ежай”. На шчасьце, Паштовы Голуб быў дабрадушным стварэньнем.

Кот Мальяду, аднак, ня меў і ў думках распусных жаданьняў. Ён ніколі ня ўдзельнічаў у распусканьні чутак па парку пра прыгоды Пеўня, перакананага і зацятага шматжонца, магаметаніна, які штодня павялічваў свой неабсяжны гарэм на новую малодку. Як галубы, монагамныя паводле перакананьня, так і Чорны Качар, монагамны паводле абставінаў, бо ў парку ня было другой качкі, усе яны выказвалі сваё абурэньне распусным жыцьцём Пеўня. Тое ж самае і Карова Моша: у знак нямога асуджэньня яна ківала галавой. Толькі кот Мальяду ўсяму гэтаму не надаваў ніякага значэньня. Ён быў ня супраць распусьнікаў. Але наадварот, супраць хлусьлівых хамелеёнаў, як Папугай. Таму ён паказаў яму язык, зрабіўшы гэты абразьлівы і заганны жэст.

Я расказваю пра ўсё гэта са спадзяваньнем, што тым часам ластаўка Сінья прыляціць і сядзе на дрэве насупраць ката. Але яна не прыляцела, няўдзячная! І вось мы сустракаем нашага сябра Мальяду зусім бязрадаснага; стан душы яго зусім іншы, чым тады, калі мы пакідалі яго. Ён згубіў вясёлы настрой, з якім абудзіўся, лёгкасьць, якую адчуваў напярэдадні, вялікія вусы абвісьлі ў яго, дэмаралізаванага, сумнага. Гэта быў смутны і небясьпечны сігнал, што тычыцца ката Мальяду. Вусы былі паказчыкам ягонага настрою.

Ён яшчэ раз зірнуў на дрэва, куды ўжо столькі разоў зазіраў да гэтага… Ластаўку ён ня ўбачыў, цень дрэва накрыў ягоную фігурку. Карыя вочы пацямнелі. Ад чаго так баліць сэрца? Ды ўсё проста, навокал Вясна.

Трэба, аднак, уставаць. Чаму ён ўсё гэта робіць, ён і сам ня мог бы растлумачыць. Магчыма, каб пабыць на сонцы. Ён устае і шыбуе. І раптам заўважае, што ягоныя ногі,– нібыта ён ужо не валодае імі,– нясуць яго самі сабой у напрамку дальняга дрэва, дзе жыве сям’я ластаўкі Сінья. Трэба патлумачыць, што гэтае дрэва знаходзілася на другім канцы парку.

Бацькі Сінья адляцелі на пошукі харчоў. Ластаўка ўбачыла, што ідзе кот, і з усьмешкай чакала яго. Кот Мальяду спыняецца пад дрэвам, узіраецца ўпотай, знаходзіць ластаўку. Толькі цяпер ён заўважыў, куды прыйшоў, сам таго не разумеючы. Ён злуецца. Што я тут раблю? Ён вырашыў рэзка сысьці (д’ябал, гэтыя ногі, яны такія цяжкія, здаецца, налітыя сьвінцом), але ластаўка загаварыла сваім пяшчотным голасам:

– Ты ня скажаш мяне “добры дзень”, ты такі нявыхаваны?

– Добры дзень, Сінья…—у хрыпатым голасе ката нават гучаў пэўны мілагучны акцэнт.

– Зрабіце ласку называць мяне “сеньярыта Сінья”.

А калі ён зрабіў сумную фізіяномію (якая была яшчэ больш непрыгожай, калі ён сумаваў), яна саступіла:

– Ну добра… Можаш называць мяне Сінья, калі цябе так больш падабаецца… А я цябе буду называць Непрыгожы.

– Але ж ты сказала была, што я не такі ўжо непрыгожы.

– Лухта! Які ты самаўпэўнены! Ты самая непрыгожая асоба, якую я толькі ведаю. У параўнаньні з табой мамка Сава проста сама прыгажосьць…

А наогул, што я тут раблю?—падумаў кот Мальяду. Гэтая маладая ластаўка, зусім яшчэ дзяўчо, не ставіцца да мяне з належнай павагай (і яму хацелася, каб яна ставілася да яго з павагай), абражае мяне, крычыць на мяне, абзывае непрыгожым. Вось да чаго даводзіць давер да нейкай маладой ластаўкі. Можа яна студэнтка, рэлігійная пасьлядоўніца Папугая ды ўбіла сябе ў галаву, што можа вось так размаўляць з ім, сур’ёзным тыпам, які пабачыў сьвет і лічыў сябе істотай вышэйшага парадку, найбольш адукаваным сярод насельніцтва парку, і што самае галоўнае, пачуваў сябе прыгожым катом? Ён вырашыў пайсьці і больш ніколі не размаўляць з гэтай нахабнай ластаўкай (але! ягоныя лапы нібыта наліліся сьвінцом, тонамі сьвінца…). Ён нерашуча гукнуў:

– Бывай…

– Застанься, а то я абражуся… Цяпер мяне зусім ясна, што ты непрыгожы…

Якога д’ябла яму раптам зрабілася так прыемна? Цяпер ужо ня толькі лапы ня слухаліся яго, але й рот расьцягнуўся ўсьмешкай, а яму хацелася выглядаць сур’ёзным. Гэта была агульная змова супраць ката Мальяду. ластаўка ўсё сакатала, прыгожая вясковая дзяўчына, маладосьць якой засьцінала ўсё навокал.

– Ня трэба сыходзіць. Я больш ня буду называць цябе непрыгожым. Цяпер ты будзеш прыгажуном.

– І гэтак не хачу…

– Дык як ты хочаш, каб цябе называлі?

– Катом.

– Катом не магу.

– Чаму?

Яна можа засумавала раптам? Ёйны голас ужо невясёлы. Кот Мальяду паўтарыў пытаньне:

– Чаму ня можаш?

– Я не магу размаўляць ні з водным катом. Каты – ворагі ластавак.

– Хто гэта цябе сказаў?

– Гэта так. Я ведаю.

Кот зрабіў фізіяномію самую сумную ў сьвеце. Ластаўка Сінья, якая любіла радасьць і не магла бачыць нікога сумным, гукнула зноў:

– Але ж мы ня ворагі, ці ня так?

– Што ты!

– Дык тады можам і пагаманець.

Але тут жа яна закрычала:

– Уцякай хуценька, мой тата ляціць сюды. Я потым прылячу на сьлівовае дрэва пагаманець з табой, непрыгожы…

Кот засьмяяўся і кінуўся хавацца ў хмызьняк, што рос там. Ён зноў павесялеў. З лёгкасьцю прадзіраючыся праз зарасьнік, ён усё ўспамінаў размову з ластаўкай, яе меладычны голас гучаў у ягоных вушах. Яна не магла размаўляць з катом. Каты злыдні, некаторых з іх лавілі на месцы злачынства, калі яны з’ядалі ластавак. У гэтым была свая праўда. Як можна з’есьці такое крохкае і прыгожае стварэньне, як ластаўка Сінья?

Ён прысеў пад квітнеючым дрэвам сьлівы. Праз некаторы час з’явілася ластаўка, вырабляючы ў паветры кругі. Палёт яе быў, як імправізаваны і прыгожы веснавы танец. Салавей, які здалёк суправаджаў яе вачыма, пачаў сьпяваць сваю песьню каханьня на ўвесь парк.

Кот запляскаў у ладкі, калі яна села на ніжнюю галіну. Яны працягнулі абарваную размову.

Больш я не хачу перкладаць іхнія размовы. І прымаю такое рашэньне, таму што мы ўсе крыху падобныя, але з часам толькі нямногія вартыя гісторыі каханьня. Хто ведае, можа калісьці пазьней я перакажу якую-небудзь з гісторыяў, калі будзе нагода. Цяпер жа хачу толькі сказаць, што яны прагаманелі ўсю Вясну, і ім ніколі не бракавала тэмы. Яны ўсё лепш ведалі адзін аднаго, кожны дзень прыносіў ім новыя адкрыцьці. Ды яны ўжо амаль не размаўлялі. Разам, ён бег па зялёнай траве, яна ляцела ў нябеснай сіні, яны блукалі па ўсяму парку, знаходзілі прыемныя куткі, адкрывалі новыя нюансы колераў кветак, варыяцыі пяшчотнага ветрыка. Ды яшчэ радасьць, якая была больш унутры іх саміх, чымсьці ў тым, што атачала іх. Або лепш сказаць, радасьць напаўняла ўсё навокал, а яны ня бачылі гэтага раней. Таму што,– я вам кажу,– мы маем вочы, каб бачыць і каб ня бачыць, у залежнасьці ад стану сэрца кожнага з нас.

Хачу ўрэшце падкрэсьліць, што гаворка ідзе не пра вас.

Калі раніцай яны бачыліся ў першы раз за дзень, ён пытаўся ў яе:

– Што з табой здарылася ўчора? Сёньня ты яшчэ прыгажэй, чым учора і нават прыгажэй, чым была ўначы, у сьне, у якім я бачыў цябе…

– Распавядзі мяне твой сон. Я цябе не распавяду свой, таму што я сьніла адну вельмі непрыгожую асобу: сьніла цябе…

Яны сьмяяліся разам, ён сваім глухім сьмехам злога ката, яна сваім срэбраным сьмехам маладзенькай ластаўкі. Так прайшла Вясна.

ЛЕТА

Гэтая глава кароткая, таму што Лета прамінула вельмі хутка з пякучым сонцам і начамі, поўнымі зорак. Шчасьлівы час заўсёды мінае хутка. Час – гэта складаная істота. Калі мы хочам, каб ён расьцягнуўся, быў бы сьцішаны і павольны, ён імкліва шыбуе, не адчуваючы, як бягуць гадзіны. Калі мы хочам, каб ён ляцеў хутка, як думка, бо мы пакутуем, перажываючы цяжкія часы, ён цягнецца павольна, доўгім шэрагам гадзінаў.

Для ката і ластаўкі Лета было кароткім. Яны бавілі час у блуканьнях, доўгіх размовах у засені дрэваў, усьмешках, шэптах, у сьціплых, але выразных позірках, а некалькі разоў і ў сварках…

Ня ведаю, ці дакладным будзе слова “сварка”. Патлумачу: часам ластаўка сустракала ката прыгнечаным, з абвіслымі вусамі і вачыма яшчэ больш карымі. Прычына была нязьменнай: ластаўка шпацыравала з Салаўём, размаўляла з ім або займалася сьпевамі – Салавей быў прафесарам. Ластаўка не разумела рэакцыі ката Мальяду, гэтых нечаканых прыступаў смутку, якія ўвасабляліся ў цяжкае маўчаньне. Ні яна, ні кот ані разу ня вымавілі ніводнага слова каханьня, а з другога боку, ластаўка казала, што лічыць Салаўя сваім братам.

Аднойчы, калі заняткі па сьпевах працягнуліся даўжэй, чым звычайна,– а вусы ката так абвісьлі, што датаркаліся зямлі, яна папрасіла яго патлумачыць прычыну ягонага суму. Кот Мальяду адказаў:

– Калі б я ня быў катом, то папрасіў бы цябе выйсьці за мяне замуж…

Ластаўка змоўкла ў цішы глыбокай ночы. Нечаканасьць? – ня думаю, яна ўжо адчувала, што адбываецца ў сэрцы ката. Раздражненьне? – тым больш не, гэтыя словы былі прыемнымі яе сэрцу. Але яна баялася. Ён жа кот, а каты ёсьць перакананыя ворагі ластавак.

Яна са сьмехам узьляцела над катом Мальяду, лёгка дакранулася да яго правым крылом, ён пачуў, як б’ецца маленькае сэрца ластаўкі Сінья. Яна набрала вышыню, паглядзела на яго здалёк, быў апошні дзень лета.

У дужках: пра чуткі.

(Карова Моша мармытала на вуха Папугаю: “Дзе яшчэ такое ўбачыш? Ластаўка з крылатага роду ластавак закахалася ў ката з роду каціных? Небачаныя рэчы, небачаныя рэчы! А Папугай мармытаў на вуха карове Мошы: “Небачаныя рэчы, Цару Нябесны, каб ластаўка хадзіла дзе зра з катом. Бож’я Маці, Царыца Нябесная, усе кажуць, усе кажуць, а я ня веру, не веру, верую ў Бога-Айца, але можа быць, Слава Царыцы, Маці ласкавай, што яна ўжо хоча пайсьці за яго. Божа, збаў мяне і захавай, пара канчаць гэта, пара, амінь”. А Голуб казаў шэптам Галубцы: “Дзе гэта бачана такое, каб ластаўка, прыгожая ластаўка, ашалелая ластаўка, зналася з катом? Ёсьць закон, даўні закон: голуб з галубкай, качар з качкай, птушка з птушкай, сабака з сучкай і кот з кошкай. Дзе гэта бачылі ластаўку, да якой заляцаецца кот?” А Галубка мармытала Голубу шэптам: “Гэта канец сьвету, часы зьмяніліся, ніхто не паважае законы”. Сабака мармытаў на вуха Сучцы: “Бедная ластаўка, пайшла з катом. Яна ж ня ведае, што ён толькі й хоча з’есьці яе пры нагодзе”. Сучка адказала, ківаючы галавой: “Кот – мярзотнік, ён толькі й хоча з’есьці бедную ластаўку”. А Качар казаў Малой Качцы: “Я асуджаю заганныя паводзіны гэтай дурной ластаўкі. Гэта небясьпечна, амаральна і непрыгожа. Яна гамоніць з катом, нібыта ён ня кот. Ды яшчэ з катом Мальяду, подлым злачынцам ад нараджэньня”. А Малая Качка так адказвала пыхліваму Качару: “Качка з Качарам, галубка з голубам, сучка з сабакам, курыца з пеўням, ластаўка з птушкай, кошка з катом”. А дрэвы шамацелі пад Ветрам: “Дзе такое бачана? Дзе такое бачана? Дзе такое бачана?” А кветкі чырванелі і шапацелі на вуха Зямлі: “Ластаўка ня можа, ня можа ажаніцца, з катом ажаніцца!” І сьпявалі хорам: “Гэта сьмяротны грэх!” Да бацькі ластаўкі дайшлі чуткі, да маці ластаўкі дайшлі чуткі. Бацька ластаўкі сказаў зласьліва маці ластаўкі: “Наша дачка прападае, наша дачка гуляе з катом Мальяду”. Маці адказала: “Наша дачка – дурніца, трэба яе ажаніць”. Бацька спытаў: “Ажаніць, але з кім?” Маці адказала: “З Салаўём, мы ўжо з ім пагаманелі”. І ўвесь парк гэта адобрыў: “Які харошы шлюб для ластаўкі. Салавей прыгожы і высакародны, умее сьпяваць. Ён з расы крылатых, вось з ім ластаўка можа ажаніцца. Нельга браць шлюб з катом Мальяду. Ластаўка з катом, такога на ўсім сьвеце ніхто ня бачыў”. А Папугай сказаў: “Тройчы амінь”).

ВОСЕНЬ

На наступны дзень прыйшла Восень, зрываючы з дрэваў лісьце. Ветру зрабілася холадна і каб разагрэцца, ён з воем шугаў па парку. Восень прывяла за сабой вэлюм хмараў і размалявала імі неба ў шэрыя тоны. Ня толькі краявід пераўвасобіўся са зьменай сезона, як гэта, напэўна, уразумеў адукаваны і таленавіты чытач. Адносіны жыхароў парку да ката Мальяду таксама зазналі значныя зьмены. Ня тое, каб яны кінулі ненавідзець яго. Ня тое, каб выбачылі яму старыя крыўды. Але яны ўжо не адчувалі страху перад ім, што пацьвярджалі чуткі пра ягоны шлюб з ластаўкай, чуткі, якія са сьціплага шушуканьня пераўтварыліся ў настойлівы гул. Прыгадаем, што раней, на першых старонках гэтай гісторыі, усе трэсьліся, варта было толькі кату Мальяду расплюшчыць адно вока. Чым жа патлумачыць, што яны больш яго не баяліся, што абмяркоўвалі амаль адкрыта ягоныя шпацыры з ластаўкай?

А кот Вясной і Летам жыў весела і з задавальненьнем. Ён не пагражаў іншым істотам, не ламаў кветкі ўдарамі лапы, не натапырваў шэрсьць на сьпіне, калі набліжаліся чужыя, і не адганяў сабак, задраўшы вусы, абражаючы іх скрозь зубы. Ён ператварыўся ў мягкую і ветлівую істоту, першым вітаў жыхароў парку. А раней амаль ніколі не адказваў на баязьлівыя “добры дзень”, з якім зьвярталіся да яго.

Дазволю сябе нават заявіць, што ён у той час культываваў добрыя і шчырыя пачуцьці. Я засноўваю гэтае сьмелае сьцьверджаньне на адным факце сярод іншых, меншых па значнасьці. Гэта калі ён рызыкаваў сабой, каб вытурыць кобру Каскавэл з парку, дзе яна з’явілася Летам. Усе пахаваліся. Нават Бульдог, які толькі й умеў што рычаць.

Кот наляцеў на Каскавэл, здолеў выкруціцца ад яе сьмяротнага ўкуса і надаваў ёй столькі высьпеткаў па галаве, што яна ўцякла далёка і больш ніколі не вярталася ў парк.

Адна ластаўка выхваляла ўчынак ката. Усе астатнія сьцьвярджалі, што ён пайшоў на змаганьне з кобрай адно, каб пакрасавацца, паказаць, які ён харошы, каб прыкінуцца мужным. Карова Моша дайшла нават да таго, што шкадавала, што кобра прамахнулася, калі кусала. Папугай вызначыў учынак як праяву “першаснага эгсгібіцыянізму”.

На самой справе, кот не пазбавіўся ад славы кепскага і нязноснага тыпа. Жыхары парка прыйшлі да высновы, бачачы цяперашнюю ласкавасьць ката Мальяду, што хаця ён і вельмі кепскі, але ўжо не вельмі небясьпечны. Відаць, старэе, губляе моц і з-за гэтага імкнецца рэабілітавацца. Іхні страх зьнік. Выгадніцкі Папугай нават меў ілюзорныя спадзяваньні на дружбу. Ён думаў зьблізіцца з катом і выкарыстаць яго супраць сваіх ворагаў. Супраць Качара, напрыклад, які за сьпіной казаў пра яго розныя брыдоты. Кот цярпеў блізкасьць Папугая (бо гэты сьвятоша нейкім чынам быў зьвязаны з ластаўкай, выкладаючы ёй Закон Божы), але пазьбягаў фамільярных адносінаў. З гэтай прычыны абражаны Папугай распаўсюдзіў па ўсяму парку страшную тэорыю з тлумачэньнем цяперашняй ветлівасьці ката: той зьмяніў паводзіны, бо пакутуе на невылечную хваробу. На парозе сьмерці ён шукае выбачэньня грахоў.

Ня трэба ўспрымаць усё гэты як праяву ўсеагульнай азлобленасьці. Дурная слава ката Мальяду была даўняя і закаранелая. Як маглі яны зразумець, што кот зьмяніўся з тае пары, калі ў ягонае жыцьцё ўвайшла ластаўка? Што пад зьнешняй грубасьцю, пад калматай шэрсьцю ката білася пяшчотнае сэрца?

Такое пяшчотнае, што ў той першы дзень кастрычніка мы знаходзім ката, які піша санет. Накрыты тоўстай ваўнянай коўдрай (кот быў страшны мярзляк), ён перабіраў лапамі і шукаў рыфмы ў тоўстым слоўніку аўтарства славутага Граматыка Мураўеда, лаўрэата дзяржаўнай прэміі па літаратуры і члена Акадэміі Славеснасьці. Так, ён нават санет напісаў. Я маю асобнік гэтага адзінага літаратурнага твору ката Мальяду, які заўжды быў сур’ёзнай істотай, далёкай ад гэткіх глупстваў. Я атрымаў яго ад Жабы Куруру,– якая вольны час прысьвячае літаратурнай крытыцы,– як прыклад нізкапробнай лірычнай паэзіі. І Жаба мае рацыю. Ужо калі бліскучая Жаба знайшла жудасны плагіят у кароткім паэтычным творы ката, то ніхто ня ставіць пад сумнеў гэтае сьцьверджаньне Жабы Куруру, бясспрэчнага аўтарытэта.

Каб сам чытач мог меркаваць пра вартасьці санета і пра абвінавачваньні ў плагіяце, высунутыя супраць ката Мальяду, я перапісаў працытаваны лірычны твор. Я не магу пры ўсім тым зрабіць гэта ў рамках нашай гісторыі. Ды ў рэшце гэта і ня зборнік вершаў,– тым больш ня кепскіх вершаў і плагіятаў,– а проста гісторыя, якую Вецер распавёў Раніцы, а Раніца распавяла Часу, каб здабыць блакітную ружу. Я адкрываю новыя дужкі, на гэты раз паэтычныя.

Толькі аб адным я хвалююся: мяркуючы аб санеце ката, няхай чытач думае з лепшымі памкненьнямі пра мелодыю ліры паэта, пакідаючы ў баку недахоп адоранасьці і літаратурных здольнасьцяў. Ня толькі коўдрай ад холаду ахінуўся кот Мальяду той раніцай лірычнага натхненьня. Ахінуўся таксама й коўдрай каханьня. Паэзія ня толькі ў вершах. Часам яна ў сэрцы, і такая вялікая, што ня зьмяшчаецца ў словах.

У паэтычных дужках.

Санет немагчымага каханьня
Маёй каханай ластаўцы Сінья

(Ластаўка Сінья,
Ластаўка Сінье,
Ластаўка ўдарыла крыламі
І няма яе.
Маё жыцьцё – жыцьцё ў смутку,
Ня ўмею ні сьпяваць, ні лётаць,
Ня маю ані крылаў, ані пёркаў
І не магу санета напісаць.
Моцна кахаю ластаўку,
Хачу ажаніцца на ёй.
Але ластаўка ня хоча,
Пайсьці за мяне ня можа,
Таму што я кот-грубіян,
вох!)
кот Мальяду

Post scriptum

Каб даць чытачу канкрэтную аснову для бессумнеўнага меркаваньня, я цяпер адкрываю другія дужкі, на гэты раз крытычныя. Чытач можа зьдзівіцца, што гэтая гісторыя так часта перапыняецца дужкамі, даючы магчымасьць аўтару расслабіцца, хто ведае, можа паспаць пасьля абеду або пафліртаваць, але на самой справе ён нагоніць потым, ня знуджаны мізэрнай пісанінай і пустой апавядальнасьцю, прачытаўшы замест гэтага глыбокі опус, які належыць выдатнай Жабе Куруру, члену Акадэміі і Інстытута, універсітэцкага крытыка, прафесара па сувязях. Слова Вам, Маэстра.

Крытычныя дужкі
Напісана па просьбе аўтара
Жабай Куруру,

членам Інстытута.

(“У разглядаемым паэтычным опусе бракуе глыбокіх ідэяў і пераважаюць нязьлічоныя дэфекты формы. Мова няправільная; граматычная канструкцыя не падпарадкоўваецца канонам вытанчаных узораў мінулага; стыль, строгасьць якога абавязковая, як бачым, атрымліваецца з цяжкасьцю; рыфма, якую трэба шукаць, нібыта мільянера, надта бедная ў тых рэдкіх выпадках, калі яна мае ласку засьведчыць сябе”.

“Больш таго, невыбачальным з’яўляецца, аднак, факт злачынства ў першым чатырохрадкоўі згаданага санета аўтарства ката Мальяду, яўны і бессаромны плагіят непрыстойнай карнавальнай песьні, якая гучыць так:

Дзеўка я-я,
Дзеўка е-е,
Дзеўка ўдарыла крыламі
І няма яе.

Плагіятар,– якога трэба ўзяць за вушы ды зацягнуць у суд перад усім сьветам як нягодніка, якім ён з’яўляецца, з тых найбольшых злодзеяў, што крадуць ідэі,– усё ніяк не насыціцца плагіятам, дык трэба прымусіць яго капіраваць нізкапробныя вершы нізкага зброду. Калі сілы ягонага інтэлекту аказаліся малымі, каб зразумець першакласную паэтычную творчасьць, дык ён хоць бы рабіў плагіят прынамсьці з вялікіх майстроў, як, напрыклад, Гамер, Дантэ, Вергілій, Мілтан або Базіліа дэ Магальяэс.

Жаба Куруру, доктар”).

ПРАЦЯГ ВОСЕНІ

Пакрытыкаваўшы, разгледзеўшы і ацаніўшы санет ката Мальяду, вернемся да нашай гісторыі. Што ў прынцыпе не азначае адступленьне ад санету, бо я ж яго працытаваў невыпадкова і менавіта таму, што ён мае дачыненьне да разьвіцьця падзеяў.

А было так: у апошні дзень Восені, пасьля той сцэны, якая разыгралася паміж ластаўкай і катом, ён меў доўгую размову з Савой. З усіх стварэньняў у парку Сава была адзінай, хто шанаваў ката Мальяду, як ужо было сказана. Увечары пасьля таго, што здарылася, ластаўка не вярнулася. Кот спрабаваў зразумець, што адбываецца з ёю, якія супярэчлівыя пачуцьці змагаліся ў яе душы. Ахоплены сумам і самотны, ён вырашыў пайсьці пагаманець з Савой. Яна абудзілася з свайго старэчага сну і расплюшчыла вочы насустрач Начы, сваёй дарагой сяброўцы.

Кот прысеў на галіну сьлівовага дрэва побач з Савой, і спачатку яны гаманелі пра тое-сёе. Потым Сава, па натуры праніклівая, зразумела, што сапраўды хвалюе Мальяду. Яна была шчырай: ня толькі расказала яму пра чуткі, што хадзілі ў парку (кот проста ашалеў ад лютасьці), а ўрэшце выказала яму сваё меркаваньне:

– Мой стары дружа, нічога ня зробіш. Як жа ты мог уявіць сябе, што ластаўка прызнае цябе за мужа. Такога ніколі ня было… Нават калі б яна цябе кахала,– а хто дакажа, што яна цябе кахае?—усё роўна не магла б пайсьці за цябе. Пакуль стаіць сьвет, ластаўкам забаронена жаніцца з катамі. Гэтая забарона – больш чым закон, і яна трывалымі каранямі ўнітавана ў сэрца ластавак. Ты кажаш, што падабаешся ёй, што ўсё залежыць ад яе волі… Можа быць, я нават згаджаюся, што гэта так. Аднак, мацней за яе ёсьць закон ластавак, таму што ён унутры іх ад самай старой бабы, ад першай ластаўкі. А каб парушыць закон, неабходная рэвалюцыя…

Яна заключыла, ківаючы галавой:

– А ўсё ж было б так добра, калі б здарылася рэвалюцыя… Нам яна патрэбная.

Кот Мальяду не сказаў нічога. Нават пра тое, што ўпадабаў ластаўку і марыў, каб яна была побач з ім на пашкуматанай аксамітавай шмаце. Ён забыўся, што ластаўкі сьпяць у гнёздах на дрэвах, а каты сьпяць на зямлі на старых шматах. Ён разьвітаўся з Савой, нічога не адказаўшы на яе словы. Прыйшоўшы дадому, ён пачаў пісаць той знакаміты санет. Творчасьць заняла ўсю ноч і частку наступнай раніцы. Усё, што ён мог стварыць, стала тым опусам, які ўжо зьведаў суд і прысуд.

Аднак у першы ж дзень Восені ён сустрэў ластаўку. Яна была сур’ёзнай, не сьмяялася, не дэманстравала заўсёдную лёгкую весялосьць, той прыяцельскі настрой, які быў яе найвялікшым шармам. Кот Мальяду таксама ня здолеў схаваць сум, сэрца яму абцяжарвалі словы Савы. Яны маўкліва міналі месцы, дзе шпацыравалі разам Вясной і Летам. Раз-пораз гучалі выпадковыя словы, але абодва ў душы імкнуліся пазьбегнуць тэмы, якая іх хвалявала.

Надыйшоў час ластаўцы адлятаць. Кот уручыў ёй санет. Яна паляцела, шмат разоў абарочвала сваю мілую галоўку, каб убачыць яго, на вачах яе былі сьлёзы.

На наступны дзень,– эх, то быў найдаўжэйшы дзень Восені,– яна не з’явілася. Дарэмна ён круціўся непадалёк ад дрэва, дзе яна жыла. Той ноччу ён успомніў пра чуткі, што хадзілі ў парку, і тады пачаў ганяцца за Чорным Качарам, нагнаў амаль сьмяротны страх на Папугая (які чытаў свае начныя малітвы), падрапаў пысу Бульдогу, скраў яйкі з курніка і,– што было вяршыняй подласьці,– скраў іх не дзеля таго, каб з’есьці, а проста каб кінуць у полі. Страх перад катом Мальяду зноў ажыў у парку, а шумныя чуткі сьцішыліся да таямнічага шушуканьня.

На трэці дзень Восені Паштовы Голуб прынёс яму здалёк (набраўся мужнасьці наблізіцца да яго?) ліст. Кот прачытаў яго столькі разоў, што вывучыў на памяць. Ліст сумны і канчатковы, што даслала ластаўка Сінья. “Ластаўка ніколі ня зможа ажаніцца з катом”. Пісала таксама, што ім ня трэба больш сустракацца. У суцяшэньне пісала, што ніколі ня была такой шчасьлівай, калі блукала па парку з катом Мальяду. І скончыла: “назаўжды твая Сінья”.

Яна паклялася больш ня бачыцца з ім. Але, як ужо было сказана і можна паўтарыць, клятва ластаўкі ня вартая даверу. Яны зноў сталі шпацыраваць па парку, па тых закутках, якія адкрылі Вясной. Толькі цяпер амаль не размаўлялі, нібыта нябачная заслона падзяляла іх.

Так яны правялі ўсю Восень, шэры час, калі дрэвы губляюць лісьце, а неба губляе блакіт. З-за таго, што ката Мальяду зноў пачалі баяцца, і ён зноў жыў у поўнай ізаляцыі, не размаўляючы ні з кім, ён ня ведаў, што ў доме ластаўкі працавалі шэсьць краўцоў-павукоў, якія рыхтавалі пасаг для маладой. Вясельле Салаўя з ластаўкай Сінья было прызначанае на пачатак Зімы.

У апошні дзень Восені, дзень сыры і сьнежны, працяты ветрам, які дыхаў холадам, ластаўка захацела наведаць усе месцы, якія яны ўпадабалі Вясной і Летам. Яна была дзіўна гаваркая і шумная, пяшчотная і надзвычай прывабная, нібыта раптам узьнялася заслона, што аддзяляла яе ад ката Мальяду, нібыта зьнянацку зьнікла дыстанцыя, што адчужала іх. То была тая ж ластаўка Сінья Вясны і Лета, крыху шалёная, і кот Мальяду з захапленьнем глядзеў на яе.

Яны шпацыравалі да самай Начы. Тады яна сказала яму, што гэта быў апошні раз, што яна выходзіць замуж за Салаўя, бо, на жаль! ластаўка ня можа ажаніцца з катом. Як у той дзень, яна праляцела над ім у брыючым палёце, кранула яго левым крылом,– гэта быў яе пацалунак,– а ён на гэты раз ня змог пачуць, як б’ецца маленькае сэрца ластаўкі, настолькі слабымі былі ягоныя ўдары. Яна ўзьвілася ў паветра, не азірнулася назад.

ЗІМА

Гэтая глава павінна быць доўгай, таму што пачатак Зімы быў часам пакутаў. Але навошта казаць пра сумнае, навошта пералічваць злыя ўчынкі ката Мальяду, карыя вочы якога зусім пацямнелі? Пра гэта гаварылася ў лістах, дасланых жыхарамі парка, якія Паштовы Голуб далёка разносіў па іншых парках. Зьвесткі дасягнулі аддаленай хованкі кобры Касавэл і нават яна трэслася ад страху. Пісалі пра лютасьць ката, але таксама пра яго самоту. Ніколі ўжо кот Маляьду ня вымавіў ані слова ні да каго. Такая адчайная самота расчуліла Чайную Ружу, якая прызналася Жасьміну, свайму апошняму каханку:

– Бедалага! Жыве такі самотны, ня мае нікога ў цэлым сьвеце…

Памылялася Чайная Ружа, думаючы, што кот Маляьду жыве самотны і ня мае нікога ў цэлым сьвеце. Якраз наадварот, у яго быў сьвет успамінаў, пяшчотных і жывых імгненьняў, радасных згадак. Я не хачу сказаць, што ён быў шчасьлівы і не пакутваў. Пакутваў, але яшчэ не адчайваўся, яшчэ жыў тым, што атрымаў раней. Аднак, ён сумаваў, таму што шчасьце ня можа будавацца на ўспамінах аб мінулым, яму трэба таксама мары аб будучым.

Пад слабым сонцам зімовага дня адбылося вясельле ластаўкі з салаўём. Было пышнае сьвята, стол з ласункамі і шампанскім. Грамадзянскі шлюб быў заключаны ў доме нявесты, Певень быў суддзёй і выступіў з яркай прамовай пра вартасьці і абавязкі добрай жонкі, асабліва пра абавязкавую вернасьць мужу. Пра вернасьць мужа жонцы ён не казаў. Ён быў магаметанінам, а не хлусам: усе ведалі, што певень Дон Жуан дэ Род Айлэнд меў гарэм. Царкоўны шлюб быў заключаны на апельсінавым дрэве, у прыгожай паркавай капліцы. Яго прападобіе падрэ Грыф прыбыў з дальняга кляштара, каб адслужыць рэлігійную цырымонію. Папугай быў панамаром, а ўначы напіўся. Казаньне Грыфа было чульлівым. Маці ластаўкі шмат плакала.

У момант, калі вясельны картэж выляцеў чарадой з капліцы, ластаўка ўбачыла ката, які сядзеў у сваім закутку. Ня ведаю, які спрыт яна паказала ў палёце, але здолела скінуць над ім пялёстак ружы са свайго шлюбнага букета чырвоных ружаў. Кот прыціснуў яго да грудзей, як кроплю крыві.

Каб скончыць гэтую гісторыю весела, я павінен апісаць сьвята, наладжанае бацькамі ластаўкі Сінья. А таксама пераказаць анекдоты, якімі Папугай бавіў запрошаных. З’явіліся ўсе жыхары парку, акрамя ката Мальяду. Раніца апісала ўсё сьвята Часу, падаючы дэталі пра строі, стравы, стол з прысмакамі, афармленьне залы. Але ўсё гэта чытач можа ўявіць паводле свайго густу з поўнай самастойнасьцю. Я толькі скажу, што птушыны аркестр быў надзвычай мілагучным, і што ягоны меладычны шум дасягаў ката Мальяду, які самотна сядзеў у парку. У яго ўжо ня было будучыні, на якой можна будаваць мару пра немагчымае каханьне. Ноч без зорак, вясельная ноч ластаўкі Сінья. Толькі чырвоны пялёстак на сэрцы, кропля крыві.

НОЧ БЕЗ ЗОРАК

Музыка болем адгукалася ў сэрцы. Вясельны марш для маладых. Для ката Мальяду – пахавальны марш. Ён узяў пялёстак ружы, зірнуў яшчэ раз на парк, апанаваны Зімой, павольна вырушыў у дарогу. Ён ведаў дальні куток, дзе жыла толькі кобра Каскавэл, якую абыходзілі як далей усе ў парку і на плантацыях. Кот пайшоў простымі шляхамі, што вялі да скрыжаваньня на краі сьвета.

Калі ён мінаў дом, дзе адбывалася сьвята, то ўбачыў, як выходзілі маладыя. Ластаўка таксама яго ўбачыла і зразумела, куды ён накіроўваецца. Нешта скацілася з неба на пялёстак, які кот нёс у лапах. На крывава-чырвоным пялёстку ружы зазіхацела сьвятлом сьляза ластаўкі Сінья. Яна асьвятляла пустынны шлях кату Мальяду ў начы без зорак.

Так скончылася гісторыя, якую Раніца пачула ад Ветру і распавяла Часу, які паабяцаў ёй блакітную ружу. Пэўнымі днямі Вясны Раніца чапляе на свой яркі строй гэтую блакітную старажытную ружу. І тады ўсе кажуць, што настае прыўкрасная блакітная раніца.

Амінь (скончыў Папугай).

Парыж, лістапад 1948 г.

Пераклад з партугальскай - Валеры Буйвал

Жоржы Амаду пра аповесьць: “Прысьвячаю гэтую кнігу шматаблічнаму і ананімнаму сябру. Я хачу, каб ён быў сімвалам маіх бразільскіх і замежных чытачоў з многіх краінаў і многіх моваў, з падзякай ім за вернае ўшанаваньне, гонар і славу майго пісьменьніцкага жыцьця”.

Заўвага: у перакладзе захаваная няўклюдная манера вершаў, якая існуе ў арыгінале. Аўтар стылізаваў опусы народных творцаў бразільскага ўзьбярэжжа.

Жоржы Амаду (1912–2001), бразільскі пісьменьнік. Аўтар раманаў “Краіна карнавала”, “Какава”, “Пот”, “Жубіаба”, “Капітаны пяскоў”, “Крама цудаў”, “Габрыэла”, “Дона Флор і яе два мужы”, “Тэрэза Батыста, стомленая вайной”, “Мёртвае мора” (беларускі пераклад В.Буйвала – 1998 г.).

30/10/2004 › Цікавая літаратура


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Кастрычнік 2004
П А С Ч П С Н
« Вер   Ліс »
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ

Народная Перамога

[ Усе сябры ]




Лічыльнік:


Беларуская Салідарнасьць // Усе правы абароненыя // 2000—2020
Сувязь