Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты // Форум
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Анатоль Франс “Амікус і Цэлестын”

Жоржу дэ Порта-Рыш
Укленчаны на падлозе дзікага грота, пустэльнік Цэлестын сустракаў Вялікдзень у малітвах. У гэтую анёльскую ноч дрыжачыя дэманы абрынаюцца ў бездань. І пакуль цень пакрываў зямлю, у той час, калі бязлітасны Анёл лунаў над Егіптам, Цэлестын трымцеў, ахоплены страхам і непакоем. Ён чуў з глыбіні леса мяўканне дзікіх катоў і меладычны голас рапух. Пасярод нячыстай цемры яго апанаваў сумнеў, ці здзейсніцца вялікі цуд. Але, калі ён убачыў, што настае дзень, радасць увайшла ў ягонае сэрца разам са світанкам. Ён ведаў, што Хрыстос уваскрос, і ён гукнуў:

– Ісус выйшаў з труны! Любоў перамагла смерць, алелуя! Ён уздымаецца ў ззянні над пагоркам! Алелуя! Усё існае адноўлена і выбаўлена. Цемра і зло рассеяны; ласка і святло запаўняюць свет. Алелуя!

Жаўрук, абудзіўшыся сярод збажыны, адказаў яму спевам:

– Ён уваскрос. Я прысніў гнёзды і яйкі, яйкі белыя, з карычнявымі крапінкамі. Алелуя! Ён уваскрос!

Пустэльнік Цэлестын выйшаў са свайго грота і накіраваўся ў каплічку, што стаяла непадалёк, каб адзначыць святы Вялікдзень.

Ідучы па лесе, ён убачыў пасярод паляны прыгожы бук, з набухлых пупышак якога ўжо павылазілі пяшчотна-зялёныя лісткі; гірлянды плюшчу і ільняныя стужкі звісалі з галін да самай зямлі; ватыўныя плакеткі, прымацаваныя да каржакаватага ствала, былі прысвечаны маладосці і каханню, а там-сям гліняныя Эрасы з распасцертымі крыламі і ў падхопленых ветрам туніках гойдаліся на галінах. Убачыўшы гэта пустэльнік Цэлестын нахмурыў свае сівыя бровы:

– Гэта дрэва фей,– сказаў ён,– і мясцовыя дзяўчаты прынеслі ім дары, паводле старажытнага звычаю. Усё маё жыццё прайшло ў барацьбе з феямі. Проста немагчыма ўявіць сябе, як мяне бянтэжаць гэтыя малыя стварэнні. Яны не супраціўляюцца адкрыта. Штогод на жніво я выганяю злых духаў, як прынята абрадам, і спяваю ім Евангелле паводле святога Яна.

Лепшага сродку ня можа быць. Свянцоная вада і Евангелле паводле святога Яна прымушаюць іх уцякаць, і пра гэтых паненак не чуваць усю зіму. Але яны вяртаюцца зноў увесну, таму трэба каторы год пачынаць усё з пачатку.

Яны дробненькія, цэлы рой можа пасяліцца на адным кусце глогу. Да таго ж яны зачароўваюць маладых хлапцоў і дзяўчат.

На старасці я падслеп і не магу іх больш разгледзець. Яны кпяць з мяне, падбіраюцца пад самы нос і тузаюць за бараду. Але ў дваццаць гадоў я бачыў, як яны танцавалі карагодамі на палянках у вянках пад святлом месяца. Пане Божа, каторы стварыў нябёсы і расу, будзь дабраславёны ў Тваіх стварэннях! Але чаму Ты стварыў паганскія дрэвы і цудатворныя крыніцы? Чаму пасяліў пад арэшнікам пяюху-мандрагору? Гэтыя з’явы прыроды штурхаюць моладзь на грэх і ствараюць незлічоныя цяжкасці для анахарэтаў, што, як я, імкнуцца надаць святасць усяму існаму. Раней дастаткова было Евангелля паводле святога Яна, каб прагнаць дэманаў! Але цяпер гэтага мала, і я не ведаю, што рабіць.

І калі добры пустэльнік, уздыхаючы, пайшоў далей, дрэва (а гэта была фея) ціхенька прашамацела:

– Цэлестын, Цэлестын, мае пупышкі – гэта і ёсць яйкі, сапраўдныя вялікодныя яйкі! Алелуя! Алелуя!

Цэлестын ішоў па лесе, не адварочваючы галавы. Ён тупаў з цяжкасцю па простай сцяжыне пасярод цярноўніка, які абдзіраў яму вопратку. Як раптам з гушчару выскачыў малады хлапец і загарадзіў яму дарогу. Ён быў апрануты ў скуру нейкай жывёліны, якая ледзь закрывала ягонае цела. Гэта быў хутчэй фаўн, чым хлапец. У яго быў пранізлівы позірк, кірпаты нос і смяшлівы твар. У кучаравых валасах над зухлівым тварам хаваліся маленькія рожкі. Вусны адкрывалі вострыя і белыя зубы. Пад падбародкам тырчэла двума пасмамі белая бародка. Залацісты пушок зіхацеў на ягоных грудзях. Ён быў жвавы і спрытны. Ягоныя ногі з капытамі засцінала трава.

Цэлестын, які валодаў усемі ведамі, якія дае медытацыя, адразу ж зразумеў, з кім мае справу і ўзняў руку, каб зрабіць знак крыжа. Але фаўн схапіў яго за руку і не дазволіў скончыць магутны жэст:

– Добры пустэльнік,– сказаў ён,– не праклінай мяне. Сёння для мяне, як і для цябе, святочны дзень. Будзь літасцівы і не засмучай мяне ў гэты святочны дзень. Калі хочаш, мы прагуляемся разам, і ты пабачыш, што я не ёсць нячысцік.

На шчасце, Цэлестын быў выдатна абазнаны ў свяшчэнных навуках. Ён дарэчы ўспомніў, што святога Гераніма суправаджалі ў ягоных падарожжах па пустыні сатыры і кентаўры, яны нават спавядаліся яму.

Ён сказаў фаўну:

– Фаўн, уславім Госпада. Кажы: Ён уваскрос.

– Ён уваскрос.– адказаў фаўн.—І ты бачыш, як я радуюся.

Сцяжына стала больш шырокай, і яны пайшлі побач. Пустэльнік задумаўся і разважаў пра сябе:

– Гэта не дэман, бо ён спавядаўся. Добра, што я не засмуціў яго. Прыклад вялікага святога Гераніма не прайшоў для мяне дарэмна.

І, абярнуўшыся да свайго казланогага спадарожніка, ён спытаўся:

– Як цябе завуць?

– Мяне завуць Амікус.—адказаў фаўн.—Я жыву ў гэтым лесе, я і нарадзіўся тут. Я прышоў да цябе, ойча, таму што ў цябе з тваёй доўгай сівой барадой такі дабрадушны выгляд. Мне здаецца, што пустэльнікі – гэта фаўны, знясіленыя гадамі. Калі я састаруся, я буду падобны на цябе.

– Ён уваскрос.—сказаў пустэльнік.

– Ён уваскрос.—сказаў Амікус.

Вось так, кажучы гэта, яны ўскараскаліся на пагорак, дзе ўзвышалася капліца, прысвечаная ісціннаму Богу. Яна была маленькая і грубаватая па канструкцыі. Цэлестын пабудаваў яе ўласнымі рукамі з абломкаў храма Венеры. Унутры капліцы стаяў алтар Госпада, бесформенны і пусты.

– Укленчым,– сказаў пустэльнік,– і праспяваем алелуя, бо Ён уваскрос. А ты, цёмнае стварэнне, заставайся на каленях, пакуль я буду правіць багаслужбу.

Але фаўн падышоў да пустэльніка, пагладзіў яго па барадзе і сказаў:

– Добры стары, ты мудрэйшы за мяне і ўмееш бачыць нябачнае. Але я лепш за цябе ведаю лясы і крыніцы. Я прынясу Богу лісце і кветкі. Я ведаю адхоны, дзе крэсы сустракаюцца з ліловымі шчыталіснікамі, лугі, дзе першацвет красуе зяленымі суквеццямі. Я адрозніваю па легкаму паху амялу ад яблыні-дзічкі. А хмызняк чорнага цярноўніка ўкаранаваны цяпер снегам кветак. Пачакай мяне, стары.

У тры казліных скачкі ён знік у лесе, а калі вярнуўся, Цэлестыну падалося, што ён бачыць, як шыбуе куст глогу. Амікус знік пад духмяным покрывам раслін. Ён развесіў гірлянды кветак на алтары, пакрыў яго фіялкамі і сказаў сур’ёзна:

– Гэтыя кветкі для Бога, які стварыў іх!

І пакуль Цэлестын правіў Святую Імшу, казланогі, схіляючы да зямлі сваю рагатую галаву, пакланяўся сонцу і казаў:

– Зямля – гэта вялікае яйка, якое ты, сонца, свяшчэннае сонца, апладніла!

З таго дня Цэлестын і Амікус жылі разам. Пустэльніку не ўдалося, нягледзячы на ўсе намаганні, растлумачыць паўчалавеку нявыказаныя таямніцы. Але з тае пары з ласкі руплівага Амікуса капліца ісціннага Бога заўсёды была ўпрыгожана гірляндамі і кветкамі прыгажэй за дрэва феяў. І богабойны святар казаў: “Фаўн – гэта гімн Госпаду”.

І таму ён даў яму святое хрышчэнне.

На пагорку, дзе Цэлестын пабудаваў некалі лядачую каплічку, якую Амікус упрыгожваў кветкамі гор, лясоў, рэк і азёр, цяпер узвышаецца касцёл, нава якога адносіцца ажно да ХІ стагоддзя, а партал быў перабудаваны за Анры ІІ ў рэнесансавым стылі. Гэта месца паломніцтваў, і вернікі ўшаноўваюць тут добрую памяць святых Амікуса і Цэлестына.

Anatolе France. Nouvelles. Paris, 1962.

Пераклад з французскай - Валеры Буйвал

Анатоль Франс (1844-1924) – класік французскай літаратуры, паэт, празаік, крытык. Аўтар раманаў і аповесцяў “Востраў пінгвінаў”, “Богі прагнуць”, “Карынфскае вяселле”, “Балтазар”, “Бунт анёлаў”, п’ес і навел.

3/10/2004 › Цікавая літаратура


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Кастрычнік 2004
П А С Ч П С Н
« Вер   Ліс »
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ

Народная Перамога

[ Усе сябры ]




Лічыльнік:


Беларуская Салідарнасьць // Усе правы абароненыя // 2000—2020
Сувязь