Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Факты і падзеі месяца (жнівень 2004 г.)

Валеры Буйвал
Расейскім гісторыкам даводзіцца разграбаць завалы хлусьні і фальшы савецкай прапаганды, якая замяняла сабой на працягу дзесяцігоддзяў гістарычную праўду. Чарговы гістарычны скандал успыхнуў на расейскім Далёкім Усходзе. Аказваецца, няма ніякіх дакумантальных зьвестак пра тое, што бальшавіка Лазо японцы спалілі ў топцы паравоза.

Ва Уладзівастоку нат з 20-х гадоў стаіць на пастамэнце паравоз, у якім нібыта адбылася гэтая падзея. Цяпер паравоз трэба некуды адганяць – фальшыўку прыдумала савецкая хагіяграфія (богапраціўнаму рэжыму былі, тым ня менш, патрэбныя свае сьвятыя). Ну, такое здаралася й у іншых месцах. Гэбельсаўская прапаганда да самага штурму рэйхсканцэлярыі ў 1945 г. актыўна эксплуатавала “сьветлы вобраз юнага нацысцкага пакутніка Х. Вэссэля”. Фашыстоўская цемра крочыла калёнамі пад сьпевы маршу “Хорст Вэссэль”, прысьвечанага малойцу, які нібыта быў забіты за гітлерскі ідэал малойцамі Эрнста Тэльмана. Такі эпізод быў, але меў чыста бытавую прычыну. Вэссэль не плаціў гаспадыні кватэры, дзе пражываў. Тая зьвярнулася ў бліжэйшую камуністычную ячэйку з просьбай злоснага неплацельшчыка трошкі павыхоўваць. А выхавацелі перастараліся. Гэбельс прасьлязіўся на пахаваньні і пачаў пісаць праект… Расейскія манюкі дакаціліся да таго, што ня проста склалі зь нічога жыцьці сваіх “сьвятых”, але й напрыдумвалі герояў, якіх на самай справе не існавала ў прыродзе. Напрыклад, камсамольскі ватажка В.Банівур (пра яго ёсьць кнігі і шматсярыйны фільм “Сэрца Банівура”). Такога грамадзяніна не было. Цяпер трэба пераймяноўваць вуліцы, школы, фабрыкі і г.д. А вось у нас пара заняцца гісторыяй БССР.

Польскай дэлегацыі вынесьлі гарбуз. 4 жніўня афіцыйная польская дэлегацыя камітэту, які займаецца справай расстраляных НКВД у 1940 г. афіцэраў польскай арміі (сярод іх было шмат беларусаў і ўкраінцаў), атрымаў канчатковы адказ афіцыйнай Масквы: за даўніной гадоў судовай справы па забойствах афіцэраў узбуджана ня будзе. А, як вядома, Катынь ды іншыя месцы – гэта, паводле міжнароднага права, злачынствы супраць чалавечнасьці і ваенныя злачынствы, якія не могуць падпадаць пад катэгорыю даўніны. Гэбоўскай Маскве напляваць, яна выплочвае супэрпэнсіі забойцам, ставіць ім помнікі і зьнішчае магілы ахвяраў. Беларусы добра ведаюць пра гэта, абараняючы сваю сьвятыню – Курапаты. Трошкі раней, 1 жніўня ў сталіцы Польшчы ўрачыста адзначаліся 60-я ўгодкі Варшаўскага паўстаньня (здушанага немцамі і расейцамі ўласаўцамі, калі ў той самы час Чырвоная армія па загаду Крамля стаяла на супрацьлеглым беразе Віслы і назірала за зьнішчэньнем гораду і тысячаў людзей). Сярод іншага прысутнічала нямецкая ўрадавая дэлегацыя начале з канцлерам. Замежныя журналісты і гісторыкі ў адзін голас казалі: ах, як хораша было б запрасіць сюды містэра Пуціна, каб і ён пакланіўся вэтэранам і помнікам. Палякам, аднак, хапіла розуму не запрашаць сымбалічную фігуру вечна жывога рэжыму НКВД-КГБ-ФСБ. Да таго ж яны ведаюць сваю моладзь, каторая не раз ужо сустракала крамлёўскага монстра таматамі і яйкамі.

Сьмерць за пяць капеек. Усе мы памятаем, як сустрэча з маскоўскім хамствам і зьверствам пачыналася ўжо на прывакзальнай станцыі мэтро “століцы нашей родіны”. Час унёс свае карэктывы: маскоўскае зьверства стала зусім адкрытым. 4 жніўня 22-гадовы грамадзянін Таджыкістану прайшоў, не заплаціўшы, праз аўтаматычныя касы мэтро. Дзяжурны міліцыянт схапіў яго за руку, уставіў пісталет яму ў рот і стрэліў з крыкам “Будешь знать, чурка!” Юнак загінуў на месцы. У той жа дзень у Маскве была жыўцом спаленая ў сваёй кватэры узбэцкая сямья. Рэжым дзяржаўнага тэрарызму ў Расеі паступова пераўтвараецца ў тэрарыстычнае грамадзтва.

5 жніўня перад адпачынкам расейскія міністры давалі справаздачы пра сваю працу. Міністр эканамічнага разьвіцьця (як у тым дзіцячым анэкдоце: разьвіцьця няма, а міністр ёсьць) Герман Грэф расказаў пра сваё ведамства: у Расеі 30 мільёнаў чалавек жывуць ніжэй за рысу беднасьці, найбагацейшая сацыяльная група мае даходы ў 15 разоў большыя за найбяднейшую (у цывілізаваных краінах розьніца ў тры разы кваліфікуецца як недапушчальны сацыяльны крызіс), адток капіталаў за мяжу склаў за мінулы год 8 мільярдаў доляраў. Зразумела, што міністр “зьмякчыў” статыстыку, а ўсё роўна ад знаёмства зь ёю становіцца неяк не па сабе.

Нават на фоне пэрманэнтнага непрасыханьня ўральская драма ўразіла Расею. Драма пачалася ў раённым цэнтры Сьвярдлоўскай вобласьці Верхняя Салда. Тэлебачаньне паказала набітыя пацыентамі шпіталі. Проста мужчыны пасьля працоўнага дня выпілі па чарцы. Аказалася, што ў крамы і шапікі на прыканцы ліпеня паступілі бутлі зь нечым алкагольным і празрыстым (на самай справе, моцны дэзынфэкцыйны сродак, небясьпечны для жыцьця), бізнэс актывізаваўся. З кожным днём катастрофа ахоплівае новыя населеныя пункты, пацярпелі ўжо сотні людзей. Або як казаў князь Уладзімер: “Русі есть веселіе піті…”

9 жніўня ў Магадане скончыўся рэдкі цяпер у Расеі судовы працэс над афіцэрамі. Справа ў тым, што ў сьнежні летась з Масквы ў запалярны Магадан везьлі на самалёце мабілізаваных у мясцовы памежны атрад маладзёнаў (усе ў звычайнай гарадзкой вопратцы, не разьлічанай на 30-40 градусаў марозу і пранізьлівы вецер). У некалькіх сібірскіх аэрапортах каманда рабіла перасадкі. А каб далёка не хадзілі, юнакоў прымушалі гадзінамі стаяць на лётным поле пад сьнегам і ветрам. На месцы іх загрузілі на ноч у халодную казарму і зноў не забясьпечылі адпаведнай вопраткай. Усіх 160 трэба было на раніцу зьмяшчаць у шпіталь з вострым бранхітам і запаленьнямі, многіх у рэанімацыю, адзін юнак загінуў. Начальства прарэагавала адэкватна: сурова забараніла хлапцам паведамляць што-небудзь дамоў. Не атрымліваючы ніякіх зьвестак на працягу двух месяцаў, бацькі ўзбунтаваліся і пачалі самы прыяжджаць у Магадан. Толькі тады справа вылезла наверх, пачалася разборка гэтага (такога, дарэчы, звычайнага) эпізоду будняў расейскай арміі. Па справе дапрасілі ажно 22 генэрала. А скончылася пшыкам: два гады ўмоўна з адтэрміноўкай атрымаў падпалкоўнік Каструкоў, які кіраваў камандай маладых. Хто з беларусаў ня ўспомніць зьверствы, якіх быў нацярпеўся ў расейскай арміі?! І ня трэба было трапляць у зону вайсковых дзеяньняў, каб насёрбацца на ўсё жыцьцё. Больш ніколі не зацягнеце нас бараніць вашу Маскву і Калыму.

10 жніўня ў Маскве скончыўся працэс па справе кампэнсацыі за маральную шкоду. Дзед і баба адсудзілі для сваёй васьмігадовай унучкі Юлі Мілагародзкай 500 тысячаў рублёў (патрабавалі 2 мільёны доляраў) у гаспадароў маскоўскага аквапарку “Трансвааль”, які абрынуўся на галовы кліентаў у лютым сёлета. У дзяўчынкі загінулі бацькі, сама яна дагэтуль ня можа направіцца ад стрэсаў. Гаспадары аквапарку, няма дурных, плаціць не зьбіраюцца і падалі на апэляцыю. Расейская журналістыка зашумела пра “прэцэдэнт”. Сапраўды, ніхто нікому ніколі пасьля такіх катастрофаў нічога ў Расеі ня выплочваў. Хаця, трэба казаць — “небясьпечны прэцэдэнт”. У Расеі мільёны пакрыўджаных людзей, якія ў нармальным грамадзтве атрымалі б кампэнсацыю і дапамогу. На фоне сытай і нахабнай эліты, раскошы сталічнага жыцьця для павярхоўнага назіральніка часам губляюцца сапраўдныя жудасныя маштабы расейскай сацыяльнай катастрофы. Зло пануе ў гэтай імпэрыі афіцыйна, зло сталася нормай жыцьця і адносінаў паміж грамадзянамі і дзяржавай. Расея – небясьпечная для ўсяго чалавецтва зона.

Ёсьць алімпійскі спакой, алімпійская высакароднасьць і г.д. БТ пазнаёміла беларускіх гледачоў з “алімпійскім тупізмам”. Даўно вядома, што на мясцовым тэлеканале (язык не паварочваецца назваць яго “беларускім”) здаўна дзейнічае прынцып адмоўнага адбору. Гэта тычыцца дыкцыі, творчых здольнасьцяў, нават фізіягнамічных уласьцівасьцяў тэлесупрацоўнікаў. Ясна, што гэта проста антынацыянальны, антыбеларускі канал. Яшчэ раз даказалі нам гэта рэпартажы БТ з афінскай Алімпіяды. Зразумела, камсамольскія галасы вядучых гучалі па-расейску. Але засланыя ў Грэцыю бездары й па-маскальску ня ўмеюць. Адзін з пэрлаў: “этот спорт развит издревна…” (мелася на ўвазе “издревле”). Яны ў дэбільнай манэры ніяк не маглі адарвацца ад тупога тэксту нават падчас шматаблічнага, багатага матар’ялам парада нацыянальных зборных на цырымоніі адкрыцьця гульняў. Усё барабанілі сваё “іздревна”. Нармальны чалавек хуценька пераключаўся на маскоўскія (можа так яно адмыслова й задумана) або заходнія тэлеканалы, дзе ішоў жывы, з элемэнтамі гумару і гістарычнага агляду камэнтар. Застаялася гэтая аўгіева стайня пад тэлевежай на вуліцы Камуністычнай (які сымбаль!) у Менску. Давядзецца, мабыць, у недалёкай будучыні мяняць курс Сьвіслачы і доўга прамываць зацьвілыя прасторы БТ.

18 жніўня ў дзьвюх эўрапейскіх краінах паліцыя дзейнічала вельмі адэкватна. У Празе Чэскай быў арыштаваны Дзяніс Герасімаў, кіраўнік расейскага фашыстоўскага музычнага гурта “Коловрат” (ня раз прыяжджаў у Беларусь і рабіў свае чалавеканенавісьніцкія выступы пад патранажам лукашэнкаўскіх уладаў). Яго зьмясьцілі ў турму г. Кутна Гора, якая вядомая сваім строгім парадкам: там утрымліваюцца серыйныя забойцы, збачэнцы ды іншыя вельмі небясьпечныя злачынцы. Рыхтуецца працэс, расейскага нацыста абвінавачваюць ў прапагандзе гвалту і міжнацыянальнай і расавай нянавісьці. Вось так бы даўно. Малайцы, чэхі.

У Бэльгіі паліцыя затрымала расейскага грамадзяніна Паўла Сцехноўскага. Яго ідэнтыфікавалі як галоўнага ўдзельніка забойства ў 1998 г. у Пецярбурзе дэпутаткі расейскай Дзярждумы Галіны Старавойтавай. Лібэральная Бэльгія сталася сьметнікам для тысячаў псэўдапалітычных “эмігрантаў” з постсавецкай прасторы. Тут сярод іншага атабарыўся цэлы легіён шпаны, крымінальнікаў і гэбоўскай агентуры з Беларусі. Жывуць даволі бязьбедна, атрымліваюць ад мясцовай дзяржавы грошы па сацыяльнай дапамозе, тусуюцца і працягваюць сваю гнюсную справу па ўсёй Эўропе. Заходняя дэмакратыя дэманструе сваю безабароннасьць перад бруднай хваляй проста халяўшчыкаў і адмыслова падрыхтаванай агентуры. Аднак, можа й інфантыльныя бэльгійцы нешта зразумелі ў апошні час?

18 жніўня ў Маскве прадстаўнікі прамаскоўскага “ўраду” Чачэніі выступалі перад прадстаўнікамі мясцовай чачэнскай дыяспары. Заклікалі пераводзіць на радзіму капіталы, абяцалі “фінансавую амністыю”. Прамаскоўскі міністр унутраных спраў рэспублікі (генэрал міліцыі РФ) Алханаў не глядзеў у тэлекамэру, неяк без імпэту чытаў з паперкі (здраднікі народу, як правіла, не надта ўпэўненыя ў сабе і карыстаюцца мовай акупантаў): “Наша республика, конечно, в руинах. Но это даёт нам возможность начать всё с чистого листа…” Як гэта маскоўскі найміт не сказаў: “прекрасную возможность”? Вось такая філясофія нацыянальнай здрады: існуе тысячагадовая цывілізацыя, вялікая культура, каштоўнасьці, створаныя пакаленьнямі народу; расейскія варвары зьнішчаюць усё – і ў гэтым ваўкалакі-здраднікі бачаць “чістый ліст”. Якое ўсё знаёмае (“Роднай Беларусі 70 год” і г.д.)…

19 жніўня ні журналісты, ні расейскія ўлады ня згадвалі пра 13-тыя ўгодкі савецкага путчу 1991 году, зь якога пачаўся распад імпэрыі. Цяпер нямодна пра тое згадваць: на двары рэжым рэстаўрацыі гэбоўскіх Бурбонаў. Хто з беларусаў не перажыў у тыя драматычныя жнівеньскія дні інфантыльнага захапленьня “дэмакратычнай Масквой і мужным Ельцыным”, што будавалі барыкады супраць ГКЧП?! Адно Зянон Пазьняк выцьвярэжваў тады ўсіх, пазбаўляючы ілюзіяў. І вось прайшлі гады. Юбілейны дзень “самай дэмакратычнай у сьвеце імпэрыі”… У горадзе Ульянаўску на цэнтральную вуліцу выйшлі тысячы рабочых і інжынэраў мясцовага ваеннага мэханічнага заводу, перакрылі рух. Працоўныя патрабуюць выплаціць ім ганарар за 1993 год (!!!). Яны выканалі тады заказ мінабароны і скляпалі некалькі зэнітна-ракетных комплексаў, міністэрства грошы скрала (95 мільёнаў рублёў) і пра людзей забылася. Месячны заробак працоўныя зэнітчыкі не атрымлівалі ўжо 6 месяцаў, жанчыны казалі ў тэлекамэру пра голад у семьях. Хаця не, можа тыя грошы генэралы не скралі, а ў творчай манэры пусьцілі на скляпаньне 15 маскоўскіх браневікоў, якія разам з калёнай пяхоты і мінамётных установак прарываюцца з начы на 19 жніўня праз расейска-грузінскую мяжу? Расейскія “міратворцы” ужо некалькі дзён абстрэльваюць грузінскае войска і насельніцтва на грузінскай тэрыторыі (наводзяць мір). Грузіны адвозяць у тыл забітых і параненых, а маскоўская гэбельсаўшчына сьцьвярджае, што “грузіны самы абстрэльваюць свае ж вёскі”. У гэты ж час у Маскве адбываецца паседжаньне імпэрскага ўраду. Прэм’ер Фрадкоў вяшчае пра ўмацаваньне стабільнасьці банкаўскай сістэмы (на фоне штодзённых банкаўскіх крахаў і судоў над банкірамі), пра плянавае падвышэньне ў два разы да 2010 г. валавога прадукту (на фоне наркатычнай залежнасьці Расеі ад сібірскай нафты і газу). Адным словам, трыюмф дэмакратыі…

Кволенькае мерапрыемства арганізавалася ў Маскве ажно 21 жніўня. Тэлежурналіст Калпакоў (быў у свой час засланы ў Менск, памятаем гэтага прымітыўнага правакатара) радасна паведамляў, што перад Белым домам сабралася ўсяго 52 чалавекі – удзельнікі шматтысячнай абароны гэтага дому ў 1991 годзе. Нешматлікіх бедалаг правялі з аркестрам, што наярываў савецкія маршы, перад амэрыканскай амбасадай. Потым аркестар іграў на месцы былых барыкадаў папуры з цыркавой і эстраднай музыкі. А пад гімн Савецкага саюзу быў узьняты расейскі трыкалёр. Раней ў гэты дзень маскоўцы славілі з удзелам высокіх дзяржаўных чыноў “сьвята расейскага сьцягу і дэмакратыі”. Цяпер рэжым прыслаў адно аркестар дзеля высьмейваньня неактуальнай цяпер тусоўкі. Хаця навошта, яно й само выглядала сьмешна. Але пуцінская кантора баіцца, каб моладзь раптам не натхнілася б ілюзіямі жніўня 91-га, калі студэнты валілі Дзяржынскага на Лубянскай плошчы, білі шыбы ў будынку ЦК КПСС і паміналі “ненавісную гэбуху”.

23 жніўня ў Яраслаўлі арыштавалі губэрнатара мясцовай вобласьці Лісіцына. Губэрнатар, як усе іншыя. Вэтэран камсамола, КПСС, потым “дэмакратыі”, узначальваў у вобласьці пасьлядоўна і па чарзе усе прапрэзыдэнцкія партыі (што ствараліся пад выбары, а потым недзе зьнікалі) – ад “Нашего Дома” да “Единой России”. Верны служка гасудараў, так і хочацца назваць яго яраслаўскім Ціцянковым. Але, але, па лукашэнкаўскаму прыкладу пайшло паляваньне на служкаў. А такі элегантны мужчына з салодкім, часопісна задбаным тварам і фрызурай. Праславіўся сваёй калекцыяй гальштукаў. Пачалі на яго справу і сьледства за фінансавыя злоўжываньні мясцовым бюджэтам. Наведвальніка ўражвае сумны краявід Яраслаўшчыны, які ёсьць фонам чалавечай галечы і безвыходнасьці мясцовага насельніцтва. Няўжо губэрнатар усё на гальштукі пусьціў?

Сэзон паляваньня сапраўды адкрыўся. 27 жніўня ў краснадарскую пракуратуру запрасілі мясцовага старшыню абласной думы Кірушына. Гэта вам не халодны тэмпэрамэнт паўночнай Маскоўшчыны. Пачуяўшы нядобрае, галоўны краснадарскі думец кінуўся з пракурорскага кабінэту, пераскочыў праз бар’ер з пастарунковым міліцыянтам і здолеў адарвацца ад міліцэйскай пагоні на сваёй машыне. На наступны дзень яго бралі ўжо ў ягоным кабінэце, прад’явіўшы абвінавачваньні ў грашовых злоўжываньнях. Ён упіраўся і рыў нагамі, як бык. Яго адчайна баранілі сакратаркі (!). На вуліцы сабраўся мітынг працоўных з плякатамі “Свабоду Кірушыну!” У расейскім Тэхасе ідзе чарговы перадзел маёмасьці…

23 жніўня міжнародны алімпійскі камітэт пазбавіў расейскую цяжкаатлетку заваяванага днямі ў Афінах залатога мэдалю і дыскваліфікаваў яе на ўсё жыцьцё. Мажная маладзіца, аказваецца, глынула перад стартам конскую дозу нейкага моцнага допінгавага сродку. Масква разгублена апраўдваецца. Старшыня мясцовага спартовага камітэту па кантролю за допінгамі М. Дурманаў (о-о, прозьвішча надзвычай да месца!) балбатаў нешта пра тое, што “усе ядуць і пьюць…” Ды й наагул, пасьля развалу імпэрыі расейцам неяк слабо стала заваёўваць мэдалі.

Пра гэта трубілі даўно. Ватыкан, шукаючы паляпшэньня адносінаў з Расеяй, выказваў намер перадаць у Маскву праваслаўную сьвятыню – абраз Маці Божай Казанскай (абраз вывезьлі падчас рэвалюцыі, ратуючы ад бальшавізму, і ён захоўваўся ў папскіх апартамантах). Расейцы адказалі на жэст добрай волі з тыповым вырабленым хамствам і цынізмам. 27 жніўня тысячы эўрапейскіх вернікаў маліліся і разьвітваліся з абразом у Ватыкане. На наступны дзень дэлегацыя кардыналаў прыбыла з падарункам у Маскву. Можна было б меркаваць, што “істінно православный люд” сустрэне сьвятыню масава і з адкрытай душой. Мабыць, РПЦ выдала адмысловы загад “больше двух не собіраться”, бо на сустрэчу з кардыналамі ў галоўную царкву Масквы зьявілася ажно каля трохсот чалавек у цывільным і сутанах. Усьмешлівых кардыналаў віталі халодныя твары герархаў “трэцяга Рыму” і грабавое маўчаньне публікі. Больш выразнымі былі камэнтары ў расейскіх СМІ. Было абвешчана, што абраз – “гэта ня той абраз, а нізкаякасная копія 18 стагоддзя, купленая на нейкай ярмарцы” (па тэлевізіі так і казалі). На экране ёрнічалі журналісты, ёрнічалі рэстаўратары, усім было сьмешна. Дзіўна, але замежныя журналісты і камэнтатары праяваў хамства “ня заўважылі”. Іхныя рэпартажы былі па інэрцыі аптымістычныя і бадзёрыя, пра дружбу і любоў. Ясна, што Расея баіцца, што насельніцтва (прынамсьці найбольш адукаваная і талковая яго частка) раптам адвернецца ад РПЦ ды навернецца ў каталіцызм. Імпэрыя баіцца эўрапейскай духоўнай традыцыі. Навошта ж тады ствараць для заходніх людзей вобраз Маскоўшчыны, які не адпавядае непрывабнай рэчаіснасьці?

29 жніўня ў шматпакутнай Чачэніі трыюмфавала дэмакратыя па-расейску. Акупацыйны рэжым праводзіў выбарчы фарс – трэба было “абіраць” новага падстаўнога прэзыдэнта прамаскоўскай адміністрацыі рэспублікі на месца нядаўна забітага падстаўнога. Заходніх назіральнікаў і журналістаў уразіла колькасьць ня выбаршчыкаў, а расейскіх танкаў і пяхоты на вуліцах і выбарчых участках. Людзі масава праігнаравалі гэты фарс (назіральнікі гэта адзначылі публічна). Заходнія краіны заявілі, што не прызнаюць выбары дэмакратычнымі і легітымнымі. Расейскія СМІ ў адзін голас закрычалі пра 80% зьяўленьня электарату і 70% галасаваньня за маскоўскага стаўленьніка Алханава. Ад міжнародных назіральнікаў на трыбуну палез самы зь іх “міжнародны” – добра памятны беларусам па нашаму Вярхоўнаму Савету Д. Булахаў. Ён ярка апісаў “дэмакратычнасьць волеізьяўленьня” і г.д. Вядома, падстаўныя нахвальваюць падстаўных. Кіраўнікі нацыянальнага супраціву заявілі, што фарс не прызнаюць і барацьбу супраць акупантаў будуць працягваць.

1/9/2004 › Актуаліі


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Верасень 2004
П А С Ч П С Н
« Жні   Кас »
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024