Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты // Форум
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Беларуская палітыка – лета 2003

Зянон Пазьняк
1. Лукацыяналізм
З другой паловы чэрвеня ў Лукашэнкі пачаўся чарговы прыступ “нацыяналізму”. Стаў гыркаць на Расею. Добра вядома, што гэта азначае. Масква цісьне на рэжым, каб правесьці рэфэрэндум аб так званым “канстытуцыйным акце” (які адчыніць шлях да анэксіі Беларусі). Пачынаецца актыўная падрыхтоўка. Для гэтага і спатрэбіўся рэжыму свой “нацыяналізм”.

Разьлік просты. Заблытаць грамадзкую думку. Схаваць відавочнае, што Беларусь заганяюць у Расею, і паказаць, што быццам бы ня ўсё проста (маўляў, мы самы з вусамі, аб’ядноўваемся, але за сябе пастаім і будзем стаяць крэпка, мы Маскве пакажам, няма чаго тут расейскім алігархам разьзяўляцца і г.д.).

Выказваньні грымяць моцныя і гучаць яны для прастакоў, якім яшчэ нечым шчыміць Беларусь, але якія ня ўмеюць думаць. Бо, зразумела, што пасьля так званага “аб’яднаньня” (рэальнай анэксіі) усе гэтыя пагрозы і фразы аб “стаяньні” ды сваіх інтарэсах ня будуць мець значэньня, бо прынцыпова зьменіцца рэчаіснасьць. Ня будзе беларускай незалежнасьці і беларускай дзяржавы, адпаведна ня стане і ніякіх беларускіх правоў. Тады крычы, хоць лопні – Сібір вялікі.

Такім чынам “нацыяналізм” Лукашэнкі спатрэбіўся Маскве, каб з’агітаваць на рэфэрэндум беларускую інтэлігенцыю і тых людзей, што непакояцца пра сваю краіну і трымаюцца за Беларусь. Маскоўцы лічаць, што дурні на Беларусі ніколі ня зводзіліся, таму “нацыяналіст” Лукашэнка стаў грымець “за радную Беларусію”.

Пра тое, што псэўданацыянальная рыторыка Лукашэнкі ня ёсьць нацыяналізм, а фальш, сьведчыць уся антыбеларуская палітыка рэжыму ў Беларусі. Адначасна з нібыта патрыятычнымі фразамі пра самастойны шлях Беларусі і з крытычнымі пасажамі ў бок Расеі рэжым ліквідуе ў Менску вядомы Беларускі гуманітарны ліцэй — апошнюю беларускамоўную вучэльню такога роду, нягледзячы на рэзкі пратэст усіх пэдагогаў, вучняў і бацькоў. Пастанову аб закрыцьці ліцэя падпісалі ў дзень пахаваньня В. Быкава. У гэты ж час дабіваюць апошнія беларускія школы на вёсцы. На канец чэрвеня зачынілі 152. У пачатку ліпеня зачынілі астатнія 16 вясковых школак у Гомельскай вобласьці. Беларускіх дзяцей пераводзяць у рускія школы, якія адчыняюць на вёсках, альбо пакідаюць без адукацыі.

Усе беларускія няўрадавыя газэты ўжо зачыненыя (акрамя менскай газэты “Наша Ніва”, якая яшчэ ліпіць). Узяліся нават за рускія газэты, дзе было нешта крытычнае ці прабеларускае. За палову лета (да сярэдзіны ліпеня) ужо зачынена 8 такіх газэтаў. Дадушваюць беларускае радыё. У ліпені зачынена апошняя радыёстанцыя ў FM-дыяпазоне на беларускай мове – “Сталіца”. Прычына – папулярнасьць. Узамен рыхтуюць адчыніць радыё па-руску.

У гэты ж час Лукашэнка ігнаруе (робіць няважнымі) прыватызацыйныя чэкі “Маёмасьць”. Беларусаў, фактычна, пазбавілі права на прыватызацыю беларускай нацыянальнай уласнасьці, нажытай пакаленьнямі беларусаў, і наадварот — адчыняецца права (купіць за грошы) расейскім алігархам, якіх нібыта “нацыяналіст” Лукашэнка нібыта крытыкуе.

Узмацненьне антыбеларускай палітыкі этнацыду адбываецца паралельна з афіцыйнай успышкай псэўданацыянальнай і антырасейскай рыторыкі. Прытым, калі рыторыка – пустыя гукі, то этнацыд – рэальнасьць. Нават сьмерць і пахаваньне Васіля Быкава, які быў жывым сымвалам нацыі, Лукашэнка не забыўся зьняважыць (не пайшоў на пахаваньне і абразіў памяць пісьменьніка непаважнымі выказваньнямі).

Другі чыньнік, які паказвае на фальшывасьць лукашэнкаўскай псэўдабеларускай рыторыкі – гэта паводзіны расейскай улады. Лукашэнка на Расею разьдзімаецца, пагражае, зноў выкідвае расейскіх журналістаў, а Расея вяла мармыча. Расейская ўлада паводзіць сябе пасыўна, бо вядома, што гэта спэктакль, узгодненая палітычная гульня па “нацыяналістычным” сцэнары. І ўсе маўчаць. І шавіністы, і камуністы. А тут бы самы раз узьвіцца якой-небудзь газэце “Товарищ” ды закляйміць, ды ўдарыць, як бывала, па БНФ. Дудкі. Ня тая опэра (як кажа “опэр-уполномоченный”).
Трэцяе сьведчаньне. У той жа час, калі чуецца нібыта “нацыяналістычны” грукат Лукашэнкі, поўным ходам ідзе падрыхтоўка да рэфэрэндуму, да ўвядзеньня расейскага рубля на Беларусі, да далейшай вайсковай інтэграцыі з Масквой і г.д. Нічога не зьмяняецца ў ліквідацыі беларускай дзяржаўнасьці. Наадварот, прысьпешваецца.

Падрыхтоўка да рэфэрэндуму ідзе поўным ходам. Зачыняецца дзейнасьць у Беларусі амэрыканскіх арганізацыяў, зьвязаных з інфармацыяй (IREX, NetWork), выдаляецца са згоды гэбоўскай Масквы карпункт расейскага тэлебачаньня НТВ, выдаюцца дзікія законы пра партыі (будуць зачыняцца пры першым папярэджаньні ў час масавага мерапрыемства). Пры неабходнасьці будзе зачынена ўсё (у тым ліку і офіс АБСЭ). Калі рыхтуецца злачынства – сьведкі непатрэбныя. Адначасна зьмяняюць прэм’ера, перасоўваюць начальства, ствараюць вінаватых, казлоў ахвярных.

Усе гэтакія дзеяньні па аналёгіі называюць “зачысткай” (што ў рэальнасьці на рускім вайсковым жаргоне абазначае карную апэрацыю супраць насельніцтва ў Чачэніі). Рыхтуецца чыстае поле для незаконнай палітычнай акцыі, каб нічога не магло перашкодзіць адміністрацыйнай агрэсіі і фальсіфікацыі галасаваньня на рэфэрэндуме.

Інтэнсіўнае зьнішчэньне беларускіх арганізацыяў і школаў робіцца яшчэ і таму, каб не пакінуць гэтую брудную працу Расеі, калі яна захопіць Беларусь (каб напачатку менш рэзка адчувалася акупацыя).

Аналіз разгледжаных намі аспэктаў дазваляе зрабіць меркаваньне, што Масква (якая раней вагалася) дала згоду на трэці тэрмін Лукашэнкі. Выглядае, што дамовіліся такім чынам: Лукашэнка забясьпечвае ўсе ўмовы (у тым ліку і самыя радыкальныя) для правядзеньня рэфэрэндума аб “канстытуцыйным акце” і бярэ, адпаведна, на сябе ўсю адказнасьць. Масква тым часам пагаджаецца, каб Лукашэнка паставіў адначасна на рэфэрэндум пытаньне аб сваім трэцім (ці бясконцым) тэрміне ўлады. Пры гэтым на вонкі Масква нібыта абтрасаецца ад гэтай справы (як бы ня ўмешваецца), але ў выпадку пагрозы ўсёй акцыі – абяцае падтрымку.

Лёгіка такая: Маскве трэба скарыстаць Лукашэнку, каб правесьці на рэфэрэндум свой інтэрас з “актам” і забясьпечыць пэрспэктыву анэксіі. Лукашэнку неабходна свой інтэрас аб трэцім тэрміне зьвязаць з маскоўскім, каб забясьпечыць сабе падтрымку Масквы і пэрспэктыву застацца ва ўладзе.
Характар чэрвеньскіх і ліпеньскіх падзеяў паказвае, што ўзгадненьне адбылося.

Удакладняю, аднак, што гаворачы “Расея”, “Масква”, я не абавязкова маю на ўвазе У. Пуціна. Лукашэнка можа заручыцца падтрымкай іншых групаў расейскай улады, таксама і тых, хто супраць Пуціна.

Таксама на рэфэрэндум можа быць выстаўлены не маскоўскі, а лукашэнкаўскі тэкст “канстытуцыйнага акту”. Калі Лукашэнка “зробіць” (адпаведна і “выйграе”) гэтакі рэфэрэндум, то адсуне Пуціна ў бок і зноў пачне прэтэндаваць на расейскі прастол.

Так яно ўжо складваецца ў нясьпелых дэмакратыях, што то адна, то другая краіна робяцца закладніцамі Willer zur Macht – фрэйдзісцка-ніцшэанскіх комплексаў.

2. Байкот

Рэфэрэндум аб “канстытуцыйным акце” гэтак жа, як і аб трэцім тэрміне, немагчыма правесьці законна. Канстытуцыя не дазваляе. Для авантурыстаў тут замкнутае кола. Таму рэфэрэндум яны плянуюць незаконна з сілавым націскам і праўна-дэмагагічным псэўдаабгрунтаваньнем.
Такая сітуацыя, як цяпер, узьнікла ў чэрвені-жніўні мінулага году (пасьля заяваў Пуціна пра анэксію), але тады не было вырашана пра трэці тэрмін Лукашэнкі і ягоны лёс.

Мы ўважліва прааналізавалі становішча за рэшту 2002 года і пасьля татальнай і поўнай “перамогі” рэжыму на мясцовых выбарах 2-га сакавіка 2003 г. (дарэчы, цалкам сфальшаваных, але фармальна легітымных, гэтаму паспрыяла так званая “апазыцыя”).

Супастаўленьне варыянтаў паказвае, што найлепшым быў бы варыянт недапушчэньня рэфэрэндуму, які супярэчыць Канстытуцыі. Такі варыянт супраціўленьня намі ўжо пачаты ў судах. Але на пэўным этапе спатрэбіцца міжнародна-прававая дапамога.

У выпадку прызначэньня рэфэрэндуму напралом закону (як гэта было раней) найлепшы варыянт – байкот галасаваньня.

Рэальнасьць і асабліва апошнія выбары ў мясцовыя саветы паказалі, што рэжым стварыў надзейную, моцную, практычна безадказную і некантралюемую грамадзтвам выбарчую машыну фальсіфікацыі галасаваньня. Адміністрацыйны рэсурс па абслугоўваньні гэтай машыны ёсьць цалкам падкантрольны рэжыму, арганізаваны жорстка і безаглядна, гатовы на любое парушэньне закона, дзеля выкананьня пастаўленых зьверху задачаў.

Такая рэальнасьць. Любое галасаваньне (хоць бы і сто адсоткаў галасавалі супраць) рэжым выйграе (сфальсіфікуе).

Нават калі б і было грамадзкае назіраньне за галасаваньнем, пракантраляваць і дакумэнтальна зафіксаваць, як хто галасаваў і як палічыла галасы выбарчая камісія, – немагчыма. Так ёсьць. Можна фіксаваць толькі парушэньні заканадаўства. А гэта апасродкаваныя аргумэнты і трактаваць іх можна па-рознаму (што ўвесь час і робіцца). Каб фальсіфікаваць, для фальсіфікацыйнай машыны патрэбныя выбаршчыкі, хаця б 50 адсоткаў. Астатняе – справа тэхнікі.

Такім чынам, калі праводзіць байкот фальсіфікацыйнай машыны (г.зн. байкот “галасаваньня”) і калі галасаваць, скажам, прыйдзе толькі 25 адсоткаў выбаршчыкаў, то машыне прыдзецца сфальсіфікаваць прыход яшчэ мінімум 25 адсоткаў выбаршчыкаў. Але, першае, тых, хто прыходзіў галасаваць, можна рэальна палічыць; потым можна праверыць сьпісы прагаласаваных, а калі іх, скажам, не пакажуць назіральнікам, то могуць праверыць самы выбаршчыкі, што не галасавалі. Усё гэта непасрэдная канкрэтыка, якую можна дакумэнтальна зафіксаваць. Вядома, могуць зьнішчыць сьпісы, могуць арыштаваць выбаршчыкаў і г.д. Але гэта ўжо будзе адкрыты бандытызм з боку рэжыму. Шансы для такога рэфэрэндуму і для такой палітыкі тады змалеюць да мінімуму.
Складанасьць у тым, што байкот цяжэй арганізаваць. Патрэбны ня толькі пэўны ўзровень удзельнікаў галасаваньня, але і адпаведны стан грамадзтва. Ня так проста растлумачыць звычайнаму чалавеку, чаму ён ня мусіць ісьці на галасаваньне ў той час, калі ён хоча прагаласаваць супраць. Байкот часам не ўдаецца нават у моцна палітызаваных грамадзтвах. Напрыклад, у Польшчы на чэрвеньскі рэфэрэндум аб уступленьні ў Эўразьвяз прышло 58 адсоткаў выбарцаў (была агітацыя за байкот). У той жа час 18 адсоткаў выбарцаў прагаласавала супраць. Зразумела, што калі б у гэтых 18 адсоткаў лёгіка дамінавала над жаданьнямі, то яны разам з астатнімі не прышлі б галасаваць і выйгралі б, бо рэфэрэндум праваліўся б.

Псіхалягічныя цяжкасьці арганізацыі байкоту выкарыстоўваюць праціўнікі беларускага нацыянальнага адраджэньня, асабліва розныя прамаскоўскія групы “кіруемай апазыцыі”. Ня так даўно быў, напрыклад, на гэтую тэму ў “Народнай Волі” артыкул Л, Гразновай (АГП, Хартыя). Там грунтоўная крытыка рэжыму і плянаў інкарпарацыі Беларусі ў Расею. Усё зь беларускіх пазыцыяў. Але заканчваюцца гэтыя правільныя развагі заклікам, што каб “гэтаму” супрацьстаяць, трэба пайсьці на рэфэрэндум і сказаць сваё рашучае “не”. Тэхналёгія агітацыі дакладна, як з “нацыяналізмам” Лукашэнкі. (“Пастаім за Беларусь і Маскве пакажам, але з Расеяй трэба аб’яднацца.”)
Працу над падрыхтоўкай байкоту арганізацыі Беларускага Вызвольнага Руху (Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне”, Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя – БНФ) пачалі ў пачатку гэтага году. У гэтай справе вельмі важна стаяць на адной пазыцыі ўсім праціўнікам рэжыму, рэфэрэндуму і інтэграцыі. Гэта, магчыма, не атрымаецца на сто адсоткаў, але тым ня менш альтэрнатыву пажадана мець мінімальную.

У красавіку намі была распрацавана і пачала выконвацца праграма супрацьдзеяньня незаконнаму рэфэрэндуму і плянаваньню анэксіі Беларусі.

10-га траўня мы зьмясьцілі ў пэрыядычным друку і разаслалі зварот да грамадзкіх арганізацыяў і партыяў аб дзеяньнях і адносінах да плянуемага рэфэрэндуму. Намі прапанаваны супольны арыентыр для адзінай беларускай грамадзкай пазыцыі ў змаганьні з палітыкай рэфэрэндуму. Гэта: салідарнасьць на грунце абароны незалежнасьці Беларусі (салідарнасьць для незалежнасьці).

Аднак гэтую лінію не ўдалося пакуль што актывізаваць сярод палітычных арганізацыяў з прычыны незацікаўленасьці. У сярэдзіне ліпеня арганізацыі, павязаныя ў дэмакратычнай “апазыцыі”, засьведчылі, што будуць удзельнічаць у незаконным рэфэрэндуме, каб галасаваць супраць. Прытым гаворка вядзецца толькі пра трэці тэрмін Лукашэнкі.

Такія паводзіны ня сталі для нас нечаканасьцю з прычыны залежнасьці “апазыцыі”. Тым ня менш прадаўжаюцца пошукі, як пазьбегнуць альтэрнатывы і дасягнуць салідарнасьці на плятформе абароны незалежнасьці і супрацьдзеяньня расейскай палітычнай агрэсіі.

Тое, што рыхтуюць нам, беларусам, на рэфэрэндуме аб “канстытуцыйным” акце” пры няправільным супрацьдзеяньні, можа аказацца фатальным для лёсу незалежнасьці Беларусі. У нашым грамадзтве бальшыня яшчэ гэтага не разумее, а грамадзкая эліта, па ўсім відаць, недаацэньвае і глыбока не задумваецца. Гэта найбольш трывожыць, калі пачнеш углядацца ў блізкую будучыню краіны і ўсьведамляеш наканаванасьць цяжкой барацьбы.

Зянон ПАЗЬНЯК, Нью-Ёрк

23/7/2003 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Ліпень 2003
П А С Ч П С Н
« Сак   Жні »
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ

Народная Перамога

[ Усе сябры ]




Лічыльнік:


Беларуская Салідарнасьць // Усе правы абароненыя // 2000—2018
Сувязь