Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты // Форум
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Ідэалы БНР у рэчышчы геапалітыкі

Зянон Пазьняк
У Цэнтральна-Ўсходняй Эўропе сапраўдная Вясна народаў, якая прынесла свабоду нацыям і адчыніла шлях да дзяржаўнай незалежнасьці, настала з пачаткам ХХ-га стагоддзя і завяршылася разам са сканчэньнем Першай Сусьветнай вайны. Гэта быў кароткі пэрыяд часу, але на падрыхтоўку яго, пасьля 1848 года (а для беларусаў — пасьля 1863-га) пайшло больш за палову стагоддзя.
Беларуская дзяржаўнасьць і незалежнасьць вернута ў сакавіку 1918 года ў цяжкіх умовах вайны і нямецкай акупацыі.

Тады адразу выявілася, наколькі вялікае значэньне павінен быў мець якраз той падрыхтоўчы пэрыяд пасьля 1863 года, які, аднак, стаў для беларусаў (прынамсі да пачатку ХХ-га стагоддзя) не накапленьнем сілаў, а гадамі зьнішчэньня, разгулам русіфікацыі і пасьляпаўстанцкай рэакцыі.

Палітычнае афармленьне нацыянальнага Адраджэньня пачалося толькі ў пачатку ХХ-га стагоддзя. Але, ізноў жа, час ад ідэі да незалежнасьці быў вельмі кароткі, беларускае Адраджэньне не пасьпела тады пранікнуць глыбока ў гушчы людзей і палітычна скансалідаваць нацыю. Гэтую задачу павінна была да канца выканаць і завяршыць Беларуская дзяржава. Адчайнымі высілкамі беларускага нацыянальнага авангарда гэтая першая і галоўная мэта была дасягнута. У пачатку сакавіка 1918 года ўтворана Беларуская Народная Рэспубліка і 25 Сакавіка аб’яўлена пра яе незалежнасьць.

Падзеі маглі разьвівацца добра. Але далей вырашалі якраз зьнешнія міжнародныя чыньнікі. Зь іх галоўны — што ні Беларусь, ні Ўкраіна не былі па-сапраўднаму падтрыманыя Эўропай. Стаўка рабілася на новую Польшчу (каб паўстрымаць немцаў і адгарадзіцца ад бальшавікоў). Потым і Беларусь, і Ўкраіна былі ўвогуле запрададзены савецкай Расеі. У давяршэньне — Амэрыка і Эўропа прызналі рэжым Сталіна. Падабенства паміж падзеямі 20-30-х гадоў мінулага стагоддзя і цяперашнім становішчам — вельмі яскравае.

Мне ўжо прыходзілася адзначаць, што эўрапейская геапалітыка ад часоў Рыму ходзіць аднымі і тымі ж вытаптанымі дарожкамі. Усьведамленьне гэтай акалічнасьці дазваляе лепш зразумець зьявы і прадбачыць будучыя.

З глыбіняў цяперашняй гісторыі чалавецтва, ад часоў вядомых нам старажытных цывілізацыяў, зарэгістраваны ўсеагульны фэнамэн улады, які ўзьнікаў спарадычна, але і рэгулярна там, дзе ўлада была наймацнейшай. Гэты фэнамэн — інкненьне ўладарыць над усім сьветам.

У аснове гэтакага імкненьня была прага нажывы (прага багацьця), прага ўлады і адчуваньне неабмежаванай сілы. Праз тысячагоддзі, пачынаючы ад першых ваенных дзяржаваў і аж да цяперашняй дактрыны глябалізацыі, тут фэнамэнальна нічога не зьмянілася. Перамяніліся толькі абставіны.

На заваёву сьвету выпраўляліся старажытныя кітайцы, ідучы да канца Паднябеснай, і дзікія манголы, імкнучыся на конях — да апошняга мора, і каравэлы эўрапейцаў, рабуючы дармовыя землі, і цяперашняя лібэральная дэмакратыя, інвэстуючы дурныя ідэі і вялікія грошы ў посткаляніяльны адсталы сьвет. З трох фактараў глябальнага руху вылучыўся наймацнейшы — прага нажывы.

Фэнамэн трансцэндэнтных дзеяньняў геапалітыкі назіраецца ў гісторыі паўсюдна, у розных кутках сьвету. У Эўропе на працягу ўсёй пасьлярымскай гісторыі не перапыняліся імкненьні паўтарыць вялікі Рым, аб’яднаць новую Эўропу. Актыўнай і практычна адзінай сілай у гэтым працэсе Эўропы зьяўляюцца немцы. Прычыны тыя ж: “віле цур махт”, нажыва, рэалізацыя дзяржаўнай сілы (не абавязкова вайсковай).

Апошняя спроба Гітлера аб’яднаць Эўропу ў Трэці Райх пры дапамозе танкаў і канцэнтрацыйных лягераў пацярпела фіяска. Гэтак жа, як і нямецкія спробы ў пачатку ХХ-га стагоддзя, і значна раней.

Тым часам раней (маецца на ўвазе ХІІІ — ХVIII стагоддзі) Эўропа мела больш стабільную канструкцыю, паколькі на ўсходзе Эўропы існавала моцная сіла — Беларусь (ці, як яе тады называлі, Вялікае Княства Літоўскае), якая ўраўнаважвала дзьве агрэсіўныя экспансіі: варварскую з Усходу (распачатую гунамі і потым прадоўжаную манголамі і Масквой) і “цывілізацыйную” з Захаду (што цягнулася ад Рыму і была падтрыманая немцамі). Тут зазначым, што геаграфічныя і цывілізацыйныя межы Эўропы — не супадаюць. Цывілізацыйная Эўропа заканчвалася адразу за Смаленскам.

У ХV-м стагоддзі (пасьля перамогі пад Грунвальдам) нямецкую экспансію ўдалося прытармазіць.Тым часам 500 гадоў пэрманэнтнай вайны з Масковіяй і варварамі з усходу абяскровілі нашу краіну. Але пералом адбыўся толькі тады, калі заходнія і ўсходнія агрэсары (ворагі ВКЛ) аб’ядналіся, дамовіліся аб сумеснай палітыцы. Гэта здарылася ў ХVIII стагоддзі і прывяло да разбору Рэчы Паспалітай. Эўрапейская цьвярдыня на Ўсходзе перастала існаваць. Стабільная геапалітычная структура Эўропы была разбурана, і саюзьнікі (сябры-ворагі) апынуліся адзін перад другім твар у твар. Далейшыя лёсы Эўропы можна было прадбачыць.

Вынікам ліквідацыі Беларускай дзяржавы і ўсёй Рэчы Паспалітай сталіся дзьве вялікія Сусьветныя войны, зь дзясяткамі мільёнаў ахвяраў і непапраўнымі стратамі ў культуры. З сітуацыі, якая ўтварылася пасьля разбору, можна было адразу зразумець дзьве чыннасьці. Першая — што адваяваньне незалежнасьці Беларусі (гэтак жа, як і Польшчы) можа стацца найбольш магчымым і верагодным толькі тады, калі адбудзецца сутыкненьне часовых саюзьнікаў (Нямеччыны і Расеі). І другая чыннасьць, што ў выпадку выкарыстаньня магчымасьці дамагчыся свабоды незалежная Беларусь зноў можа патрапіць (калі ня знойдзе выхаду) у становішча паміж Сцылай і Харыбдай (гэта значыць паміж Расеяй і Нямеччынай).

Ці разумелі гэта беларускія адраджэнцы ў пачатку ХХ-га стагоддзя, якія змагаліся за незалежную Беларусь і ўтварылі потым БНР? Мяркую, што добра разумелі.

Яшчэ ў 1916-м годзе адбылася Канфэрэнцыя народаў Эўропы ў Лёзане (Швайцарыя), дзе беларускія дэлегаты-адраджэнцы (будучыя арганізатары БНР) выказалі ідэі пра неабходнасьць стварэньня ў блізкай будучыні сьціслага саюзу ці садружнасьці краінаў паміж Балтыйскім і Чорным морамі. Ідэя Балта-Чарнаморскага яднаньня зыходзіла з усьведамленьня неабходнасьці аднаўленьня на Ўсходзе Эўропы супольнай сілы вольных краінаў на абшары былога Вялікага Княства Літоўскага, сілы, якая магла б зноў супрацьстаяць агрэсіі Расеі і стрымліваць экспансію немцаў.

У 1918 годзе, пасьля ўтварэньня БНР, беларускія палітыкі ўсёй моцай імкнуліся прадухіліць адмоўную рэакцыю немцаў на аб’яўленьне незалежнасьці Беларусі (немцы мелі дамовы з расейскімі бальшавікамі ў гэтым пытаньні). Каб пасьпець стаць на дзяржаўныя ногі, трэба было заручыцца хаця б нэўтральнасьцю немцаў у дачыненьні да беларускай незалежнасьці. Былі наладжаныя вельмі добрыя адносіны з украінцамі, беларускія місіі знаходзіліся ў Бэрліне, у Летуве, Рызе і Эстоніі.

Часу, аднак, ужо не хапіла. Наступ бальшавікоў і потым дзікі, пачварны падзел краіны паміж Польшчай і Расеяй падарвалі беларускія сілы. Эўропа дэманстравала поўную абыякавасьць да лёсу Беларускай незалежнасьці. Для эўрапейскага філісьцера Беларуская гісторыя была скончана ўжо ў ХVIII стагоддзі. Францыя і Англія рабілі стаўку на Польшчу (супраць немцаў), а Расея была для левага, перапоўненага рускай эміграцыяй Парыжа мінулым саюзьнікам і спараджала сантыменты (дарма, што бальшавікі).

У канцы 30-х многія беларусы на ўсходзе хацелі вайны, чакалі яе, як апошняй надзеі застацца жывымі, выскачыць з-пад расейска-бальшавіцкіх рэпрэсіяў, ад якіх не было паратунку. Тое ж самае чаканьне было ў заходняй Беларусі, толькі больш з-за бяды, беззямельля і беспрацоўя. Неўзабаве вайна пачалася.

Скок з агню ды ў полымя быў няпросты для ўсёй нацыі. Але менавіта ў гэты час беларуская палітычная эліта засьведчыла сваю сьпеласьць і сьмеласьць (не паўтарыўшы памылак 20-х гадоў, калі дала сябе зьнішчыць).

Беларускія нацыянальныя дзеячы, прыехаўшы ў акупаваны немцамі Менск, адразу пайшлі працаваць у нямецкую цывільную адміністрацыю, і яны ж (гэтыя людзі) адразу ўтварылі беларускае антынямецкае падпольле — змагарную “Незалежніцкую партыю”.

Тым часам агульнае становішча Беларусі было больш чым драматычным. Рыхтуючыся да вайны з Савецкім Саюзам, немцы прадугледжвалі даць пэўныя нацыянальныя свабоды і разьвіцьцё прыгнечаным народам СССР, магчымасьці фармаваньня іхных баявых адзінак супраць саветаў. Але надзвычайныя посьпехі нямецкага войска ў пачатку вайны і лёгкі разгром Чырвонай арміі паўстрымаў іх ад вольнай нацыянальнай палітыкі, прыдаў самаўпэўненасьці і спадзяваньняў на свае сілы. Немцы вярнуліся да сваіх “нацыянальных” плянаў у 1944-м, але было ўжо позна.

Пэрспэктывы Беларускай незалежнасьці, і нават хаця б аднаўленьня тэрытарыяльнай цэласнасьці БНР у нейкай адной акупацыйнай зоне адміністрацыі, нават не прагледжвалася. Тэрыторыя БНР была разарваная. Становішча беларусаў, якія апынуліся паміж нямецкімі акупантамі і бальшавіцкімі партызанамі ў лясах, было трагічным, нібы жалеза паміж молатам і кавадлам.

І тым ня менш, менавіта гэтыя няпоўныя чатыры гады нямецкай акупацыі з 1941 па 1944 выклікалі, бадай, ці ня самы магутны ўздым беларускага нацыянальнага духу, які зафіксаваны ў ХХ-м стагоддзі.

Нацыянальныя працэсы, якія адбываліся ў душах перадваеннага пакаленьня беларусаў, не былі зьнішчаныя расейцамі за дваццаць гадоў. Бальшавіцкі тэрор спаралізаваў людзей, але і абвастрыў беларускую сьведамасьць. І калі прыйшлі іншыя акупанты, што пагналі бальшавікоў, іх сустрэлі (іронія лёсу) як вызваліцеляў, а вайну — як надзею свабоды.

Моцныя беларускія нацыянальныя сілы, якія выклікала да жыцьця ваеннае Адраджэньне, не змарнаваліся. Яны стварылі пасьля вайны актыўную беларускую палітычную эміграцыю, і менавіта яны аднавілі дзейнасьць Рады БНР (пасьля сьмерці Прэзыдэнта Васіля Захаркі) і зьбераглі адраджэнцкія ідэалы.

Але рэальнасьць была такая, што Беларусь, як незалежная краіна, так і не вярнулася на мапу Эўропы. Запрададзеная канчаткова Ялцінскім падзелам, яна была асуджана на нацыянальнае зьнішчэньне.

Так яно і было. Расейскія акупанты-камуністы рабілі на Беларусі, што хацелі: адабралі ў людзей уласнасьць і будучыню, зьнішчылі традыцыйнае сялянства, ліквідавалі беларускія школы, і цалкам — нацыянальную вышэйшую адукацыю, разбурылі храмы і гістарычныя цэнтры беларускіх гарадоў, асушылі лугі і балоты, выпрасталі і пазьнішчалі рэкі, набудавалі гіганцкіх сьвінакомплексаў (па сто тысячаў сьвіней) для ўсяго СССР, зглумілі прыроду, задушылі мову і думку і, што вельмі істотна, — начыста вынішчылі, затапталі і збэсьцілі гістарычную памяць некалькіх пакаленьняў беларусаў.

* * *

Вялікія ідэі БНР (як я ўжо адзначыў) жылі і перахоўваліся толькі за межамі Беларусі, на Захадзе, у эміграцыі сярод тых беларусаў, якія абудзіліся да нацыянальнай годнасьці за часы Другой Сусьветнай вайны. Гэта станоўча паўплывала на разьвіцьцё новага беларускага Адраджэньня ў 80-х гадах, і потым, за часы рэвалюцыі 1991 года і будаўніцтва новай незалежнай Беларусі.

Новае беларускае Адраджэньне, якое арганізавалася ў Беларускі Народны Фронт, пераняло гэрб, сьцяг і ідэі БНР і адразу сутыкнулася з пытаньнямі геапалітыкі, без зразуменьня і забесьпячэньня якіх не магла існаваць і разьвівацца незалежная Беларусь.

У агульнай форме — гэта пытаньні тэрыторыі, межаў, дзяржаўнай сталіцы, дачыненьняў з суседзямі, месца ў падзельных ці аб’яднаўчых працэсах у сьвеце і сфэрах уплыву.

Беларуская Народная Рэспубліка ўзьнікла і была аб’яўлена на сваіх этнічна-гістарычных і дзяржаўна пацьверджаных гісторыяй тэрыторыях, ад Беластока — да Дарагобужа і Вязьмы, ад Дзьвінска і Вільні — да Ноўгарад-Северска. Тэрытарыяльнае пытаньне, разам з пытаньнем дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі, было важным фактарам палітыкі на працягу ХХ-га стагоддзя ў гэтай частцы Эўропы. Яно ўзьнікала пастаянна на ўсіх паваротах і пэрэпетыях беларускага змаганьня за дзяржаву і незалежнасьць.

БССР была задумана і аб’яўлена бальшавікамі ў Смаленску. Потым, зыходзячы з падставы, што БССР створана як часовае ўтварэньне ў піку БНР, усе ўсходнія тэрыторыі Беларусі разам са Смаленскам Расея забрала сабе. У 1919 годзе бальшавікі страцілі цікавасьць да БССР і арганізавалі ЛітБел (Літоўска-Беларускую Рэспубліку) са сталіцай у Вільні. Потым (у 1920-м) зноў вярнуліся да БССР, а ў 1921 годзе, у Рызе (без удзелу беларусаў), падзялілі Беларусь паміж Расеяй і Польшчай.

У 1939 годзе настаў чарговы перадзел Усходняй Эўропы, на гэты раз ужо па клясычнай схеме — паміж Расеяй і Нямеччынай. У склад БССР былі вернуты Заходнія тэрыторыі, Беласток і Вільня. У Беластоку праводзіцца Зьезд дэлегатаў заходняй Беларусі аб узьяднаньні з БССР, у Вільні праходзіць масавы мітынг каля ста тысячаў асобаў (у горадзе тады было каля двухсот тысячаў жыхароў), дзе ўсе выказаліся за ўзьяднаньне з БССР. У Менску пачынаюць настройвацца да пераезду дзяржаўных установаў у старажытную сталіцу. Але ў гэты ж час Сталін перадае Вільню Летуве (узамен нібыта за расейскія вайсковыя базы на яе тэрыторыі. Гэткім чынам расейцы забралі Летуву.) А неўзабаве “верны” саюзьнік Сталіна Гітлер ударыў па Савецкім саюзе.

Трэба адзначыць, што ўсе гэтыя разборы, падзелы, псэўдадзяржаўныя ўтварэньні, пачынаючы ад ленінскага “Берасьцейскага міру” і “Рыскай змовы”, — усё гэта рабілася чужымі сіламі і не было зьместам незалежнай беларускай палітыкі, хоць падзеі супадалі (ці не супадалі) зь беларускімі нацыянальнымі інтарэсамі.

Адзінай несумненнай праўна-палітычнай асновай беларускай геапалітыкі ёсьць Акты Рады БНР аб незалежнасьці і ўладкаваньні Беларускай Народнай Рэспублікі.

* * *

Беларускі Народны Фронт абапіраўся ў сваёй міжнароднай палітыцы на прынцыпы БНР.

У пачатку 1990 году Сэйм Летувы, дзе бальшыню дэпутатаў складалі сябры Саюдзіса, рыхтаваўся да аб’яўленьня незалежнасьці краіны. Масква, перашкаджаючы прыняцьцю такога рашэньня, зьвярнулася да геапалітычнай аргумэнтацыі, закладзенай Сталінам, і выкарыстала сваіх халуёў у кіраўніцтве Беларусі. Тагачасны Старшыня Вярхоўнага Савета БССР ХІ-га скліканьня Мікалай Дземянцей выступіў пад дыктоўку Масквы з заявай аб вяртаньні Вільні і Віленшчыны Беларусі у выпадку, калі Сэйм Летувы прыме рашэньне аб незалежнасьці. Масква, аказваецца, усё ведала і памятала і пра Беларускую сталіцу, і пра этнічна беларускую тэрыторыю і г.д. І вырашыла прывесьці ў дзеяньне міну, закладзеную Сталінам.

Гісторыя гэтай правакацыі вядомая. Дэлегацыя дэпутатаў Вярхоўнага Савета ад Беларускага Народнага Фронту і прадстаўнікоў БНФ правяла перамовы з кіраўніцтвам і прадстаўніцтвам Сэйму Летувы. Ніхто ня верыў у сур’ёзнасьць намераў М. Дземянцея. З нашага боку была выказана падтрымка незалежнасьці Летувы ў межах Літоўскай ССР. З боку спадара Ляндсбэргіса, прадстаўнікоў Сэйму і Саюдзіса былі дадзеныя гарантыі аб спасьцераганьні нацыянальных правоў аўтахтоннага беларускага насельніцтва Віленшчыны, аб адкрыцьці беларускіх школаў, беларускага радыё, перадачаў тэлебачаньня на беларускай мове, аб вольных магчымасьцях перасячэньня мяжы для беларусаў Віленшчыны і г.д. Усё гэта было адзначана і падпісана ў сумеснай заяве, якую зьмясьцілі ў друку.

Гісторыя барацьбы за Вільню ў ХХ-м стагоддзі ўключае ў сабе шмат драматычных старонак. У 1939 годзе, напрыклад, летувісы прынялі прапанову Сталіна ўзяць Вільню ў абмен на абмежаваны ўвод савецкіх войскаў у Летуву. Яны страцілі такім чынам незалежнасьць і трапілі пад акупацыю на пяцьдзесят гадоў існаваньня. Але гістарычна (прынамсі, на сёньняшні дзень) выйгралі. Вільня засталася ў Летуве.

Тым часам тады для летувісаў не было выбару. Акупацыя ўсяроўна адбылася б. Збліжалася вайна. Ля мяжы маленькай краіны стаяў велізарны і моцны вораг, які ўладкоўваўся тут на доўгі час і які зрабіў (каб ня траціць часу і “прэстыжу”) заманлівую прапанову. Рэдкі выпадак, калі бязвыхадны і маладушны прагматызм паспрыяў пэрспэктыве краіны.

У 1990 годзе ў пытаньні зь Вільняй была ўжо ня драма, а дурнаваты фарс, які пад прымусам разыгрывала непаважаная асоба (М. Дземянцей). Савецкі саюз (у гэтым мы не сумняваліся) вось-вось мусіў сканаць. Ён не ўяўляў ужо пэрспэктыўнай сілы. Нельга было сур’ёзна ўспрымаць правакацыйную падсадную качку, да якой несур’ёзна адносіліся нават самы правакатары, якія былі нашымі палітычнымі ворагамі.

Мушу адзначыць, што правакацыя Масквы стварыла для нас нядобрую сітуацыю. З нашага боку дастаткова было б абмежавацца сваёй крытычнай заўвагай па “прыватнай заяве” Дземянцея, не даводзячы справы да абмеркаваньня з Саюдзісам і кіраўніцтвам летувіскага Сэйму.

Але тым ня менш перамовы 1990 года, якія адбыліся ў Вільні ў выніку “правакацыі Дземянцея” далі магчымасьць нам выявіць рэальнае разуменьне сітуацыі, засьведчыць салідарнасьць з Саюдзісам і падтрымаць імкненьне нашых суседзяў да незалежнасьці (бо ў гэтым была пэрспэктыва і нашай незалежнасьці), паставіць пытаньне аб гарантыях культурна-нацыянальнага разьвіцьця беларусаў Віленшчыны.

Немалаважным было і тое, што ў працэсе перамоваў намі было падкрэсьлена, што гэтыя перамовы не вырашаюць лёсу Вільні, і нават не адбіваюць ва ўсёй паўнаце нашай пазыцыі ў гэтым пытаньні. Задача стаяла ў тым, каб падтрымаць незалежнасьць Летувы і прадухіліць правакацыі Савецкага саюза. Было адзначана, што пытаньне Вільні, аднак, зусім не здымаецца з гістарычнага току падзей, і рана ці позна Беларусь да яго вернецца.

У траўні гэтага ж года ў Маскву ў Вярхоўны Савет СССР і ў Вярхоўны Савет РСФСР выехала неафіцыйная парляманцкая дэлегацыя Беларускага Народнага Фронту. Былі праведзены спатканьні і перамовы з дэпутацкай дэлегацыяй і кіраўніцтвам Смаленскай вобласьці. Нас цікавіла, як смаленскае кіраўніцтва аднясецца да ідэі далучэньня Смаленшчыны да Беларусі пры ўмове загаспадараваньня беларусамі апусьцелых смаленскіх земляў. Адносіны смаленцаў да ўваходжаньня Смаленшчыны ў склад Беларусі былі цалкам станоўчыя, калі б пра гэта было прынята палітычнае рашэньне кіраўніцтва абедзьвюх рэспублік. Адзіная іхняя засьцярога — неабходнасьць гарантыяў захаваньня працы для смаленскіх кіруючых кадраў.

Фактычна, 1990-91 гады — гэта быў адзіны час, калі можна было рэальна зноў паставіць пытаньне пра вяртаньне Смаленшчыны. Прыехаўшы ў Менск, прыходзілася весьці прыватныя размовы пра гэта з членамі Саўміна. Але ніхто з тагачаснага савецкага кіраўніцтва БССР ня быў гатовы нават да размовы на такія тэмы.

У красавіку гэтага ж 1990 года дэпутатамі ад Беларускага Народнага Фронта была склікана ў Менску Міжнародная канфэрэнцыя па вельмі важным пытаньні нашага будучага міжнароднага існаваньня як незалежнай дзяржавы. (У тым, што Беларусь дасягне незалежнасьці, мы тады не сумняваліся і ўжо масьцілі дарогу наперад.) Канфэрэнцыя з удзелам украінцаў, латышоў і летувісаў была пасьвечана ідэі стварэньня ў будучыні Балта-Чарнаморскай Асацыяцыі свабодных краінаў. Матывацыя зыходзіла з прызнаньня таго факту, што ўадзіночку вырвацца з СССР ня ўдасца. Патрэбна супольная салідарная ўзаемападтрымка і салідарная палітыка, асабліва потым, каб супроцьстаяць націску Расеі і магчымым інтрыгам з Захаду.

Рэакцыя на канфэрэнцыю і ідэю Балта-Чарнаморскай салідарнасьці з боку камуністычных уладаў БССР была шалёная. Зьявіліся пагрозьлівыя выпады супраць БНФ у афіцыйным друку і ў парляманце, занепакоілася Масква.

У лістападзе гэтага ж года (пасьля грунтоўнай падрыхтоўкі) намі была скліканая ў Менску другая міжнародная міжпарляманцкая канфэрэнцыя па праблемах Балта-Чарнаморскага ўладкаваньня краінаў. Нам удалося пераканаць у пэрспэктыўнасьці балта-чарнаморскіх дачыненьняў некаторых членаў беларускага савецкага ўраду, і асабіста прэм’ера Вячаслава Кебіча. В. Кебіч прыняў сьмелае для сябе рашэньне — ахвяраваў афіцыйную залю Савета Міністраў БССР у Доме ўраду для правядзеньня канфэрэнцыі, а дэпутатаў парляманту Ўкраіны, Летувы, Латвіі, Эстоніі, Малдовы пасялілі ва ўрадавай рэзыдэнцыі ў Заслаўі.

У канцы дня з Масквы В. Кебічу пазваніў Ёльцын з патрабаваньнем разагнаць канфэрэнцыю. Рык з Крамля быў, відаць, такі сьвірэпы, што ў В. Кебіча назаўсёды адпала ахвота займацца гэтым пытаньнем.

Рашэньні і аналіз палітычнай пэрспэктывы, адлюстраваны ў дакумантах Канфэрэнцыі, быў важны для разьвіцьця геапалітычнай думкі ў Беларусі і ў рэгіёне. Гэта была моцная цаглінка ў мур нашай будучай незалежнай скаардынаванай, як мы меркавалі, агульнай палітыкі.

Пазьней, з набыцьцём незалежнасьці, гэтая тэма перарасла ў ідэю Міжмор’я, з уключэньнем Польшчы і краінаў Цэнтральнай Эўропы. Па ініцыятыве БНФ у Беларусі, на Ўкраіне і Латвіі ў сьвятле Балта-Чарнаморскай ідэі пачалі разглядаць магчымасьць пабудовы Балта-Чарнаморскага нафтавага калектара. Апошняя міжнародная канфэрэнцыя на тэму калектара, якая па ініцыятыве Фронту прайшла летам 1993 года ў Менску, паказала ўжо наяўнасьць практычных вынікаў з боку Ўкраіны (урадавыя рашэньні і праца праектных інстытутаў). Справа стаяла за Беларусяй, афіцыйныя структуры якой пад ціскам Масквы супраціўляліся абмеркаваньню ідэі калектара ўсімі сіламі.

Справу ўскладніла трагічная падзея. Адразу пасьля вяртаньня зь Менскай канфэрэнцыі ў Кіеве бяссьледна зьнік з усімі дакумантамі па калектары намесьнік Старшыні Народнага Руху Ўкраіны спадар Байчышын, які займаўся гэтым пытаньнем на Ўкраіне. Украінцы мяркуюць, што ён быў забіты расейскім ФСБ.

Неўзабаве летам 1994 года ў Беларусі адбыліся фатальныя падзеі, якія шмат у чым перакрэсьлілі такія гераічныя і вырваныя ў гісторыі з такім трудом заваёвы новага Беларускага Адраджэньня.

* * *

З 1994 года, пасьля выбараў антыбеларускага прэзыдэнта і з татальным пранікненьнем маскоўскіх спэцслужбаў у сістэму беларускай улады, мерыдыяльны вектар беларускай Адраджэнцкай геапалітыкі (поўнач-поўдзень) быў, практычна, ліквідаваны. Геапалітычная сітуацыя (і ў рэальнасьці, і ў сфэры ідэяў) зноў была вернута да ранейшай гарызантальнай разбуральнай схемы “усход-захад”. Беларусь зноў апынулася паміж Сцылай і Харыбдай.

Да 1998 года, ня гледзячы на правал “імпічманту” і антыканстытуцыйны пераварот у лістападзе 1996 года, у беларускай Адраджэнскай палітыцы была яшчэ магчымасьць манэўру. Пасьля сканчэньня шырокай “антылукашэнкаўскай апазыцыі” (ініцыяванай Народным Фронтам дзеля імпічманту) удалося (хоць ужо і з пэўнымі цяжкасьцямі) аб’яднаць Адраджэнскія сілы вакол ідэі шырокай нацыянальна-вызвольнай апазыцыі, якая атрымала назву Вызвольны Рух.

Галоўнай ідэалёгіяй шырокай вызвольнай апазыцыі былі палажэньні аб абароне дэмакратыі і незалежнасьці Беларусі і аб змаганьні (супрацьстаяньні) з імпэрскай палітычнай агрэсіяй Расеі, накіраванай на захоп і анэксію нашай краіны. Надалей актуальным заставаўся тактычны контррасейскі лёзунг “Беларусь — у Эўропу”, паколькі Сцыла і Харыбда яшчэ дзейнічалі разрозьненна.

Але ўжо ў канцы 1997 года (асабліва пасьля V-га Зьезду БНФ, на якім быў аформлены Вызвольны Рух і дакумэнтальна пацьверджаныя задачы шырокай беларускай нацыянальнай апазыцыі) Масква пачала рабіць адчайныя крокі, каб зьнішчыць сілу беларускага Адраджэньня. Неўзабаве зьяўляюцца агентурныя распрацоўкі “Хартыя-97”, плян “апазыцыйных” прэзыдэнцкіх выбараў (“Праект Чыгір”), а ў Беларусь прыязджае Ганс-Георг Вік, які, выкарыстоўваючы АБСЭ і абапіраючыся на заходнія сродкі (і, дарэчы, таемна супрацоўнічаючы з рэжымам Лукашэнкі), пачынае непасрэдна ствараць у Беларусі альтэрнатыўную неадраджэнскую (намэнклятурную) апазыцыю на расплывістых падставах агульнай дэмакратыі (без суверэнітэту). Фармальная мэта альтэрнатыўнай так званай “аб’яднанай апазыцыі” — змаганьне за дэмакратыю супраць рэжыму Лукашэнкі. Але ні слова пра рэальнасьць — пра змаганьне з заборчай палітыкай і імпэрскай агрэсіяй Расеі.

Менавіта ў гэты час выяўляецца ўзаемадзеяньне расейскай і нямецкай палітыкі ў справе інкарпарацыі Беларусі ў Расею. Дэмагогія пра “дэмакратыю” тут выкарыстоўваецца ў якасьці дымавой заслоны дзеля маскіроўкі нямецка-рускіх геапалітычных інтарэсаў.

* * *

Становішча, якое ўтварылася цяпер у геаграфічнай Эўропе, робіцца неспрыяльным для беларускай і ўкраінскай незалежнасьці. У Расеі і ў Беларусі ўстаноўлена мафійна-групавая ўлада савецка-расейскага КГБ, у Маскве пастаўлена задача пашырэньня расейскай імпэрыі за кошт паглынаньня Беларусі і падпарадкаваньня Ўкраіны.

Тым часам на Захадзе на нашых вачах уздымаецца новы эўрапейскі монстр, так званая “Аб’яднаная Эўропа”, альбо Эўразьвяз. Ужо добра відаць контуры гэтай новай бязбожнай супэрімпэрыі з свабодай паскудства, нажывы і спажывецтва, са збочанай мас-культурай. У пэрспэктыве немцы ўжо плянуюць канстытуцыю, прэзыдэнта, міністэрства замежных справаў Эўразьвязу, потым — урад, “фэдэрацыю”, адмаўленьне ад прынцыпа кансэнсуса пры прыняцьці рашэньняў і г.д.

Гэтакая структурызацыя эўрапейскай ўлады, відаць, пачнецца неўзабаве пасьля паглынаньня Польшчы (якая сама йдзе туды пад дыктоўку Брусэля).

Мінулыя і цяперашнія эўраспадары, як паказвае гісторыя, для дасягненьня інтарэсаў гатовыя заключыць саюз нават з д’яблам. І таму нямецкі саюз з Пуціным (вось Парыж-Бэрлін-Масква) нікога ўжо не зьдзіўляе. Але цалкам зразумела, за якую “дэмакратыю” будуць змагацца гэтыя саюзьнікі ў Беларусі.

* * *

Думаючы аб направе нашай незалежнай пэрспэктывы, мусім зьвярнуцца зноў да геапалітычнага грунту і ідэяў стваральнікаў БНР. Вектар замежнай палітыкі павінен быць заўсёды вызначаны, незалежна ад дачыненьняў да ўлады, нават у падпольлі. Цяпер, калі Расея і Нямеччына праводзяць узгодненыя дзеяньні, наша адраджэнцкая барацьба на два бакі — непазьбежная. Як яна адбываецца і будзе адбывацца — гэта ўжо пытаньні бягучых адносінаў. Але мы заўсёды павінны памятаць пра салідарныя дачыненьні з Украінай і краінамі на поўначы. Мяркую, што мы мусім быць уважлівымі да нашых добрых адносінаў з Злучанымі Штатамі Амэрыкі і да тых краінаў, якія не падтрымліваюць новую эўра-азіяцкую “вось”.

Вось Бэрлін-Масква заўсёды была восьсю вайны, хоць пачыналася яна, як правіла, з агульных інтарэсаў. Цяперашнім пакаленьням беларусаў (што да міжнароднай палітыкі) неабходна збавіцца ад ганебнага савецкага комплексу — трэба перастаць баяцца вайны. Само існаваньне ў палітычным полі паміж Бэрлінам і Масквой вымагае ад нас іншай, больш рашучай псіхалёгіі. Баючыся вайны, свабоду не здабываюць.

Калі мы хочам, каб не зьнікала народная будучыня, мы ніколі не павінны выракацца жаданьня і ідэі вярнуць страчанае. Тады вернецца. Бо народ жыве пакаленьнямі, а ідэя — неўміручая. У пляне магчымасьцяў нацыянальнага, духоўна-культурнага разьвіцьця нацыі самая вялікая параза, якая напаткала нас у ХХ-м стагоддзі, — гэта фактычная страта на доўгі час дзяржаўнай незалежнасьці і страта спрадвечнай сталіцы. І гэта ёсьць найважнейшыя задачы для направы, якія стаяць перад беларускімі пакаленьнямі.

Падзеі, якія вызначылі пэрспэктывы нашага беларускага нацыянальнага існаваньня, якія сталі нашымі самымі вялікімі здабыткамі ў ХХ-м стагоддзі, — гэта стварэньне незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе і вяртаньне незалежнасьці Беларусі праз 73 гады, у 1991-м. І цяпер ідэі і полымя гэтых вогнішчаў асьвятляюць нам шлях.

Канфэрэнцыя: Ідэалы БНР і Адраджэньне Беларусі. 85-я гадавіна незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. 22 сакавіка 2003 года, г. Менск. Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне” і ягоная Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя — БНФ

22/3/2003 › Старонкі гісторыі


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Сакавік 2003
П А С Ч П С Н
« Люты   Ліп »
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ

Народная Перамога

[ Усе сябры ]




Лічыльнік:


Беларуская Салідарнасьць // Усе правы абароненыя // 2000—2019
Сувязь