Кароткія паведамленьні

17 декабря 2006 г.

Навіны

Часопіс “Дзеяслоў” № 5 (24) 2006 надрукаваў міні-рэцэнзію на кніжку Сяргея Навумчыка наступнага зьместу: «Сяргей Навумчык. Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)».

«Рацыя падзеяў мераецца праўдай рэальнасьці… У кнізе Сяргея Навумчыка адлюстравана наша рацыя, наша беларуская праўда і наша змаганьне…», — піша ў прадмове да гэтай кнігі Зянон Пазьняк, і зь ім нельга не пагадзіцца. Гэта кніга пра час, калі рамантычныя мары «шасьцідзесятнікаў», іх папярэднікаў і наступнікаў упершыню ў гісторыі матэрыялізаваліся ў незалежную дзяржаву… Гэта кніга, якая можа і павінна стаць асновай для будучых падручнікаў па найноўшай беларускай гісторыі. Так падрабязна і дакладна, грунтуючыся на дакумантах і асабістых назіраньнях, пра час знакавы ў нашай гісторыі, яшчэ не пісаў ніхто. Добра было б, каб і іншых сьведкаў і відавочцаў тых падзеяў яна абудзіла да працы. Напісанае застаецца…»

У нумары 4 (23) 2006 Дзеяслоў надрукаваў таксама кароткую згадку пра другое выданьне паэмы Зянона «Вялікае Княства». Зьмяшчаем гэты тэкст:

Чытачы «Дзеяслова» мелі шчасьлівую мажлівасьць пазнаёміцца з паэмай летась у №№17-18. Але кніга па-свойму ўнікальная, бо зьмяшчае апроч паэмы фотаздымкі Зянона, невялікі слоўнічак, а таксама вершы зь некалькіх цыклаў пад тым жа агульным назовам «Вялікае Княства». Прадмову да кнігі напісаў захоплены талентам паэта Зянона Рыгор Барадулін, а пасьляслоўе – сябра і паплечнік Сяргей Навумчык, які сьцьвярджае: «Асабіста для мяне, стылёва і ідэйна «Вялікае Княства» стаіць побач з «Панам Тадэвушам» Адама Міцкевіча – шчымлівай настальгічнасьцю па далёкай Бацькаўшчыне – і «Новай Зямлёй» Якуба Коласа – спрадвечным жаданьнем быць на сваёй зямлі гаспадаром».

Няма нічога цяжэйшага, Як бачыць, што справа, Якой прысьвяціў жыцьцё, Падае, разбураецца на вачах. І ўсе твае вынікі Руйнуюцца ў друз, Рагочуць ворагі на папялішчах… Але не апускайма рук, Не спыняймася. Бо толькі калі выйдзем на шлях, Убачым будучыню.

Ня спынімся… Убачым!