12 лістапада сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ.
Актыўны байкот мясцовых выбараў, абвешчаных рэжымам і злачынная палітыка русіфікацыі беларускага народу – галоўныя тэмы, якія былі абмеркаваныя Соймам. Старшыня Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ сп. Зянон Пазьняк у выступе “Бачаньне небясьпекі – перадумова барацьбы” акрэсьліў і даў дакладны аналіз і тлумачэньні па гэтых пытаньнях (выступ публікуецца).
З дакладамі аб палітычным і сацыяльна-эканамічным становішчы ў Беларусі і ў сьвеце выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ, і сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі. Выступілі сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны паведамілі аб хвалі шалёнай русіфікацыі ва ўсіх сфэрах публічнага жыцьця, інфармацыйнай прасторы і школьніцтве. Прамаскоўскі рэжым прызначыў на кіруючыя пасады шмат чужынцаў-расейцаў, якія не хаваюць сваёй нянавісьці да беларускай мовы і ў адкрытую вітаюць ліквідацыю Беларускай дзяржавы ў рамках расейскай імпэрыі (шляхам “інтэграцыі”). Але рэжым імкнецца запалохаць людзей і прымусіць самых беларусаў быць паслухмяным інструмэнтам русіфікацыі і зьнішчэньня ўсяго беларускага. Пры найменшым супраціве беларускіх людзей выкідваюць з працы і пазбаўляюць сродкаў на існаваньне іхныя семьі. Яшчэ большая колькасьць беларусаў з розных раёнаў краіны вымушана была ад’ехаць на рабскую працу ў Расею. Назад вяртаюцца абрабаваныя людзі і трупы ў трунах (у г. Ляхавічах нядаўна пахавалі трох маладых беларусаў-будаўнікоў, якія згарэлі ў бытоўцы ў Маскве). У той самы час псэўдаапазыцыя акітывізуе свае прапагандысцкія ваяжы і выступы па рэгіёнах з заклікам “ісьці на мясцовыя выбары, каб расплюшчыць вочы”. Гэтым разам псэўдаапазыцыянэры дэманструюць замяшальніцтва ў сваіх шэрагах. Так, вядомыя псэўдаапазыцыянэры-блытальнікі Ю. Хадыка і В. Карбалевіч галоўны пафас і асноўны час сваіх выступаў на правінцыі прысьвячаюць “неадпаведнасьці А. Мілінкевіча пасадзе агульнага лідэра дэмсілаў”. Калі Беларусь у небясьпецы, грантаўская публіка зноў шукае чарговага лідэра, замест падстаўнога Мілінкевіча. Сябры Сойму выказалі меркаваньне, што “агульны лідэр” не падзяліўся з паплечнікамі грантамі. Падстаўныя нават не разумеюць пасярод сваёй валтузьні за лідэрства, што народ бачыць іхную нікчэмнасьць, хлусьлівасьць і прадажнасьць. Сябры Сойму падтрымалі ідэю актыўнага байкоту мясцовых выбараў, прызначаных рэжымам.
Сойм абмеркаваў і прыняў заявы “Актыўны байкот” і “Помнік у Курапатах створаны беларускім народам” (публікуюцца).
Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ 12 лістапада 2006 г.