Зянон. Паэма "Вялікае Княства"

Зянон. Паэма "Вялікае Княства"

Беларускія ведамасьці, Нью-Ёрк – Варшава; Таварыства Беларускай Культуры ў Летуве, Вільня, 2005. 132 стар. :іл.

Зянон. "Вялікае Княства", паэма, вершы і фатаграфіі

"Зянон кажа, што пiсаў "Вялiкае Княства", ўяўляючы васемнаццацiгадовага юнака, перад якiм паўстаў выбар жыцьцёвага шляху. Такому маладзёну важна даведацца i адчуць, што за iм – не абы-якая гiсторыя. Той, хто гэты шлях "прайшоў напалову", цi ўжо i болей, адкрые ў паэме i нешта iншае. Асабiста для мяне, стылёва i iдэйна "Вялiкае Княства" стаiць побач з "Панам Тадэвушам" Адама Мiцкевiча – шчымлiвай настальгiчнасьцю па далёкай Бацькаўшчыне – i "Новай Зямлёй" Якуба Коласа – спрадвечным жаданьнем быць на сваёй зямлi гаспадаром."

Сяргей Навумчык

Прадмова

Раздумляючы пра лёс Айчыны, не магу зьмірыцца з трагізмам народнага існаваньня.

Я йшоў здалёку. I аднойчы прышоў у засонены горад нашчадкаў ліцьвінскай велічы. I спынілася сэрца.

Няўжо гэтак можна ўпасьці?! Яны ня ведалі нічога: хто яны, адкуль прышлі, куды ідуць. Яны ня йдуць нікуды. Яны даўно не змагаюцца за Радзіму, за сябе, за народ. Яны нічога ня чулі пра Княства, пра Патоп, пра вялікае існаваньне. Яны слухаюць сваіх нішчыцеляў і ненавідзяць сваё. Ім бессэнсоўна і небясьпечна пра гэта казаць, бо могуць данесьці нішчыцелям, каб забіць.

Пойдзем, аднак, на шырокі шлях, дзе праносяцца коні і асядае пыл. Мне па сёньняшні дзень гучыць у вушах звон падкоў і даносіцца вецер Вялікага Княства...

Зянон