Пазьняк Зянон. Гутаркі з Антонам Шукелойцем

Пазьняк Зянон. Гутаркі з Антонам Шукелойцем

Беларускія ведамасьці, Варшава; Таварыства Беларускай Культуры ў Летуве, Вільня, 2003. – 144 с.

Прадмова

Гэтая кніжка пра Антона Шукелойця, пра падзеі ў ягоным жыцьці, здарэньні, сьведкам якіх ён быў і пра якія расказаў у нясьпешнай гаворцы. Апавяданьні запісваліся мной з перапынкамі з кастрычніка 2001 года па верасень 2003-га. Цяпер Антону Шукелойцю 88 гадоў, якія ён пражыў, пасьвяціўшыся Беларусі.

Антона Шукелойця, кіраўніка Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня на эміграцыі, ведаюць усе, і ва ўсіх ён карыстаецца нязьменнай павагай. Ягоныя паводзіны ў беларускім грамадзтве за мяжой ёсьць эталон беларускага народнага шляхецтва — пастава простая, дабразычлівая і разумная.

Некалі ў Ашмянах, за праваслаўнымі могілкамі на ўскраіне поля, дзе былі пахаваныя паўстанцы 1863 года, стаяў крыж. Там, на лавачцы ля крыжа, часта зьбіраліся гімназісты, марылі пра будучыню і натхняліся гераізмам народнай гісторыі. Сярод гімназістаў быў малады Антось Шукелойць. У гэтую якраз пару ён улучыўся ў палітыку і потым сам сабе скажа, што жыць трэба — для Беларусі.

Знаёмы матыў, паэтычна асэнсаваны Ларысай Геніюш. Бо гэта матыў эпохі, сьветапогляд Адраджэньня, погляд цэлага беларускага пакаленьня. Выбітага, выстраленага, згноенага ў турмах ГУЛАГу.

Тыя, што перажылі навалу, выратаваліся і апынуліся ў эміграцыі, стварылі за мяжой беларускую літаратуру - ідэёвы грунт нацыянальнага Адраджэньня, зьбераглі беларускую культуру, мову і веру, сфармавалі палітычныя арганізацыі і сцьвердзілі беларускую незалежніцкую палітыку.

Але нашая гутарка тут - пакуль што не пра эміграцыю, а пра тую, ужо далёкую пару, якую цяпер мала хто памятае. Антон Шукелойць разважае пра падзеі 1930-1940-х гадоў, якія гэтак перакручаныя, сфальшаваныя і замоўчаныя вечнымі ворагамі Беларусі. А. Шукелойць быў назіральнікам і непасрэдным удзельнікам палітычных плыняў і падзеяў нядаўняй беларускай гісторыі. Яго і паслухаем.

Зянон Пазьняк