Раманюк Дзяніс. Беларусь. Альбом. 2003. Ангельска-гішпанска-італьянска-расейскі варыянт

Раманюк Дзяніс. Беларусь. Альбом. 2003. Ангельска-гішпанска-італьянска-расейскі варыянт

Выданьне гэтай кнігі – цалкам асабістая ініцыятыва ўкладальніка, фотамастака Дзяніса Раманюка, вядомага чытачам па публікацыям прысьвечаным беларускай этнаграфіі. Да падобных прыватных выданьняў у Беларусі яшчэ не прывыклі. Дзеля таго, каб выдаць гэткі альбом не спатрэбілася праца вялікага выдавецтва. Д. Раманюк у адной асобе ёсьць складальнік, мастак, аўтар тэксту і творца большасьці фотаздымкаў.

На старонках кнігі можна пабачыць дзясяткі каляровых фотатвораў, зробленых у розны час лепшымі фотамастакамі краіны. На здымках падабраных з вялікім густам, паўстае зьмястоўная карціна ці не ўсяго самага адметнага, што ёсьць у беларушчыне: абразы й народныя строі, замкі й бажніцы, разлогі палёў і люстры азёраў, сталіца Менск ды іншае. Прыемна, што та кожнага здымка ёсьць дакладны і зьмястоўны подпіс. Так сама ўтрымліваецца сьціслы гістарычны нарыс, у якім аўтар здолеў вытрымаць адпаведны балянс – для першага знаёмства з краінаю сказана ўсё самае галоўнае. Вельмі дарэчы і камэрны фармат выданьня.

Асабліва вылучае гэты фотаальбом ад іншых – яго дзьве вэрсіі, якія ахопліваюць найбольш выкарыстоўваемыя ў сьвеце мовы. У адной вэрсіі тэкст і подпісы пададзены на ангельскай, гішпанскай, італьянскай і расейскай мовах, а ў другой на нямецкай, францускай, польскай і беларускай мовах.

Фотаальбом “Беларусь” атрымаўся выключным сувенірам, які прыемна пагартаць і самому. Таму сёньня, пераглядаючы сотні кніг у беларускіх кнігарнях, я не знайшоў нічога лепшага за яго для падарунка госьцю.

Сяргей Харэўскі

Прадмова

Рэспубліка Беларусь - маляўнічы край на ўсходзе Цэнтральнай Эўропы.

Каля 40 тысяч гадоў таму назад на гэтых землях пасяліўся чалавек. Першыя дзяржаўныя ўтварэньні на тэрыторыі сучаснай Беларусі з'явіліся у ІХ стагодзьдзі - знакамітыя княствы Полацкае і Тураўскае. Хрысьціянства жыхары Беларусі прынялі ў канцы Х стагодзьдзя. У сярэднія вякі беларусы з суседзямі літоўцамі стварылі магутную эўрапейскую дзяржаву , самую буйную з часоў Рымскай імпэрыі - Вялікае княства Літоўскае. Княства з гонарам адстойвала саю незалежнасьць і, атрымаўшы ў 1410 годзе слаўную перамогу пад Грунвальдам, на доўгі час пазбавілася ад захопнікаў і спыніла экспансыю Тэўтонскага ордэна на ўсход. Згодна з Люблінскай уніяй 1569 года Вялікае княства Літоўскае і Карона Польская стварылі федэратыўную дзяржаву - Рэч Паспалітую, якая праіснавала да канца XVIII стагодзьдзя. У выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай беларускія землі апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 года была абвешчаная незалежная Беларуская Народная Рэспубліка. А 1 студзеня 1919 года камуністы ўтварылі Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку (БССР), якая ўвайшла ў склад СССР. БССР стала адным з заснавальнікаў першых членаў ААН у 1945 годзе. У 1990-м Беларусь абвясціла сувэрэнітэт, а ў 1991 годзе менавіта на беларускай зямлі было падпісана знакамітае Пагадненьне аб стварэнні Садружнасьці Незалежных Дзяржаў. Пагадненьне канстатавала спыненьне існаваньня Савецкага Саюза і адчыніла новую палітычную эру Беларусі.

Акрамя названых падзей, ХХ стагодзьдзе прынесла і цяжкія выпрабаваньні - Першая сусьветная, савецка-польская і Другая сусьветная войны пакінулі краіне невымерныя разбурэньні і пакуты. Апошнім чорным знакам у гэтым жахлівым пераліку стала катастрофа на Чарнобыльскай атамнай станцыі...

Аднак жа нягледзячы на ўсе гістарычныя завірухі, беларусы ўсё ж не згубілі сябе, захавалі духоўную спадчыну, стварылі непаўторную культуру і разьвітую навуку. З гонарам яны ўзгадваюць сваіх славутых папярэднікаў. Ужо ў пачатку ХVІ стагодзьдзя асьветнік і першадрукар Францішак Скарына пераклаў і выдаў Біблію на беларускай мове. Надрукаваная паэтам-латыністам Міколам Гусоўскім ў 1523 годзе паэма "Песьня пра зубра" распавяла сьвету пра беларусаў, аб іх побыце, звычаях, вераваньнях. Географы Мікалай Пржавальскі і Ігнат Дамейка дасьледвалі новыя землі. Выдатныя творы стварылі кампазітары Міхал Клеафас Агінскі і Станіслаў Манюшка, пісьменьнікі Францішак Багушэвіч і Максім Багдановіч, Янка Купала і Уладзімер Караткевіч, мастакі Іван Хруцкі і Казімір Малевіч. А Марк Шагал і Хаім Суцін узбагацілі сусьветны жывапіс калярытам беларускага мястэчка і краявіду...

Захаваліся да сёньняшняга дня і плённа разьвіваюцца народныя рамёствы. У музэях можна доўга любавацца дзівоснымі вырабамі майстроў саломапляценьня, ткацтва, керамікі, кавальства... На сьвяточныхз кірмашах сучасныя майстры ня толькі прапануюць вам набыць сувэнір на памяць, але яшчэ й запросяць паўдзельнічаць у яго стварэньні.

Помнікі старажытнага дойлідства шматкроць сустракаюцца ў гарадах і вёсках Беларусі. З ХІ стагодзьдзя пачалося будаўніцтва драўляных храмаў, а ў наступным веку з'явіліся мураваныя хрысьціянскія сьвятыні ў Полацку, Гародні, Наваградку... Пазьней паўсталі сотні касьцёлаў і цэркваў, а таксама найбольш вядомыя Мірскі і Лідскі замкі, Нясвіжскі палац Радзівілаў. І ў наш час дойліды ўпрыгожваюць новымі храмамі і будынкамі гарады й сталіцу краіны - Менск.

Беларусь мае багатую флору і фаўну разам з непаўторным ландшафтам. Яе краявіды ўпрыгожаны велічнымі лясамі. Мноства рэк, ручаёў, азёр і крыніц узбагачаюць прыродны калярыт. Асаблівае ўражаньне робяць бясконцыя і непраходныя балоты. Яны займаюць амаль чвэрць краіны і іх слушна называюць лёгкімі Эўропы.

Для захаваньня найбольш цікавых прыродных комплексаў створана некалькі запаведнікаў і нацынальных паркаў. Сярод іх адзін з самых старых запаведнікаў Эўропы - Белавежская пушча, плошча якой 150 тысяч гектараў. У Белавежскіх абшарах жывуць дзясяткі відаў птушак і звяроў, шмат якія зь іх занесеныя ў Чырвоныя кнігі іншых дзяржаваў. Царом жа гэтых мясцін лічыцца самы вялікі звер краіны - зубр. Сёньня ў Нацыянальным парку "Белавежская пушча" можна сустрэць гэтага волата ня толькі ў вальерах. З'яўляецца ўнікальным і Палескі радыяцыйна-экалягічны запаведнік, што дзейнічае на тэрыторыі, якая забруджана чарнобыльскай радыяцыяй.

Поры года на Беларусі вельмі выразныя. Яны аздабляюць навакольле асаблівымі малюнкамі, даюць магчымасьць атрымаць асалоду ад сваёй непаўторнай прыгажосьці. Лету ўласьцівая сьпякота з ранішняй расой і начнымі пахамі зёлак, восені - туманы і нечаканая цеплыня бабінага лета, зіме - вялікі сьнег і карункі інею. Вясна ж можа ўстрывожыць нястрыманаю сілаю разводзьдзя і зачараваць звонкімі сьпевамі птушак.

Беларусаў дзесяць мільёнаў, гэта працавіты і добразычлівы славянскі народ. Прадстаўнікі розных нацыянальнасьцяў і рэлігій спакон веку мірна жывуць на беларускай зямлі. Самабытная культура, унікальная прырода і гасьцінныя жыхары Беларусі з радасьцю прымуць вас на сваёй зямлі і пакінуць у памяці незабыўныя ўражаньні.