Віталь Портнікаў: Гора імпэратара

22 декабря 2016 г.

Навіны

Дзеля аднаўленьня Саюза Пуцін гатовы ваяваць і дэстабілізаваць.

Цяпер ужо сьмешна ўспамінаць, як у артыкуле “Апошні імпэратар”, апублікаванай у апошнім выпуску маскоўскай “Независимой газеты” у дзень адстаўкі Міхаіла Гарбачова з пасады прэзыдэнта СССР я меркаваў, што праз нейкі час апошні генсек здолее вярнуцца на палітычную арэну і скласьці канкурэнцыю Барысу Ельцыну.

Але з чаго я тады зыходзіў? З таго, што эканамічная сытуацыя ў Расеі блізкая да калапса, любыя радыкальныя рэформы могуць пагоршыць і без таго няпростае становішча людзей, а спадзяваньні, якія ўскладаюцца на Барыса Ельцына, вялізныя. На фоне практычна непазьбежнага расчараваньня пачнецца пошук новых постацяў – і расейцы змогуць успомніць пра Гарбачова, пра час нізкіх коштаў і хаця б адноснай стабільнасьці, якая здаецца нестабільнасьцю толькі таму, што сапраўднай турбулентнасьці расейцы яшчэ не перажывалі.

Адзінае, чаго я ня здолеў улічыць, дык гэта таго, што Ельцын ужо стаў расейскім палітыкам, а Гарбачоў усё яшчэ быў савецкім – ды такім і застаўся. Зразумела, Ельцын таксама думаў пра магчымасьці аднаўленьня Савецкай імпэрыі, але гатовы быў кіраваць Расеяй. А Гарбачову патрэбны быў выключна Савецкі Саюз. Для яго Расейская Фэдэрацыя была ўсяго толькі саюзнай рээспублікай, змагацца за ўладу ў якой прыніжальна для сапраўднага імпэратара.

У гэтым, уласна, і заключалася галоўнае адрозьненьне паміж савецкім імпэратарам і маскоўскім царом. Калі Гарбачоў сасьпеў да гатоўнасьці змагацца за расейскае прэзыдэнцтва, ён стаў ужо абсалютным маргіналам, постацьцю з энцыклапэдыі – і ў ягоны посьпех ня верыў ужо ніхто. У тым ліку і ён сам – бо для яго ўлада ў Расеі ўсяроўна заставалася прыступкай для аднаўленьня Савецкага Саюза. Уражвае, што гэтую сваю перакананасьць апошні кіраўнік СССР захаваў на ўсё жыцьцё – і сёньня ягоным заявам пра магчымасьць аднаўленьня саюзнай дзяржавы ўражаюцца ня толькі ва Украіне, але і ў Расеі.

Але расейскае зьдзіўленьне цяпер выглядае ня менш дзіўна і маргінальна, чымсьці погляды самога Гарбачова. Гарбачоў несучасны для сваёй уласнай краіны не таму, што ён марыць пра аднаўленьне Савецкай імпэрыі – а таму, што ён кажа пра дабраахвотнае яе аднаўленьне. Гарбачову ўдалося зрабіць высновы з ужываньня сілы ў Алма-Аце, Тбілісі, Баку, Вільні, іншых гарадах былога Саюза – ужываньне, якое толькі ўзмоцніла развал.

А ягоным суайчыньнікам — не ўдалося. Бо на самой справе палітычныя погляды Гарбачова, які пастарэў, нічым асабліва не адрозьніваюцца ад поглядаў Пуціна, які старэе. І для таго, і для іншага Расея – гэта толькі прылада, толькі платформа для нарошчваньня тэрыторый, для імпэрскай магутнасьці.

Розьніца толькі ў тым, што Пуцін дзеля дасягненьня гэтай магутнасьці гатовы ваяваць, забіваць, рабаваць, дэстабілізаваць. Бо ўсе ягоныя намаганьні накіраваны на запалохваньне “мяцежных правінцый”, на падтрыманьне канфліктаў, на доказ, што былая тэрыторыя СССР – гэта “зона ўплыву” Расеі, што зьяўляецца толькі першым крокам да акупацыі былых савецкіх рэспублік і аднаўленьню імпэрыі пад сваёй уладай. А Гарбачоў – уражальна – усё яшчэ застаецца прыхільнікам перамоваў і кампрамісаў. Тобок дзейнічае прыкладна так, як і ў 1991 годзе.

Таму ён аказваецца двойчы маргіналам. Для нас – бо за 25 гадоў ён так і ня здолеў зразумець, што Україна – гэта іншая краіна і няма ніякіх аб’ектыўных умоў, якія натхнілі б яе народ на дабраахвотнае яднаньне ў адзіную дзяржаву з Расеяй або краінамі Цэнтральнай Азіі. Для расейцаў – бо яны не пакутуюць на гарбачоўскі палітычны рамантызм, не разьлічваюць на згоду і дабраахвотнасьць, яны гатовыя да вайны і гвалту. Людажэрца, які ператварыўся ў вэгэтарыянца і спрабуе навярнуць людажэрцаў у сваю веру – трагічнае відовішча.

Таму на нашым месцы я не сьпяшаўся б кідаць каменьне ў Гарбачова – няхай гэтым займаюцца самы расейцы. Бо ў дыскусііі вакол гарбачоўскіх меркаваньняў ускрываецца ўвесь цынізм, уся двухаблічнасьць, уся небясьпечнасьць расейскай зьнешней палітыкі, адносінаў да гісторыі і ўяўленьняў пра будучыню.

Віталь Портнікаў Пераклад з расейскай. Крыніца: http://rus.newsru.ua/columnists/13Dec2016/goreimperatora.html