Нават фрагмэнты “стратэгіі”, распрацаванай расейскімі акупантамі на Каўказе, гучаць дзіка. Яе аўтары апэрыруюць і маніпулююць паняцьцямі і тэрмінамі ў стылі супэрдзяржавы з рамана Орвэла “1984 год” (“Мір – гэта вайна”, “Свабода – гэта рабства”). Напрыклад, вайна і зьнішчэньне народаў у іх называецца “канфліктагенным патэнцыялам”. Крэмль адчувае, што губляе Каўказ. Раней за Крэмль гэта зразумелі сотні тысячаў расейцаў, якія масава ўцяклі і ўцякаюць з гэтага нярускага краю. Замест таго, каб прыняць суайчыньнікаў у Расеі, даць ім жыльлё, працу і г.д., імпэрскае кіраўніцтва плянуе вярнуць іх назад – на месца, адкуль яно абяцае выдаліць сотні тысячаў карэнных каўказкіх людзей. Крэмль плянуе тусаваць народы, як калоду карт. Так рабілі Чынгіс-хан, Мао-дзэ-Дун, Пал Пот, Сталін. Апошні вельмі грунтоўна рабіў гэта менавіта на Каўказе. Вядома, што гэта прывяло да мільёнаў ахвяраў, нянавісьці, помсты і аказалася эканамічна зусім неэфэктыўным.
Перад намі – чарговая клінічная праява крамлёўскай шызафрэніі. Хворы імпэрскі арганізм ня можа спарадзіць нічога псіхічна нармальнага. Таму што жыцьцё і дзейнасьць паводле Боскіх і чалавечых нормаў азначае канчатковы распад і самаліквідацыю Імпэрыі. Яна нежыцьцяздольная. Крамлю патрэбныя гвалтоўныя перасяленьні народаў, войны, канфлікты, узаемная нянавісьць людзей і народаў – такая сітуацыя зьяўляецца адзіным магчымым асяроддзем, у якім можа працягваць сваё гнілое існаваньне Імпэрыя Зла.
Беларусы павінны вельмі ўважліва аналізаваць гэтую трывожную інфармацыю. Тое ж самае імпэрцы распрацоўваюць і ў адносінах да нас, нашай краіны і нашага народа. Бо ў іх, як яны прызнаюцца, “не хапае рабочых рук”.
Публікуем матэр’ялы з расейскага інтэрнэт-выданьня “Грані.Ру”.
Трэба вярнуць рускіх на Каўказ
Стратэгічнай задачай разьвіцьця Паўночнага Каўказу зьяўляецца вяртаньне туды расейскага насельніцтва. Як піша “Коммерсант”, аб гэтым гаворыцца ў распрацаванай кіраўніцтвам Паўночна-Каўказкай Фэдэральнай Акругі (ПКФА) стратэгіі сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця. У стратэгіі падкрэсьліваецца, што расейскае насельніцтва для ПКФА ня толькі важнейшы фактар стабілізацыі этнапалітычнай сітуацыі, але і “крыніца высокакваліфікаваных кадраў, неабходных для ўстойлівага разьвіцьця фэдэральнай акругі і дасягненьня яго інвэстыцыйнай прывабнасьці”.
У стратэгіі прыводзяцца дадзеныя, у адпаведнасьці зь якімі з 1989 па 2002 год суб’екты фэдэрацыі, што ўваходзяць у ПКФА, пакінулі каля 300 тысячаў расейцаў (27,5% агульнай колькасьці насельніцтва). Прычыны масавага ад’езду аўтары стратэгіі бачаць у тым, што “грамадзка-палітычная і этнапалітычная сітуацыя ў ПКФА характарызуецца шэрагам адмоўных сацыяльных тэндэнцый, праявамі этнапалітычнага і рэлігійнага экстрэмізма, а таксама высокім канфліктагенным патэнцыялам”.
У той жа час, як мяркуюць аўтары стратэгіі, беспрацоўных каўказцаў трэба перасяляць у рэгіёны Расеі, дзе не хапае рабочых рук. Так, у дакуманце прыводзяцца дадзеныя, што на 1 траўня 2010 года агульная колькасьць беспрацоўных грамадзянаў у ПКФА складае 766,6 тысячаў чалавек або 18% эканамічна актыўнага насельніцтва. У сярэднім па краіне беспрацоўных 8,2%. Найбольш высокі ўзровень беспрацоўя адзначаецца ў Інгушэціі – 53%, Чачэніі – 42% і Дагестане – 17,2%.
Адным з варыянтаў рашэньня гэтай праблемы, мяркуюць аўтары стратэгіі, можа стаць заснаваньне агенцыі па працоўнай міграцыі. У выніку яго дзейнасьці мяркуецца ня толькі скараціць беспрацоўе, але і заняць да 10% фэдэральнага рынку замежнай працоўнай сілы. Пры стварэньні агенцыі мяркуецца разглядзець мэтазгоднасьць увядзеньня абавязацельстваў для работнікаў вярнуцца ў ПКФА праз пэўны час, а пры арганізацыі працы агенцыі – прадугледзець магчымасьць правядзеньня працы вахтавым мэтадам.
Даслоўна: Натальля Зубарэвіч, дырэктар рэгіянальных праграм Незалежнага Інстытута сацыяльнага разьвіцьця: Сучасныя праблемы Паўночнага Каўказу спрабуюць вырашыць “саўковым спосабам”, хаця СССР ужо даўно няма. Магчыма, што паўпрэд прэзыдэнта ў ПКФА Хлапонін – вельмі эфэктыўны мэнэджэр, але такім чынам, як ён мяркуе (пабудаваўшы некалькі заводаў і перакінуўшы беспрацоўных аднекуль кудысьці), Паўночны Каўказ не супакоіць. Нідзе, акрэм Масквы і маскоўскай агламэрацыі, не ўтвараюцца якасныя працоўныя месцы. Наўрад-ці каго-небудзь зацікавіць працоўнае месца швачкі-матарысткі з заробкам у 5 тысячаў рублёў за месяц.
Крыніца: http://grani.ru/Politics/Russia/Regions/m.182361.html
Пераклад з расейскай.