Чарнасоценства

17 сентября 2010 г.

Навіны

У рукі беларусам, якія ходзяць у будынкі РПЦ, нядаўна патрапіла брашурка пад назовам “Дастаеўскі і Каліноўскі (Спроба рэлігійна-маральнага супастаўленьня лёсаў)”. Брашурка выдадзена як чарговы нумар “Багаслоўска-літаратурна-мастацкага лістка Жыровіцкая абіцель” за №4, 2010 г. Выданьне мае нават “благаславенне” ад “высокапрэасвяшчэннейшага архіепіскапа Гурыя”. Аўтар – іерадыякан Агапій (Голуб).

Брашурку аналізаваць ня хочацца. Тэкст даволі доўгі, з прэтэнзіяй на філасофскую містыку і творчы падыход. Большая ўвага аддадзена бацюшкам Кастусю Каліноўскаму. Асноўны пафас бацюшкавага тэксту – гэта дэманізацыя вобраза вялікага беларускага рэвалюцыянэра і самой беларускай рэвалюцыі. Але на пачатку Агапій (Голуб) дае характарыстыку таго, супраць чаго змагаўся ў рэвалюцыі наш Каліноўскі. Цытуем: “… у нечым падобна – але й кожнага па-Свойму – уразумляў Гасподзь ярка адораных чадаў Сваіх – Фёдара і Канстаньціна: абодва атрымалі прысуд да пакараньня сьмерцю – за бунт супраць амаль тысячагадовай Дзяржаўнасьці, у якой законы дзяржавы адпавядалі Запаведзям Божым і Канонам Яго Царквы, за бунт супраць Самога Богачалавека Хрыста, Які сказаў на ўсе часы: “… аддавайце цэсару цэсарава, а Богу Богава…”

Маскоўскага цара Аляксандра ІІ, які здушыў Паўстаньне 1863-64 гг., аўтар-бацюшка называе “адным з ярчэйшых Праваслаўных Правіцеляў усіх часоў”.

Далей – болей. Вось пасаж пра Паўстаньне супраць расейскага царызма: “Дух рэвалюцыі, уваходзячы ў маральную аснову ідэй Каліноўскага, не мог не праявіць сябе, пацвярджэнняў чаму можна знайсьці шмат. І калі б паўстаньне магло набраць поўную сілу, няцяжка зразумець, які крывавы хаос вацарыўся б на абшарах Беларусі… Нічога, апроч смуты і разбурэньня, паўстанне не несла. Шлях, выбраны Каліноўскім, вёў да тупіку, да “недасягальнай зямлі, адкуль няма вяртання…”

У гэтых цытатах заключана галоўнае, што ёсьць у тэксьце Агапія. Усё астатняе – псэўдафіласофскае шматслоўе з містычным прысмакам – гэта разгорнуты дадатак да антыбеларускага стрыжня опуса РПЦ. Ня трэба зьдзіўляцца, калі РПЦ, паставіўшы свой будынак на вул. Кастуся Каліноўскага ў Менску, прымусіла гарадзкія ўлады перайменаваць гэты ўчастак вуліцы ў “вул. Всехсвятскую”. Ня трэба зьдзіўляцца, што РПЦ ненавідзіць вялікага беларуса і беларускія паўстаньні супраць маскоўскай акупацыі. РПЦ – гэта чужынская, маскоўская структура на нашай зямлі.

Зразумела, што ў брашурцы Агапія йдзецца не пра дыскусію на гістарычную тэматыку. Тут усё “на вечную тэму” з-пад маскоўскай трыяды “православіе-самодержавіе-народность” (якая ў мадэрновым варыянце выглядае як “цемрашальства-імпэрыя-русіфікацыя”). Не даўні гістарычны матэр’ял заклікае нас любіць гэты “іерадыякан”, не Аляксандра ІІ. Прапагандыстам і агітатарам з РПЦ важна, каб беларусы любілі вечнага маскоўскага “кесара” і каб ня думалі пра рэвалюцыйны шлях разьвіцьця. Бо разьвіцьця ў беларусаў, паводле гэтай прапаганды, ня можа быць. На працягу 200-гадовай расейскай акупацыі Беларусі гэтая публіка ў сутанах вучыць нас любіць разбуральнікаў і забойцаў Беларусі. На цяперашнім этапе рэстаўрацыі псэўдаправаслаўнай і “ісьцінна” гэбоўскай імпэрыі бацюшкі ня крыюцца з сваёй нянавісьцю да беларускіх каштоўнасьцяў і актыўна адпрацоўваюць свой “дынарый кесара”.

У вызваленай ад акупацыйнага рэжыму Беларусі гэтаму лубянскаму чарнасоценству ня будзе месца ў нашай краіне. Няхай вычвараюцца ў сваёй Расеі. Беларусы, якія належаць да ўсходняй традыцыі хрысьціянства, утвораць сваю нацыянальную аўтакефальную Беларускую Праваслаўную Царкву, якая будзе служыць не чужынскай імпэрыі, а Богу і народу.

Юрка Марозаў