Валеры Буйвал: Пасьля правалу путча

28 жніўня 2010 г.

Навіны

Літаральна на наступны дзень пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі я выехаў у Маскву. Трэба было аформіць візы ў амбасадзе Італіі для групы дзяцей з Камарына, што на Гомельшчыне, якія выязджалі на адпачынак і аздараўленьне. 27 і 28 жніўня 1991 года я правёў у Маскве. Прамінуў толькі тыдзень пасьля драматычных падзеяў, з саюзных рэспублік толькі прыбалты, Украіна і Беларусь абвясьцілі сваю дзяржаўную незалежнасьць. Далёка ня ўсё яшчэ было зразумела, працэс ішоў. Маштабы гэтага працэсу ўражвалі. Усё яшчэ ня ўкладвалася ў галаве, што магутная і каласальная расейская імпэрыя на працягу ўсяго двух дзён і дзьвюх начэй дала глыбокія шчыліны і пасыпалася “па ўскрайках”. Хаця ў сьвядомасьці многіх людзей гэтыя падзеі дагэтуль застаюцца ў выглядзе формулы “ні с того ні с сего”. Для нас, — фронтаўцаў, — было зразумелым “з чаго” і чаму. Але ўсё адно толькі з пэўным часам прышло рацыянальнае ўсьведамленьне таго, што адбылося.

Хацелася ўбачыць Маскву, дзе адбыўся самы дынамічны акт жнівеньскага перавароту. Пасьля афармленьня і здачы дакумантаў у амбасадзе самы ногі панесьлі мяне да Белага дома. Прастора вакол будынка Вярхоўнага Савета РСФСР яшчэ не зьмяніла свой “рэвалюцыйны выгляд”. Паўсюль стаялі барыкады. Каля гэтых валоў з розных рэчаў і мэталалома яшчэ стаялі людзі, у асноўным маладыя. Машыны да Белага дому праязджалі праз некалькі праездаў-праходаў, зробленых у гэтым барыкадным кальцы. Рухам камандвалі нейкія маладзёны “хіповага” выгляду, у джынсах, з арыгінальнымі фрызурамі. На плячы аднаго з “рэгуліроўшчыкаў” сядзела белая крыса. Ды і ўсё тут было “хіпова”. Зусім ня бачна было міліцыі або якіх іншых асобаў ва ўніформах. Муры і элемэнты архітэктурнага ансамбля Белага дому, як на Рэйхстагу ў 1945 годзе, былі распісаны лёзунгамі і прозьвішчамі абаронцаў. Запомніўся адзін надпіс: “Забил заряд я в тушку Пуго”. Кур’ёзны парафраз радка з “Барадзіна” Лермантава (на тэму гібелі міністра ўнутраных справаў СССР путчыста Пугі) і ўсё іншае падымала настрой. Складвалася ілюзія, што сталіца нашай учорашняй “родіны” знаходзіцца пад уладай гэтых вясёлых і нефармальных маладзёнаў. Здавалася, што цяпер жыцьцё ў Маскве будзе іншым. Узьнікала нават думка аб тым, што настала “новая эра”.

У многіх месцах стаялі купкі маскоўскіх людзей і размаўлялі аб падзеях. У душы ўзьнікаў нейкі сэнтымэнт братэрства і еднасьці з гэтымі незнаёмымі людзьмі. Маўляў, мы ня ведаем адзін аднаго, але ў дні супрацьстаяньня путчыстам мы былі разам, кожны на сваім фронце. Я – на Беларускім, яны тут, у Маскве. Гэты сэнтымэнт і гэтыя ілюзіі перажывалі ў тыя дні многія людзі. Пазьней украінцы распавядалі пра мітынгі падчас путча ў Львове. Калі высьвятлялася, што сярод тысячаў удзельнікаў ёсьць нейкі расеец, грамада прыязна гукала: “Хай москаль скажа!” І ўсе з павагай слухалі дэмакратычныя разважаньні маскаля…

Успаміналіся выступы Зянона Пазьняка апошніх дзён. Як ён казаў пра падступнасьць маскоўскай палітыкі, пагрозу для Беларусі з боку Ельцына, неабходнасьць абароны нашай краіны ад імпэрскай Расеі. Многія тады не разумелі словаў і аргумантаў лідэра беларускай нацыі. Ён здаваўся надта “рэзкім, недыпляматычным і няўступлівым”. Многім хацелася братацца з дэмакратычнай Масквой, шукаць там апірышча для маладой беларускай незалежнасьці і г.д. Мне самому гэтыя словы Зянона Станіслававіча здаваліся тады нейкімі дзіўнымі. Уражаньні і эмацыйныя перажываньні настойліва дыктавалі зусім іншыя думкі і асацыяцыі. “А ён усё пра сваё…” – думалася тады.

Я ня мог не пайсьці на Ваганькаўскія могілкі, дзе былі пахаваны трое маладых мужчын, што загінулі пад гусеніцамі танкаў у першую ноч маскоўскага путча. Па тэлебачаньню паказалі хвалюючыю цырымонію разьвітаньня з героямі. Вялікія масы народу ішлі за трунамі. Адзін з загінуўшых быў габрэем. На жалобнай цырымоніі выступаў равін. І з гэтай нагоды ў Маскве не было ніякіх чарнасоценных правакацый. Сапраўды, здавалася, што ўсё тут цяпер будзе інакш. Калі я ішоў па вуліцах Масквы, то з рэпрадуктараў гучалі рэпартажы з судовых паседжаньняў. Расейскія ўлады разьбіраліся з “саветамі вэтэранаў”, якія (здуру) імпэтна і з першых жа імгненьняў падтрымалі ГКЧП. Магілы маладзёнаў на Ваганькаўскім былі завалены кветкамі. Я паклаў і свой букет з думкай: гэта Вам ад Беларусі. Ніхто ня ведаў тады, колькі яшчэ ахвяраў маскоўскай імпэрскай палітыкі і гэбізму будзе ў наступныя гады ў Маскве і іншых месцах сьвету. Праз некалькі гадоў чалавечыя страты жнівеньскага путчу засьціць сэрыя значна больш маштабных і крывавых злачынстваў імпэрыялістаў. Пазьней я даведаўся ад беларусаў, якія падчас путча былі ў балтыйскіх краінах, і ад самых прыбалтаў аб тым, што адбывалася там. 19 жніўня “русскоязычные” выскачылі на вуліцы і пачалі “торжествовать”.

Інтэрфранты рыхтаваліся ўжо да парадаў перамогі і актыўна разглядалі праскрыпцыі на рэпрэсіі. “Торжество” скончылася на раніцу 20 жніўня, калі зьвесткі з Масквы перасталі быць па-учорашняму бравурнымі, а з нацыянальных цэнтраў па ўсёй імпэрыі прыходзіла інфармацыя пра народны супраціў путчыстам. На ваенных аэрадромах савецкіх гарнізонаў Прыбалтыкі прызямліліся спэцсамалёты, якія забралі з сабой галоўных кіраўнікоў інтэрфрантоў і некаторых з савецкага начальства, якія найбольш вызначыліся ў антынезалежніцкай дзейнасьці. Яшчэ заўчора гэтая публіка тлумачыла “русскоязычным”: “Товарищи, за нами Москва! Мы ещё покажем этим лабусам…” Імпэрскія злачынцы драбнейшага калібру (розныя амоны і гэбэшнікі), пакінуўшы свае сем’і, шпарка пабеглі па лясах у бок Расеі. Ніхто, аднак, і не зьбіраўся помсьціць іхным сем’ям. Беларусы былі ўражаны, як арганічна і спакойна зьдзяйсьняўся пераход ад савецка-маскоўскай акупацыі да дзяржаўнага існаваньня. Прыбалты на працягу некалькіх гадзін замянілі шыльды, і паўсюль адразу пачалі функцыянаваць (падрыхтаваныя заранёў) структуры і інстытуцыі дзяржаўнай улады. Спэцслужбы адноўленых краінаў (падрыхтаваныя заранёў) прыступілі да выкананьня абавязкаў па абароне нацыянальных інтарэсаў і дэмантажу структураў КГБ СССР. Грамадзяне прыступілі да працы на сваіх працоўных месцах.

Узьнікаюць пытаньні. Навошта быў патрэбны увесь гэты балаган з хіповай аховай Белага дома яшчэ на працягу шэрагу дзён пасьля правалу путча? Куды былі нібыта схаваліся маскоўскія “славные органы”? Навошта трэба было так крычаць у рэпрадуктарах на судовых паседжаньнях наконт вэтэранскіх арганізацый? Ці не зашмат зьнешніх, практычна непатрэбных эфэктаў? Хто арганізаваў гэтае шоў “перамогі расейскай дэмакратыі”, у якую паверылі мільёны людзей па ўсім сьвеце? Першыя адказы на пытаньні, аб тым “хто” і “навошта”, я атрымаў, вяртаючыся з Масквы. Купэйны вагон цягніка быў запоўнены маладзёнамі аднаго ўзросту (20-22 гады), аднолькавага выгляду і з аднолькавымі кароткімі фрызурамі. Выпадкова я патрапіў у купэ разам з іхным начальнікам. Усе зьвярталіся да яго дысцыплінавана, але не па званьню, а па імені, імені па бацьку (гуляліся ў падпольле). У вочы звычайным пасажырам яны не глядзелі. Цывільная вопратка не магла схаваць іхнай вайсковай выпраўкі. Стала зразумела, што “дэмакратычная Масква” паслала сваіх “лучшіх сынов” на Беларусь. Масква трывожылася хадой падзеяў у нашай краіне, баялася, што Народны Фронт зьмяце антыбеларускае цемрашальства і возьме ўладу ў краіне. На вельмі важныя падзеі яны ўжо спазьніліся. На працягу некалькіх дзён Фронт начале з Зянонам Пазьняком ужо забясьпечыў заканадаўчую базу для дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі. Напалоханыя камуністы галасавалі за нашу Дзяржаву і за роспуск сваёй партыі.

Гэта трывожыла імпэрскі цэнтар, які пасылаў цэлымі цягнікамі на Менск курсантаў ваенных вучылішчаў (на лінейныя часткі арміі ў Масквы не было спадзяваньня). Усё, што я ўбачыў у Маскве, — гэта была “лірыка” пад кіраўніцтвам Лубянкі, хватка разыграны спэктакль перамогі рускай дэмакратыі. Рэжысёры дзейнічалі настолькі прафэсійна і “з душой”, што я і многія іншыя паверылі ў ілюзію абнаўленьня Масквы і Расеі, у сьветлую будучыню гэтай краіны і яе дачыненьняў з Беларусьсю. У хуткім часе ілюзіі разьвеяліся, засталася цяжкая рэальнасьць – недабітая, абкарнаная Імпэрыя, якая працягвала жыць паводле законаў зла. Многія ў сьвеце жылі жнівеньскімі ілюзіямі да самай Чачэнскай вайны 1994 года. Некаторыя разьвіталіся з вобразам “дэмакратычнай Расеі” толькі пасьля нападу Масквы на Грузію ў 2008 годзе. Якія яшчэ злачынствы павінен зьдзейсьніць імпэрскі монстр, каб чалавецтву ўрэшце стала відавочнай неабходнасьць выбаўленьня ад яго?