Мін’юст пагражае ліквідацыяй КХП-БНФ

12 снежня 2007 г.

Навіны

6 сьнежня 2007. Міністэрства юстыцыі вынесла папярэджаньне Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі - БНФ. Мін’юст папярэдзіў партыйцаў аб недапушчальнасьці распальваньня міжнацыянальнай варожасьці.

Падставай для папярэджаньня стаў ліст «Асіміляцыя – злачынства супраць чалавецтва», які сябры Партыі распаўсюджвалі (гл. сьпісы папярэджаных чыноўнікаў) ў дзяржаўных органах. Паводле Мін’юсту, ліст «накіраваны на фармаваньне непрыязі, нянавісьці да расейскай нацыянальнасьці. У ягоным тэксьце абражаюцца пачуцьці грамадзянаў у зьвязку зь іх прыналежнасьцю да расейскай нацыянальнасьці, утрымліваюцца паклёпніцкія выказваньні».

Мін’юст указаў, што ў лісьце падаецца тэндэнцыйная інфармацыя ў адносінах да палітыкі Расейскай Фэдэрацыі і Рэспублікі Беларусь у (цытата) «збліжэньні беларускага і расейскага народаў, грубыя паклёпніцкія нападкі ў дачыненьні да нацыянальнай палітыкі Расейскай Фэдэрацыі, народа Расеі і яго гісторыі».

Міністэрства юстыцыі прапануе спыніць распаўсюджваньне ліста і прызнаць яго распаўсюд памылковым дзеяньнем. У выпадку невыкананьня партыю ліквідуюць.

Паводле Радыё свабода і сеціва