Жнівеньскі Сойм Беларускага Народнага Фронту \"Адраджэньне\" і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі - БНФ

13 жніўня 2006 г.

Навіны

13 жніўня 2006 г. у Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ. Цэнтральнае пытаньне паседжаньня Сойму – дзейнасьць Партыі ў адстойваньні незалежнасьці Беларусі на перыяд да абвешчаных рэжымам “выбараў” у мясцовыя саветы.

25 жніўня споўніцца 15 гадоў, як была вернута Беларусі дзяржаўная незалежнасьць. Гэтая дата, як і 25 сакавіка – найвялікшы дзень нашай беларускай гісторыі. Ініцыятарам, ідэйным кіраўніком і рухавіком аднаўленьня незалежнасьці нашай краіны зьяўляўся Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне” і Апазыцыя БНФ у Вярхоўным Савеце. Не дазволіць зьнішчыць здабыткі 25 жніўня 1991 года ёсьць задача беларусаў. У гэтым пытаньні Сойм вызначыў пазыцыю і кірункі дзейнасьці Партыі. Старшыня Партыі і Фронту Зянон Пазьняк у сваім выступе даў аналіз палітычнай сытуацыі і прапановы дзейнасьці (выступ публікуецца). З дакладамі аб палітычнай і сацыяльна-эканамічнай сітуацыі выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ, і сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі. Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Была абмеркавана і прынята Заява Сойму “Не галасаваць для дыктатуры, а яднацца за Беларусь”.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ 13 жніўня 2006 г.