(Некаторыя ўрокі пратэсту дробных прадпрымальнікаў супраць увядзеньня падатку на дабаўленую вартасьць.)
Сяргей Папкоў 15 сакавіка 2005 г. у Маскве адбылося паседжаньне незаконага выканаўчага воргана незаконнай «саюзнай дзяржавы». Паводле паведамленьня праграмы «эксперт» тэлеканала СТВ на паседжаньні разглядаліся галоўныя пытаньні «будаўніцтва» незаконнай «саюзнай дзяржавы»: незаконнае ўвядзеньне расейскага рубля на Беларусь і незаконнае прыняцьце «канстытуцыйнага акту». Як сьлед меркаваць, падводзіліся таксама вынікі ўвядзеньня новага парадку ўплаты падатку на дабаўленую вартасьць. Як беларусы адрэагавалі на татальнае падвышэньне цэнаў і пагаршэньне стану на прадпрыемствах у сувязі з гэтым? Ці падняўся ўзровень жаданьня беларусаў схавацца ад ціску рэжыму Лукашэнкі пад «ахову» Масквы?
Што яшчэ трэба зрабіць, якія правесьці апэрацыі эканамічнага, сацыяльнага і інфармацыйнага кірункаў, каб беларусы пабеглі галасаваць за «канстытуцыйны акт», за далучэньне да крымінальнай Расеі, абы «пазбавіцца» ад Лукашэнкі. Ад крамлёўскіх жулікаў і нягодгікаў, падобных Павлу Барадзіну, трэба чакаць чарговых афёраў і подласьцяў.
Страйк дробных прадпрымальнікаў, які праводзіўся з 1-га па 10-е сакавіка, прадэманстраваў, як гэбоўскі рэжым дзейнічае па драбленьні беларусаў на асобныя катэгорыі з наступным іх прыніжэньнем і падпарадкаваньнем.
Апэрацыя з падаткам на дабаўленую вартасьць, праведзеная па рашэньні ўраду Расеі, ударыла па ўсіх прадпрыемствах і ўсяму насельніцтву Беларусі. Пачаўся новы віток росту цэнаў на камуналку. Рэзка палезьлі ўверх цэны на прадукцыю беларускіх прадпрыемстваў, што робіць іх не канкурэнтаздольнымі нават на расейскім рынку. У якасьці прыкладу можна прывесьці сытуацыю на Мінскім аўтазаводзе. Рост кошту расейскіх камплектуючых, металу, энерганосьбітаў натуральна пацягнуў за сабой падвышэньне кошту аўтамабіляў. У Расеі (галоўным спажыўцы) адмаўляюцца купляць мінскія аўтамабілі па больш высокай цане. Тое самае на іншых прадрыемствах. Няма з чаго плаціць заробак рабочым.
У гэтых умовах «важачкі» павялі дробных прадпрымальнікаў на страйк. Вывелі іх на плошчы з прашэньнем да Лукашэнкі адмены ўплаты падатку на дабаўленую вартасьць для індывідуальных прадпрымальнікаў (ІП), гэта значыць прасіць палёгкі толькі для сябе. Ад «важачкоў» увесь час гучалі заклікі: «нікакой політікі», « мы вне політікі» Была задзейнічана спэцыяльная служба аховы, каб гасіць любыя спробы ўзбуджэньня палітычных патрабаваньняў. Замест пошукаў салідарнасьці ў грамадзтве, кіраўнікі і «ахоўнікі» імкнуліся ізаляваць прадпрымальнікаў: «Неча прымазвацца да нашай забастоўкі».
Зразумела, што страйк з такімі патрабаваньнямі быў на карысьць Лукашэнкі (што і было задумана) . Прапаганда рэжыму супроцьпаставіла ІП іншым катэгорыям працоўных. «Невозможно понять каменщику, работающему в частной строительной фирме, на ветру и на морозе, что он, как закон, должен платить налог со своей зарплаты, можно сказать прибыли, а его коллега по бизнесу почему-то этого не хочет и даже картинно бастует… Не очень сладкая жизьнь и у литейщика, шахтера, да и учителя средних школ не ездят у нас в Куршавель.» —блюзьнерскі «канстатавала» «Советская Белоруссия» (№ 41 за 3.03.2005 г.).
Такім чынам ініцыіраваная рэжымам “забастоўка” ІП, загнала ІП ў адмысловую рэзэрвацыю, паставіла іх пад кантроль рэжыму. Цяпер на кожным рынку будзе свой “савет прадпрымальнікаў” . Гэтаму “савету” будзе дазволена займацца “палітычнай працай” , канешне, пад наглядам адміністрацыі рэжыму і на карысць рэжыму.
Скарыстаны “страйк” прадпрымальнікаў і ў якасьці “інфармацыйнай жуйкі” . Трэба было адхіліць увагу грамадзтва ад агульнага падвышэньня цэнаў, скіраваць увагу на лякальны канфлікт, выгодны рэжыму.
Урокі “страйку” прадпрымальнікаў паказалі ў чарговы раз, што пры існуючай палітычнай сытуацыі ў Беларусі лякаліныя пратэстныя патрабаваньні прыносяць толькі шкоду людзям, якія выходзяць на пратэстныя акцыі.
Пратэстныя акцыі будуць мець сэнс і вынік толькі тады, калі будуць ставіцца агульнанацыянальныя патрабаваньні у тым ліку і эканамічныя, якія закранаюць большасьць грамадзянаў краіны. Толькі салідарнае змаганьне дасьць плён.
Зусім іншыя адносіны былі б да пратэсту прадпрымальнікаў у грамадзтве, калі б яны арганізавана ставілі эканамічныя патрабаваньні :
- усталяваць гандлёвыя адносіны з Расеяй праз цывілізаваную дзяржаўную мяжу;
- забясьпечыць прадпрымальнікам свабодны доступ да алтэрнатыўных рынкаў (а ня толькі песярэдніцкіх маскоўскіх), што забясьпечыць паніжэньне коштаў на тавары.
Прадпрымальнікам трэба адмовіцца ад паслугаў “важачкоў”, якія ізалююць іх ад грамадзтва і супрацьпастаўляюць іх спажыўцам іхных тавараў. Трэба ігнараваць “саветы на рынках”, што “дэмакратычна” зьбіраецца арганізоўваць адміністрацыя рэжыму.