Svojskaje Ahienсtva Navinaŭ i Arhumantaŭ (SANA)/ Vitinfarmbiuro


Заява Сойму
грамадзкага аб'яднаньня
Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне”

Аб жорсткім зьбіцьці 25 сакавіка сіламі рэжыму Лукашэнкі выконваючага абавязкі Старшыні Кансэрватыўна-Хрысьцянскай Партыі — БНФ
і БНФ “Адраджэньне” Юрыя Беленькага

25 сакавіка, у Дзень Волі, а 12-й гадзіне сіламі рэжыму Лукашэнкі беспадстаўна і жорстка быў зьбіты дубінкамі і нагамі сп. Юрый Беленькі. Ён атрымаў сур'ёзныя раненьні галавы і іншыя шматлікія цялесныя пашкоджаньні ад бандытаў ва ўніформе са знакамі адрозьненьня ваенаслужачых унутраных спраў. Напад на вядомагапалітыка адбыўся на прашпэкце імя Ф. Скарыны недалёка ад будынку Дзяржфілармоніі.

Сп. Ю.Беленькага білі нават тады, калі ён ляжаў на зямлі без прытомнасьці. Потым яго адцягнулі ў аўтобус. Усім, хто спрабаваў дапамагчы сп-ру Ю. Беленькаму, закручвалі рукі і арыштоўвалі.

Кіраўніка ў Беларусі адной з буйнейшых палітычных партыяў спачатку завезьлі на тэрыторыю вайсковай часткі (вул. Грушаўская), а праз некаторы час — у спэцразьмеркавальнік (вул. Акрэсьціна). На працягу дзвюх сутак яго беспадстаўна трымалі за кратамі і адмаўлялі ў медычнай дапамозе, нягледзячы на звароты пацярпелага.

Толькі пасьля вызваленьня са спэцразьмеркавальніка сп-ру Ю. Беленькаму ўдалося прайсьці мэдагляд. Спэцыялісты-мэдыкі засьведчылі ў яго закрытую чэрапна-мазгавую траўму і іншыя шматлікія пашкоджаньні. У сувязі з сур'ёзнымі раненьнямі і несваячасовай мэдычнай дапамогай стан здароўя Юрыя Беленькага выклікае вялікую занепакоенасьць.

Зьбіцьцё бандытамі ва ўніформе мірных людзей у Менску ў Дзень Волі ня можа быць пакінутым па-за ўвагай і застацца без пакараньня.

Сойм грамадзкага аб'яднаньня БНФ “Адраджэньне” заяўляе аб неабходнасьці галоснага расьледваньня пракуратурай усіх фактаў затрыманьня і ўжываньня сілы супраць мірных грамадзянаў.

Мы патрабуем пакараньня ўсіх, хто аддаваў загады аб ужываньні сілы супраць мірных людзей і ўсіх, хто гэтыя загады выконваў.

Мы заклікаем міжнародныя арганізацыі правесьці незалежнае расьследваньне неадэкватнага прымяненьня ваеннай сілы ў Менску 25 сакавіка 2000 г. супраць мірных грамадзянаў і ўжыць усе даступныя ім сродкі і мэханізмы, каб спыніць прымяненьне гвалтоўных мэтадаў уладамі супраць мірных грамадзянаў Беларусі.

8 красавіка 2000
г. Менск

дахаты


Self Agency of News and Arguments (SANA)/ Vitinfarmbiuro