Svojskaje Ahienсtva Navinaŭ i Arhumantaŭ (SANA)/ Vitinfarmbiuro


2000-04-09

У суботу 8 красавіка ў Менску адбыўся сакавіцкі Сойм Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”.

З прычыны жорсткага зьбіцьця Юрась Беленькі — в.а. старшыні Партыі БНФ і грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне” — ня змог весьці паседжаньне. На конт гэтага Соймам зробленая Заява (Appeal).

Вёў Сойм Валеры Буйвал. Ён зачытаў выступ Зянона Пазьняка. Галоўны лёзунг мамэнту Cтаршыня Партыі БНФ вызначыў наступным чынам:

УСЕ — НА ЧАРНОБЫЛЬСКІ ШЛЯХ ЗА БЕЛАРУСЬ!
Збор удзельнікаў шэсьця ў Менску адбудзецца 26 красавіка у 17:30 на плошчы Якуба Коласа. Адтуль арганізатары плануюць падыйсьці да Кастрычніцкай плошчы, дзе наладзяць мітынг.

Сойм зрабіў адпаведную заяву:
“Да 14-й гадавіны Чарнобыльскай катастрофы”

Далей, падсумоўваючы вынікі сёлетняга сьвяткаваньня 25 сакавіка, З. Пазьняк зрабіў выснову, што на Беларусі фактычна створана акупацыйная ўлада. Напад на бяззбройных беларускіх грамадзянаў пад час сьвяткаваньня Дня Волі — гэта тое самае, што Расея дзеіць з цывільным насельніцтвам у Чачні.

Вось скутак дзейнасьці расейскай акупацыі на Беларусі:
1) замена чыноўнікаў-беларусаў на расейцаў. Нават прэм’ер-міністр ужо расеец.
2) наступ у дзяржаўным інфармацыйным асяродку на беларускую нацыянальную ідэю.
3) зьмены ў нацыянальнай адукацыі, выкараненьне ў ёй усяго беларускага.
4) падпарадкаваньне беларускіх прадпрыемстваў расейскаму крымінальнаму капіталу.
5) зьніжэньне значэньня ў дзяржаве бларускага войска як абаронцы суверэнітэту. Падвышэньне ролі нутраной міліцыі. Прыкладам, войска складае 80 тыс. жаўнераў, а міліцыя — 120 тыс.

Што тычыцца прарасейскіх дэмакратычных сілаў на Беларусі, дык яны, на думку З. Пазьняка, сьвядома перанесьлі сёлета палітычны акцэнт на адзначэньне ўгодкаў прыняцьця скрыўленай легальнай Канстытуцыі 15 сакавіка 1994 г. Пры гэтым антырасейскія лёзунгі адсутнічалі. Падобныя памкненіні былі й у 1996 годзе, але тады Фронт здолеў адсьвяткаваць 25 сакавіка як галоўнае беларускае сьвята. Няма сумневу, што разгон дэманстрантаў у Дзень Волі быў санкцыянаваны расейскім кіраўніком-ФСБістам і беларускім нелегетымным дыктатарам сумесна.

15 і 25 сакавіка гэтага году паказалі Партыі БНФ, што ёй нельга ісьці разам з “падвойнай” і “балотнай” апазіцыяй.

Калі старшыня 13-га Вярхоўнага Савету і легітымны выконваючы абавязкі прэзідэнта Беларусі С. Шарэцкі ня зробіць жорсткія захады па ўсталяваньні законнасьці ў краіне, тады Партыя БНФ будзе ствараць альтэрнатыўную сёньняшняму рэжыму прадстаўнічую ўладу.

Што тычыцца ініцыятывы скліканьня Ўсебеларускага Зьезду, дык калі ён ня будзе мець шырокага прадстаўніцтва, вылучэньне дэлегатаў ад партыяў і грамадзкіх арганізацыяў ня будзе дастаковым для ягонай паўнамоцнасьці. Тады Зьезд можа ператварыцца ў міжпартыйную тусоўку. На Сойме вырашана афіцыйнае пастаўленьне да гэтага мерапрыемства выпрацаваць на наступным Сойме Партыі БНФ.

Шмат якія выступоўцы выказвалі заклапочанасьць тым, што апасьля прыезду ў Менск наваабранага кіраўніка Расеі, на Беларусь можа вараціцца ядзерная зброя. У сувязі з гэтым прафэсар Мікола Крукоўскі адзначыў, што цяпер на Беларусі няма шырокага руху супраціву расейскай акупацыі. Але цалкам магчымае ўзьнікненьне лякальных дывэрсыйных групаў.

Сойм прыняў, таксама, дадатковыя Заявы:
“Аб скажэньні скарочанай назвы Кансэрватыўна-Хрысьцянскай Партыі — БНФ у некаторых сродках масавай інфармацыі”

“Аб назве, статусе і кіраўніцтве грамадзкага аб'яднаньня "Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне”

Аб гэтым паведаміў сябра Сойму Уладзімір Плешчанка.


2000-04-11

З0 сакавіка кіраўніцтва Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Партыі БНФ зрабіла заяву “БЕЛАРУСЬ МУСІЦЬ БАРАНІЦЬ СВАЮ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ” аб масавым зьбіцьці і разгоне людзей у Дзень Волі 25 сакавіка.

Вайсковая апэрацыя супраць мірнага насельніцтва ў Менску, — гаворыцца ў заяве, — выразна засьведчыла акупацыйны характар існуючага рэжыму ўлады”. Аўтары тлумачаць, што цяпер відавочныя два засноўныя напрамкі расейскай агрэсыўнай палітыкі: бязьлітасная вайна з чачэнскім народам, і налажваньне спакваля вайсковага становішча на Беларусі.

Каб гэтаму супрацьстаяць, прапануецца ўсім партыям і арганізацыям спыніць “дыялёгі” зь незаконным прарасейскім рэжымам і выказаць агульнае патрабаваньне да 13-га Вярхоўнага Савету, ягонага Старшыні і в.а. Прэзыдэнта Беларусі Сымона Шарэцкага “ тэрмінова прыняць рашучыя захады па стварэньні законнага Ўраду і іншых уладных ворганаў”.

З асабістым лістом да суйчыньнікаў у Беларусі і за межамі Бацькаўшчыны “НЯ БУДЗЕ РАСЕЯ ПЛЯВАЦЬ НАМ У ТВАР” выступіў таксама Зянон Пазьняк.


2000-04-19

26 красавіка а 18-й гадзіне ля помніка Еўдакіі Лось (абласная бібліятэка) мы маем намер наладзіць хвіліну смутку з нагоды 14 -й гадавіны Чарнобыльскай трагедыі.

Запрашаем усіх, каму неабыякавы Чарнобыльскі боль Беларусі, пакінутай “саюзам” сам-насам зь вялікай бядой, далучыцца да нашага мерапрыемства.

Віцебская Рада Партыі БНФ

* * *

15 красавіка сёлета каля трыццаці сябраў Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ прынялі ўдзел у талацэ ў Курапатах.

На жаль, стала традыцыйнай ня толькі талака, але і варварскае разбурэньне вандаламі магіл. І сёлета талакоўцы мусілі пераахоўваць косьці ахвяраў камуністычнага рэжыму. Адбылося таксама упарадкаваньне месцаў пахаваньняў.

Прэс-служба Партыі БНФ


2000-04-21

Уладзімір Плешчанка атрымаў з абласнога суду адмоўны адказ на патрабаваньне адмяніць пастанову аб ягоным арышце 25 сакавіка.

Нагадаем, што тады старшыня Віцебскай Рады Партыі БНФ быў затрыманы пад час размовы з журналістам. Віна, як патлумачыў яму ў вадказе старшыня абласнога суду Т. Варановіч, была ў тым, што мейсца і час для размовы супадалі зь мейсцам збору віцяблянаў на несанкцыянаванае шэсьце. Пры гэтым довады пацярпелага і сьведкаў не пераважылі меркаваньне аднога сьведкі-міліцыянта.

* * *

З наступнага дня пасьля вызваленьня У.Плешчанка праводзіць збор подпісаў супраць расейска-беларускага “саюзу” у цэнтры горада.

Толькі аднойчы яго затрымала й выпусьціла міліцыя з прабачэньнямі. Бальшыня апытаных ім грамадзянаў абыякавыя да “саюзу”, трохі меней — “за”, супроць “саюзу” зусім мала, а падпісваюць і таго меньш.

Такое становішча Ул. Плешчанка лічыць зразумелым у варонках дзяржаўнай прарасейскай прапаганды. Выйсьце для незалежніцкіх сілаў ён бачыць толькі ў захоўваньні сваёй пазыцыі і прыцягваньні да яе грамадзкай увагі.

* * *

Анатоль Букачоў, які быў пакараны штрафам за цыдулку супроць “Славянскага базару”, атрымаў заработную плату без 50% часткі.

Яна пайшла ў даход дзяржавы па судоваму выканаўчаму лісту. Між тым згодна з законам адміністрацыя мае права.вылічаць толькі 20% ад заробка штомесяц. А гэты заробак у вартаўніка ўсяго 15000 рублёў. У рукі далі 7000 рублёў (7 $).

Вось і жыві ў рынкавым сацыялізме…


2000-04-26

Як і плянавалася, Віцебская Рада Партыі БНФ правяла ў цэнтры горада публічную хвіліну смутку з нагоды 14-й гадавіны Чарнобыльскай аварыі.

Ля помніку Еўдакіі Лось сябры Партыі БНФ, узяўшы ў рукі сьвечкі і абразы, апераязаўшы голавы чорнымі стужкамі, сталі ланцужком. Гуляючым у цёплы дзень віцяблянам раздаваліся тлумачальныя ўлёткі. Яны засьцерагалі:

НОВЫ САЮЗ — НОВЫ ЧАРНОБЫЛЬ!

РАСЕЙСКІЯ РАКЕТЫ — СЬМЕРЦЬ БЕЛАРУСІ!

НЕ — САЮЗУ З РАСЕЯЙ,
НЕ — ЯДЗЕРНАЙ ЗБРОІ НА БЕЛАРУСІ!

МАСКВА, ЗАПЛАЦІ ЗА ЧАРНОБЫЛЬ!

Да гэтай акцыі далучылася, нават старая бабулька, якая таксама запаліла сьвечку і трымала яе да самай апошняй хвіліны. Нешта было кранальнае ў гэтых пажылых жаноцкіх руках з агеньчыкам.

Улады не папярэджваліся. Але, у вадрозьненьні ад 25 сакавіка, ніхто не перашкаджаў. Калі ўжо падыходзіла да завяршэньня, тады падыйшоў міліцыянт і пацікавіўся сутнасьцю дзейства. Ягоную незадаволнасьць выклікаў, як заўжды, бел-чырвона-белы сьцяг. Ён запатрабаваў яго прыбраць з вачэй. Яму не падпарадкаваліся. Сьцяг застаўся.


2000-04-28

Інфармацыя Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ аб дзеяньнях рэжыму 26 красавіка 2000 г. (english)

Улады і грамадзяне Беларусі адзначалі 14-я ўгодкі Чарнобыльскай катастрофы па-рознаму. Лукашэнка правёў “трыюмфальнае” шэсьце па атручаных радыяцыяй раёнах Гомельшчыны, пераконваў людзей, што там трэба жыць і працаваць. А дзеля лепшага ўраджаю на радыяцыйнай глебе адорваў калгасы новымі трактарамі. Чарнобыльскі эксперымент незаконных уладаў над насельніцтвам краіны працягваецца. Лукашэнка заявіў пра гэта цынічна і нават з гумарам (паабяцаўшы адной пэнсіянерцы, калі яна захварэе, паклапаціцца аб ёй). На ўсю краіну было прадэманстравана наколькі небясьпечна мець кіраўніком краіны недасьведчанага чалавека, які дзеля ўтрыманьня ўлады хлусіць людзям, працягвае злачынства запачатае камуністычнымі крамлёўскімі ўладамі.

У гэты ж дзень у Менску, на пл. Бангалор, вядомым месцы прагулак гараджан з сабакамі, на балоцістай тэрыторыі адбываліся афіцыйныя мемарыяльныя мерапрыемствы. Спачатку туды сабралі людзей улады (якія праводзяць антыгуманны эксперымент). А ўвечары туды ж, на балота прывяла дзесяткі тысячаў грамадзян балотная апазыцыя (каб пратэставаць супраць гэтага ж эксперыменту). Улады міласьціва дазволелі завесьці “Чарнобыльскі шлях-2000” на ўскраіну сталіцы, падалей ад будынкаў, дзе дагэтуль кіруюць краінай вінаватыя ў чарнобыльскіх злачынствах чыноўнікі. Уладам трэба было паказаць міжнароднай супольнасьці, што ў Беларусі з правамі ўсё ў парадку, што ў нас дэмакратыя, што апазыцыя мае права правесьці шэсьце (куды ім будзе дазволена рэжымам), мае права ўдзельнічаць у “дыалогу” і “выбарах”, арганізаваных па сцэнару рэжыма.

Арганізатарам паходу на Бангалор было вядома, што нельга весьці людзей на балота, што вынік будзе на карысьць рэжыма. Аб гэтым ім было сказана. Зараз рэжым імкнецца загнаць беларусаў на Бангалор, затым спакойна ў Расею. Але, па дамове з уладамі, балотная апазыцыя засвоіла гэты новы для традыцыі чарнобыльскіх угодкаў ганебны маршрут.

Сябры і прыхільнікі Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і яго Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ вырашылі не сыходзіць з пл. Я. Коласа, выказаць свой пратэст у цэнтры сталіцы. Калі “балотныя лідэры” павялі людзей на Бангалор, на плошчы засталося некалькі соцен дэманстрантаў. Быў зачытаны зварот Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Партыі БНФ Зянона Пазьняка “Прэч акупацыйны Чарнобыль!”. Людзі ўшанавалі памяць ахвяраў катастрофы хвілінай маўчаньня, потым сьпявалі рэлігійныя і патрыятычныя песьні. Намесьнік Старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ абвесьціў пра пададзую ў Мінгарвыканкам заяўку на антываенны мітынг 8 траўня г.г. у скверы Я. Купалы.

Калі на пл. Я. Коласа пачалі падыходзіць новыя людзі і колькасьць дэманстрантаў пачала павялічвацца, да плошчы пад’ехалі некалькі аўтобусаў. Адтуль выскачылі дзесяткі спэцназаўцаў у чорнай уніформе, шлемах і масках, з дубінкамі і напалі на людзей. Білі дубінкамі і арыштавалі некалькі чалавек. Сярод іх Зьміцер Жураўчык, Андрэй Сацупа, 16-гадовы Сяргей Ануфрыеў і Андрэй Мычык, старшыня Чашніцкай арганізацыі Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Паводле інфармацыі дэпутатаў Вярхоўнага Савету 12-скліканьня, спэцназаўцы нагадвалі тыя спэцаддзелы, якія ноччу 12 красавіка 1995 г. захапілі будынак Вярхоўнага Савету і збівалі дэпутатаў апазыцыйнай фракцыі Беларускага Народнага Фронту. Гэта ўжо не беларускія часткі МУС. Расправу на мірнымі людзьмі чыняць галаварэзы са створанага і кіруемага ФСБ Расеі “антытэрарыстычнага цэнтру” у Беларусі.

27 красавіка 2000 г.
Прэс-служба БНФ “Адраджэньне”
і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

 

дахаты


Self Agency of News and Arguments (SANA)/ Vitinfarmbiuro