Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты // Форум
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

МІМІКРЫЯ ПСЭЎДАПАЛІТЫКІ І БЕЛАРУСКІ НАЦЫЯНАЛЬНА-ВЫЗВОЛЬНЫ РУХ

Сярод думаючых беларусаў, здаецца, ужо не засталося асобаў, якія б ня ўбачылі і не зразумелі, што выбарчы праект 2020 года з Бабарыкам-Цапкалам і Ціханоўскімі — гэта шматхадовы эфэсбоўскі план Крамля, аформлены праз Газпрам і яго арганізацыі ў Беларусі. Сутнасьць праекту — стварэньне ўмоваў для фармальна дэмакратычнай замены нелегітымнага Лукашэнкі на іншага, дэмакратычна абранага стаўленьніка Крамля. Для Масквы гэта было важна, каб зрабіць анэксію Беларусі з апорай на легітымную прамаскоўскую ўладу і на легітымнага прэзыдэнта. Лукашэнка тым часам псаваў чысьціню афёры і ня ўпісваўся ў міжнароднае права.

Але ня ўсё пайшло для Масквы гладка. Сотні тысячаў беларусаў выйшлі на пратэсты пад нацыянальным Бел-Чырвона-Белым Сьцягам. Рух набыў нацыянальна-палітычную афарбоўку. Нацыянальны Беларускі сьцяг стаў галоўным героем і галоўным ідэйным сымвалам пратэстнагна руху, які пры ўмове радыкальнага абвастрэньня мог бы пагражаць існаваньню рэжымнай улады ў Беларусі і стаць небясьпечным прыкладам для расейцаў, нездаволеных палітыкай Крамля.

Размах і характар беларускіх пратэстаў вырашыў пазыцыю Масквы. Асьцерагаючыся народнай актыўнасьці і рэвалюцыйнага прыкладу для Расеі, Крэмль падтрымаў Лукашэнку, махнуў рукой на сваіх “сядзельцаў” (якіх Лукашэнка засадзіў надоўга), а бяздумна-адданую Маскве і разгубленую Сьвятлану Ціханоўскую вывезьлі ў Вільню, там прыставілі да яе ахову і выдзелілі 400 тысячаў эўра ў год на існаваньне за кошт Летувы. Такі вось паварот з прыцэлам на прафанацыю апазыцыйнай нішы ў Беларускім руху (клясычная тэхналёгія, якая задаволіла і Маскву, і Брусэль).

Другі пасаж — удар па ўяўленьнях і фатальная прабоіна ў зьмесьце палітычнага існаваньня прамаскоўскай групоўкі Латушкі-Ціханоўскай здарыўся ў студзені-лютым 2022 года, калі нечакана для групнікаў Масква ўвяла войскі, акупавала Беларусь і зь Беларусі напала на Украіну, дэманструючы людабойства і фашысцкую сутнасьць вайны.

Усё гэта паралізавала мазгі пасьлядоўнікаў “мудрага Пуціна”, “братской России” і працэсаў “інтэграцыі”.
Праз месяц разгубленасьці, агледзеўшыся, група паступова набыла антываенную рыторыку і, пазьбягаючы канкрэтызацыі, стала асвойвацца ў нечаканых абставінах, ганячы агрэсію супраць Украіны. Але палітычная цнатлівасьць ўжо была страчана. І што рабіць?

І вось тут — увага! Рашылі штучна вярнуцца ў цноту, у нявіннасьць (такое бывала ў жыцьці). Ні слова пра “мудрасьць” крамлёўскага гнома. Ён — агрэсар. Загаварылі пра “аб’яднаньне ўсіх дэмакратычных сілаў”, пра стварэньне агульнага народнага беларускага руху супарць Лукашэнкі, і нават пра “беларускае нацыянальнае адзінства”, і г. д., і т. п.

У сярэдзіне траўня гэтага году “дэмакраты” сабраліся ў Варшаве па ініцыятыве спадара Цапкалы, які пакрыўджаны і вельмі не задаволены разьмеркаваньнем эўрафінансаў на “беларускую дэмакратыю”.
На канфэрэнцыі ўсе “харашо” выступалі па-руску за нацыянальнае “единение”, але часу не хапіла, і вырашылі яшчэ сабрацца ў першай палове ліпеня ў Бэрліне (гэта якраз тое месца, дзе “дэмакратам” якраз добра “обьединиться”, лепш было б толькі ў Маскве).

Ініцыятыва спадара Цапкалы не засталася незаўважанай другімі “беларускімі дэмакратамі”. Аб надзяваньні маскі беларускага нацыянальнага руху задумаліся ў групоўцы Латушкі-Ціханоўскай. Гэта ж такі выхад з тупіка. Пра беларускае “народное движение” групнікі таксама зьбіраюцца гаварыць, магчыма, нават неўзабаве.

Усю гэтую мімікрыю агентуры і палітычную банальшчыну беларусы бачылі ўжо ня раз у гісторыі, нават аскому набілі. Мімікрыя пад беларускую форму — гэта тыповы прыём расейскага імпэрскага каляніялізму ў змаганьні зь беларускім нацыянальна-вызвольным рухам. Мэтодыку распрацавала яшчэ расейская царская жандармэрыя.

Перад 1-й Сусьветнай вайной, напрыклад, чыноўнікамі расейскага Міністэрства ўнутраных спраў было створана ў Вільні так званае “Белорусское общество” для барацьбы зь беларускім нацыянальна-вызвольным рухам, з “Нашай Нівай”, зь Беларускай Сацыялістычнай Грамадой і г. д. Узначаліваў яго такі палітычны прахіндзей чарнасоценнага кшталту і беларускі вырадак нейкі Лукаш Саланевіч. “Белорусское общество” выдавала газэту “Белорусская жизнь” (пазьней — “Северо-западная жизнь”), выступала за “белорусский народ”, за “Белоруссию”, за “красивую белорусскую природу, но против белорусского языка” і г. д.

У 1919 годзе, акупаваўшы Беларусь і скарыстаўшы беларускіх камуністых, расейцы нават нібыта беларускую савецкую без незалежнасьці, з шасьці паветаў дзяржаву зацьвердзілі (у якой потым перадушылі і перасстралялі ўсё беларускае). Тут мэтодыка была ў шырокім маштабе. Нават ідэалегему для зьнішчэньня беларускай культуры прыдумалі, маўляў, яна “национальная по форме и коммунистическая по содержанию”. Неўзабаве “содержаніе” сажрала і форму.

Тое ж шырока практыкавалася ў 1990-х (інтэрфронт супраць народных франтоў). У 1991 годзе, напрыклад, з ініцыятывы КГБ і Савета міністраў было створана супраць БНФ так званае “Народное движение Белоруссии” (з бюджэтам у тры мільёны даляраў з дзяржаўнай казны). Рашылі перахапіць справу БНФ на русіфікатарскі капыл. Начале “движения” паставілі канторскага чалавека Сяргея Гайдукевіча. Посьпеху “движение” ня мела, але мэтодыка тая ж (і бюджэт скарысталі).

Што датычыць грошай (тут між іншым), то ня ў прыклад цяперашняй Брусэльскай Эўракамісіі, прэм’ер Кебіч (ён жа афіцэр КГБ, як потым стала вядома) тварыў з выдумкай. Арганізавалі фіктыўна-падстаўную арганізацыю “Комитет солдатских матерей”. “Мацерам” выдзелілі ўрадавую дапамогу ў тры мілёны даляраў, пасля чаго “мацеры” ўступілі ў “Народное движение Белоруссии”. Далей вядома.

У той час гэб’ё стварала нават беларускія партыі “для борьбы за демократическую Белоруссию”. Так была створана Нацыянальна-дэмакратычная партыя Беларусі. У ліпені 1991 года старшыня гэтай партыі Алесь Емельянаў у парыве пачуцьцяў пайшоў у рэдакцыю газэты “Свободные новости” і заявіў для друку, што ён ёсьць “сексот” КГБ (гл. Алесь Емельянов: “Я был сексотом КГБ”, — “Свободные новости”, — 1991, июль, №10, стар.7)

Тое ж было ў 2000-м, калі нямецкі разьведчык Ганс Вік (ён жа старшыня Менскай Місіі АБСЭ) разам з КГБ (засьведчана ў друку) раскалолі Беларускі Народны Фронт і стварылі новую “беларускую дэмакратычную апазыцыю”, якая арыентавалася на Захад (на заходнія гранты), дружыла з Масквой і пускала “паперадзе дэмакратыю”, але не “беларускі язык” (выказваньне С. Аліксіевіч).

Супраца нямецкіх афіцыйных асобаў з расейска-арыентаванай “дэмакратыяй” і з КГБ у барацьбе за “дэмакратыю” ў Беларусі і за аб’яднаньне Беларусі з Расеяй (засьведчана ў друку) распачала новую эру ў жыцьці беларускай квазі-апазыцыі. Нарадзілася арыгінальная “халяўная” зьява — палітычны бізнэс (спажываньне грошай) на справе апазыцыйнага руху шляхам выкарыстаньня эўрапейскіх датацыяў і грантаў.

У гэтым палітбізнэсе галоўнае патрабаваньне да паводзінаў апазыцыяністаў гучэла так — каб былі за дэмакратыю, каб разам з Расеяй і каб ніякага беларускага нацыяналізму. Інакш — грошай ня будзе. Гэтая паразітная парадыгма палітбізнэсу дзейнічае ў квазі-апазыцыі па сёньняшні дзень.

Цяпер, у выніку расейскай акупацыі, агрэсіі і вайны, мы зьяўляемся сьведкамі крызісу галоўнага пастулату заходніх лявацкіх грантадаўцаў. Пастулат гучэў так: супраць дыктатуры Лукашэнкі, але разам з Расеяй. І вось аказалася, што на “разам з Расеяй” ужо не паедзеш.

Магчыма Брусэль таксама рашыў наступіць на горла сваёй антынацыянальнай песьні. Але сумняваюся, хутчэй за ўсё прыдумаюць эўфемізмы. Па грантаемцах відаць. Зараз грантаемцы, каб мець датацыі зьбіраюцца схавацца ў патрыятычныя маскі, спрабуюць сыграць супраць рэжыму Лукашэнкі на дэмагогіі пра народ, на рыторыцы пра аб’яднаньне нацыі ў дэмакратычны нацыянальны рух. Толькі ведаем мы гэтых зрусіфікаваных саўкоў і іхныя матэрыяльныя інтарэсы .

Ёсьць таксама палітычная прычына маніпулятыўных паводзінаў псэўдаапазыцыі. Справа ў тым, што рашыстам даўно муляе і непакоіць стварэньне Беларускага Нацыянальнага Сакратарыяту і Нацыянальна-вызвольнага руху “Вольная Беларусь”, які разьвіваецца здаўна, валодае дасканалай Праграмай пераўтварэньня Беларусі ў вольную краіну, суполкамі ў Беларусі і за мяжой, кантактамі з замежнымі палітычнымі структурамі і магчымасьцямі ўплыву.
У верасьні мінулага года, назіраючы палітычны крызіс і набліжэньне вайны, Беларускі Нацыянальны Сакратарыят аб’явіў, што ў выпадку рэзкіх пераменаў і ў выпадку сканчэньня рэжыму Лукашэнкі, Сакратарыят бярэ ў рукі адказнасьць за лёс краіны і ўскладзе на сябе ролю Часовага ўраду Беларусі. Рыхтуецца да гэтага цяпер, як Часовы урад і адчувае абавязкі. Некіруемага балагану і ўсялякіх “нэкстаў” 2020 года больш ня будзе. Мы ведаем, што трэба рабіць, маем вопыт і падтрымку там, дзе не ўплываюць ніякія рэжымныя і перакупленыя квазідэмакратычныя групы. Беларуская пазыцыя ўмацоўваецца. Ніякая інфармацыйная блакада нам не перашкодзіць.

Тое, што ў грантавых рускаформных групоўках зьявілася рыторыка пра аб’яднаньне ўсіх нацыянальных сілаў, пра народны беларускі рух і т. п. — гэта якраз праява традыцыйнай расейскай мэтодыкі падставы і прафанацыі ў змаганьні з рэальным Беларускім нацыянальным рухам. Але нічога не атрымаецца ў маніпулятараў. Рэальны беларускі нацыянальны рух існуе і зробіць сваю справу.

У бліжэйшы час Беларускі Нацыянальны Сакратарыят руху “Вольная Беларусь” шырэйшым колам (і шырэйшым сходам) будзе разглядаць праграмныя палажэньні і дзеяньні дзеля існаваньня беларускай нацыі ва ўмовах акупацыі і вайны.

У заключэньні хачу нагадаць аб патрэбе стварэньня суполак руху “Вольная Беларусь” на Бацькаўшчыне пад акупацыяй. (Згодна з апублікаванай мэтодай — толькі 2-3 асобы ў суполцы, гарызантальная сувязь праз адну асобу; адпаведнае захаваньне.) За мяжой — вольнае ўтварэньне.

Беларускі Нацыянальны Сакратарыят руху “Вольная Беларусь” зьяўляецца, фактычна, аргкамітэтам Руху. Ён узяў на сябе задачы інфармацыі, каардынацыі, сектаральнай працы, вызначэньне нацыянальнай палітыкі і нацыянальнай ідэалёгіі Руху.

Нагадаю галоўныя прынцыпы і пастулаты:

1. Дзяржаўная незалежнасьць Беларусі.
2. Дзяржаўная Беларуская мова.
3. Вольнае дэмакратычнае грамадзтва.
4. Расея — вораг Беларусі.
5. Вяртаньне законнай Канстытуцыі 1994 года.
6. Вяртаньне Беларускага дзяржаўнага Бел-Чарвона-Белага сьцяга і гэрба Пагоня.
7. Парляманцкая рэспубліка.
8. Выбары Вярхоўнага Савета па мажарытарнай сістэме (пакуль ні створыцца партыйная сістэма палітыкі).
9. Адмена лукашысцкага заканадаўства.
10. Выхад з усіх антынародных дамоваў і саюзаў з Расеяй.
11. Балта-Чарнаморская супольнасьць.
12. Супраца з Захадам
13. Дабраахвотная падтрымка Украіны ў вайне супраць расейскай акупацыі.
14. Дэрусіфікацыя.

ЗАЎВАГІ.
Падчас дзейнасьці Часовага нацыянальнага ўраду (БНС) будзе скарыстаная мэтода хуткай і безбалеснай зьмены ўлады па ўсёй Беларусі з выкарыстаньнем існуючых адміністрацыйных кадраў.

Люстрацыя толькі пасьля стварэньня Парляманту. Парлямант (”Вярхоўны Савет” па Канстытуцыі) прымае закон аб люстрацыі.

Для суду над Лукашэнкам (пры ўмове, калі ён будзе арыштаваны) і над лукашысцкімі злачынцамі супраць Беларускай нацыі і супраць чалавецтва (пры ўмове іх арышту) будзе створаны (парлямантам) Адмысловы Беларускі Трыбунал. Палажэньне аб сьмяротным пакараньні можа быць абмежавана альбо выключана з Крымінальнага Кодэксу толькі пасьля заканчэньня працы Адмысловага Беларускага Трыбуналу (пры ўмове рашэньня парляманту).

4 ліпень 2022 г.
Зянон ПАЗЬНЯК
(Ад Беларускага Нацыянальнага
Сакратарыяту руху “Вольная Беларусь”)

5/7/2022 › Навіны, Зянон Пазьняк


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Ліпень 2022
П А С Ч П С Н
« Чэр   Жні »
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ

Народная Перамога

[ Усе сябры ]




Лічыльнік:


Беларуская Салідарнасьць // Усе правы абароненыя // 2000—2022
Сувязь