Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты // Форум
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон ПАЗЬНЯК: ЗАЦЕМКІ ПРА НАЦЫЮ І СВАБОДУ

Спачатку ўзьнікае ўсьведамленьне сваіх і чужых. Потым зьяўляецца сьведамасьць агульнай мовы і тэрыторыі. Затым настае дзеяньне па забесьпячэньні парадку і свабоды дзеля жыцьця кожнага і для ўсіх сваіх. Фармуецца нацыянальная ідэялогія. Ствараецца нацыянальная дзяржава. Тут схема ўтварэньня нацыі.

Асобным чыньнікам у гэтым разьвіцьці ёсьць рэлігія. Яна ўлучана ў працэс жыцьця нацыі і адыгрывае кансалідуючую ролю. Калі рэлігія ня ўлучана ў нацыянальны працэс, тады нацыя можа страціць свабоду альбо нават яе не здабыць. Пэрыяд утварэньня нацыяў – XVIII — пачатак XX-га стагоддзяў.

* * *
Нацыя – гэта вынік разьвіцьця і дзейнасьці народа. Па сваёй грамадзкай прыродзе нацыя імкнецца да сумеснага існаваньня, да агульнай супольнай справы, выяўляе імкненьне да дэмакратычнай формы ўлады.

Нацыя стварае ўмовы для гістарычнага аптымальнага разьвіцьця супольнасьці, зацікаўлена і спрыяе індывідуальнай рэалізацыі асобы ў межах нацыянальнага парадку і нацыянальнай свабоды. Нацыя абараняе нацыянальныя каштоўнасьці, нацыянальную супольнасьць, нацыянальную ідэнтычнасьць, нацыянальную асобу і нацыянальную свабоду.

* * *
Калі нацыя траціць свабоду (напрыклад, у выніку акупацыі), яна здольная выжыць тады, калі зможа зьберагчы сваю мову, рэлігію і культуру. Гэта залежыць ад волі акупаванай нацыі, ад рэжыму акупацыі і ад часу трываньня несвабоды. Вельмі важна таксама зьберагчы этнічную (аўтэнтычную) частку насельніцтва.

Калі ва ўмовах несвабоды дзейнічае палітыка акупантаў аб ліквідацыі нацыі шляхам генацыду, этнацыду, лінгвацыду, асіміляцыі, фізічнага вынішчэньня набілітэту, элітаў, актыўных, разумных і заможных людзей, асацыяцыяў і носьбітаў культуры, тады нацыя яшчэ можа нейкі час выжываць, захоўваючы мову, нацыянальную сьведамасьць і пачуцьцё нацыянальнай годнасьці.

Нацыянальная годнасьць і мова – гэта тое першае, што імкнецца разбурыць зьнішчальнік, гэта значыць – зламаць волю да супраціву, да захаваньня сябе і сваёй тоеснасці, прышчапіць псіхалогію нявольніка (раба), залежнага ад нішчыцеля і акупанта.

* * *
Першай прыкметай зьяўленьня нявольніцкай (каланіяльнай) псіхалогіі становіцца адмаўленьне ад нацыянальнай мовы.* Адмаўленьне ад мовы – гэта ёсьць адмаўленьне ад свабоды. Гэта крок у псіхалагічнае падпарадкаваньне перад акупантам (каланіялістам). Гэта параліч жаданьня і волі да барацьбы за нацыю. Тым часам толькі праз супраціў і змаганьне можна вярнуць незалежнасьць і свабоду.

* * *
Чым даўжэй цягнецца акупацыя і палітыка ліквідацыі нацыі, тым цяжэйшыя ўмовы і магчымасьці для нацыянальнага адраджэньня і свабоды, бо ў выніку доўгіх пастаянных рэпрэсіяў і ўціску адбываецца нэгатыўны генетычны і сацыяльны адбор насельніцтва, дзе нявольніцкая (каланіяльная) псіхалогія становіцца натуральнай зьявай, тыпам думаньня і паводзінаў.

Для нацыі, якая знаходзіцца ў пэрманэнтным крытычным стане акупацыйных рэпрэсіяў і выжываньня, істотным чыньнікам адраджэньня зьяўляецца наяўнасьць ідэі нацыянальнага адраджэньня і жыцьцё носьбітаў гэтай ідэі.
Пакуль ёсьць носьбіты і генератары адраджэньня, нацыя мае магчымасьць адрадзіцца цалкам, нягледзячы на тое, што нішчыцелямі сьветачаў нацыянальнай свабоды становяцца таксама свае «нявольнікі», дакладней, жыхары, што вырасьлі ў няволі і перанялі ідэалогію акупантаў.

Сацыяльна-псіхалагічная складанасьць у тым, што нявольнікі чужой волі ёсьць аўтэнтычным аб’ектам адраджэньня нацыі. Адраджэньне магчымае тады, калі зьявяцца вольныя людзі пазбаўленыя нявольніцкага думаньня; яно здольнае перамагчы тады, — калі ўзьнікне крытычная маса такіх людзей. (Прытым не абавязкова каб іх была бальшыня.)

* * *
Адраджэньне пачынаецца ад ідэі, ад усьведамленьня годнасьці і адчуваньня ідэнтычнасьці сваёй супольнасьці. Наступны крок – прызнаньне нацыянальнай мовы сваёй мовай, нават жывучы ў рэжыме чужой асіміляцыі (гэта значыць, не валодаючы сваёй мовай). Чарговы крок – вяртаньне да нацянальнай мовы. (Часам яно вымагае аднаго-двух пакалньняў.)

Адраджэньне нацыі рухаецца, як правіла, ў рэжыме паскарэньня, патрабуе меншага часу для рэалізацыі, але мераецца пакаленьнямі.

* * *
Вымушаная гвалтоўная страта нацыянальнай тэрыторыі (прымусовае перасяленьне на чужыну, масавая дэпартацыя з радзімы, асабліва з распарушэньнем народа па розных месцах) – гэта нацыянальная катастрофа.** Ацаленьне нацыі залежыць тут ад салідарнай волі пераселеных, ад рэжыму на чужой тэрыторыі, ад дэмаграфічнага адзінства і ад часу трываньня на чужыне.***

Пры невяртаньні на сваю зямлю, ва ўмовах пэрманэнтнага працягу рэпрэсій, асіміляцыі, адмаўленьня ад нацыянальнай мовы і адсутнасьці супраціву – нацыя зьнікае. (Выключэньнем стаў толькі габрэйскі народ, які ад старажытнасьці меў прыкметы нацыі.)

7 сьнежань 2021 г. Зянон ПАЗЬНЯК
—————————————————
*Заўвага 1. Трэба адрозьніваць сьведамы індывідуальны выбар, асабістае адмаўленьне ад сваёй нацыянальнай мовы (пры захаваньні прыналежнасьці да нацыі) і пасіўнае (часта неусьвядомленае) падпарадкаваньне асіміляцыйным моўным абставінам у акупаваным соцыуме пры захаваньні ідэнтычнасьці.

**Заўвага 2. Дабрахвотнае (негвалтоўнае) перасяленьне часткі народнай супольнасьці на іншыя малазаселеныя тэрыторыі (вядомыя ў гісторыі як каланізацыя) не зьяўляецца народнай катастрофай, прыводзіць да пашырэньня анклаву рассяленьня альбо да ўтварэньня новых (эміграцыйных) нацыяў.

***Заўвага 2. Палітычная эміграцыя часткі нацыянальнай супольнасьці ў іншыя краіны можа мець выратавальнае значэньне для прыгнечанай метраполіі, калі эміграцыя адбылася ў выніку ўцёкаў ад акупацыі, ад генацыду і нацыянальнага перасьледу. Але ўзровень нацыянальнага разьвіцьця ў эміграцыі залежны з большага ад тых жа чыньнікаў, што і пад акупацыяй (нацыянальная воля, нацыянальная сьведамасьць, нацыянальная мова, нацыянальная салідарнасьць, нацыянальная адукацыя і культура, рэлігія, пасіянарнасьць і інш.).

10/12/2021 › Навіны, Зянон Пазьняк


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Сьнежань 2021
П А С Ч П С Н
« Ліс   Сту »
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ

Народная Перамога

[ Усе сябры ]




Лічыльнік:


Беларуская Салідарнасьць // Усе правы абароненыя // 2000—2022
Сувязь