Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты // Форум
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон ПАЗЬНЯК: РАЗВАГІ Ў ПАЧАТКУ ГІБРЫДНАЙ ВАЙНЫ

У змаганьні з Эўразьвязам Масква дасягае вынікаў. Гэта факт. Эміграцыйная атака і маніпуляваньне ўцекачамі з Блізкага Усходу цалкам ізалявалі рэжымную групоўку Лукашэнкі (а рэальна — Беларусь) ад суседзяў і ад рэшты краінаў дэмакратычнай Эўропы.
Рэспубліка Польшча і Прыбалтыйскія рэспублікі ўвялі надзвычайны стан у памежнай зоне. Праз тыдзень Масква пачынае свае ваенныя вучэньні на тэрыторыі Беларусі — “Захад-21″.

Усё гэта называецца стварэньнем напружаньня на межах. У такой сітуацыі палітыка міжлюдзкіх і міжнародных кантактаў не адбываецца. Мэта Крамля дасягнута — кліент (Лукашэнка) у лапах Масквы.

Брусэль разглядае сітуацыю з наплывам мігрантаў як гібрыдную вайну Пуціна-Лукашэнкі супраць Эўразьвязу.

Скандальная сітуацыя сталася ў Польшчы. На нэўтральнай памежнай паласе ўжо доўгі час днююць і начуюць уцекачы з Блізкага Усходу, якія хочуць трапіць у Нямеччыну.

Польскія памежнікі і войска іх не пускаюць, ствараюць засекі з калючага дроту.
Гэта раскалола польскае грамадзтаа. Левая апазыцыя патрабуе “чалавечнасьці” адносінаў і каб прапусьцілі гэтую групу ўцекачоў.

Права-патрыятычная ўлада забараняе прапускаць уцекачоў, бо баіцца прэцэдэнту, пасьля якога тысячы мігрантаў (як мяркуе ўрад) хлынуць у Польшчу.

Праўду кажуць і першыя, і другія, але праблема не вырашаецца.

Улічваючы, што ў аснове праблемы ёсьць жыцьцё, здароўе і лёсы людзей, урадавая (палітычная) пазыцыя маральна будзе падаць, а апазыцыйная (нібы “гуманістычная”) — узмацняцца.
Наперадзе восень, халады.

Магчыма і першыя, і другія палітыкі будуць стаяць на пазыцыях цьвёрда. Але толькі да першай сьмерці ўцекача, якую зваляць на ўрад. Пуцін пляскае ў ладкі.

Выхад тут просты і відавочны, на які, праўда, сумняваюся, што палітыкі здольныя.
У аснове ўсяго гэтага ёсьць адносіны да дыктатуры Лукашэнкі і да лёсу Беларусі.

Падзеі выглядаюць так, што ў інтарэсах беларускага народа трэба адмяніць авія-пасажырскую і наземна-транспартную блакаду Беларусі. Трэба аднавіць міжлюдзкія сувязі і кантакты паміж народамі, камунікацыі з грамадзтвам.

Другое — прыпыніць эканамічныя санкцыі, замарозіць іх (бо санкцыі ўладу дыктатара ня зваляць), і ўступіць у перамовы з працілеглым бокам аб спыненьні рэпрэсіяў, катаваньняў людзей, аб спыненьні перасьледу грамадзянскай супольнасьці. Яшчэ ёсьць час.

У самым пачатку гібрыднай вайны, каб спыніць эскалацыю, трэба патушыць вогнішчы з абодвух бакоў, гэта значыць пачаць размаўляць. Палітыка загнаць узурпатара ў пастку (у Расею) коштам жыцьця беларускага народа — гэта ёсьць эгаістычная палітыка варварства і барбажынства.

І справа ня ў тым, што такіх палітыкаў ня вучаць ні Куба, ні Паўночная Карэя, ні Венесуэла, ні Лібія, ні Аўганістан. Справа ў тым, што яны думаюць, што рабілі добра.

Тым больш цяпер трэба патрабаваць ад іх спыніцца, прыпыніць эканамічныя санкцыі супраць народу Беларусі, спыніць палітыку татальнай эканамічнай блакады, у якой выжываюць толькі дыктатары, але церпіць народ.

А што датычыць нашай краіны, то эканамічныя санкцыі і блакада, гэта ёсьць загон да анэксіі, да страты суверэнітэту, да інтэграцыі Беларусі ў Расею.

Але тое мусім зразумець мы, беларусы, бо найперш мы самы можам сябе ўратаваць. Вялікія магчымасьці дзеля гэтага ёсьць. Рэалізуймася.
Пачнем з сябе. З сваіх дзяцей. Першым пунктам, самым галоўным і самым лёгкім мусіць быць Беларуская мова.

Тут аснова, паводле якой будзем жыць, якая адчыніць магчымасьці для нацыянальных ідэй, для беларускай палітыкі, для беларускага руху і да стварэньня беларускага ўраду, да разуменьня сутнасьці нацыянальнага існаваньня.

3 верасень 2021 г. Зянон ПАЗЬНЯК
http://www.narodnaja-partyja.org/…/razvagiupacatkugibry…

4/9/2021 › Навіны, Зянон Пазьняк


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Верасень 2021
П А С Ч П С Н
« Жні   Кас »
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ

Народная Перамога

[ Усе сябры ]




Лічыльнік:


Беларуская Салідарнасьць // Усе правы абароненыя // 2000—2021
Сувязь