(Ліст да сяброў КХП – БНФ)
Вынік выбарчай кампаніі прадвызначаны парадыгмай узурпатара: Адступаць няма куды — улада альбо сьмерць. Гэта азначае, што выбарнасьць для ўзурпатара будзе забясьпечвацца любой цаной. Выснова гэтая крыху захісталася, калі зьявіўся пратэстны рух Ціханоўскага “Стоп, таракан!”. Але пасьля арышту Ціханоўскага і беларускіх патрыётаў усё вярнулася да злавеснай парадыгмы. 76 адсоткаў за ўзурпатара ўжо нават агучана.
З гледзішча патрабаваньняў захаваньня аўтарытарнай улады ў крытычных абставінах сатрап дзейнічае дакладна і безаглядна (хіба што з подпісамі спойлераў Ярмошына “нахімічыла”, але гэта дробязь). Па схеме захаваньня ўлады ўзурпатара банкір Газпраму мусіць быць не зарэгістраваны, асуджаны і пасаджаны ў турму мінімум на 6 гадоў. Такое рашэньне выключае рызыкі для сатрапа. Першая рызыка — гэта магчымасьць непрадбачанага павароту ЦВК і Ярмошынай (агентура ФСБ). І другая рызыка — верагоднасьць пратэстнай плошчы, што вымусіць сатрапа яе задушыць сілай і граміць усё грамадзтва. Прытым ня выключана ўмяшаньне Масквы. Усё гэта не на карысьць узурпатару.
Невыкананьне неабходных дзеяньняў будзе сьведчыць пра змову з Пуціным, у якой сатрапу не было выхаду.
Пра шансы для беларусаў, каб іх цяпер не пашкодзіць, можна будзе адкрыта казаць пасьля 14 ліпеня.
12 ліпень 2020 г.Зянон ПАЗЬНЯК