Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты // Форум
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон ПАЗЬНЯК: ПРА БАНКІРАЎ І ЛУКАШЭНКУ

Артыкул “Прэч з Бабарыкам!” выклікаў шмат камэнтароў розных людзей. Я зьвярнуў увагу, што ня толькі тролі і тыпу “экспэрты”, але і некаторыя разумныя людзі часта кажуць не па тэме інфармацыі, выказваюцца “электаральна” і спрачаюцца між сабой, маўляў, “ён” за Бабарыку ці за Лукашэнку? Але так пытаньне не стаіць. Тут спрацавала, відаць, электаральнае дадумваньне. Размова ў артыкуле аб іншым. Аб нацыянальным інтарэсе. Мяркую, што перакосу ва ўспрыняцьці мог паспрыяць тэзісны характар майго кароткага тэксту і ўжываньне метафар (”вірусы” і т. п.)

Відаць, патрэбны быў больш тлумачальны, апісальны і шматслоўны мэтад выкладаньня. Дык паўтаруся яшчэ раз іншымі словамі.

Улада

Размова йдзе пра ўладу, якая мусіць адпавядаць нацыянальным інтарэсам. Нацыянальныя інтарэсы прадугледжваюць абавязковы рэестар каштоўнасьцяў. Сярод іх вызначаем асноўныя, без якіх сістэма падае і разбураецца. Для беларусаў і, практычна, для ўсіх нацый — гэта дзяржаўная незалежнасьць і нацыянальная дзяржаўная мова.

Калі асоба, якая прэтэндуе на ўладу, адмаўляе гэтыя асновы альбо хавае сваю адмоўную пазыцыю ў дэмагогіі, агаворках, прапановах ды разважаньнях, то дзейнасьць такой асобы ва ўладзе будзе на шкоду нацыі і людзям.

Найбольш небясьпечны такі суб’ект у аўтарытарнай сістэме, калі ад яго залежыць шмат. З гэтага вынікае, што асоба, якая, спадзеючыся на выбары, прэтэндуе на пасаду прэзыдэнта, аб’яўляе, што будзе праводзіць лепшую палітыку і адначасна не дэкляруе адмены існуючай аўтарытарнай квазіпрэзыдэнцкай сістэмы татальнага кіраваньня, не заяўляе аб неабходнасьці парляманцкай сістэмы ўлады, — такая асоба банальна йдзе ў існуючую антынародную сістэму на зьмену Лукашэнку.

Тым часам электарат, які не патрабуе ліквідацыі такой квазіпрэзыдэнцкай сістэмы і ўвядзеньня парлямантарызму, — такі электарат аб’ектыўна пагаджаецца на зьмену дыктатара замест ліквідацыі сістэмы дыктатуры. Гэта мы назіраем на ўсіх псэўдавыбарах пасьля 1994 года. Гэта мы бачым і цяпер.

Лукашэнка

Аўтарытарная сістэма, выбудаваная Лукашэнкам пры дапамозе Масквы, не стаіць на слупах дзяржаўнай незалежнасьці і дзяржаўнай беларускай мовы. Дзяржаўная незалежнасьць тут прадмет палітычнага гандлю. «Дзяржаўная» беларуская мова – аб’ект рэжымных рэпрэсій. Сістэма мае антынацыянальны антыбеларускі характар, стварае тупіковы стан эканомікі, стагнацыю грамадзкага разьвіцьця, дэградацыю нацыянальнага існаваньня. Шлях краіны пры аўтарытарнай уладзе Лукашэнкі вядзе да вынішчэньня беларускай мовы і страты дзяржаўнай незалежнасьці.

Асаблівасьцю праўленьня агрэсіўнага антыбеларускага рэжыму Лукашэнкі, які, здавалася б, за чвэрць стагоддзя ўжо мусіў бы зьнішчыць самаідэнтыфікацыю беларускай нацыі, сталася тое, што ідэалёгія нянавісьці ўзурпатара да беларусаў выклікала адваротны эфэкт. Беларуская нацыя кансалідавалася на аснове адмаўленьня ўлады, палітыкі і асобы ўзурпатара. Гэта азначае, што аўтарытарыст страціў свой электарат. Палітычнай будучыні ўзурпатар ня мае. Ён успрымаецца як абсалютнае зло.

Чарговая “элегантная перамога” узурпатара на псэўдавыбарах (што найбольш верагодна) толькі ўзмоцніць нацыянальную кансалідацыю беларусаў. Канец яго ўлады прадбачаны і відавочны. Найлепш, каб гэта адбылося праз правал псэўдавыбараў 9-га жніўня і прызначэньня новых выбараў без Лукашэнкі.

Але, паўтаруся, чым больш ён будзе на пасадзе сядзець, тым больш будзе выклікаць ўмацаваньне пратэстнага адзінства і нацыянальнай арганізацыі беларусаў. Зразумела, што ўзурпатар можа здаць краіну, ратуючы скуру. Але здача краіны ў гэтым разе спаткае ўжо супраціў скансалідаванай беларускай нацыі. Практычна, тут будзе беларуская перамога.

Нелукашэнка

Мы бачым, што Масква грунтоўна падрыхтавала падвойную альтэрнатыву Лукашэнку на гэтых выбарах (банкір Газпрама і гэбіст). Супернікі ўзурпатара ідуць на пазыцыях існуючай прэзыдэнцкай сістэмы ўлады, катэгарычна не абапіраюцца на дзяржаўнасьць беларускай мовы, не падразумеваюць дзяржаўную незалежнасьць Беларусі як абсалютную каштоўнасьць нацыі, і не ўяўляюць палітыкі Беларусі асобна ад Расеі. Падтрымка такой альтэрнатывы з боку грамадзтва ўзьнікае неасэнсавана і стымулюецца на электаральнай хвалі “абы не Лукашэнка”. Пры няўдачы плану з банкірам, выкананьне яго бярэ на сябе дублёр, гэбіст Цапкала.

Практычна, тут падрыхтавана замена ў сфэры адной масьці, якая хвілёва можа стацца для Беларусі больш небясьпечнай, чым адыёзная нелігетымная ўлада ўзурпатара, якога адмаўляе народ.
НА СЁНЬНЯШНІ ДЗЕНЬ БАБАРЫКА І ЯГОНЫ ДУБЛЁР ЦАПКАЛА ЁСЬЦЬ ПАТЭНЦЫЙНА БОЛЬШ ШКОДНЫЯ ВОРАГІ ДЛЯ БЕЛАРУСКАЙ НАЦЫІ, ЧЫМ ЛУКАШЭНКА.

Большая небясьпечнасьць заключаецца ў тым, што, калі б прэзыдэнтам апынуўся банкір (ці ягоны дублёр), то ў адрозьненьні ад нелегітымнага узурпатара ён стане легітымнай асобай улады. Акты, прынятыя і падпісаныя ім не на карысьць Беларусі, будуць мець юрыдычную сілу, прызнанаюцца міжнародным заканадаўствам. Вось тут ужо ўсялякія саступкі, гешэфты і падпісаныя дакуманты з Масквой стануць для беларусаў рэальна пагрозьлівыя для нацыянальнага існаваньня і пазбавіцца ад расейскай павуціны будзе значна цяжэй.

Другі аспэкт небясьпечнасьці заключаецца ў тым, што сцьвярджэньне банкіра ва ўладзе як альтэрнатывы ўзьненавіджанаму ўзурпатару будзе падтрымана электаратам, і ўсе ягоныя дзеяньні насуперак нацыянальным інтарэсам (асабліва напачатку) не спаткаюць электаральнага супраціву. Такім чынам пад сьцягам нібыта дэмакратыі і ліквідацыі дыктатуры, Масква, скарыстаўшы момант, акуратна зробіць тое, што не змагла да канца ажыцьцявіць з вар’ятам, бесканечна спрачаючыся зь ім аб цане здрады.

У тым, што такое прадугледжана Масквой, можна не сумнявацца. Гаспрамаўская група ўжо цяпер, калі яшчэ нават не зарэгістравалі банкіра зь яго сумніўнымі подпісамі (я ўжо пісаў, чаму па закону паўмільёна подпісаў могуць нічога ня значыць супраць ста тысячаў) выступіла з палітычна шкоднай і юрыдычна бязглуздай ініцыятывай вяртаньня Канстытуцыі 1994 года праз рэфэрэндум. (Мэту рэфэрэндума банкіры раскрылі — пазбаўленьне ад дзяржаўнасьці нацыянальнай мовы шляхам маніпуляцыі тэкстам Канстытуцыі з боку неўпаўнаважаных людзей.)

Тыс часам у сапраўднасьці Канстытуцыя вяртаецца без рэфэрэндума, а папраўкі ў яе можа ўносіць дэмакратычна выбраны легітымны парлямант, а не банкір і не ініцыятыўная група банкіра, як гэта ўжо яны непісьменна заявілі праз свайго так званага “юрыста”. (Відаць, вучыўся на “тройкі” ва ўнівэрсітэце.)

У сітуацыі, якую хочуць стварыць для беларусаў з альтэрнатыўным банкірам для Лукашэнкі, — у людзей няма выбару. У палітычным сэнсе тут — абое рабое. За імі стаіць залежнасьць ад Масквы і маскоўская палітыка супраць Беларусі. Таму — “Прэч Лукашэнку!” і “Прэч Бабарыку!” (зь яго дублёрам).

Задача беларусаў

Зразумела, што працэс неабходна вывесьці на рацыянальную пэрспэктыву. Тут трэба, аднак, улічваць адно простае правіла ў палітыцы. У сітуацыі, якая зьмяняецца, тое, што трэба казаць заўтра, не гаворыцца сёньня.

Увязаўшыся ў фальшывыя выбары, беларусам трэба ўвайсьці ў абставіны, калі выбары не адбудуцца і па закону мусяць быць прызначаны новыя выбары з новымі кандыдатамі (папярэднія кандыдаты ня ўдзельнічаюць). Шлях да гэтага — байкот галасаваньня і масавы кантроль за прыходам на ўчасткі для галасаваньня.

Улічваем, што байкот галасаваньня пры наяўнасьці фармальнай альтэрнатывы ня проста ажыцьцявіць. Тады ўзьнікаюць іншыя шляхі да мэты. Але нават калі ўзурпатар аб’явіць сваю “элегантную” пераможную афёру, працэс ліквідацыі дыктатуры на гэтым ня спыніцца і шансы для беларусаў ня зьнікнуць. І доўга чакаць ня прыйдзецца. Калі ж узурпатар (паўтаруся) захоча здаць Беларусь расейскім пуціністам, каб уратавацца, то ў гэтых абставінах яму стане дакладна канец, а магчыма, і канец пуцінскай палітыкі.

Вольная Беларусь

У новых выбарах без Лукашэнкі (і, зразумела, без Ярмошынай) беларускі кандыдат мусіў бы заранёў паведаміць, што ён ідзе з мэтай ліквідаваць таталітарную квазіпрэзыдэнцкую сістэму ўлады. Дзеля гэтага ён, згодна з нацыянальнай праграмай “Вольная Беларусь”, сваім рашэньнем альбо рашэньнем Канстытуцыйнага суда, адмяняе антыпраўныя вынікі лістападаўскага дзяржаўнага перавароту 1996 года і антызаконную канстытуцыю дыктатуры, антынародныя ўказы і дэкрэты антынароднай улады.

Вяртаецца Канстытуцыя 1994 года. На аснове гэтай Канстытуцыі прызначаюцца выбары ў парлямант, які выбіраецца праз тры месяцы і спачатку толькі на два гады. Парлямант упарадкуе заканадаўства пасьля рэжыму і выправіць Канстытуцыю пад парляманцкую форму рэспубліканскай улады (так, як яна і была ўпачатку створана). За прэзыдэнтам застануцца ў асноўным прадстаўнічыя і некатрыя кантрольныя функцыі. Пасьля гэтага аб’яўляюцца новыя выбары ў дэмакратычны парлямант Рэспублікі Беларусь, і краіна назаўсёды разьвітваецца з магчымасьцямі дыктатуры, улады вар’ятаў, псіхапатаў, здраднікаў і беларусажэрцаў. Краіна адраджае законнасьць і права, павагу да чалавека, сваю гісторыю, эканоміку, дзяржаўную беларускую мову, беларускую культуру і адукацыю на высокім узроўні, беларускую вёску, навуку, мастацтва, новыя тэхналёгіі, грамадзянскую супольнасьць і грамадзянскую свабоду людзей. Жыве Беларусь!

Зянон ПАЗЬНЯК
29 чэрвень 2020 г.

Post Scriptum

Мушу зьвярнуць увагу на дэманстратыўнае пашырэньне падтрымкі банкіру сярод некаторых функцыянераў КГБ, ОМОН, былых пракурораў, сддзяў, вайскоўцаў, адыёзных прапагандыстаў антыбеларускага рэжыму (тыпу І. Хрушчовай) і іншай масоўкі расейскай рэзідэнтуры. Дэманструецца маральнае абурэньне (без пакаяньня) і пазыцыя тыпу «Не могу молчать». Журналісцкая служба тут жа паведаміла, што «рэжым сыпецца». На самай справе тут ён не сыпецца. Адбываецца падрыхтоўка для ракіроўкі прамаскоўскай улады праз спэктаклік для прастачкоў.

http://www.narodnaja-partyja.org/00–Naviny-c_hyphenminus-Galownac_ja–fr–pg/00–Naviny-c_hyphenminus-Galownac_ja–bk–an–01/prabankirauilukasenku

1/7/2020 › Навіны, Зянон Пазьняк


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Ліпень 2020
П А С Ч П С Н
« Чэр    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ

Народная Перамога

[ Усе сябры ]




Лічыльнік:


Беларуская Салідарнасьць // Усе правы абароненыя // 2000—2020
Сувязь