Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты // Форум
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон ПАЗЬНЯК: АБ ПАТРЭБНЫМ

(Ліст да сяброў КХП – БНФ)

Паважаныя сябры, цяжкая сітуацыя з эпідэміяй і рэпрэсіі (дакладней, рэпрэсіўная вайна супраць народа) вымушае нас часта ўжываць адкрытае Сеціва. Але дзякуем Богу, што яно цяпер існуе.

Пра эпідэмію

1. Найважней захаваць здароўе і жыцьці людзей ва ўмовах, калі рэжым гнобіць народ. Падтрымка валанцёрскай самаарганізацыі грамадзтва, інфармаваньне аб правілах прафілактыкі перад небясьпекай віруснага захворваньня.
2. Рэжым хавае рэальныя зьвесткі пра эпідэмію і падае фальшывую інфармацыю. Неабходная праўдзівая і адкрытая інфармацыя пра колькасьць захварэлых і памерлых лэдзей ад каронавірусу. Асобнай часткай — інфармацыя аб колькасьці захварэлых і памерлых медыцынскіх працаўнікоў і лекараў.
3. Неабходная ініцыятыўная група (па-за межамі Партыі), якая займалася б пытаньнямі эпідэмічнай статыстыкі і фактамі злачыннай дзейнасьці рэжыму па распаўсюджваньні эпідэміі. ( Нядаўна ўзурпатар заявіў, што за яго сьмяртэльны экспэрымэнт над беларускім народам ў час эпідэміі яму паабяцалі 300 мільёнаў эўра з Эўропы).

Аб катаваньнях людзей

Зафіксавана новая антылюдзкая зьява ў рэпрэсіўнай палітыцы рэжыму – сістэмнае катаваньне арыштаваных за законную выбарчую дзейнасьць у час выбарчай кампаніі. Сяброў ініцыятыўных груп па збору подпісаў і падпісантаў за прэтэндэнтаў у кандыдаты на выбарах хапаюць без прадстаўленьня асобы і прад’яўленьня дакумантаў, адвозяць у арышт, пазбаўляюць ўсіх асабістых рэчаў і правоў, не дазваляюць спаць, пастаянна зьбіваюць, зьневажаюць, не дазваляюць перадач з вонку (нават пітной вады), не дазваляюць мець адвакатаў, заліваюць падлогу вадой з хлоркай, замыкаюць у халодны карцар. Жорсткія нялюдзкія адносіны да арыштаваных жанчын, ігнаруюць асаблівасьці жаночага арганізму і гігіены, зьдзекваюцца зь іх. Сістэма катаваньняў накіравана на адабраньне здароўя ў людзей, на калецтва і псіхічныя траўмы. Камандуюць катаваньнямі невядомыя людзі ў цывільным, якія кіруюць выканаўцамі катаваньняў і адміністрацыяй арышту. (Гэта зьвесткі па горадзе Менску).

Партыя тэрмінова зьвяртаецца па дапамогу ў міжнародныя арганізацыі.

Аб заканадаўстве

Прадбачачы перамены, асабліва зьвяртаем увагу на праграму «Вольная Беларусь», плян будучай народнай Беларусі, падрыхтаваны нашымі заканадаўцамі ў 2017 годзе і абмеркаваны ў грамадзтве. Дзякуй Богу, што ў гэты час нацыя мае сваю праграму дзяржаўнага разьвіцьця.

Зразумела, што ніхто з прэтэндэнтаў на прэзыдэнта зь небеларускім думаньнем не грунтуецца на «Вольнай Беларусі». Яна для іх не існуе, як не існуе мова і нацыя. Тым часам нават у псэўдаапазыцыйным асяродку адчуваецца неабходнасьыць вярнуць Канстытуцыю 1994 года, якую незаконна адмяніў антыбеларускі рэжым. Але мала сказаць «А». Дэмантаж антынароднага рэжыму і пабудова вольнай краіны будзе заключацца напачатку ў вяртаньні да заканадаўства 1994 года, якое было добрае і распрацаванае пад уплывам дэпутацкай Апазыцыі БНФ ў 12-м Вярхоўным Савеце. Гэтае заканадаўства папсаваў і паламаў вар’яцкі антынародны рэжым. Усё рэжымнае псэўдазаконнае шалупіньне (пра дармаедаў ды «вертыкаль», ды КГБ і г. д.), усё мусіць быць адкінута. Далейшы шлях, рэформы і разьвіцьцё заканадаўства павінны адбывацца на базе 1994 года. Тое нацыянальнае няшчасьце, якое здарылася ў нас у 1994 годзе ў выніку гібрыднай апэрацыі Масквы, – гэта страта 26 гадоў гістарычнага часу.

Заўважце пастаянную акалічнасьць. За ўвесь час ва ўсіх прэзыдэнцкіх выбарах пад дыктатурай, усе кандыдаты імкнуліся стаць прэзыдэнтамі замест Лукашэнкі, распавядалі, што яны будуць рабіць, як кіраваць і г. д. Яны рыхтаваліся быць новымі лукашэнкамі, толькі лепшымі. Ніхто зь іх за ўвесь час і цяпер нават не заікнуўся аб скасаваньні дзікай нібыта прэзыдэнцкай таталітарнай сістэмы зь вертыкальным калгасным падпарадкаваньнем. Ніхто ня кажа пра парлямантарызм, пра дэмакратычную сістэму ўлады, пра стварэньне парляманту і пра выбары ў парлямант (якога не існуе ўжо 26 гадоў). Вось гэта ўсё вельмі сімптаматычна зь якога ўзроўню «палітыкамі» мы маем справу. Ніхто зь іх ня быў і ня ёсьць беларускім палітыкам, яны не разумелі, што трэба нацыі, краіне і народу, нават не гаварылі па беларуску.

Пра псэўдавыбары

Рэжым, служачыя сістэмы і агентура цяпер сталі ўзмоцнена прапагандаваць удзел людзей ў “чэсных” выбарах. Гэта для машыны фальшывага галасаваньня цяпер галоўнае. Падключаны кадры з так званай “апазыцыі”. Нават тыя, што разыгрывалі ролю прыхільнікаў байкоту, цяпер памянялі “прынцыпы” і клічуць на “выбары” за Бабарыку. (Адмашка адбылася).

Паўсюдна робіцца выгляд, што нібыта будуць выбары, абмяркоўваюць прэтэндэнтаў, пазыцыі і г. д. Усё паўтараецца, як заўсёды. Пад ціскам гэтага штучнага вэрхалу і прапаганды людзі трапляюць пад эмацыйны ўплыў і забываюць, што выбараў не было, няма, і ня будзе, што фальсіфікацыйная машына працуе ў стандартным рэжме і што яна выбера Лукашэнку.

Галоўным агітатарам за галасаваньне тут зьяўляеуцца В. Бабарыка. На яго ставіць Газпром-Крэмль. Узурпатар тое разумее. Найбольш выгадны варыянт для яго — незарэгістраваць Бабарыку кандыдатам. Аднак тут могуць узьнікнуць цяжкасьці з фрэквэнцыяй (шмат выбаршчыкаў могуць не пайсьці галасаваць).

Калі ж галоўнага агітатара пакінуць кандыдатам, то тады ўзьнікае верагоднасьць нечаканай канцоўкі, пра што я пісаў у лісьце ад 8-га чэрвеня (фэльетон). Для ўзурпатара тут капец. Трэба разумець, што і Лукашэнка, і Пуцін дзейнічаюць аднолькавымі крымінальнымі мэтадамі. Які варыянт выбера ўзурпатар, мы неўзабаве ўбачым.

Цяжкасьць становішча за ўсе гэтыя 26 гадоў у тым, што на нашым беларускім полі гуляюць толькі нашыя праціўнікі. Аднак беларусам увесь час удавалася ўсё ж такі гэты рэжым падвесіць з гледзішча беларускага і міжнароднага права.

Цяпер, у час псэўдавыбараў, наша задача нязьменная. Мы там, дзе пратэстны народ (”Стоп-таракан”). Гэтая пазыцыя першасная і абавязковая, незалежная ад таго, хто стаіць на чале пратэстаў (тым больш, калі б там стаялі непрыяцелі). Наша праца і наш уплыў нашай народнай партыі мусіць быць разам з пратэстным народам, тут мэты супадаюць. Гэта палітычнае рашэньне.

Паўтараю нашу задачу, якая адкрытая: няўдзел людзей у фальшывым галасаваньні і непрыход на галасаваньне. Масавы кантроль над фрэквэнцыяй (удзелам ў галасаваньні). Патрабаваньне новых выбараў згодна закона. Стварэньне ўмоваў для аб’яўленьня новых выбараў. Новыя выбары бяз Лукашэнкі і стаўленьнікаў Масквы.

17-06-2020 г. Зянон Пазьняк

http://www.narodnaja-partyja.org/00–Naviny-c_hyphenminus-Galownac_ja–fr–pg/00–Naviny-c_hyphenminus-Galownac_ja–bk–an–01/abpatrebnym

21/6/2020 › Навіны, Зянон Пазьняк


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Чэрвень 2020
П А С Ч П С Н
« Тра   Ліп »
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ

Народная Перамога

[ Усе сябры ]




Лічыльнік:


Беларуская Салідарнасьць // Усе правы абароненыя // 2000—2020
Сувязь