Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты // Форум
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон ПАЗЬНЯК: ЦЯЖКІ ЧАС І ЗАДАЧЫ СУПРАЦІЎЛЕНЬНЯ

Паважаныя спадарыні і спадары, вітаю Вас на ХІІ Зьезьдзе Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і ХIV Зьезьдзе БНФ “Адраджэньне”. Цяжкі час працягваецца і ўсе палітычныя ўмовы, у якіх вымушаны адбывацца наш Зьезд, і ўсе працэдуры і падыходы ў сувязі з гэтымі ўмовамі, застаюцца. Гэта мы ўсе разумеем, але насуперак перашкодам ўсё зробім дзеля дасягненьня нашай мэты і вольнай будучыні нашай Бацькаўшчыны Беларусі.

Гледзячы на становішча, якое існуе ў грамадзтве, лічу неабходным падкрэсьліць прынцып існаваньня і дзейнасьці нашай Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ. Нашае аб’яднаньне і ўзаемнасьць заснаваныя на беларускіх народных каштоўнасьцях, выпрабаваных жыцьцём і гісторыяй, а значыць неабходных для нацыянальнага існаваньня і разьвіцьця.

Мы зыходзім у палітыцы з правілаў хрысьціянскай культуры і хрысьціянскай цывілізацыі, да якой належым і якую шануем, і абапіраемся на маральныя прынцыпы Хрысьціянства, бо гэтыя прынцыпы, як паказвае рэчаіснасьць, ёсьць у вялікім аб’ёме агульныя для ўсіх, для ўсёй беларускай нацыі і ўсяго культурнага грамадзтва незалежна ад адносінаў да рэлігіі і веры. Гэта вельмі важны аспэкт нашай палітыкі, які дае магчымасьць апэляваць да ўсяго народа.

Такое істотнае азначэньне я павінен тут паўтарыць, таму што ў Беларусі часта ў іншых колах існуюць непалітычныя сектанцкія азначэньні хрысьціянскай партыі як аб’яднаньня веруючых людзей, ці больш таго як людзей, абапертых на канфэсію (на праваслаўе і т.п.). У прынцыпе гэта ёсьць апалітычны падыход у любой краіне, бо ён рэзка абмяжоўвае электарат такой партыі, тым больш у Беларусі, дзе існуе некалькі розных канфэсіяў і шмат людзей няверуючых.

Таму лічу патрэбным падкрэсьліць, што Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя – БНФ – гэта ёсьць палітычная арганізацыя, якая на аснове беларускіх традыцыных народных каштоўнасьцяў і на аснове хрысьціянскіх прынцыпаў і дачыненьняў між людзьмі арыентуецца на ўсё беларускае грамадзтва, веруючых і няверуючых, на ўсе групы насельніцтва, зьвяртаецца да ўсіх нацыянальных мяншынь, да ўсёй Беларускай нацыі.

Становішча, у якім мы знаходзімся, і пацыфікацыйная дзейнасьць рэжыму ў дачыненьні да нашай Партыі, не дае нам магчымасьці для шырокага разгортваньня палітычнай праграмы. Апошнім часам, гэта якраз 2018-2019 гг., разбуральныя квазізаконы, інструкцыі рэжыму і сілавыя рэпрэсіі моцна абмежавалі нашыя палітычныя магчымасьці. Тут у краіне бяспраўе. І тым ня менш Партыя змагаецца. Дзейнасьць канцэнтруецца ў асноўным на культурнай, мэмарыяльнай і інфармацыйнай справе, якую рэжым расцэньвае як небясьпечную для яго палітыку і робіць перашкоды па ўсіх пазыцыях. Усё гэта ўскладняецца пасіўным станам грамадзтва і значным вынішчэньнем грамадзянскай супольнасьці.

З канца 2017 года, якраз пасьля ХІ Зьезда Партыі пачалася чарговая мэтадычная атака рэжыму на Курапаты па замове і патрабаваньні Масквы. Завершылі правакацыйную пабудову ўвесяляльнага рэстарана ў ахоўнай зоне Курапатаў, паставілі там гэбоўскую ахову, пачалі есьці, піць і танцаваць і ліквідавалі ахоўную зону Мэмарыяла. Усё гэта, зразумела, зроблена антызаконна. Але пра законнасьць у гэтым рэжыме казаць няма сэнсу. Пачынаючы з чэрвеня 2018 года перад рэстаранным аб’ектам стаіць бесперапынны і бестэрміновы пікет энтузіястаў, які тлумачыць наведнікам сэнс правакацыі.

Працягам стаў крыжалом. Рэжым пачаў ламаць крыжы ў Народным Мэмарыяле Курапаты. Месца абгарадзілі і абмежавалі доступ у Мэмарыял, мэтадычна псуючы яго выгляд.

Грубая апэрацыя з ламаньнем крыжоў Народнага Мэмарыяла Курапаты (а яна невыпадкова была грубай і варварскай) дала Маскве падставу думаць, што аншлюс Беларусі адбудзецца лёгка і бяскроўна, бо пры ўсім тым дзікім цынізме і кашчунстве крыжалому нацыя не паўстала спантанна на абарону сьвятыні №1 у сваёй гісторыі, нават засталася абыякавай да пляваньня ў твар. У палітычнай псіхалогіі такая зьява ацэньваецца як духоўны параліч. Праўда, перадавая грамадзкасьць рэзка асудзіла крыжалом.

Адразу пасьля крыжалому Масква насіліла агрэсію па палітыцы “інтэграцыі”. Ім здалося, відаць, што ў выпадку нечаканасьці, можна будзе пусьціць і танкі, і зялёных чалавечкаў – усё зьядуць беларусы, яшчэ і падзякуюць за акупацыю. Тым часам пасіянарнае пахаваньне паўстанцаў Каліноўскага ў Вільні, дзе беларусы адыгралі галоўную масавую ролю, трохі сьцішыла маскоўскую эйфарыю; сталі прыслухоўвацца да галасоў пагрозы агрэсарам. Тым часам пачалі масавы наступ на Беларусь на культурным фронце, каб зглуміць нацыянальную культуру – крыніцу нацыянальанй годнасьці.

Ва ўсіх падзеях наша Партыя прымала пратэстны ўдзел са сваёй пазыцыяй і падыходам, нягледзячы на задушлівы супраціў рэжыму. У чэрвені 2018 г. КХП-БНФ арганізавала ў Курапатах значнае мерапрыемства, пасьвечанае 30-годдзю адкрыцьця Курапатаў. У гэтым жа годзе на добрым узроўні былі адзначаныя традыцыйныя Дзяды. Партыйныя дзеячы (Грамадзкі дырэктар Народнага Мэмарыялу Курапаты Алесь Чахольскі і інш.) шмат паспрыялі таму, каб афіцыёзны мэмарыяльны знак у Курапатах (які ўлады насільна ўперлі туды з палітычнай мэтай), каб гэты знак не разваліў кампазіцыю Народнага Мэмарыялу.

У 2019 годзе адбыўся крыжалом, частковае разбурэньне Народнага Мэмарыялу, сталася пахаваньне паўстанцаў Каліноўскага, пачалася чарговая атака Масквы на незалежнасьць Беларусі і падрыхтоўка аншлюсу.

Наша Партыя актыўна спрычынілася да ліквідацыі падступнай афёры з пахаваньнем групы паўстанцаў 1863 г. у Вільні, калі пэўнымі асобамі таемна быў падрыхтаваны падпісны ліст да ўладаў Летувы, каб аддалі парэшткі кіраўніка паўстаньня — Кастуся Каліноўскага — у Рэспубліку Беларусь (дзе правячы рэжым ігнаруе паўстаньне 1863 года). Гэтая дэмагогія была намі раскрытыкавана і адкінута. Мы накіравалі звароты да ўраду і Сэйму Летувы, выступілі публічна, і кампрамэтацыя пахаваньня паўстанцаў была спынена. Парэшткі іх былі з гонарам пахаваныя ў мэмарыяльнай капліцы на Росах у Вільні пры магутным удзеле патрыётаў Беларусі. “Яська гаспадар з-пад Вільні” разам з паплечнікамі спачыў у сваёй старажытнай сталіцы на сваёй старажытнай зямлі, за якую аддаў жыцьцё.

У сьнежні 2019 года наша Партыя прыняла ўдзел у пратэстах супраць афёры інтэграцыі з Расеяй, супраць беззаконьня і здрады кіруючай групы ўлады. Такія пратэсты былі неабходныя, каб грамадзтва і ўвесь сьвет зьвярнулі ўвагу на тое, якой подлай антынароднай палітыкай займаюцца кіруючыя асобы ў Маскве і Менску, гатовыя зьнішчыць нашу дзяржаву і краіну Беларусь дзеля сваіх асабістых інтарэсаў.

Рэжым наладзіў паляваньне на пратэстантаў, кідаючы іх за краты і абдзіраючы грошы праз прыдуманыя велізарныя штрафы.
Тут вельмі сымптаматычная рэакцыя і паводзіны рэжымнай палітыкі. Рэпрэсіі шмат каму дапамаглі ўбачыць тое, што было схавана пад пластом ілжывай прапаганды. Рэпрэсавалі тых, хто абараняў незалежнасьць краіны.

У гэтым жа 2019 годзе сябрамі нашай Партыі (найперш спадар Ян Дзяржаўцаў) былі прыведзены ў належны стан пахаваньні расстраляных энкавэдыстамі людзей ва ўрочышчы Хайсы пад Віцебскам. Гэта важная падзея, бо рэжымныя ўлады ўсяляк ілгалі і перашкаджалі справе, арыштоўвалі і судзілі энтузіястаў. Але злачынствы расейскіх акупантаў схаваць не ўдалося.

Увогуле, калі паглядзець на справы нашых партыйцаў і структур, то тут усё як на вайне. За кожны крок прыходзіцца ваяваць. Вядзецца шматканальная гібрыдная вайна супраць нашай нацыі, гісторыі і культуры. Мы, сябры нашай Партыі, гэта добра разумеем.

У сувязі з узмацненьнем расейскай агрэсіўнай палітыкі зноў абвастрылася небясьпека для незалежнасьці нашай краіны. Пуцінскі рэжым праводзіць зараз тыповую гітлерскую палітыку і, практычна, не хавае сваіх агрэсіўных намераў па захопу чужых тэрыторыяў. Беларусь, Украіна, Прыбалтыка апынуліся пад пагрозай расейскай агрэсіі, якая цяпер адбываецца ў форме гібрыднай вайны з выкарыстаньнем інфармацыйных, эканамічных, квазікультурніцкіх і агентурных чыньнікаў.

У 2019 годзе Масква распрацавала і пачала ажыцьцяўляць плян аншлюсу Беларусі пад назвай “паглыбленьне інтэграцыі”. Узгадненьне маскоўскага пляну адбывалася ў Маскве за зачыненымі дзьвярыма сумесна з кіроўнай групай рэжыму Лукашэнкі. Людзі сталі сьведкамі антызаконных справаў, змовы і здрадніцтва Канстытуцыі і нацыянальных інтарэсаў Беларусі.

У пачатку 2020 года Масква зрабіла чарговы перапынак у наступе, падвесіўшы рэжым Лукашэнкі ў эканамічным тупіку (куды яго прадумана загнала), і занялася перастаноўкай сваіх унутраных пазыцыяў, сутнасьць якіх забесьпячэньне ўлады Пуціну і падрыхтоўка Расеі да вайны. Па цынічнай, шматкроць дэманстраванай логіцы Масквы падвешаны кліент (Лукашэнка) павінен будзе сасьпець да здачы Беларусі ўзамен за сваё існаваньне.

Доўгія гады антыбеларускага рэжыму ўлады паказалі, што самай вялікай небясьпекай і шкодай для Беларусі, яе сувэрэнітэту і незалежнасьці ёсьць Лукашэнка. Масква яго будзе трымаць і душыць, пакуль ня выдушыць зь яго ўсё што хоча. На сёньняшні дзень гэтая сітуацыя дасягнула крытычнай кропкі. Каб захаваць краіну і прадухіліць яе захоп, беларусам трэба тэрмінова пазбавіцца ад Лукашэнкі, але невядома як тое зрабіць у дзяржаве, дзе ўжо ня дзейнічаюць ні законы, ні канстытуцыя, дзе зьмена ўлады законным чынам немагчымая, дзе спаралізаваны інстытут выбараў, дзе ўсталяваныя бяспраўе і рэпрэсіі.

Па клясычнай схеме ў такіх выпадках зьяўляецца альбо рэвалюцыя, альбо пераварот, альбо тэракт. Ні першае, ні другое, ні трэцяе ў Беларусі немагчыма. Застаецца альбо страта незалежнасьці і пагібель нацыі, альбо супраціў і вайна, што таксама праблематычна, бо саветы выдрэсіравалі цэлае грамадзтва такім чынам, што яно баіцца вайны і ня стане абараняць нават сваё жыцьцё. Праўда, цяпер зьявілася шмат новых людзей, якія не паддаліся “саўку” і гатовыя абараняць Беларусь са зброяй у руках. Вось яны, гэтак жа, як і ўкраінцы, могуць вырашыць лёс краіны.

Цяпер неабходныя пратэсты, асьвета і мабілізацыя людзей супраць хунты антынароднай улады і супраць агрэсіі Масквы на Беларусь. Неабходна выключыць усялякія дзеяньні, якія б спрыялі рэжыму і працягу яго ўлады.

У гэтай сувязі асобным пытаньнем стаіць удзел у фальшывых выбарах рэжыму і адносіны да іх, паколькі рэальна грамадзтва адлучана ад выбараў і ўплыву на іх ня мае.

Выбарчая фальсіфікацыйная машына была створана ўжо ў 90-х гадах, адразу як толькі пачаўся рэжым. Яна дзейнічала ўжо ў 1995 годзе. У 1998 годзе я сьведчыў, што для выяўленьня фальсіфікацыі і агаленьня фальсіфікатарскай палітыкі трэба ня ўдзельнічаць, а байкатаваць фальшывыя выбары, бо выйграць у фальсіфікацыйнай машыны немагчыма. Байкот лепшы спосаб для доказу выбарчай фальшывасьці і лепшы падыход для мабілізацыі грамадзтва (адасабленьня яго ад рэжыму). Вынікі тайнага галасаваньня рэжым навучыўся сістэмна падрабляць і падробку хаваць. Тым часам няўдзел людзей у выбарах схаваць немагчыма, і хлусьня тут будзе відавочнай. Такія выбары нельга прызнаць за сапраўдныя па відавочных і доказных фактах.

Фальсіфікацыйная машына выбараў, створаная рэжымам, прадугледжвае абавязковы ўдзел выбаршчыкаў у выбарах. Фальсіфікацыя тут ідзе на ўзроўні падліку галасоў і стварэньня камісій з залежных прадажных людзей. Назіральнікі за выбарамі не дапускаюцца да назіраньня за падлікам галасоў, і фальсіфікацыйная сістэма працуе бездакорна. Выкрыць яе няпроста, бо галасаваньне таемнае. У канцы працэсу пратаколы падліку здаюцца ў адміністрацыю і там ставяць адвольныя лічбы, падпраўляюць да зададзенага выніку. У такім рэжыме нават падлік галасоў мае часта фармальны характар. Вынікі галасаваньня выстаўляе адміністрацыя рэжыму.
Як бачым, створана сістэма фальсіфікацыі выбараў, якая забясьпечвае перамогу рэжыму. Выйграць галасаваньне ў гэтай машыны кандыдатам, не прызначаным рэжымам, немагчыма. Прытым фальсіфікатары кажуць, што выбары былі “дэмакратычнымі”, бо ў іх удзельнічалі апазыцыйныя кандыдаты, якіх, маўляў, нажаль, народ ня выбраў і г.д.

Паўтараю, для камуфляжу фальсіфікацый і стварэньня бачнасьці справядлівых дэмакратычных выбараў фальсіфікацыйная машына зацікаўлена, каб выбаршчыкі галасавалі і каб у выбарах удзельнічалі людзі з апазыцыі рэжыму.

Але ўдзел у такіх выбарах – гэта спрыяньне антынароднаму рэжыму, увекавечваньне ягонай улады.

Перакуліць фальсіфікацыйную машыну ва ўмовах бяспраўя можа толькі масавы няўдзел у фальшывых выбарах. Людзям проста ня трэба хадзіць галасаваць, бо ад іхняга галасаваньня тут нічога не залежыць. Схаваць пустыя ўчасткі ня ўдасца, якая б хлусьня тут ні была скарыстана. Гэта, дарэчы, выразна паказалі мінулагоднія выбары ў так званую “палату”. Людзі не прышлі галасаваць, і прыпіскі тут жа былі лёгка выкрыты назіральнікамі, якія вялі падлік людзей.

У выніку мы бачылі “фірмовую зьяву” рэжыму – гістэрыку Лукашэнкі, які лямантаваў, каб назіральнікам адкруцілі галовы, каб іх правучыла міліцыя і г.д. прытым з ужываньнем хамскай лексікі. Пасьля гістэрыкі некаторых назіральнікаў пасадзілі пад арышт за выкрыцьцё фальсіфікацыяў.

Вось гэта якраз і ёсьць эфэкт байкоту. Усё стала бачна ўсім. Такія “выбары” ніхто ў прыстойным сьвеце не прызнае.
Тут важны палітычны момант. Прызнаць такія сфальшаваныя выбары немагчыма. Значыць выбраная інстытуцыя ўлады альбо выбраная асоба траціць легітымнасьць, ня ёсьць легітымнай уладай. Усе антызаконныя зьдзелкі, якія рабіў антынародны і нелегітымны рэжым з Расеяй (продаж Белтрансгазу, будаўніцтва Астравецкай АЭС і інш.) ёсьць у юрыдычным сэнсе нікчэмнымі. З боку Расеі такія зьдзелкі з нелегітымнай уладай, гэта, як скупка крадзенага. Новая законная беларуская ўлада будзе мець падставы вярнуць украдзенае назад. І ёсьць мэханізмы як тое зрабіць. Вось чаму Расея заўсёды прызнае нават самыя скандальныя выбары ў Беларусі. Але тут вырашае не яна, а беларускае грамадзтва і міжнародная супольнасьць.

Гісторыя фальшывых выбараў і гісторыя байкоту гэтых выбараў выяўляе мэханізмы існаваньня антынароднай улады. Гэта адміністрацыйны загон людзей на галасаваньне, пяцідзённая бескантрольная незаконная сістэма так званага папярэдняга галасаваньня, плюс рэгулярнае выкарыстаньне падкантрольнай так званай «апазыцыі». Апошні чыньнік даволі істотны, бо менавіта гэтая група актыўна ўдзельнічала ў выбарах і забясьпечвала тым самым загон на выбары пратэстнага электарату і стварала ілюзію нібыта дэмакратычнага працэсу.

Ніякая логіка, ніякія довады і ніякая рэальнасьць тут не ўплываюць. 25 гадоў гэтыя людзі паўтараюць адно і тое ж – выстаўляюцца і ідуць на выбары рэжыму, у горла фальсіфікацыйнай машыны.

Самая дрэнная справа, якую яны зрабілі для Беларусі, — гэта загон пратэстнага электарату на рэфэрэндум 2004 года аб вечнасьці прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Лукашэнкі. Загон адбываўся пад лёзунгам “Иди и скажи ему нет!”
Уратаваць сітуацыю тут якраз мог бы масавы байкот антызаконнага рэфэрэндума. Наша Партыя вельмі жорстка і інтэнсіўна выступала за байкот гэтай палітычнай афёры. Але ў “апазыцыю” Захад кінуў тады вялікія грошы, і яны працягвалі агітаваць з усіх канцоў за прыход на галасаваньне, каб сказаць “ему своё нет”. У выніку фальсіфікацыйная машына скарыстала ўсё па поўнай праграме.

Так была ўстаноўлена бэстэрміновая ўзурпацыя ўлады ў Беларусі. Сімптаматычна, што цяпер амаль усе тыя людзі, якія ў 2004 г. агітавалі пайсьці і сказаць “ему нет” і паспрыялі ўсталяваньню вечнай дыктатуры ў краіне, цяпер яны зноў гуляюць у выбары, у “праймэрыз”, у “адзінага кандыдата” і т.п.

Калі глыбей задумацца над фэномэнам гэтай зьявы, то цяжка яе растлумачыць толькі агентурным уплывам ці грашовымі даўкамі. Магчыма тут выяўляецца чыньнік характэрны для недэмакратычнага і слаба палітызаванага грамадзтва, чыньнік, які называецца тупіковым думаньнем ці тупіковай сьвядомасьцю. Асоба з тупіковым думаньнем можа ўсё жыцьцё дзяўбаць ілбом бэтонную сьцяну з мэтай яе праламаць, і ёй у галаву не прыходзіць абыйсьці сьцяну зьлева, спарва, пералезьці празь яе ці зрабіць падкоп. Як бы там ні было, але ўсё тут, у 2020 годзе, зноў складваецца, як і дваццаць гадоў таму. Нічога не мяняецца. Казус яшчэ ў тым, што наяўнасьць непапулярнай псэўдаапазыцыі не дала магчымасьці сфармавацца рэальнай альтэрнатыве рэжыму, рэальнай апазыцыі. Тэхналёгія “псэўда” ў рэпрэсіўнай палітыцы рэжыму аказалася апэратыўнай і выніковай.

Але павінен адзначыць, што цяпер выхад у палітычнае поле сілаў расейскай агрэсіі і вострая пагроза незалежнасьці Беларусі пераразьмеркавала і арентацыю ў шэрагах рэжымнай апазыцыі, прынамсі ў рыторыцы. Падзел адбываецца па лініі абароны незалежнасьці Беларусі і адносінаў да Расеі. Аднак, як бачым, у дачыненьні да рэжыму і да яго выбарчай палітыкі, практычна, нічога не перамянілася.

Байкотам выбары не выйграюць, але гэта тактычна лепшы падыход у той патавай сітуацыі, што створаная рэжымам.
Падкрэсьліваю, што пры пасіўным байкоце вельмі важны ёсьць шырокі кантроль над галасаваньнем і прысутнасьць міжнародных назіральнікаў. На мясцовых выбарах і на выбарах у “палату” электаральны байкот спрацоўвае добра. Тым часам на выбарах прэзыдэнта больш актыўна праяўляецца тупіковае думаньне. Гэта трэба мець на ўвазе. Таксама рэальнасьцю ёсьць тое, што будзе мноства кандыдатаў на прэзыдэнта. Незалежна ад тупіковай сьвядомасьці “апазыцыі” гэта забясьпечыць сам рэжым, як тое асабліва выразна было відаць у 2010 годзе. Запісны дзеяч Статкевіч ужо цяпер правакацыйна прапанаваў выставіць 30 кандыдатаў на прэзыдэнта (стварыць балаган выгадны Лукашэнку). Грубая задумка, вядома. Але ж агучана.

Складваецца руцінная сітуацыя бяссэнсавасьці такіх выбараў, бо яны не прыводзяць да зьменаў улады. У грамадзтве ёсьць толькі абмежаваная магчымасьць выявіць фальсіфікацыі і парушэньні ў галасаваньні, пацьвердзіць недэмакратычнасьць выбараў і нелегітымны статус нібыта выбранага сатрапа. Прытым гэта даецца велізарнымі высілкамі грамадзтва. Людзі падвяргаюцца зьнявагам, арыштам і рэпрэсіям.

Каб зьмяніць становішча, трэба забясьпечыць галоўную ўмову – Лукашэнка не павінен удзельнічаць у выбарах. Ён даўно ня мае на тое права. Тут задача нумар 1. Пасьля рэалізацыі гэтай задачы мусіць быць прызначаны новы склад Цэнтральнай выбарчай камісіі і адменена незаконнае так званае папярэдняе галасаваньне.

Мэханізму, каб ажыцьцявіць задачу №1, няма, бо ўлада ўзурпаваная, законы ня дзейнічаюць, а структуры канстытуцыйнага кантролю недзеяздольныя.

Застаецца толькі аб’яднаньне грамадзтва і ціск на сістэму і на структуры ўлады з патрабаваньнем няўдзелу ў выбарах асобы, якая нязьменна і незаконна ўтрымлівае пасаду прэзыдэнта.

Зразумела, што рух за вырашэньне задачы «1» мусіць стацца шырокім і прывесьці да рэвалюцыйнай сітуацыі. Толькі тады магчымыя перамены.

Пытаньні 2 і 3 (зьмена ЦВК і адмена папярэдняга галасаваньня) павінны быць пастаўлены разам з вырашэньнем задачы №1 – няўдзел Лукашэнкі ў выбарах. Гэтыя патрабаваньні і рашэньні павінны ісьці пакетам. Такі падыход здольны запабегчы маніпуляцыям, напрыклад, калі б рэжым зьмяніў ЦВК і адмяніў папярэдняе галасаваньне, але пакінуў бы ўдзел Лукашэнкі ў выбарах. Вынік фальшывага галасаваньня мог бы быць як заўсёды – вечны сатрап і 83 адсоткі “за”.

Калі ж вырашаецца першая задача і застаюцца нявырашанымі пытаньні 2 і 3, то гэта таксама можа забясьпечыць перамогу рэжыму, бо фальсіфікацыйная машына і сістэма кіраваньня застаюцца бяз зьмен.

Адзначаю вельмі важны аспэкт пляну гэтай кампаніі. Яна павінна пачынацца цяпер, задоўга да афіцыйнага пачатку выбараў. Да пачатку выбараў ужо павінна быць ясная сітуацыя. З пачаткам выбарчай кампаніі ніякіх зьменаў заканадаўства, прыняцьця і адмены рашэньняў не прадугледжана. Тым больш ня дасьць у тыл Лукашэнка, калі будзе заяўлены яго ўдзел у выбарах.
Пытаньні аб няўдзеле Лукашэнкі ў выбарах, замены ЦВК і адмены папярэдняга галасаваньня павінны быць пастаўлены цяпер. Пачатак ініцыятывы і арганізацыйнай групы можа ўзяць на сябе наша Партыя (КХП-БНФ). Але сэнс будзе толькі тады, калі за справу возьмецца шырокая грамадзкасьць і прыйдуць новыя людзі, якім неабыякавы лёс нашага народа і нашай краіны.

Цягам свайго злачыннага існаваньня рэжым разбурыў і зглуміў асновы нашага нацыянальнага жыцьця, культуры, адукацыі, эканомікі, разьвешаў, вобразна кажучы, мноства бомбаў над галовамі беларусаў, якія будуць выбухаць нават тады, калі рэжыма ня будзе. Самае небясьпечнае – гэта велізарная атамная бомба, падвешаная ў Астраўцы. На будоўлі АЭС зафіксаваны шэраг аварый, пажары, нестандартныя пастаўкі, парушэньні тэхналёгій з боку “Росатама”. Прытым “Росатам” нічога ня хоча выпраўляць, ніякіх дэфэктаў і тэхналягічных памылак. Характэрная пазыцыя. Некаторыя адказныя асобы звольніліся з аб’екта, магчыма, каб ня мець адказнасьці за тое, што можа адбыцца.

Яшчэ ня позна спыніць будаўніцтва і замарозіць гэты вар’яцкі аб’ект агрэсіі і небясьпекі. За гэта трэба змагацца. Гэта пытаньне жыцьця нацыі.

Сапраўдную атамную катастрофу арганізаваў антыбеларускі рэжым у нацыянальнай навуцы і ў адукацыі. Нацыянальная школа стварае нацыю, фармуе будучыню краіны. Туды якраз мэтадычна б’е і страляе цёмны рэжым.
Не пералічыць разбурэньняў, якія выклікала ў Беларусі цёмная ўлада стаўленьніка Масквы. Цяпер ён ужо падвёў краіну пад небясьпеку страты незалежнасьці і дзяржавы.

Нашае грамадзтва і грамадзянская супольнасьць мусілі б ратаваць краіну па ўсіх накірунках разбурэньня, асабліва беларускую мову, школу, адукацыю, навуку, кіно, радыё і тэлебачаньне. Але зразумела, што толькі палітычныя перамены і рашэньні могуць зьмяніць абставіны. Мы як палітычная партыя абапіраемся на праграму “Вольная Беларусь”, да такіх пераменаў мусім імкнуцца і набліжаць добрую будучыню Беларусі і нашага народа, колькі б часу тое ні заняло і чаго б ні каштавала. Хай нас не бянтэжыць доўгая ноч. Сьвітаньне будзе, і ўсе мы яго спаткаем.

Слава Айчыне!
Жыве Беларусь!

Зянон ПАЗЬНЯК

22.02.2020 г.

25/2/2020 › Навіны, Зянон Пазьняк


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Люты 2020
П А С Ч П С Н
« Сту   Сак »
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
242526272829  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ

Народная Перамога

[ Усе сябры ]




Лічыльнік:


Беларуская Салідарнасьць // Усе правы абароненыя // 2000—2020
Сувязь