Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты // Форум
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Беларусы, з намі Бог!

У Вільню мы – дэлегацыя КХП-БНФ прыехалі 21 лістапада. Пасьпелі нават убачыць рэпэтыцыю заўтрашняй вайсковай цырымоніі войскаў Летувы і Польшчы на плошчы перад Катэдрай. Горад жыў сваім вечаровым жыцьцём. Да самай раніцы нас не пакідала трывожная думка: як усё будзе, ці прыедуць беларусы, колькі іх будзе, ці ўдасца ўсім прамінуць мяжу? З гэтай думкай на наступны дзень мы ішлі да Катэдры, куды прыбылі а 8.15, перад самым пачаткам мэмарыяльных цырымоній. Перад фасадам Катэдры ўжо сшыхтаваліся двума шэрагамі ўдзельнікі польскіх гістарычных клюбаў у вобразе касінераў Паўстаньня. Беларусы невялічкай купкай туліліся за вежай-званіцай Катэдры. Мы туліцца ня сталі, а пачалі пасярод плошчы разгортваць Бел-Чырвона-Белыя Сьцягі. Тут аркестр зайграў марш і на пустую плошчу выйшлі вялікія шыхты ганаровай варты з прымкнутымі штыкамі. Беларусы адразу ажывіліся і шыхтом пад нацыянальнымі сьцягамі сталі насупраць.

Жаўнеры пачалі выносіць з Ніжняга замку (ён прымыкае да Катэдры) труны з парэшткамі герояў. Сьвятых пакутнікаў сустрэлі беларусы пад Бел-Чырвона-Белымі Сьцягамі! Калі жаўнеры з трунамі абыйшлі плошчу і пачалі накіроўвацца ў Катэдру паміж двух шэрагаў касінераў, беларусы перайшлі туды і сталі за касінерамі, узьняўшы сьцягі. Мы зь Язэпам Янушкевічам, нашым славутым літаратуразнаўцам, трымалі вялікі Сьцяг над гэтай Via Dolorosa. Калі першая труна — Кастуся Каліноўскага – наблізілася да нас, раптам у плечы ўсім нам ударыў вецер. Сьцягі залапаталі, а наш зь Язэпам Сьцяг сарваўся з вуды, як птушка, як полымя, узьляцеў у вышыню, а потым апусьціўся на брук проста перад труной Каліноўскага. Мы зьбянтэжыліся, але людзі падхапілі Сьцяг з бруку і аддалі яго мне. І тут мы зразумелі, што сталіся сьведкамі цуда Гасподняга. З вачэй пакаціліся сьлёзы, сэрца сьціснулася…

А гэта быў толькі пачатак вялікага дня беларускага трыюмфа. Калі жаўнеры паставілі труны перад алтаром, быў адкрыты доступ у храм для разьвітаньня з палеглымі героямі. Людзей перад Катэдрай усё яшчэ было зусім няшмат. Мы ўвайшлі ў бочны нэф сярод першых пілігрымаў, прайшлі перад шыхтом трунаў, пакланіліся ім. Я зноў вярнуўся ў Катэдру і сеў на лаву пад муром бочнага нэфа, празь які маглі праходзіць людзі. Хвілін пятнаццаць людзей было няшмат. І раптам нэф напоўніўся пілігрымамі, многія несьлі Бел-Чырвона-Белыя Сьцягі, ішлі з дзецьмі, цэлымі сем’ямі, шмат моладзі. Стала зразумела, што з Беларусі пачынаюць прыбываць аўтобусы і цягнікі. На працягу дзьвюх з паловай гадзін маўклівай плыньню беларусы ішлі разьвітацца са сваімі героямі. Час ад часу я пытаў людзей, адкуль яны. Прыехала, практычна, уся Беларусь. Каля 12.00 разьвітаньне скончылася, і ў Катэдру запрасілі дзяржаўных асобаў і прадстаўнікоў грамадзтва на памінальную Імшу. Трэба зазначыць, што кіраўніцтва Летувы запрасіла на ўрачыстасьць сп. Юру Беленькага, выканаўцу ў Беларусі абавязкаў старшыні БНФ “Адраджэньне” і КХП-БНФ, як прадстаўніка Беларускага Нацыянальна-вызвольнага руху. Потым ён распавёў нам, што адбывалася ў Катэдры.

А мы, скарыстаўшы перапынак у цырымоніі, пайшлі па праспэкце Гэдыміна. Працоўны дзень, мясцовых жыхароў на вуліцах мінімум. Паўсюль беларусы, паўсюль нашы сьцягі, нават у кавярнях. Дарэчы, абслуга ахвотна пераходзіла на беларускую мову. Адбываліся цікавыя, нечаканыя сустрэчы. Я пазнаёміўся з беластоцкай пісьменьніцай і журналісткай “Нівы” Ганнай Кандрацюк. Паразмаўлялі, падзяліліся ўражаньнямі, я нават заслужыў падарунак – апошнюю кнігу Ганны “Па Прыпяці па Нобэль” з аўтарскай дэдыкацыяй. А для маёй Стэфкі тут жа за сталом аформілі падпіску на “Ніву”.

Калі мы вярнуліся на плошчу, там усе сабраліся каля вялікага экрана, на якім дэманстраваліся выступы прадстаўнікоў Летувы, Польшчы і Беларусі. Вельмі прыязна людзі адрэагавалі на пастырскае слова арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які прамаўляў як сапраўдны прадстаўнік беларускага народу. Нечакана на экране матэрыялізаваўся рэжымны віцэ-прэм’ер, якому, аказваецца, таксама далі слова. Сімвалічная фігура антыбеларускага рэжыму была сустрэта гулам людзкой масы. Калі ён сказаў пра “квітнеючую Беларусь”, над плошчай загуло “Ганьба! Ганьба!”. Падумалася, “тяжела ты, шапка Мономаха!”, нават калі ты маленькая, віцэ-прэм’ерская…

Юры Беленькі, які быў на цырымоніі, распавядаў потым, што дзякуючы цудоўнай акустыцы, у прасторы інтэр’ера Катэдры ўсім было вельмі выразна чуваць, як рэагуюць за мурамі беларусы, як яны гукаюць “Жыве Беларусь!” або “Ганьба”.

Я раз-пораз углядаўся ў неба, чакаючы сьнега ад шэрага вэлюма хмараў. І вось зноў расчыніліся масіўныя дзьверы Катэдры, пачаўся наступны этап жалобнай цырымоніі. Як толькі жаўнеры пачалі выносіць з Катэдры труну Каліноўскага, я зноў зірнуў у неба. На вачах сонца разарвала хмары і заліла Вільню залатым сьвятлом… Гэта быў другі Божы знак у той дзень. Яго заўважылі людзі, зь якімі я размаўляў потым. Адна за адной труны з парэшткамі герояў выплывалі з храма на плячах жаўнераў. Сонца іскрамі зіхацела на штыках ганаровай варты. Сухім, рытмічным трэскам азваліся барабаны. Званы Катэдры загулі аглушальнымі галасамі… Беларускае мора на плошчы хвалямі Бел-Чырвона-Белых Сьцягоў рушыла ўсьлед за трунамі і шыхтамі летувіскага і польскага войскаў, ператвараючыся ў магутную плынь на бруку вуліц старой Вільні.

Яшчэ ў той дзень мяне ўразіла тое, якую высокую палітычную культуру, якую салідарнасьць, нацыянальную і чалавечую, праявілі больш за 10 тысяч нашых суайчыньнікаў. Спробы правакацый (было некалькі лакальных інцыдэнтаў), неадэкватная несур’ёзнасьць нямногіх маладых асобаў – гэтыя эпізоды былі дробнымі, мітусьлівых адразу ставілі на месца людзі. Псэўдаапазыцыйныя дзеячы лезьлі пад відэакамэры і ў цэнтр падзей са сваімі “партыйнымі сьцягамі”. Выглядалі яны сьмешна і недарэчна са сваімі “ружамі” і “васількамі”. Сьцяг Ісуса Хрыста запанаваў над Вільняй. Тысячы беларусаў адчувалі сябе вялікай згуртаванай сям’ёй, Народам. Незнаёмыя людзі прыязна размаўлялі між сабой, дапамагалі адзін адному. Уразіла сур’ёзнасьць дзяцей, малых удзельнікаў шэсьця. Беларусы з павагай ставіліся да палякаў і летувісаў, што крочылі разам з намі (а тыя глядзелі на падзеі неяк кур’ёзна – мабыць, не чакалі такога нацыянальнага ўздыму ад беларусаў).

Перад Вострай брамай шэсьце спынілася на кароткую малітву. Праз шырокую шыбу надбрамнай капліцы быў бачны абраз Божай Маці Вострабрамскай. Мы пачулі беларускія рэлігійныя гімны (з Менску прыехаў касьцельны хор). Убачыць маштабы шэсьця стала магчыма толькі тады, калі мы выйшлі на шырокую сучасную дарогу, якая вяла на могілкі Росы. Шэсьце пад Бел-Чырвона-Белымі Сьцягамі расцягнулася больш чым на кілёмэтр.
Людзі стаялі перад брамай Росаў цярпліва і назіралі на вялізным экране за цырымоніяй адпяваньня і пахаваньня герояў. Цырымонія суправаджалася прыгожымі грыгарыянскімі сьпевамі летувіскага хору.

Усе адчувалі вялікую ўдзячнасьць кіраўніцтву Летувы, якое выдатна арганізавала жалобныя мерапрыемствы, усім, хто спрычыніўся да клопату аб парадку і бясьпецы, жаўнерам і афіцэрам войскаў Летувы і Польшчы.
Калі насунуліся прыцемкі, я заўважыў, як праехалі два чорныя аўтамабілі з рэжымнай дэлегацыяй. Было ўражаньне, што нейкія чужыя асобы таропка пакідаюць грамаду беларусаў, ды так, каб іх ніхто не “прыпутаў”. Потым мы даведаліся, што рэжымныя ўцякалі ад журналістаў Радыё Свабода, што нам. міністра культуры РБ заявілася на памінальную Імшу ў яркім паліто і ў белай шалі (пераблытала пахаваньне з рэстаранам). Іншага ад іх ніхто не чакаў.

Зразумела, беларусам яшчэ трэба будзе навучыцца маліцца разам, сьпяваць свае песьні і гімны. Так, як гэта ўмеюць рабіць суседнія народы. Але сьвятыя душы нашых герояў злучылі нас усіх і натхнілі на далейшае змаганьне – змаганьне да перамогі. Упэўнены, што патрыёты будуць з гонарам распавядаць і праз многія гады: “Я быў на разьвітаньні з Кастусём Каліноўскім і героямі Паўстаньня. Я ішоў пад Бел-Чырвонымі-Сьцягамі. Я чуў магутны покліч над ВільняйЖыве Беларусь!

Валеры Буйвал

25/11/2019 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Лістапад 2019
П А С Ч П С Н
« Кас   Сьн »
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ

Народная Перамога

[ Усе сябры ]




Лічыльнік:


Беларуская Салідарнасьць // Усе правы абароненыя // 2000—2019
Сувязь