7 лістапада ў Лагойску адбылося разьвітаньне з дэпутатам Незалежнасьці, сябрам Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ сп. Алесем Шутом. Труна з целам нябожчыка была ўсталявана ў канфэрэнц-залі Лагойскай раённай больніцы, дзе сп. Шут працаваў больш за 40 гадоў. Разьвітацца зь ім прышлі сотні жыхароў Лагойшчыны, якія ведалі яго як сумленнага чалавека і выдатнага мэдыка, які ратаваў жыцьці і здароўе людзей.
Пахавальная працэсія накіравалася на гарадзкія могілкі. Сябры сп. Шута, дэпутаты Незалежнасьці, накрылі труну нацыянальным Бел-Чырвона-Белым Сьцягам. Сп. Сяргей Папкоў, дэпутат Незалежнасьці, намесьнік старшыні КХП-БНФ, зачытаў разьвітальнае слова сп. Зянона Пазьняка, Старшыні КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне” (апублікавана). З разьвітальным словам выступілі таксама фронтаўцы, дэпутаты Незалежнасьці. Сп. Юры Беленькі згадаў, што сп. Шут як мэдык прыклаў вялікія намаганьні ў 1990 годзе, каб пераканаць грамадзтва і Вярхоўны Савет у тым, што неаказаньне ўладамі дапамогі насельніцтву раёнаў, пацярпелых ад Чарнобыльскай катастрофы, вытворчасьць харчовай прадукцыі на атручаных радыяцыяй тэрыторыях, рэжым замоўчваньня разбуральных наступстваў катастрофы зьяўляюцца злачынствам. Ён прыняў чынны ўдзел у распрацоўцы і прыняцьці заканадаўства па наступствах Чарнобыля і аказаньню дапамогі насельніцтву.
Сп. Сяргей Антончык сказаў пра значную ролю сп. Шута ў забесьпячэньні няўдзелу беларускіх вайскоўцаў у ваенных дзеяньнях у зонах канфліктаў, якія палалі ў 1990-91 гадах ў розных рэгіёнах СССР. Тады былі выратаваны жыцьці тысяч беларускіх юнакоў і мужчын, бо Апазыцыя БНФ дамаглася прыняцьця забароны на накіраваньне беларусаў у “гарачыя кропкі”. Трэба не забывацца, што дзякуючы фронтаўскаму авангарду грамадзтва і Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце, часткай якой быў сп. Шут, была адноўлена дзяржаўная незалежнасьць Беларусі, забясьпечана мірнае існаваньне нацыі. Нашы людзі ня гінулі і ня гінуць у бясконцых войнах Расеі ў розных рэгіёнах расейскай імпэрыі і сьвету.
Выступілі лекары і мэдсёстры, якія доўгія гады працавалі разам са сп. Шутом. Яны казалі пра ягоны высокі прафэсіяналізм і сумленнасьць у працы, якой ён аддаваў усе сілы, пра спагадлівасьць і чалавечнасьць, гатоўнасьць падтрымаць і выручыць. Дзякуючы ахвярнасьці такіх людзей мэдыцына яшчэ трымаецца ў нашай краіне ў цяжкіх умовах крызісу.
Лагойшчына разьвіталася са сваім выдатным сынам. Яго будзе памятаць уся Беларусь.
Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ
8 лістапада 2019 г.