Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Ваявалі за Латвію. Стомпацкі бой

Увосень 1944 года, калі ўсходнюю частку Латвіі зноў акупавала Чырвоная армія, у гушчар лесу падаліся тыя мужчыны, што не хацелі ваяваць на баку чырвоных. Многія зь іх пазьбегнулі і баявой службы ў нямецкай арміі. Так Вільгэльмс Кэйшс з Сурыкавацкага павета Абрэнскай акругі ў 1943 годзе, калі пачалася нямецкая мабілізацыя, выразна сказаў свайму старэйшаму сыну Яну: “Ты будзеш ваяваць не за немцаў, не за расейцаў, а толькі за свабоду Латвіі”. Пазьбегнуўшы мабілізацыі ў нямецкую армію, Яніс Кэшс не пайшоў і ў Чырвоную армію, а ўвосень 1944 года падаўся ў лес, дзе пачалі арганізоўвацца латышскія нацыянальныя партызаны.

Уначы 2 кастрычніка 1944 года немцы дэсантавалі ў Абрэнскай акрузе дывэрсійную групу з 11 чалавек пад кодавым назовам “Лапланд”. Ёю камандваў былы галоўны аграном акругі Пэтэрыс Супэ (“Цынытыс”—“Змагар”), а ягоным намесьнікам быў студэнт факультэта народнай гаспадаркі Латвійскага Унівэрсітэта Станіслаўс Лочмэліс (“Дузэ”). 10 сьнежня 1944 года яны заснавалі Нацыянальнае партызанскае злучэньне Латвіі (LNPA). У момант заснаваньня ў яго ўвайшлі сем партызанскіх груп, 127 чалвек. Увосень 1945 года LNPA аб’ядноўвала да 1000 нацыянальных партызанаў, і ў падпарадкаваньні арганізацыі былі партызанскія групы ў Віляцкай, Алукснэскай, Валкаўскай, Гулбэнскай, Цэсіскай і часткова таксама Маданскай акругах. Нягледзячы на перавагу акупацыйных сілаў, LNPA здолела дзейнічаць да 1953 года.

У распрацаваным П. Супам статуце LNPA гаварылася: “Пар. 1. Нацыянальнае партызанскае злучэньне Латвіі (LNPA) зьяўляецца латвійскай нацыянальнай вайскова-палітычнай арганізацыяй, якая аб’ядноўвае змагароў за волю і дзейнічае таемна ва ўмовах акупацыйнай улады Латвіі. (…) Пар. 3. Злучэньне базуецца на правах, сфармуляваных Аб’яднанымі Нацыянальнымі атрадамі, якія застаюцца ў сіле паводле Канстытуцыі Латвіі, таму яно зьяўляецца законнай дзяржаўнай арганізацыяй Латвіі і можа зьдзяйсьняць свабоднае волевыўленьне вядомай часткі латвійскага народа. Пар. 4. Злучэньне вызначае як сваю вышэйшую мэту замагньне са зброяй у руках і палітычную барацьбу, разам з большай часткай латвійскага народа за аднаўленьне незалежнай дэмакратычнай Латвійскай Рэспублікі.

Паселішча на выспачках”

На пачатку студзеня 1945 года партызаны LNPA на загад П. Супы пачалі канцэнтравацца ў Стомпацкіх балотах паміж Балвіямі і Вілякам, дзе яны пабудавалі лягер на шэрагу выспаў пасярод балота. Яго без перабольшваньня можна разглядаць як найвялікшы партызанскі лягер ва ўсім Балтыйскім рэгіёне. Яго афіцыйная партызанская назва была “Паселішча на выспачках”, але народ называў яго таксама “Новым Бэрлінам”. У лягеры былі пабудаваны 24 зямлянкі (прадугледжаныя на 20-30 чалавек), дзьве стайні на 30 коней, склад прадуктаў, пякарня і касьцёл. У лягеры функцыянаваў таксама адмыслова створаны партызанскі суд, які судзіў ўзятых у палон савецкіх актывістаў. У касьцёле штодня правіў службу Людвігс Штагарс (“Пабэрзс” – “Крушына”), старшыня прэзыдыюма LNPA, пробашч каталіцкай грамады Сцілбэнскага павета Рэкоўскай акругі. Разам у лягеры было да 350 чалавек, сярод іх таксама да 30 жанчын. Умацаваньняў з-за глыбокага сьнега не рабілі, але на абраных пазыцыях выкварыстоўвалі бярвеньні.
Перад лягерам знаходзіўся высунуты перадавы пастарунак. У ім па чарзе дзяжурылі партызанскія групы, якія кантралявалі тых, хто выходлзіў і заходзіў. Без дазволу камандваньня пакінуць лягер было немагчыма. Акрамя таго, былі наладжаны яшчэ тры зьнешнія пастарункі.

З лягера штоноч выходзілі на санках з коньмі чатыры-шэсьць партызанскіх груп. У іхнія абавязкі ўваходзіла і забесьпячэньне харчамі, і баявыя задачы. У многіх выпадках партызаны, нападаючы знянацку, вызвалялі арыштаваных жыхароў, ліквідавалі чырвоных актывістаў, а таксама захапілі і даставілі ў лягер лейтэнанта Пікулева, упаўнаважанага службы контрразведкі працaўніка “Смерш” (акронім ад расейскага – “Сьмерць шпіёнам!”). З-за рэгулярнага руху ў тыя часы дарога ў “Паселішча на выспачках” больш актыўна выкарыстоўвалася, чым шаша Балвы-Вілякі.

Стомпацкі бой

На прыканцы лютага 1945 года чэка высьветліла прыкладнае месцазнаходжаньне партызанскага лягеру, але не паверыла пададзеным палоннымі зьвесткам пра колькасьць партызан, мяркуючы, што ў лягеры ня можа быць больш за 30-40 чалавек. У сваю чаргу, партызаны ад узятага ў палон лейтэнанта “Смерша” даведаліся, што чэка ведае месцазнаходжаньня іхняга лягеру.

Партызанскае камандваньне, будучы ўпэўненым у сваёй моцы, не чакала нападу знянацку, бо яго разьведка не заўважыла, каб у Абрэнскай акрузе зьявіліся новыя вайсковыя сілы ворага. Магчымасьць, што чэка нападзе толькі сіламі, што былі ў акрузе, партызанскае камандваньне не брала пад увагу.

Лягер, у якім знаходзілася да 350 партызан, заатакавалі вайсковыя сілы 143-га палка НКВД (камісарыята ўнутраных спраў СССР) у складзе 483 чалавек. Бой доўжыўся з 7.30 да 19.30 2 сакавіка, шум бою сьцішыўся раніцай 3 сакавіка. Пазыцыі абодвух бакоў на выспе Прыекшсала знаходзіліся толькі ў 70-80 мэтрах аддаленасьці, і доўгія або кароткія абстрэлы здараліся ўвесь час. У баі і потым ад раненьняў загінулі 28 нацыянальных партызан, але вораг страціў 46 чалавек.

Афіцэр НКВД Васіль Вараб’еў такімі словамі апісаў падзеі: “Бандыты забілі і паранілі многіх з нашых жаўнераў і афіцэраў. У бандытаў былі заранёў падрыхтаваныя абарончыя пазыцыі, і яны аказалі нам моцны агнявы супраціў, не пакідаючы тэрыторыю свайго лягеру. Бандыты часта пераходзілі ў контратакі, імкнучыся нас акружыць і зьнішчыць”.

У сваю чаргу камандзір баявой партызанскай групы Яніс Казлоўскіс, успамінаючы бой, напісаў: “У гэтым баі я быў вельмі блізкі да сьмерці, бо мяне, калі я намагаўся захапіць кулямёт у трафэй, на плячах каля лапатак мне прастралілі брэзэнтавы плашч ды яшчэ добра абпалілі скуру”.

Значную ролю ў пасьпяховым завяршэньні бою адыграў легіянэр капітан Яніс (Арвід?) Озалс (“Мэлна барда” –“Чорная барада”). Ён зьявіўся ў Стомпацкай акрузе 26 лютага 1945 года – толькі за некалькі дзён да бою нацыянальных партызанаў з вайсковымі часткамі чэка. Ён застаўся ў тыле Чырвонай арміі разам з адзьютантам Палі Гранціням (“Вэнцінь”) падчас адступленьня ў ліпені 1944 года. Абодва жылі нелегальна ў Грыўскім лесе ў Ціжскім павеце. Пасьля прыбыцьця ў Стомпакі капітан Озалс хутка заваяваў давер партызанаў і быў прызначаны камэндантам “Паселішча на выспачках”. 2 сакавіка на золку, калі чэкісты на нядоўгі час занялі чатыры бункеры, а ў бункеры “Жаготас”, што знаходзіўся насупраць, партызанскую групу ахапіла паніка, частка людзей нават пабегла, менавіта Озалс спыніў замяшаньне і арганізаваў належны супраціў .

Партызаны вырваліся з боем з “Паселішча на выспачках” і акружэньня ў Стомпацкім лесе ўноч з 2 на 3 сакавіка. Дапамагло таксама тое, што ўначы была моцная мяцеліца. Галоўныя партызанскія сілы – да 70 чалавек – пад камандваньнем капітана Озала падаліся ў Грыўскія лясы, што ў Цілжскім павеце. Там 28 сакавіка ад атрыманых у Стомпацкім баі ран памёр намесьнік камандзіра Станіслаўс Лочмэліс (“Дузыс”). Змаганьне працягвалася. Капітан Озалс пасьля некалькіх пасьпяховых сутычак з акупантамі загінуў ў баі 28 красавіка 1945 года каля Апарнекаў Ругайскага павета. LNPA працягваў камандваць Пэтэрыс Супэ (“Цынытыс”), якога 1 красавіка 1946 года забіў чэкісцкі агент – баец Яніс Клімканс. Наступны камандзір LNPA Антонс Цырцанс (“Варпа” – “Колас”) загінуў у баі 7 ліпеня 1947 года, а апошняга камандзіра LNPA лейтэнанта Браніслава Слускага (“Індуліс”) захапілі ў палон 15 студзеня 1953 года.

Стомпацкі бой і яго вынік адлюстраваны таксама ў данясеньні камандзіра 143-га палка НКВД палкоўніка Кузьняцова ад 19 сакавіка аб апэратыўным становішчы ва Усходняй Латвіі. У ім зазначана, што “У раёне ляснога балота хавалася група бандытаў у складзе 400-500 чалвек. Яны былі ўзброены буйнакалібэрнымі кулямётамі, аўтаматамі, вінтоўкамі, гранатамі і вялікай колькасьцю патронаў. (…) Вакол лягера бандытаў была наладжана абарончая лінія, пастаўлена ахова ў складзе 15-20 чалавек, адкуль выстаўляліся пастарункі на заходнім, паўднёвым і ўсходнім накірунках. Банда выкарыстоўвала аддзелы па 15-20 чалавек, каб абрабоўваць дамы і зьнішчаць дамы савецкіх і партыйных работнікаў паблізу цэнтра акругі і павета. (…) 2 сакавіка 1945 года падчас сутычкі з бандай палкавое апэратыўнае злучэньне зьнішчыла 28 бандытаў, 40-50 былі паранены, 7 чалвек узятыя ў палон. Банда, выкарыстоўваючы моцны сьнегапад і пад покрывам ночы, выйшла з акружэньня ў заходнім накірунку і групамі пранікла ў Ліепнскі лес, але галоўныя сілы выйшлі ў Грыўскі лес”.

Пасьля Стомпацкага бою большую частку загіблых партызан прывезьлі для апазнаньня і застрашэньня жыхароў Вілякаў і Сцілбэраў. Калі бухгалтарка Элдзеўскага лясьніцтва Л. Аўстанэ сярод забітых убачыла свайго мужа, яна здолела сьціснуць зубы і ня выдаць сябе. Адкінуўшы сьнег з твару мужа, яна схіліла галаву і пайшла дахаты, пазьбегнуўшы такім чынам допыта чэкістаў. На Віляцкіх братэрскіх могілках пазьней урачыста пахавалі толькі 18 прадстаўнікоў акупацыйных уладаў, а іншых жаўнераў чэка пахавалі на могілках ў Пыталаве або Востраве. Так здарылася таму, што ў Віляках на цэнтральнай плошчы былі выстаўлены на публічны агляд целы 19 загіблых партызанаў, і было недапушчальна, каб народ убачыў, што страты камуністаў былі большымі. Частку палеглых партызанаў кінулі ў яму пад агароджай Віляцкага каталіцкага касьцёла, дзе ў 2005 годзе быў адкрыты прысьвечаны ім памятны знак.

Стомпацкі бой можна ацэньваць як найвялікшы і найлюцейшы бой ў гісторыі партызанскай вайны ў Латвіі. 11 жніўня 2011 год на ўзбочыне шашы Балвы-Вілякі быў адкрыты помнік 28 палеглым нацыянальным партызанам. На ім высечаны імёны ўсіх палеглых і радкі песьні:

“Мы памерлі, каб жылі сотні.
Не магла тады квітнець Латвія.
А пасьля баёў, хто застанецца жывы,
Будзе адбудоўваць Латвію!”

Зігмарс Турчынскіс,
дасьледчык Інстытута Гісторыі Латвійскага Унівэрсітэта

Пераклаў з латышскай В. Буйвал

Крыніца: Zigmārs Turčinskis, LU Latvijas Vēstures institūta pētnieks. Stompaku kauja 1945. gada 2. martā
http://www.sargs.lv/Vesture/Vesture/2016/04/12-01.aspx#lastcomment

13/9/2019 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Верасень 2019
П А С Ч П С Н
« Жні   Кас »
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
30  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024