Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты // Форум
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Ліст да Міністэрства адукацыі

22 ліпеня 2017 г. партал tut.by апублікаваў матэрыял: “Як вучыць дзяцей на мове?” Бацькі кажуць, што не хапае садкоў і школ, Мінадукацыі — жадаючых”

Абмеркаваньне праблемаў беларускамоўнай адукацыі праводзілася ў Таварыстве беларускай мовы. У размове ўдзельнічалі прадстаўнікі Міністэрства адукацыі. (https://news.tut.by/society/552343.html)

Ірына Булаўкіна, галоўны спецыяліст упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі, сказала, што ва ўстанове «таксама перажываюць», што колькасць тых, хто вучыцца па-беларуску, скарачаецца і дадала:
“Пытанне ў тым, што няма жадаючых вучыцца па-беларуску!”

Гэтая формула, якой трымаецца Міністэрства адукацыі ў моўным пытаньні, выяўляе сутнасьць праблемы.

Міністэрства адукацыі, выкарыстоўваючы гэтую формулу, самаўхілілася ад абавязкаў разьвіваць родную мову і адукоўваць падрастаючае пакаленьне, усьвядоміць яго, што родная беларуская мова, якой карысталіся і якую разьвівалі сотні пакаленьняў нашых продкаў, ёсьць крыніца разумовых здольнасьцяў беларусаў.

У 2006 годзе Рэспубліка Беларусь падпісала Канвэнцыю ААН “Аб ахове і спрыяньні разнастайнасьці форм культурнага самавыяўленьня” і гэтым узяла на сябе абавязкі перад міжнароднай супольнасьцю і цывілізацыяй спрыяць разьвіцьцю беларускай мовы і беларускай культуры. Але на практыцы з боку Міністэрства адукацыі мы гэтага не назіраем.

Яшчэ ў пачатку 60-х гадоў ХХ-га стагоддзя ў сельскай мясцовасьці жылі 70% беларусаў (перапіс 1959 г.) У гэтыя гады беларускія дзеткі, ва ўзросьце калі закладаюцца асноўныя разумовыя здольнасьці (ад нараджэньня і да 12 гадоў), чулі беларускую гаворку, беларускую калыханку і песьню. Існаваў натуральны працэс перадачы ведаў па выхаваньні дзетак ад старэйшых маладым. Натуральнасьць працэсу палягала ў тым, што ня трэба было тлумачыць, у чым каштоўнасьць роднай беларускай мовы. Ёй карысталіся як паветрам і разьвівалі яе адпаведна зьменам умоваў жыцьця. Інтэлектуальны патэнцыял беларусаў, які ўзрошчаны на багатай беларускай мове, стаў грунтам для інтэлектуальна разьвітай асобы, для вырошчваньня кваліфікаваных кадраў ва ўсіх сфэрах дзейнасьці.

У сувязі з урбанізацыяй, перасяленьнем сельскіх людзей у гарады адбыліся карэнныя зьмены асяродку і ўмоваў выхаваньня дзетак у беларускіх сем’ях. Горад сустрэў сельскага беларуса варожа. Савецкая машына русіфікацыі перамалола ўжо тры-чатыры пакаленьні. У выніку беларускія сем’і ў гарадах згубілі інтэлектуальную сувязь са сваімі продкамі. Пры гэтым, згубіўшы натуральныя ўмовы выхаваньня дзяцей, не атрымалі ведаў па выхаваньні іх у новых умовах.

Для дэзарыентацыі беларусаў пасьлядоўна былі ўжыты шэраг русіфікацыйных формулаў:
1. “Русский язык великий и могучий”. Таму, каб набыць лепшыя веды і быць адукаваным чалавекам, трэба карыстацца “русским языком”.
2. “Роднай мовай для чалавека зьяўляецца тая, якой ён авалодаў у маленстве”.
3. Беларуская мова неабавязковая і непатрэбная.
4. “Какая разница на каком языке говорить”, ды інш. падобныя “прапагандызмы“.

Савецкія пэдагогі карысталіся яшчэ адной фальшывай фармулёўкай – “разумовыя здольнасьці ад мовы не залежаць”.

Дзеля ўкараненьня асіміляцыі пэдагагічная практыка рэжыму прыняла абрэзаную канцэпцыю ролі мовы ў разьвіцьці чалавека. З пераліку функцый мовы выключана яе важная функцыя – фармаваньне разумовых здольнасьцяў чалавека. Фактычна адкінута эвалюцыя разумовага базіса канкрэтнага этнасу, які грунтуецца перш за ўсё на разьвіцьці мовы і, адпаведна, — на моўнай культуры гэтага этнасу.

Вось афіцыйная пазыцыя Міністэрства адукацыі па моўным пытаньні для дашкольных устаноў: “Обучение и воспитание в учреждении дошкольного образования осуществляются на белорусском и (или) русском языках. Основной язык обучения и воспитания в учреждении дошкольного образования (белорусский или русский) определяется его учредителем с учетом пожеланий законных представителей воспитанников.” (старонка 28, Інструктыўна-метадычны ліст Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь да 2014/2015 навучальнага года).

У пытаньні важнасьці роднай мовы для раскрыцьця разумовых здольнасьцяў дзяцей Міністэрства адукацыі, як сьведчыць гэтая пазыцыя, ухілілася ад беларускай адукацыі дзяцей і ад асьветы “законных представителей воспитанников”. На цяперашні час і “учредители” і “законные представители” (беларусы) у бальшыні ўжо асіміляваныя і чужую мову памылкова лічаць “роднай” (так ім сказалі яшчэ ў асімілятарскай школе) .

Падмена паняцьця роднай мовы вядзе да адмаўленьня эвалюцыі разумовых магчымасьцяў, да адмаўленьня ролі продкаў канкрэтнага чалавека ў напрацоўцы яго біялагічнага базіса разумовых здольнасьцяў.

Зьнішчэньне беларускай мовы зьніжае полімарфізм структуры мазгоў для ўсіх ўсходнеславянскіх народаў і тым самым зьніжаецца інтэгральная характарыстыка разумовага патэнцыялу гэтых народаў, а для беларусаў гэта абазначае непасрэдную дэградацыю разумовых магчымасьцяў.

Каштоўнасьць шматлікасьці моваў і культур народаў неаспрэчная. Полімарфізм структуры мазгоў, які сфармаваны рознымі народамі з рознымі мовамі і культурамі, забясьпечылі шырокі паралелізм разьвіцьця чалавечай цывілізацыі. Таму такая хуткасьць гэтага разьвіцьця.

У Беларусі замацавана асіміляцыйная практыка ў асіміляцыйных мэтодыках на ўсіх узроўнях выхаваньня і адукацыі. Сьцьверджаньні, што гэтыя асіміляцыйныя мэтодыкі абапіраюцца на дасягненьні сучаснай навукі, проста недарэчныя. Навука кажа пра іншае.
Асіміляцыйная практыка ў выхаваўча-адукацыйным працэсе абапіраецца не на навуку, а знаходзіцца пад ціскам палітычнай экспансіі “русского мира”, які сам інтэлектуальна дэградуе, зьнішчаючы ўсе іншыя мовы і культуры вакол сябе.

Ёсць таксама адмоўны эканамічны аспэкт асіміляцыі.

Найбольш актыўная частка беларусаў вымушана працаваць за межамі Беларусі, ствараць каштоўнасьці і папаўняць бюджэты ў чужых краінах, нарабляць на пэнсіі не сваім бацькам і настаўнікам, а чужым людзям. Атрымліваецца, што бацькі і настаўнікі беларусаў-мігрантаў, выхоўваючы і навучаючы іх не па-беларуску, але па-расейску, працуюць тым самым на Расею, бо рыхтуюць для яе бясплатную адукаваную рабочую сілу. (Каб вырасьціць, выхаваць, адукаваць дзіця ад нараджэньня да 20 гадоў, для сям’і і дзяржавы гэта каштуе 60-100 тысяч рублёў, і ўсё тое дзеля каго?)

Выхаваньне і школьнае навучаньне на “русском языке” зрабіла беларусаў рэгіянальнымі касмапалітамі ў арэале “рускага міра”. Таму, замест таго, каб уладкоўваць сваю краіну, працаваць на сябе, яны едуць працаваць у Расею. Прыкладна 1 млн. беларусаў працуюць на расейскі бюджэт і напрацоўваюць каля 30 мільярдаў даляраў расейскага ўнутранага валавага прадукту. (Тут таксама адна з прычын намаганьняў Расеі па ўкараненьні ў Беларусі «русского языка».)

Такім чынам, самыя настаўнікі і выхавацелі сталі ахвярамі сваёй асіміляцыйнай дзейнасьці, іх бядотны стан зьяўляецца вынікам іх жа працы . Прыстойны ўзровень аплаты працы пэдагогаў будзе тады, калі па-беларуску выхаваныя і навучаныя імі дзеці (канешне, разам з бацькамі) застануцца жыць і працаваць у Беларусі, і ўзровень іх разумовых здольнасьцяў і ведаў будзе дастатковы ня толькі для авалоданьня новымі прафэсіямі, але і для генерацыі далейшага разьвіцьця краіны.

Як спыніць разумовую, моўную і культурную дэградацыю? Як вярнуць выхаваньне і адукацыю на шлях нацыянальнага разьвіцьця? (Абмінаем тут палітычны аспэкт, зыходзім з таго разбуранага стану, які ёсьць.)

Пачынаць трэба з пэдагагічнай адукацыі сем’яў.

Паколькі патэнцыял разумовых здольнасьцяў чалавека фармуецца ў асноўным да 6-7 гадоў і завяршаецца ў 12-14, асаблівую ўвагу пры сямейнай пэдагагічнай адукацыі трэба надаць маладым сем’ям, бацькам, у якіх малыя дзеці.

Ёсьць розныя мэтады і прапановы па нацыянальнай нармалізацыі выхаваўча-адукацыйнага працэсу. Адзін з такіх канкрэтных мэтадаў прапануецца ў Народнай Праграме «Вольная Беларусь» (надрукавана асобным выданьнем і ў Сеціве). Зразумела, што шмат залежыць ад палітычных рашэньняў і карэнных рэформ. Але нават у існуючых абставінах ёсьць магчымасьці пры нефармальным падыходзе і актыўнай ініцыятыве міністэрскіх арганізацыяў паправіць становішча. Напрыклад, праца з маладымі сем’ямі, пашырэньне выкладаньня на беларускай мове ва ўнівэрсітэтах, укараненьне мовы ў практыку дзяржаўных устаноў (найперш якраз у Міністэрствы адукацыі і Міністэрства культуры), узалежніць класнасьць дзяржаўных чыноўнікаў ад веданьня і выкарыстаньня дзяржаўнай беларускай мовы і іншыя падыходы па павелічэньні прэстыжу і ўжываньня нацыянальнай мовы.

Каб прапановы і праца не павіслі ў паветры, пажадана на грамадзкіх пачатках пры спрыяньні найперш Міністэрства адукацыі стварыць цэнтр (клюб спачатку толькі ў Менску), які распачаў бы распрацоўку мэтадычных матэрыялаў і падрыхтоўку кансультантаў-валанцёраў для асьветніцкай працы ў беларускіх сем’ях. Патрэбныя актывісты, якія ўключыліся б у такую справу.

Вядома, пазыцыя Міністэрства адукацыі тут вырашальная. З свайго боку сьведчу гатоўнасьць невялікага пакуль што кола людзей, каб прыняць удзел у добрай справе нацыянальнай адукацыі маладога пакаленьня.

Спадзяемся на камэнтар гэтага ліста з боку Міністэрства адукацыі. Гэты ліст, адкрыты, друкуецца таксама ў Сеціве. Магчымыя пытаньні і прапановы аб супрацы можна даслаць на эл. адрас: h.buducynju@gmail.com, таксама пазваніць па тэлефонах: 375 29 3452453; 375 33 3954383.

Сяргей Папкоў, намеснік старшыні КХП-БНФ
22 кастрычніка 2017 г.

1/11/2017 › Навіны, Polski


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Лістапад 2017
П А С Ч П С Н
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ

Народная Перамога

[ Усе сябры ]




Лічыльнік:


Беларуская Салідарнасьць // Усе правы абароненыя // 2000—2017
Сувязь