Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты // Форум
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон ПАЗЬНЯК: «Няхай жыве магутны, сьмелы наш Беларускі вольны дух!»

(Выступ на лютаўскім 2017 г. Сойме КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”)

… Падрыхтоўка паўзучага захопу тэрыторыі Беларусі, яе рэсурсаў, народа і дабра вынікае з імпэрскай стратэгіі Расеі і пачалася адразу пасьля здабыцьця дзяржаўнай Незалежнасьці Беларусі. Асаблівасьць гэтай стратэгіі ў тым, што захоп беларускай тэрыторыі плануецца і ажыцьцяўляецца Масквой шляхам ліквідацыі беларускай нацыі. Галоўны мэтад вынішчэньня – русіфікацыя, разбурэньне культуры і грамадзянскай супольнасьці. Ідэалагічная аснова і галоўны чыньнік такой тыпова фашыстоўскай палітыкі – дыскрэдытацыя, забарона і зьнішчэньне Беларускай мовы.

22 гады ўкараняў такую палітыку ў Беларусі прамаскоўскі сатрап Лукашэнка, які ўсталяваў у краіне рэжым унутраннай акупацыі (гэта значыць палітыку чужой дзяржавы). Адносіны паміж Лукашэнкам і Масквой пабудавыныя па заганнай (але распаўсюджанай ў палітычным сьвеце) схеме: сатрап прадае нацыянальныя інтарэсы і праводзіць у краіне палітыку, купляючай сатрапа, кіроўнай імпэрыі. Купляючая (кіруючая) дзяржава падтрымлівае неперапыннасьць улады сатрапа і аплочвае яго асноўныя патрэбы (дае пазыкі льготы, зьніжкі, прэфэрэнцыі, касуе крэдыты ды запазыкі і т. п.). У гэтым істота марыянэткавасьці, васальнасьці, сатрапнасьці і ўсялякай дзяржаўнай ды ўладнай запрадажнасьці ў палітыцы. За здраду плоцяць.

Сутнасьць жульніцкага канфлікту ў гэтай зьвязцы ў тым, што Масква лічыць, што плоціць шмат, але атрымлівае мала, а сатрап лічаць, што яму не выплочваюць таго, што абяцалі. Гэтую здрадніцкую гразь і гандлярскае словаблудзтва беларусы назіраюць ўжо больш за дваццаць гадоў. Прытым сатрап умудраецца выстаўляць свой гандаль як абарону нацыянальных інтарэсаў і для дурняў таго тлумачэньня хапае.

Аналагічны шлях быў падрыхтаваны для Украіны, супраць якой Масква ўжо вядзе гібрыдную вайну і ўзброеную агрэсію, бо украінцы паўсталі. Правал фашыстоўскіх планаў супраць Украіны спарадзіў у Масквы новыя агрэсіўныя ініцыятывы – вайну ў Сірыі і падрыхтоўку захопу Беларусі.

Апошняя пазыцыя на розныя лады ўмаляецца маскоўскай прапагандай і агентурнай службай Лукашэнкі (маўляў, навошта Маскве Беларусь?). Тым часам адносіцца да гэтых маскоўскіх планаў трэба сур’ёзна, як бы неверагодна яны ні выглядалі, ці некаму здаваліся, бо падрыхтоўка дзеяньняў прадугледжвае самыя дзеяньні.

Пра гэта неабходна пастаянна казаць, пісаць і рэальна рыхтавацца да абароны ад збройнай агрэсіі. Складанасьць у тым, што жывучы пры антынародным рэжыме ўлады, рыхтавацца трэба незаўважна, бо рэжым прадажны. Гэтым абумоўлены наш падыход: індывідуальная падрыхтоўка і групы па 2-3 чалавекі, без структурызацыі (толькі абмежаваныя гарызантальныя сувязі). Такі падыход дасьць магчымасьць захаваць людзей і ў патрэбны час хутка стварыць дабраахвотніцкія батальёны і партызанскія аддзелы.

Кожны змагар-патрыёт мусіць уясьніць для сябе правільныя ацэнкі і паводзіны і разумець, што Лукашэнка здрадзіць і здасьць усё, калі ўзьнікне пагроза яго ўладзе і жыцьцю. Ён ёсьць непасрэдная прычына няшчасьцяў нашай нацыі. Сатрап і беларусаненавісьнік ня стане рэальна супраць Масквы.

Калі дапусьціць неверагодныя абставіны, у выніку якіх, напрыклад, сатрап уцягнецца ў збройны канфлікт з Масквой (фармулюю гэта толькі ўмоўна), то тады дабраахвотніцкія батальёны мусілі б дзейнічаць цалкам самастойна, ні ў якім разе не зьмешвацца і не яднацца разам з лукашыстамі, бо гэта, як кажуць, супярэчыць прыродзе рэчаў, розныя мэты, розныя ідэалы, хоць бы і агульны (але для рэжыма умоўны) непрыяцель. У адваротным выпадку вызвольныя сілы будуць ліквідаваныя рэжымам.

Дарэчы, цікава, што якраз у гэты час дробная агентура пачала “піярыць” Лукашэнку як “барацьбіта” супраць Расеі ды выратавальніка Беларусі, маўляў, яднаймася вакол сатрапа (які пасварыўся з панам, і невядома ці надоўга). Адзін тыпаж, які раней абгаджваў маё імя, назваў сатрапа нават “бацькам, Булак-Балаховічам”. Яшчэ не такое мы цяпер пачуем.

Ускосныя зьвесткі, якія дайшлі да мяне, сьведчаць аб тым, што нашы заклікі знайшлі сваіх людзей. Ёсьць нават паведамленьні, што хтосьці легальна імкнецца стварыць дабраахвотніцкія батальёны тэрытарыяльнай абароны і зьвярнуўся нават да рэжымнай вертыкалі па “садзеяньне”. Наіўна, вядома, але і тое добра. Яно шмат што высьветліць тым, хто яшчэ нечага не разумее.

Фармальна лагічным выглядае паведамленьне аб стварэньні дабраахвотных грамадзкіх вайсковых камісіяў (ваенкаматаў). Але людзі, якія гэта агучылі (М. Статкевіч), ня маюць даверу ў палітычным асяроддзі. І таму, калі рэальна ўзьнікне патрэба, то ўсё прыйдзецца рабіць ад пачатку іншым асобам.

Даты, калі расейцы па дамове з Лукашэнкам будуць заводзіць свае войскі і танкі ў Беларусь для нібыта сумесных манеўраў, ніхто яшчэ ня ведае (гэтак жа як і пра час і месца “манеўраў”). Беларусы, аднак, інфармацыю пра тое мусілі б мець, ведаць графік завозу зброі і акупанцкага войска па чыгунцы, рабіць неабходныя дзеяньні. Зараз гэта галоўнае. Усё трэба рабіць дзеля прадухіленьня акупацыі, дзеля падрыхтоўкі да абароны ад агрэсара, дзеля арганізацыі адпору ворагам.

Унутранае становішча пад рэжымам ужо даўно эканамічна тупіковае і ўвесь час пагаршаецца. Адносіны між рэжымам і грамадзтвам усё больш нагадваюць дачыненьні ў Паўночнай Карэі. Сорамна і цяжка на гэта глядзець, але факт. Факт, які акрамя ўсяго нагадвае пра небясьпечную сілу ўлады, калі яна пры слабым грамадзтве трапляе ў рукі дрэнным людзям. Гісторыя паказала, што злабаедная ўлада можа зламаць хрыбет любому народу і ператварыць яго ў натоўп (Куба, Нямеччына ў 30-х, Расея, Карэя і інш.). Народ пачынае сам сябе нішчыць і разбураць пад узьдзеяньнем і прымусам злой улады, асабліва, калі ўладная нечысьць прыдумляе сваю ідэалогію.

Будучыню дзяржавы павінны вызначаць разумныя, культурныя, адукаваныя людзі, патрыёты краіны. Цемра, неадукаванасьць, бескультур’е не павінна кіраваць, ня мусіць быць ва ўладзе.

Абсурдаў хамскага рэжыму ў Беларусі культурныя людзі нацярпеліся дастаткова за 22 гады антынацыянальнай улады. Але мала што зьмянілася, бо хамская ўлада абапіраецца не на эліту, а на натоўп, якім маніпулюе (выраблена яго душыць і выраблена падтрымлівае). У гэтым жывучасьць дэструктыўных рэжымаў і дыктатур.

У мінулым годзе рэжым выдаў чарговы антыканстытуцыйны дэкрэт №3 аб прымушэньні да працы (так было пад маскоўскай саветчынай). Называецца дэкрэт “Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства”. Галоўны хам ахрысьціў сваю прыдумку дэкрэтам аб “дармаедах”, г. зн. аб людзях, якія па той ці іншай прычыне часова ня маюць працы (беспрацоўныя, парадзіхі, творчыя асобы, агароднікі, інваліды, хатнія гаспадыні і г.д.). Матывацыя тыпова рабская – маўляў, гэтыя людзі не прыносяць даходу дзяржаве і таму павінны плаціць падатак (і не малы) за сваё нібыта беспрацоўе. (На самой справе гэтыя «беспрацоўныя» людзі эканамічна ўтрымліваюць уладу, а не наадварот).

Сытуацыя ў каторы раз ставіць пытаньне аб ліквідацыі шызоіднага рэжыму, аб зьмене ўлады. Але рэальнасьць паказвае адваротнае. Людзі прызнаюць гэтую нелегітымную ўладу, якая плюе ім у твар, і зьбіраюць подпісы пад пэтыцыямі, каб начальнік адмяніў свой дэкрэт (чаго, вядома, ніколі не станецца). Ініцыятывы прасіцеляў тут жа ачольваюць запісныя “апазыцыянэры” і клічуць людзей на дэманстрацыю супраць дэкрэта (спачатку сп. Лябедзька паклікаў на 15 сакавіка, а потым М. Статкевіч на 17 лютага). Як звычайна ў правакацыях – ніякага плану і мэты дэманстрацыі няма. Пакажам, “каб улада баялася”, кажа М. Статкевіч. Шчыра і прастадушна. Тут як з плясканьнем у ладкі. Не кажу ўжо пра 19 сьнежня 2010 года.

Узьнікла група сацыяльна нездаволеных дэкрэтм №3. Трэба рэжыму тое нездавальненьне згадзіць, пасеяць нявер’е. Запісныя асобы тут жа забягаюць наперад (нават адзін аднаму). Утварылася гэткая (не без спрыяньня рэжыму) грамадзкая пляга, саранча, якая не дае арганізавацца сур’ёзнай справе, падсоўвае людзям дурацкія паводзіны, якія канчаюцца пшыкам (гэта ў лепшым выпадку).

Калі ў выніку дэкрэта зьяўляецца акрэсьленая група нездаволеных людзей колькасьцю ў 470 тысячаў чалавек, чые інтарэсы аднолькава парушаны, то зьяўляецца і адпрацаваная схема змаганьня за свае інтарэсы. Гэта канфэрэнцыя такіх людзей, фармуляваньне на ёй інтарэсаў і задачаў, стварэньне арганізацыі і структураў, якія зоймуцца эканамічнымі і юрыдычнымі пытаньнямі, сфармулююць палітычныя патрабаваньні і, калі дойдзе справа да дэманстрацыі, то яна будзе мець мэту і дзесяткі тысячаў дэманстрантаў, якімі граматна пакіруюць граматныя людзі. (Так ствараўся БНФ пад камунізмам).

Каб тое не адбылося, наперад забягаюць правакатары ў вобразе “герояў-змагароў” і робяць пшык, штрафы, пасадкі, расчараваньне, упадак сілаў, фіксацыю для гэбістаў і т. п..

Зрэшты, тут усё празаічна відаць. Нічога не атрымаецца ні ў правакатараў, ні ў “дармаедаў”, якія не дарасьлі да палітычнага ўсьведамленьня аб ліквідацыі антынацыянальнага рэжыму. Карэізацыя працягваецца. Людзі, якія змагаюцца не за народ, не за свабоду, гонар, веру і «вольны дух» (як пяецца ў Беларускім гімне), але патрабуюць толькі хлеба і матэрыяльнага заспакаеньня, – ня будуць мець ні гонару, ні волі, ні хлеба. Тыя, што адвярнуўшыся ад вольнага духу, йдуць за абяцальшчыкамі дабрабыту, – не атрымаюць яго, толькі рабства, паняверку і вечны плач.

У гэтай абсурднай сытуацыі, патрыёты, рыхтуймася да змаганьня і да збройнай абароны незалежнасьці Беларусі! Гэтая барацьба можа ўсё вырашыць. У тым ліку і пра існаваньне антынароднага рэжыму.

12 лютага 2017 г. Зянон ПАЗЬНЯК

14/2/2017 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Люты 2017
П А С Ч П С Н
« Сту   Сак »
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ

Народная Перамога

[ Усе сябры ]




Лічыльнік:


Беларуская Салідарнасьць // Усе правы абароненыя // 2000—2017
Сувязь