Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Фідэль Кастра. Жыцьцё і сьмерць нарцысіста

Ён быў нарцысістам з кнігі, але да таго ж пачуваўся здольным на рэалізацыю вялікіх спраў і меў сьмеласьць брацца за іх. Гэта было часткай ягонай грандыёзнай самасьвядомасьці.

Памёр Фідэль Кастра, яшчэ не астыў ягоны труп, а ўжо паўстаюць непазьбежныя пытаньні. Чаму быў магчымым кастрызм? Чаму Куба ператварылася ў адзіную камуністычную дыктатуру Лацінскай Амэрыкі? У чым была сутнасьць рэжыма, які працягваўся больш за пяць дзесяцігоддзяў, ператварыўшыся ў самую доўгую дыктатуру Лацінскай Амэрыкі? Ці будзе кастрызм без Кастра?

Ня ўдасца абысьціся без таго, каб для зразуменьня гэтага эксцэнтрычнага фэномэна не зьвярнуцца да гісторыі кубінскай рэспублікі. Фідэль Кастра не зваліўся зь неба і не выйшаў з пекла. Ён быў прадуктам пэўных ідэй і дзеяньняў, якія існавалі на Кубе ў часы ягонага фармаваньня. Ён быў народжаны краінай, бо гэтая зямля ўжо была папярэдне апрацавана, каб даць такі плён.

Народжаны ў 1926 г., на пачатку кіраваньня генэрала Гэрарда Мачады, які пазьней пачаў дэманстраваць сваю жорсткасьць і непавагу да правоў чалавека, дзіця Кастра рос сярод водгукаў гвалту, якія, безумоўна, дакатваліся да ягонага аддаленага маёнтку Біран, што на ўсходзе Кубы. Урэшце ў 1933 г. у выніку зацятых сутычак паміж рознымі паўстанцкімі групоўкамі дыктатар уцёк з краіны.

Якую найбольш відавочную спадчыну пакінуў пасьля сябе гэты эпізод? Зразумела, што не любоў да дэмакратыі і свабодаў, а культ збавеньня праз рэвалюцыйны гвалт. Дамінуючай ідэяй у краіне было наступнае: годнасьць і дабрабыт будуць атрыманы з рук рэвалюцыянэраў, узброеных пісталетамі і азораных жаданьнем весьці народ у сьветлую будучыню.

У чаканьні Мэсіі

Ніхто або мала людзей думалі тады пра важнасьць інстытуцый або Прававой Дзяржавы для аднаўленьня краіны. Спадзяваліся на прыход рэвалюцыйнага Мэсіі. Шукалі лідэра-збаўцу. Для некаторых ім быў Граў, для іншых – Чыбас, і нават Батыста. Гэта – мэсіянізм – было вельмі распаўсюджанай пазыцыяй ў кубінскім грамадзтве. Што мала для пабудовы рэспэктабэльнай дэмакратыі. Але разам з тым існавалі і іншыя перакананьні, якія пачыналі імкліва праяўляцца: добры рэвалюцыянэр не абяцаў найменшага рэспэкту прыватнай уласнасьці.

У трыццатыя гады на Кубе і па ўсім сьвеце распаўсюдзілася перакананьне, што беднасьць значнай часткі грамадзтва існуе, бо іншыя валодаюць багацьцем. Што меў адзін, заўсёды было забрана ў іншага. Капіталізм быў рабаўнічым у аснове сваёй. Гэта не азначае, што грамадзтва прыняло марксістоўскі сьветапогляд, значна больш складаны і распрацаваны, але што сталася папулярным агульнае меркаваньне, накіраванае супраць рынкавай эканомікі і “буржуазнай дзяржавы”. Быць рэвалюцыянэрам азначала, такім чынам, разьмяркоўваць багацьце паміж тымі, хто ня меў маёмасьці.

Да ўсеагульнага абвінавачваньня капіталізма на Кубе дадаўся міжнародны кампанэнт: які напоўніцу прадстаўляў сквапнасьць і падступнасьць Злучаных Штатаў, якія былі першым стрэлачнікам па справах на выспе. З дваццатых гадоў на Кубе чуецца нараканьне на імпэрыялізм янкі ў эканамічнай сфэры. Для адных кубінцаў – тады многіх – паўночнаамэрыканскае апякунства было зьневажальнай формай ўмяшяньня. Іншыя, наадварот, бачылі ў ім нешта накшталт забесьпячэньня ад самаразбуральных імпульсаў кіруючага класа.

Гангстэры

Трэцім інгрэдыентам, які жывіў палітычную культуру і даў жыцьцё Кастру зьяўляецца палітычны гангстэрызм. Палітычныя арганізацыі, што ўзьніклі ў полымі змаганьня супраць Мачады, спарадзілі шэраг узброеных груповак, якія ваявалі на вуліцах, асабліва ў Гаване. Гэта не былі масавыя забойствы – сума забітых на працягу двух дзесяцігоддзяў не дасягнула сотні –, але яны паўплывалі на моладзь і асабліва на тую, якая далучылася да палітыкі, ствараючы шкоднае захапленьне “хлапцамі, якія лёгка ціснуць на курок”, як назваў іх адзін тагачасны журналіст, перакладаючы з ангельшчыны назву банды Аль Капонэ.

Былі ўзброеныя кодлы ў кубінскіх унівэрсітэтах і ў прафсаюзах. Былі міністры і сэнатары, якія атачалі сябе бандытамі. Усе палітычныя партыі – уключна з камуністамі, зразумела – мелі сваіх “людзей справы”, тобок такіх асобаў, якія заўсёды былі гатовы страляць або ўвязвацца ў бойку супраць непрыяцеляў, што таксама былі схільныя да гвалту.

Але самае страшнае ў тым, што ўсё гэта адбывалася ў атмасфэры нізкапаклонства і страху, якая ахапіла амаль усё грамадзтва. Імёны ватажкоў бандаў прамаўляліся з павагай. Некаторыя зь іх падаліся ў Парлямант і дасягнулі крэслаў дэпутатаў або сэнатараў. Фідэль Кастра ў маладосьці належаў да адной з такіх бандаў і ганарыўся крывавымі справамі як часткай сваіх намаганьняў стварыць сабе новую біяграфію. Палітык, каб трыюмфаваць на гэтай Кубе, павінен быў паказаць вялікую мускульную масу, а ўжо потым талент, паходжаньне і ідэі.

Такімі былі чатыры ключавыя элемэнты атмасфэры, у якой рос і якой дыхаў Фідэль Кастра: рэвалюцыйны мэсіянізм, насычаны зьняважлівымі адносінамі да Прававой Дзяржавы; асуджэньне капіталізма як эксплуататарскай сістэмы, якая спараджае вялікую няроўнасьць; антыянкізм, які трэба было прышчапіць кубінскім працоўным і выкрыстаць у наступальных дзеяньнях ва ўнутраных справах выспы; і культ палітычнага гвалту, які заўсёды ўключае ў сябе герархічную структуру, заснаваную на запалохваньні слабейшага больш моцным і рашучым.

Да гэтага агульнага субстрата Фідэль Кастра дадаў свае асаблівыя рысы. У пэрыяд бакалаўрэата, які супаў з Другой Сусьветнай Вайной, яго навучалі езуіты-фалангісты, якія прайшлі іспанскую Грамадзянскую Вайну. Навука, якую давалі гэтыя сьвятары, ня надта адрозьнівалася ад таго, што несьлі кубінскія рэвалюцыянэры: яна была антыдэмакратычнай, антыкапіталістычнай і антыянкісцкай. Тады былі часы, калі Іспанія Франка мела прэтэнзію на адраджэньне Іспанскасьці як лацінскай і каталіцкай рэакцыі на брутальны англа-саксонскі і пратэстанскі сьвет.

Гэтая навука ні ў якім разе не адкідвала гвалт. І ўсе гэтыя каштоўнасьці і перакананьні замацаваліся ў ягонай асобе, якая з падлеткавага ўзросту дэманстравала аўтарытарныя і эгацэнтрычныя рысы псіхапаталагічнага тыпу, які спэцыялісты апісваюць як “нарцысізім”. Фідэль быў нарцысістам з кнігі, але да таго ж адчуваў здольнасьць зьдзейсьніць вялікія подзьвігі і меў сьмеласьць ўзяцца за справу. З гэтага складалася форма ягонага грандыёзнага самаўспрыняцьця.

Мы ня будзем тут пераказваць гісторыю паўстаньня Кастра, але абмяжуемся адным абзацам: у 1952 г., за некалькі месяцаў да выбараў, на якіх Фідэль адназначна выступаў кандыдатам у кангрэс ад сацыял-дэмакратычнай партыі, Фульгэнсіа Батыста арганізаваў пераварот і скінуў легітымнага прэзыдэнта Карласа Прыа Сакараса. З гэтага моманту, падобна як гэта здарылася 20 гадоў таму пасьля пераварота супраць Мачады, розныя групоўкі зьвярнуліся да гвалту ў спробах вырваць уладу з рук дыктатара. Усе – і сярод іх Рух 26 Ліпеня, які стварыў і ўзначаліў Фідэль Кастра – абяцалі аднавіць парушаныя свабоды і ўсталяваць дэмакратыю.

Урэшце, уначы 31 сьнежня 1958 г. Батыста ўцёк з Кубы, і апазыцыя авалодала ўсімі галінамі ўлады. Праз восем дзён Фідэль трыюмфальна ўступіў у Гавану начале партызан-барадачоў. Ягонае лідэрства ўсталявалася пасярод іншых паўстанцкіх груповак.

Што запрапанаваў зрабіць Кастра? На публіцы ён адмовіўся ад камунізма і паабяцаў выбары і дэмакратыю, а таемна вырашыў “рабіць рэвалюцыю”. Ягоная радыкалізацыя разьвівалася па нарастаючай ад атакі на казармы Манкада ў 1953 г. У мэксіканскай эміграцыі ён пазнаёміўся з Чэ Гэварай, які апынуўся там пасьля праваленай левацкай спробы перавароту начале з гватэмальцам Хакопа Арбэнцам.

Ягоная рэвалюцыя

Што азначала для Кастра “рабіць рэвалюцыю”? Безумоўна, давесьці да канчатковай рэалізацыі прадпасылкі, якія луналі ў атмасфэры, у якой ён фармаваў сваё бачаньне палітычнай і сацыяльнай рэчаіснасьці: калі капіталізм і прыватнае прадпрыймальніцтва былі шкоднымі, то трэба было замяніць іх Дзяржавай-прадпрыймальніцай. Калі паўночнаамэрыканцы былі эксплуататарамі, што дзесяцігоддзямі зьневажалі кубінцаў, то трэба вытурыць іх з краіны і змагацца зь імі ў любой сытуацыі. Калі кубінская буржуазія была хаўрусьніцай янкі, то якіх яшчэ адносінаў яна заслужыла, акрамя канфіскацыіі яе маёмасьці, турмы і выгнаньня? Калі кубінскую палітыку падрывалі расперазанасьць і карупцыя, то слушным было падпарадкаваць усё на выспе адной дысцыплінуючай камандзе: голасу рэвалюцыі, тобок менавіта ягонага голасу, падтрыманага адзінай партыяй.

Фашыстоўскія манеры

Як можна было кваліфікаваць Кастра ў ідэалагічнай вобласьці? Ён быў радыкальным рэвалюцыянэрам, антыкапіталістам і антыянкі, да таго ж тэмпэрамэнтным і з фашыстоўскімі манерамі. Але ідучы гэтым шляхам пасярод Халоднай Вайны, ён прыйшоў да камунізма і савецкай мадэлі, бо толькі СССР мог надаць форму і сэнс неарганізаванай і хаатычнай узброенай групоўцы, якая захапіла ўладу на Кубе, і выкарыстаць яе, маніпулюючы рэжымам з-за куліс і накіроўваючы яго супраць Злучаных Штатаў.

Рэакцыяй кубінцаў на Кастра было абсалютнае і натуральнае захапленьне. Рэвалюцыйны Мэсія прыйшоў, каб выратаваць іх. Грамадзтва, якое не адчувала вялікай павагі ні да інстытуцый, ні да Прававой Дзяржавы, жыло паглыбленым у анэстэзію рэвалюцыйнай культуры, таму, здавалася, нямногімі былі кубінцы, што напалохаліся групавых судоў, пасьля якіх былі расстраляны сотні вайскоўцаў, абвінавачаных у забойствах і катаваньнях на службе ў Батысты.

Магчыма таксама, што ў тыя гады бальшыня краіны падтрымала абмежаваньне свабоды друку, умяшаньне ў прыватнае школьніцтва і канфіскацыю прыватных сродкаў вытворчасьці, парушэньне свабодаў, што суправаджалася адвольным і вельмі папулістычным скарачэньнем колькасьці уласьнікаў жыльля на 50% і было адразу сустрэта воплескамі. Гэта была прэлюдыя наступнай канфіскацыі.

Слабы супраціў

Тое ж адбылося і з важнымі галінамі гандлю і зь вялікімі прадпрыемствамі. Усё адбылося па нарастаючай у 1959-1960 гадах. І хаця былі ўзброеная апазыцыя і сялянскія паўстаньні, на самой справе супраціў рэвалюцыйнаму здушэньню не быў ні масавым, ні выразным. Жыцьцё ў рэвалюцыйнай культуры аслабіла абарончыя мэханізмы кубінскага грамадзтва.

Бальшыня рашучай апазыцыі выбрала ўцёкі, а не сутыкненьне з Кастра. Хаця і на выгнаньні паўтары тысячы моладзі, арганізаванай Злучанымі Штатамі, пайшлі на разгромленую інвазію ў Затоцы Кашынас. Тады пераважала ідэя, што Вашынгтон ня можа дазволіць сесьці на сталец сатэліту Масквы на адлегласьці ў 90 міль ад сваіх берагоў. Марпехі павінны былі б навесьці парадак у гэтай бясконцай вяр’ятне. Самым разумным уяўлялася назіраць за боем быкоў з-за бар’ера эміграцыі.

Але, замест таго, каб рабіць рэвалюцыю ў эканамічнай і палітычнай вобласьцях у адпаведнасьці з ленінскай мадэльлю, імпартаванай з Масквы, Фідэль Кастра надаў свайму кіраваньню зусім іншы сэнс: з 1959 года ён ператварыўся ў рыцара камуністычнай справы на планэце. Ён арганізоўваў, фінансаваў і рыхтаваў паўстаньні на палове планэты. Адчуваў неспазбыўную неабходнасьць множыцца. Ягоным сапраўдным лейтматывам было гэта, а не пераўтварэньні ў сваёй краіне.

Ягоная мара заключалася ў тым, каб у кожным закутку сьвету маленькая група ўзброеных паўстанцаў распаліла антыімпэрыялістычную, антыянкаўскую, антыкапіталістычную рэвалюцыю, якая б паўтарыла ягоны палітычны трыюмф. Ягоны нарцысізм штурхаў яго на спробы паўплываць на лёс планэты. Яго не бянтэжыла, што ён зьяўляецца абцяжараным адміністратарам маленькай выспы ў Карыбах, занятай выкананьнем абсурдных і хімэрычных пяцігодак. Кастра хацеў быць Баліварам, Напалеонам, Аляксандрам Вялікім.

Ангола і Эфіопія

Каб рэалізавацца, Кастру было трэба трыюмфаваць у планэтарным маштабе, што прывяло да пасылкі дзесяткаў тысяч кубінскіх жаўнераў на вайну ў Анголу і Эфіопію на працягу больш як 15 гадоў. Гэты канфлікт працягваўся больш часу і магчыма прывёў да большых баявых стратаў, чымсьці за дзьве вайны за незалежнасьць, якія Куба вяла ў ХІХ стагоддзі.

Камандантэ ўрэшце памёр пасьля працяглай хваробы, якая аддаліла яго ад кіраваньня з 2006 г., але агонія ягонага рэжыму распачалася значна раней, у момант, калі Гарбачоў разгарнуў перабудову, а потым насталі цяжкасьці, калі ў 1989 г. абрынуўся Берлінскі мур, што было пралогам зьнікненьня Усходняга Блоку, роспуска Савецкага Саюза і татальнай дыскрэдытацыі марксізма як тэарэтычнага апірышча.

Як Кастра супраціўляўся гэтаму катаклізму? Акрамя масіраванай дапамогі, атрыманай ад Гуга Чавэса, рэвалюцыя супраціўлялася тым жа спосабам, што і Паўночная Карэя: не саступаючы ні мілімэтра ўлады і не дазваляючы найменшага адхіленьня ў эшалёнах улады. Ці здолее Рауль Кастра захаваць той жа курс? Мяркую, што толькі на некаторы час. Мэсіянізм не перадаецца, а ідэалагічная дэмаралізацыя кіруючага класу татальная.

З другога боку, палітычная культура, якую Кастра пакідае ў спадчыну, цалкам адрозьніваецца ад той, якую ён атрымаў. З Фідэлем Кастра памёр больш чым лідэр. Рэвалюцыйная культура таксама дасягнула свайго канца на Кубе. Гэта адкрывае браму шматабяцальнай будучыні для ўсіх кубінцаў.

Карлас Альбэрта Мантанэр
Пераклаў з іспанскай В. Буйвал.
Крыніца: іспанская газэта “АВС”, 26.11.2016
http://www.abc.es/internacional/abci-vida-y-muerte-narcisista-201611260704_noticia.html

3/12/2016 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Сьнежань 2016
П А С Ч П С Н
« Ліс   Сту »
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024