МЗС Расеі выказаў абурэньне дэпартацыяй з Эстоніі дырэктара Інстытута этналогіі і антрапалогіі Расейскай Акадэміі Навук Валерыя Цішкова. Надоечы Цішкоў прыбыў у Талін, каб выступіць у міжнародным мэдыяклюбе “Імпрэсум”, але яго спынілі ў аэрапорце і на наступную раніцу пасадзілі на зваротны рэйс у Маскву.
72-гадовы Цішкоў кіруе згаданым Інстытутам з 1989 года. У 1992 г. ён быў міністрам РФ па справах нацыянальнасьцяў. Тады вядомая Галіна Старавойтава выступала супраць яго міністэрскага прызначэньня. Яна ў свой час працавала ў тым Інстытуце разам зь Цішковым і ведала добра, што гэта за кадр. Пазьней Цішкоў уваходзіў у экспэртны савет пры прэзыдэнце РФ па супрацьдзеяньню палітычнаму экстрэмізму.
У 2000-я гады Цішкоў рэзка крытыкаваў антыпуцінскую апазыцыю. Выступаў за ўвядзеньне жорсткай цэнзуры ў Сеціве.
У чэрвені 2005 года, выступаючы на кангрэсе этнографаў і антраполагаў Расеі ў Пецярбурзе, ён заявіў, што “савецкая імпэрыя ніколі ня была турмой народаў, а, наадварот, калыскай нацый”. Таксама распавядаў пра будучую “цывілізатарскую місію Расеі”, якая палягае ў распаўсюджваньні праваслаўя і расейскай культуры, а таксама ў выкананьні функцый “захавальніка памяці і ідэнтычнасьці народаў былога СССР” і “рэцыпіента для тых, хто хоча адчуваць сябе расейцам”.
`-inf-