Пасьля цяжкой хваробы памёр наш дарагі сябра Рыгор Кійко. Таленавіты майстра дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, ён, як і многія іншыя творцы, з першых дзён фронтаўскага руху далучыўся да змаганьня за вольную Бацькаўшчыну. У шэрагах Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ раскрыліся яго высокія чалавечыя якасьці. У самыя драматычныя моманты Рыгор быў наперадзе, бараніў ад рэжымнай паліцэйшчыны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і людзей, што патрапілі ў бяду. Ён быў сярод тых фронтаўцаў, якія пачалі вырабляць крыжы і ставіць іх падчас рэжымнага варварскага наступу на Народны Мэмарыял у Курапатах у 2001 годзе. Ён быў у ланцугу першых абаронцаў, якія закрылі сабой дарогу на Сьвятыню перад дзікай паліцэйшчынай і гэбоўшчынай. Прыслужнікі рэжыму схапілі і катавалі яго ў Курапатах. Рыгор быў арыштаваны таксама ў дні народнай абароны Беларусі ўвосень 1996 года. У турме ён падтрымліваў іншых вязьняў, натхняў іх і надаваў духоўнай моцы.
Творчасьць Рыгора поўная гармоніі і любові да народнай традыцыі. Не выпадкова ягоную выставу 1997 года ў Чырвоным касьцёле ў Менску сябры назвалі – “Беларускі космас”. Чалавек адышоў у вечнасьць, але мастак застаўся. Засталіся ягоныя творы – багатая вобразамі і пластычнымі знаходкамі кераміка. Засталася памяць пра нашага сябра – адданага жаўнера нашага народнага змаганьня за Беларусь.
Выказваем свае спачуваньні сям’і нябожчыка.
Сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ
3 кастрычніка 2014 г.