Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

ЯК ФІНСКІ НАРОД БАРАНІЎСЯ АД МАСКВЫ

(частка 4)

4 і 7 сьнежня камандваньне прыслала на цягніках вялікае (паводле фінскіх мерак) падмацаваньне на гэты сэктар фронту. Манэргейм прызначыў новых камандзёраў. Генэрал-маёр Вальдэмар Хэглунд быў выхаванцам 27-га егерскага батальёна, дзе тысячы фінскіх патрыётаў прайшлі баявую вывучку ў складзе германскай арміі ў часы І Сусьветнай вайны. Выбар быў добрым. У наступныя тыдні Хэглунд з дзьвюма дывізіямі раграміў дзесяць савецкіх дывізій.

Другім героем гэтых баёў стаў палкоўнік Пава Талвэла. Падчас грамадзянскай вайны 1918 года ён камандваў батальёнам, а ў міжваенны час камандваў палком памежнай аховы якраз у гэтых мясьцінах. Палкоўнік Ара Паяры быў асабістым сябрам Манэргейма і вызначыўся ў баях у гэтых мясьцінах яшчэ ў 1918 годзе. Ягоны полк быў адным з лепшых на Карэльскім фронце. Саветы тым часам працягвалі наступаць ізаляванымі калёнамі. Настолькі ізаляванымі, што ў любым выпадку яны не маглі падтрымаць або выратаваць адна адну.

Групоўка Талвэлы атрымала заданьне супрацьстаяць магутнай расейскай калёне, якая наступала ў напрамку Талваерві і Іламантсі. Групоўка ня мела бранетэхнікі, паветранай падтрымкі. Артылерыі было зусім мала. Задача была надзвычай цяжкая. Пад напорам саветаў фінскія часткі адступалі, а 7 сьнежня фронт на гэтым участку разваліўя. Жаўнеры пабеглі па сьнезе. Яны спыніліся праз некалькі кілёмэтраў і далучыліся да сьвежых аддзелаў групоўкі Талвэлы.

Гэта пэўным чынам стабілізавала сытуацыю. Талвэла адразу запрапанаваў тактыку начных рэйдаў. Увечары адабралі найбольш моцных жаўнераў. Пасярод бязьмесячнай начы атрад вырушыў на лыжах у абыход савецкіх пазыцыяў па лёдзе возера Талваерві. Калі ў цемры фіны сустракалі савецкія патрулі, яны ліквідавалі іх нажамі, без адзінага стрэлу. У хуткім часе батальёны згубілі кантакт і ня ўсе зь іх выканалі пастаўленыя задачы. Але батальён пад камандваньнем палкоўніка Паяры кампэнсаваў усе няўдачы гэтай начы.

Саветы паводзілі сябе ўпэўнена, ім спадабалася наступаць і гнаць перад сабой слабыя фінскія часткі. Фіны ўбачылі вялікія вогнішчы за лесам. Цэлы полк чырвоных грэўся каля агню. Пастарункаў не было бачна. Сілуэты жаўнераў і афіцэраў выразна вырысоўваліся на фоне вогнішчаў – як на мішэнях. Палкоўнік Паяры стрэліў першым, за ім адкрылі агонь 140 ягоных жаўнераў. Саветаў яны засталі зьнянацку. Потым ніхто з фінаў ня мог успомніць, каб пачуліся стрэлы ў адказ. Праз 3-4 хвіліны страляніны ўсё было скончана. Трупы ляжалі каля вогнішчаў вялікімі кучамі. Фіны скочылі на лыжы і пачалі адступаць зігзагамі. Ззаду разыгралася вогненная навальніца. Выбухі і стрэлы зьліліся ў бесперапынны гул. Потым аказалася, што са сраху на працягу дзьвюх гадзінаў адзін савецкі батальён абстрэльваў другі савецкі батальён. Ніхто не перасьледваў фінаў. Удзельнікі рэйда мелі толькі аднаго параненага. “Спроба пяра” аказалася вельмі ўдалай. Саветы былі настолькі агаломшаны зьнішчэньнем свайго палка, што на наступныя два дні – 9 і 10 сьнежня – спынілі агульны наступ у гэтым сэктары.
А потым здарыўся эпізод, пра які на наступны дзень ведаў увесь фронт, праз два дні ўся Фінляндыя, а потым з ласкі замежных журналістаў даведаўся ўвесь сьвет.

На адным з участкаў фінскай абароны жаўнеры аслабілі ўвагу і не выставілі пастарункі. Тут знаходзіліся тылавыя і мэдычныя часткі, а таксама штабная рота. Уноч на 11 сьнежня расейскі батальён нечакана ўдарыў па іх з лесу, і фіны пабеглі па сьнезе прэч. Але за імі ніхто не пабег сьледам. Чырвонаармейцы знайшлі сярод трафэяў вялікую палявую кухню з гарачым кілбасным супам.

Згаладнелыя людзі накінуліся на ежу, якой многія зь іх не каштавалі за ўсё жыцьцё. Непадалёк ад месца бою выпадкова знаходзіўся энэргічны палкоўнік Паяры. Ён спыніў уцякаючых жаўнераў, сшыхтаваў усіх гэтых павароў, інтэндантаў і мэдыкаў ды павёў іх у контратаку. Вакол палявой кухні адбыўся люты рукапашны бой. Многія саветы засталіся ляжаць на сьнезе з кавалкамі кілбасы ў руках. Газэты напісалі пра “кілбасную вайну” з “вызваліцелямі”.

З кожным днём вайна набывала ўсё больш жорсткія кшталты. У баі фінскя жаўнеры пачалі гукаць стары ваярскі покліч, вядомы яшчэ з часоў Трыццацігадовай вайны (1618-48), — “Hakkaa Päälle!” У літаральным перакладзе гэта гучала як “Прыціснуць іх да зямлі!” Але вобразна гэта азначала змаганьне бязь літасьці. У баях адпрацоўвалася фінская тактыка. Ваяры імкнуліся з сваімі вельмі абмежаванымі магчымасьцямі дасягнуць максімальнага эфэкту. Там, дзе паўнавартасна экіпіраваная армія наступала б пад прыкрыцьцём артылерыі і з лёгкімі гранатамётамі і кулямётамі, фіны вымушаны былі рабіць па-свойму. Кулямёты “Максім” старой мадэлі былі надзвычай цяжкімі. Найбольш фізычна моцныя хлопцы цягнулі іх на сябе, беглі разам з пяхотнымі ланцугамі і выкарыстоўвалі іх, як артылерыю. Многія кулямётчыкі гінулі, але іхны ўдзел у лакальных перамогах быў надзвычай вялікім.
Баі ў гэтым сэктары фронту працягваліся тыдзень. У выніку 139-я савецкая дывізія ня толькі ня здолела прасунуцца наперад, але і была фактычна разгромлена абаронцамі. 16 сьнежня фінская выведка данесла, што на фронце разгортваецца сьвежая 75-я дывізія. Апрацаваныя камісарскай прапагандай жаўнеры і афіцэры 75-й перажылі пахмельле. Яны з жахам глядзелі на сьнежныя прасторы, заваленыя савецкімі трупамі. Каля іх праходзілі ў тыл групы змардаваных, абарваных жаўнераў, якія ледзь валаклі ногі. Параненых вывозілі сотнямі. Гэтае відовішча вельмі адмоўна паўплывала на псіхалагічны стан “вызваліцеляў”. У той жа дзень фінскія часткі пачалі наступ. На лініі савецкай абароны каля возера Хіетаерві яны сутыкнуліся з зацятай абаронай. Дагэтуль вэтэраны успамінаюць гэтых ваяроў як лепшых з сотняў тысячаў савецкіх вайскоўцаў. Тое былі 200 курсантаў адной з ленінградзкіх вайсковых вучэльняў. Усе яны мелі выдатную вайсковую падрыхтоўку, фізычныя дадзеныя, лепшую зброю і ваявалі фанатычна. Фіны панесьлі ў гэтым баі цяжкія страты. Толькі двое з ленінградзкіх курсантаў патрапілі ў палон, астатнія загінулі. Цяжкія наступальныя баі працягваліся. Савецкая авіяцыя распачала рэгулярныя налёты на фінскія пазыцыі.

20 сьнежня на золку ў раёне Эглэерві саветы зрабілі спробу прарыву фронта. 9 савецкіх танкаў уварваліся на пазыцыі фінскай артылерыйскай батарэі і пачалі душыць гарматы “Бафор” – найвялікшую каштоўнасьць фінскай арміі. Батарэю і фактычна ўсю армейскую групоўку выратаваў адзін чалавек. Капрал Мутка падарваў з дапамогай выбуховага камплекту першы танк. Потым ён вярнуўся да апошняй ацалелай гарматы, падбіў танк, які замыкаў калёну, і пачаў дакладнымі стрэламі падбіваць танк за танкам. З ацалелых танкаў выскачылі экіпажы і пабеглі прэч. У рукі фінаў дасталося шэсьць непашкоджаных танкаў.
Да 23 сьнежня фіны бесперапынна атакавалі савецкія часткі і адкінулі іх да ракі Айтаёкі. “Трыюмфальнае шэсьце вызваліцеляў” было сарвана і на гэтым участку фронту. У прапорцыях да колькасьці ўдзельнікаў баёў войскі генэрала Талвэлы мелі самыя высокія страты з усяе фінскай арміі за час вайны: траціна афіцэраў і жаўнераў забітымі і параненымі – 630 забітых і 1320 параненых. На сьнежных прасторах Талваерві засталіся ляжаць 5000 забітых савецкіх, 600 патрапілі ў палон. Фіны зьнішчылі ўсе бранетанкавыя сілы наступаючых – 59 танкаў і бранемашын.

Подзьвіг войскаў Талвэлы сарваў маскоўскія пляны заходу ў тыл і атачэньня фінскай арміі. Першая стратэгічная перамога мела вялікае псіхалагічнае значэньне. Фінскія войскі пераканаліся, што саветаў можна біць нават малымі сіламі і абмежаванымі сродкамі. Перамога станоўча паўплывала на настроі ва ўсёй арміі і дала спадзяваньне на посьпех змаганьня ўсяму народу. Да канца вайны на гэтым участку фронту адбываліся баі мясцовага значэньня і слабыя савецкія спробы разьведачных рэйдаў. Аднак тут увесь час лютавала чырвоная авіяцыя. Напрыклад, вялікі налёт адбыўся ў вігілійны вечар падчас палявой багаслужбы ў штабе генэрала Паяры (яму днямі прысвоілі гэты чын). Быў забіты палкавы капелан. На месца падасьпеў аддзел супрацьпаветранай абароны, які састрэліў чатыры бамбардоўшчыкі.

Фінляндыя сустракала Божае Нараджэньне малітвамі ў храмах. Па ўсёй лініі фронту з фінскіх пазыцый гучалі сьпевы ў славу Ісуса Хрыста. Хрысьціянскі народ бараніў айчыну ад маскоўскага сатаны.

Кола – фінскія Фэрмапілы

На поўночны ўсход ад Талваерві знаходзіўся яшчэ адзін сэктар фінскай абароны, які ўславіў жаўнераў групоўкі палкоўніка Талвэлы. У першыя дні вайны тут таксама адбываліся драматычныя сцэны няроўнага бою з магутнай маскоўскай ардой. Фіны на поўніцу выкарысталі бронецягнік, узброены кулямётамі і гарматамі, які зьяўляўся ў самых небясьпечных месцах і граміў расейскія калёны. Фіны адступалі, зьнішчаючы ўсё – фэрмы, фабрыкі, гаспадарчыя і жылыя пабудовы. 3 сьнежня Манэргейм аддаў загад на контрнаступ на гэтым участку. На падрыхтоўку да гэтай апэрацыі сьмяротна стомленыя, абмарожаныя жаўнеры палкоўніка Тэйцінэна мелі ўсяго пяць гадзін. Да таго ж многія зь іх ня мелі зброі і ваявалі з вінтоўкамі і кулямётамі, захопленымі ў папярэднія дні ў савецкіх вайскоўцаў. Камандзёр пачаў шыхтаваць часткі, але не пераставаў тэлефанаваць у генштаб, спрабуючы пераканаць маршала ў немагчымасьці выканаць задачу. Яму адказваў дзяжурны афіцэр, які тлумачыў, што маршал сьпіць, і яго нельга абуджаць, ня маючы нейкіх катастрафічных зьвестак.

З цяжкім сэрцам Тэйцінэн павёў сваіх людзей у наступ. Так супала, што фіны распачалі апэрацыю ў той самы момант, калі саветы праводзілі замену сваіх пашкуматаных частак на сьвежыя аддзелы. Калі ў генштабе хацелі пачуць пра катастрофу, то яна на поўніцу вырысоўвалася тут, каля мястэчка Сувілахці. З каманднага пункта палкоўнік Тэйцінэн убачыў сваіх жаўнераў, якія беглі па сьнезе з крыкамі “Танкі! Танкі!” Пяхоту перасьледвалі 20 савецкіх машын і ланцугі чырвонаармейцаў. Фронт выратавала чарговае цудоўнае зьяўленьне бранецягніка, які артылерыйскім і кулямётным агнём затрымаў савецкіх. Фіны мелі час, каб акапацца і ўзарваць некалькі мастоў. Тэйцінэн вымушаны быў адвесьці свой полк на шэсьць кілёмэтраў і заняць пазыцыі на беразе рачулкі Кола. Полк пачаў будаваць пазыцыі для сваёй супрацьтанкавай артылерыі, капаць траншэі і зямлянкі. Гэтыя працы працягваліся ў пэрыяд баёў, і паступова фіны арганізавалі тут сапраўдную лінію абароны. Да канца вайны саветы не прарвалі гэтую лінію і не пасунуліся тут ні на крок. Імя рачулкі стала вядомае ўсёй Фінляндыі. Людзі штодня паўтаралі з надзеяй на перамогу: “Кола ўсё яшчэ трымаецца!”

Як і паўсюль, словазлучэньне “супрацьтанкавая артылерыя” азначала тут некалькі зборных батарэяў з гарматаў розных калібраў. На неаднаразовыя просьбы Тэйцінэна прыслаць яму яшчэ артылерыі з цэнтра прыбылі дзьве гарматы ўзору 1871 года. Яны нават ня мелі прыстасаваньня для дакладнага навядзеньня на цэль. Іх проста паварочвалі ў бок наступаючых маскоўцаў і рабілі стрэлы зь вялікай колькасьцю дыму. Зноў абаронцаў выручаў бранецягнік.

Першая савецкая атака вызначыла стэрэатып дзеяньняў на наступныя месяцы баёў. Саветы пайшлі ў наступ шчыльнай танкавай калёнай, за якой бегла пяхота. Фіны адразу ж падбілі тры танкі і пачалі зьнішчаць пяхоту. Астатнія танкі павярнулі назад, за імі пачалі адступаць і пехацінцы. І так паўтаралася па некалькі разоў штодня: лабавая атака (“грудью, товарішчі!”), некалькі падбітых танкаў, скошаныя кулямётным агнём натоўпы пяхоты і адступленьне… Фіны ўявіць сябе не маглі, як можна дзейнічаць так тупа і бесчалавечна, не лічачыся з жыцьцямі сваіх людзей.

Спачатку на рацэ Кола адзін фінскі полк супрацьстаяў адной савецкай дывізіі, потым дзьвюм дывізіям. Фіны павялічылі абарону яшчэ на адзін полк, а саветы накіравалі ў гэты сэктар ужо чатыры моцна ўзброеных дывізіі і штодня пасылалі туды новыя батарэі і танкавыя часткі. Авіяцыя па некалькі разоў рабіла налёты на фінскія пазыцыі. Самалёты палявалі нават за паасобнымі жаўнерамі.

Ваенныя гісторыкі параўноўваюць баі на Коле з ударамі па гумовым муры. Саветам ня раз здавалася, што вось-вось адбудзецца прарыў, але абаронцы штораз адкідвалі іх назад. 21-28 студзеня 1940 года савецкае камандваньне вырашыла скончыць з гэтай сваёй стратэгічнай ганьбай. На вузкім фронце былі сканцэнтраваны 50 артылерыйскіх батарэяў, якім супрацьстаялі 20 фінскіх гармат. Лавіны пяхоты беглі на фінскія пазыцыі адна за адной, амаль бесперапынна. Страты савецкіх забітымі складалі штодня да тысячы чалавек. Усё было дарэмна, абаронцы трымаліся. Атакі (ужо не настолькі маштабныя) працягнуліся і ў лютым. Зона баёў нагадвала месячны краявід: паўсюль спаленая зямля, варонкі ад выбухаў, скрываўлены сьнег.
Апошняя савецкая атака адбылася тут 2 сакавіка. Фінская абарона на некаторых участках была амаль сымвалічнай: па 5-6 чалавек, якія засталіся пасьля вялікіх стратаў у папярэдніх баях. У шэрагу месцаў саветы па некалькі разоў урываліся ў лінію абароны, але фінскія жаўнеры і афіцэры зьбіраліся ў групы і зноў выбівалі ворага з пазыцыяў.

Калі 13 сакавіка настаў момант спыненьня агню, з фінскіх траншэяў падняліся некалькі сотняў чалавек у брудных масхалатах. Яны сутаргава сьціскалі ў руках зброю, услухоўваліся ў аглушальную цішыню і ня верылі, што ўсё скончылася…

“Motti”

Гэтае фінскае слова стала вядомым усяму сьвету. Яно азначае камель дрэва, які трэба зсекчы і распілаваць на кавалкі. Адпаведнікам яго ў ваеннай лексіцы шэрагу эўрапейскіх моваў стала слова “кацёл”, што азначала атачэньне і паступовую ліквідацыю вялікіх масаў войск праціўніка. Манэргейм і ягоныя штабнікі распрацавалі і рэалізавалі гэтую стратэгію настолькі бліскуча, што іхным перамогам цяжка знайсьці аналагі ў ваеннай гісторыі. Напрошваюцца параўнаньні з перамогамі гітлерскага вэрмахту ў 1939-42 гг. і Чырвонай арміі ў 1943-45 гг. (напрыклад, “Бабруйскі кацёл”, “Менскі кацёл”). Але ёсьць вельмі істотная розьніца. Арганізуючы і ліквідуючы “кацёл”, немцы і саветы перш за ўсё стваралі ў гэтай зоне ваенных дзеяньняў вялікую колькасную і якасную перавагу сваіх войскаў над тымі, хто трапляў у абкружэньне. У Зімовай вайне ва ўсіх без выключэньня апэрацыях фінскія войскі заўсёды знаходзіліся ў значнай меншасьці. Самая ўдалая для іх прапорцыя складала ня больш за 1:2 у адносінах да маскоўскіх сілаў.
Мадэль “motti” была дастаткова простай. Праводзілася выведка, якая вызначала месцазнаходжаньне, рытм і накірунак руху калёны праціўніка. Потым канцэнтраванымі сіламі наносіўся ўдар па ар’ергардзе, каб абарваць камунікацыі калёны з тылам. Ударам па авангарддзе калёна спынялася, потым атачалася з усіх бакоў. Выведка высьветляла найбольш слабыя месцы ў доўгай калёне. Штурмавыя атрады наносілі ўдары ў гэтыя месцы і рассякалі калёну на некалькі фрагмэнтаў. Потым фіны атачалі гэтыя фрагмэнты і пачыналася іх мэтадычнае зьнішчэньне. Хаўрусьнікам атакуючых быў мароз і голад…

Манэргейм, выхаваны ў царскай ваеннай традыцыі, быў вельмі ўражаны рэпрэсіямі 1936-39 гг., у ходзе якіх бальшавікі ліквідавалі значную частку прафэсійных камандных кадраў усіх узроўняў. Некаторых з ахвяраў сталінскіх забойстваў ён ведаў асабіста. Маршал і ягоныя падначаленыя лічылі вулічнай шпаной савецкіх камандзёраў, якія зрабілі імклівыя кар’еры на месцах, што вызваліліся пасьля расстрэлаў прафэсійных вайскоўцаў. Яны ведалі, што над кожным савецкім камандзёрам стаіць палітрук, без згоды якога ня можа быць прынятае аніводнае рашэньне. Камандзёры ўсіх узроўняў баяліся праўляць ініцыятыву, дзейнічаць паводле абставінаў, каб не нарвацца на расстрэл. Гэта мела для Чырвонай арміі самыя трагічныя наступствы.
Групоўка генэрала Хэглунда зьдзейсьніла 11 пасьпяховых апэрацый “motti” на поўнач ад Ладажскага возера. Свае перамогі ў гэтым стылі мелі таксама войскі, што змагаліся ў Запаляр’і. У сьнежні і на пачатку студзеня на фронце адбываліся напружаныя баі. Фінскія часткі рабілі атакі на савецкія часткі і пазыцыі, шукаючы магчымасьці атачыць іх. З 11 студзеня 1940 года пачаліся лакальныя “motti”. Атрад палкоўніка Аўці прарваў савецкую абарону каля вёсак Кайрыноя і Уома. У “катлах” апынуліся савецкія пяхотныя батальёны і танкавыя часткі (200 адзінак бранетэхнікі). Савецкія ўпарта абараняліся. Але ўжо праз колькі дзён у іх не было ніякай ежы, акрамя конскага мяса. У вялікім “катле” (50 кв. км) каля Кітэлі была заціснута цэлая 168-я дывізія генэрала Бондарава. Фіны ўтварылі малыя мабільныя групы, якія падрыхтаваліся да ліквідацыі савецкіх спробаў прысьці на паратунак аточаным часткам. З 20 студзеня вельмі сапсавалася надвор’е, дзьмуў моцны вецер, снег засьцінаў вочы.
Калі з савецкага тылу пасунулася вялікая калёна на дапамогу замкнёным у “катлах”, фінская артылерыя пачала абстрэльваць яе. Але авія- і артылерыйскія ўдары саветаў у адказ былі настолькі магутнымі, што ад гэтага мэтаду давялося адмовіцца. Мабільныя групы па начах незаўважна падбіраліся да калёны, абстрэльвалі яе, закідвалі зьвязкамі гранат і імкліва раствараліся ў цемры. Раніцай калёна працягвала рух па дарозе, на якой ляжалі сотні замерзлых трупаў людзей і коней, стаялі спаленыя танкі і грузавікі.

Валеры Буйвал

(працяг будзе)

10/12/2011 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Сьнежань 2011
П А С Ч П С Н
« Ліс   Сту »
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024