Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

ТАК РАБІЛІ ПЕРАД АГРЭСІЯЙ УСЕ АГРЭСАРЫ

31 кастрычніка Радыё Свабода зрабіла кароткі сюжэт пра канфэрэнцыю, якая адбылася ў Вашынгтоне. Канфэрэнцыю арганізаваў Фонд Карнэгі. Удзельнічалі амэрыканскія палітыкі і палітолагі. Як кажа Радыё Свабода, яны спрабавалі вызначыць “Куды ідзе Беларусь? Ці Беларусь прысуджаная на збліжэньне з Масквой?” і г.д. Былі цікавыя выступы амэрыканскіх інтэлектуалаў. Ад беларускага боку выступіў такі Аляксей Пікулік зь Беларускага інстытута стратэгічных дасьледваньняў (ёсьць такое юрыдычнае цела, якое зарэгістравана ў Вільні і існуе на эўрагранты).

Сп. Пікулік заявіў сярод іншага, што адносіны Менска з Масквой сузіраюцца праз прызму трох мітаў, якія ня маюць шмат супольнага з рэальнасьцю. Радыё Свабода дала цытату з гэтага выступу: “Першы міт – гэта тое, што Расея марыць аб палітычным паглынаньні Беларусі і адабраньні сувэрэнітэту ад беднага беларускага народу. Другі міт – гэта тое, што Расея хоча прыватызаваць усю беларускую эканоміку за цану аднаго даляра. Трэці міт – гэта тое, што Расея нічога так не баіцца, як магчымасьці Беларусі пачаць дыялог з Захадам”.

Што ж, сфармулявана “глыбакадумна”. Адным махам “стратэг” сп. Пікулік “разьвенчывае” усе пагрозы, пра якія на працягу двух апошніх дзесяцігоддзяў кажуць народу і ўсяму сьвету беларускія патрыёты (і якія з Беларусі цяпер ужо бачыць нават сьляпы). Пагрозаў, маўляў, няма, гукае спадар Пікулік. Яны – міт (прыгожая выдумка і ілюзія). Неадпаведнасьць сваіх стратэгічных разважаньняў штодзённай практыцы жыцьця ў Беларусі сп. Пікуліку не замінае. Не, ён не нахвальваў у Вашынгтоне Расею – дабрадзея ўсіх народаў, паняволеных незалежнасьцю і сувэрэнітэтам. Ён не заклікаў усіх дабраахвотна далучацца да Масквы. Гэта цяпер ня модна. Але беларусы добра памятаюць час, калі на Захадзе многія хорам заклікалі Беларусь увайсьці ў склад Расеі, бо “Расея больш дэмакратычная”.

Хто ж такі гэты “стратэг”, зарэгістраваны ў Вільні, што так аўтарытэтна выступае ў Вашынгтоне разам з прафэсурай і чыноўнікамі з Дзярждэпартаманту? Нешта ў Беларусі мы ня надта чулі пра гэтага мысьляра. Удалося высьветліць, што сп. Пікулік – малады чалавек (няма 30-ці гадоў) і пачынаючы стратэг (толькі сёлета абараніў дыплём па паліталогіі ў Фларэнцыі). Ён паходзіць з дынастыі “адказных партыйных і савецкіх работнікаў”, ягоны дзед быў членам ЦК КПБ і начальнікам абласнога ўзроўню. Вядома таксама, што сп. Пікулік пасьпеў публічна засьведчыць свае зьняважлівыя адносіны да беларускай мовы і культуры. Хаця гэтым нікога ў нас ня зьдзівіш, бо пад лукашызмам беларусафобства зьяўляецца гарантыяй пасьпяховай кар’еры ў акупаванай Беларусі.

“Стратэг” быў выяўлены яшчэ на некалькіх канфэрэнцыях у эўрапейскіх сталіцах, дзе абмяркоўваліся лёсы нашай краіны. Напрыклад, у Рызе, на тамашняй штогадовай міжнароднай канфэрэнцыі, якая адбылася 16-17 верасьня 2011 г. Цікава напісаў пра канфэрэнцыю сайт “Хартыі-97”. Цытуем паведамленьне:

“Беларусь на конференции представляли экс-министр внешнеэкономических связей Михаил Маринич и аналитик Белорусского института стратегических исследований Алексей Пикулик. Белорусским делегатом Форума молодых профессионалов дипломатии во время Рижской конференции был председатель зарегистрированной в Чехии молодёжной организации сторонников Консервативно-Христианской партии БНФ «Маладое Адраджэньне» Роман Ковальчук”. (Крыніца: charter97.org/ru/news/2011/9/23/42907/).
Кампанія з РБ была “вельмі прадстаўнічая”. Пра дзейнасьць М. Марыніча ўжо пісалі беларускія выданьні – напрыклад, “Беларускія Ведамасьці”, студзень-люты 2007 г. – артыкул пад тытулам “У Вене аб’явіўся апазыцыянэр Беларусі і прыхільнік Масквы”. У гэтым артыкуле было працытавана паведамленьне з аўстрыйскай газэты “Der Standard”. Вось як выказваўся на канфэрэнцыі ў Вене “апазыцыянэр” сп. Марыніч. Яго выступ у Вене цытавала аўстрыйская газэта. Сп. Марыніч сказаў быў: “Антырускія атакі не прынясуць карысьці, бо насельніцтва Беларусі масава настроена па-прарасейску. Таму ў апазыцыі ёсьць адзіны шанец, калі яна выступае за супрацоўніцтва з Расеяй. Беларусь мае вялікі патэнцыял гатовых да рэформаў палітыкаў, якія ня будуць праводзіць антырасейскую палітыку. Пры гэтай умове і Масква таксама, нягледзячы на свой аўтарытарны курс, будзе падтрымліваць дэмакратычную зьмену ў суседзяў”.
Даведаўшыся пра гэтую дзейнасьць сп. Марыніча, патрыёты-фронтаўцы кваліфікавалі яе як нацыянальна-дзяржаўную здраду гэтай асобы. Яшчэ адзін з тройкі “прадстаўнікоў беларускай дэмакратыі” у Рызе – сп. Р. Кавальчук. Гэтага вельмі маладога чалавека ў Народным Фронце заўсёды спачувальна называлі “Гора-горкае”. Неадэкватнасьць паводзінаў, сумбурнасьць заяваў, адсутнасьць комплексаў – вось што характарызуе гэтую асобу. У 2000 годзе яго настойліва папрасілі напісаць заяву на выйсьце з Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ. Ён заяву напісаў, яму падзяквалі і разьвіталіся зь ім.

Але “не тут-та была”. Рома Кавальчук не выдаліўся з палітычнага жыцьця, а пачаў рабіць “эўрапейскую кар’еру”. Раптам ён стаўся пазаштатным сувязным немца Ганса-Георга Віка, тадышняга старшыні Менскай групы АБСЭ. Нагадаем, што сп. Вік некалькі разоў публічна заявіў і гэта было адлюстравана ў СМІ, што “галоўнай мэтай ягонай дзейнасьці зьяўляецца далучэньне Беларусі ў склад Расеі і гэта ён робіць з санкцыі КГБ РБ”. Ганс Вік двойчы (!) прысылаў сп. Рому Кавальчука ў паліткамітэт Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і той паведамляў нам: “Ганс Вік прасіў перадаць: калі ваша партыя не далучыцца да агульнай апазыцыі, то вам будзе наладжана міжнародная інфармацыйная ізаляцыя”. Ганс Вік свае абяцаньні выканаў. На працягу дзесяцігоддзя ў інфармацыйнай прасторы гучалі “кааліцыі” з вячоркаў-мілінкевічаў і іншых, а інфармацыя пра дзейнасьць фронтаўцаў пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка замоўчвалася.

Сп. Кавальчук тымчасам зьехаў у эміграцыю на Захад і на наша зьдзіўленьне абвясьціў сябе там “асабістым прадстаўніком Зянона Пазьняка і КХП-БНФ”. З падачы Ганса Віка гэтую кур’ёзную асобу прымалі на канфэрэнцыях і ў амбасадах, давалі грантаўскія грошы. Кавальчук рэгулярна ня мог адчытацца па выдатках, яго шукалі крэдыторы, але потым ён зноў усплываў пад тытулам “прадстаўніка КХП-БНФ”. Яго некалькі разоў прасілі спыніць гэтую дэскрыдытацыю і прафанацыю. Але, калі няма комплексаў, а ёсьць Ганс Вік, спыніцца немагчыма.

Мяркуем, што “старастам” гэтай публікі зьяўляецца сп. Марыніч зь ягоным статусам “экс-міністра”. Але сп. Пікулік аказаўся ўжо годным выязджаць у Вашынгтон самастойна і прадстаўляць там “беларускую дэмакратыю”.

Можна было б пасьмяяцца над гэтым трыё балалаечнікаў, якія не вылазяць з замежных гастроляў і ўсё баламуцяць. Можа іх людзі сур’ёзна і не ўспрымаюць. Але балалаечнікі запаўняюць сабой палітычнае паветра і здольныя зьбіваць з панталыку замежных слухачоў сваёй дэмагогіяй.

Тэма сур’ёзная. Расейская імпэрыя ў стане глыбокага сацыяльна-эканамічнага правалу. У шэрагу рэгіёнаў Расеі ўвосень (пасьля збору ўраджаю!) былі адчынены склады недатыкальных запасаў харчаваньня, якія існуюць на выпадак вайны. Мільёнам людзей у РФ пагражае голад.
У гэтай сытуацыі імпэрыя набліжаецца да прэзыдэнцкіх выбараў (сакавік 2012 года). Пуцін марыць вярнуцца на крамлёўскі сталец, але ня можа нічога прапанаваць расейскаму электарату. Людзі ўжо ня вераць у абяцанкі. Адзіным канкрэтным козырам была б наша Беларусь, якую перад выбарамі здолеў бы далучыць да імпэрыі кандыдат-прэзыдэнт. Улічваючы містычны імпэрыялізм расейскага грамадзтва (яны гатовыя нават галадаць, каб толькі быў іхны “трэці Рым” і іх усе баяліся), такая “перамога” была б успрынята на “ўра”.

У беларусаў, вядома, захопнікі пытацца ня будуць. З дапамогай антыбеларускага акупацыйнага рэжыму Масква ўжо грунтоўна падарвала эканоміку нашай краіны і вядзе Беларусь да фінансавага банкруцтва дзяржавы. Вось тут яны зьбіраюцца “працягнуць нам брацкую руку” у выглядзе ўвядзеньня расейскага рубля ў Беларусі (што азначала б магутны ўдар па беларускай дзяржаўнасьці і сувэрэнітэту), а потым пакіраваць падзеямі так, каб увесьці расейскія войскі і “ратаваць беларусаў ад Лукашэнкі”.

Пра гэта, дарэчы, прагаварыўся вядомы беларускі палітык і русафіл Станіслаў Шушкевіч. Ён сказаў 20 сьнежня 2010 г., што “трэба было б увесьці расейскія войскі ў Беларусь, каб абараніць дэмакратыю і народ ад Лукашэнкі” (радыё “Свабода”). Як вядома, такія пляны самымі агрэсарамі не афішуюцца. Ні Гітлер, ні Сталін не рабілі публічных заяваў на тэму блізкай агрэсіі ў 1939, 1940 і 1941 гадах. Наадварот, яны рассылалі паўсюль сваіх прапагандыстаў, якія ўсюды казалі пра “міру мір”.

Для прыкрыцьця плянаў захопу нашай Бацькаўшчыны расейскім імпэрыялізмам сёньняшняя Масква пасылае ў сьвет розных “прадстаўнікоў беларускай дэмакратыі” кшталту “маладога стратэга” сп. Пікуліка. Дарожку ім на Захадзе расчышчае сваімі ўплывамі Ганс Вік. “Прадстаўнікам” не прывыкаць, яны ўжо выконвалі такія антыбеларускія заданьні і зарэкамэндавалі сябе. Пра закулісьсе сваіх антыдзяржаўных дзеяньняў яны будуць распавядаць на судовым працэсе ў вызваленай ад дыктатуры Беларусі.
Трыньканьне на тэму “мірных і гуманітарных намераў Масквы ў Беларусі” напаўняе душу трывогай. Так рабілі напярэдадні агрэсіі ўсе агрэсары. Нельга давярацца гэтаму шумавіньню. Трэба рыхтавацца да салідарнай абароны Бацькаўшчыны ад лютага ворага.

Янка Базыль

2/11/2011 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Лістапад 2011
П А С Ч П С Н
« Кас   Сьн »
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
282930  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024