Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон ПАЗЬНЯК: НАША СПРАВА. ЗАЎВАГІ НА ПРЫКЛАДАХ

Галоўны лёзунг, які акрэсьлівае цяпер сутнасьць моманту, які паказвае напрамак і неабходны крок для выратаваньня краіны, гучыць так: “Беларусь – без Лукашэнкі”. (Гэта, так бы мовячы, тлумачальная форма традыцыйнага “Лукашэнка прэч!”) Мэханізм, які можна ўрухоміць для дасягненьня мэты – гэта новыя выбары без удзелу ўзурпатара.

Трэба разумець, што ніякія міжнародныя санкцыі (ні палітычныя, ні эканамічныя) не ліквідуюць дыктатарскі рэжым, тым больш такі рэжым, які паставіла ў Беларусі і які ўтрымлівае Расея. Набор чыньнікаў, якія зьнішчаюць дыктатуру, абмежаваны – гэта вайна, тэракт, пераварот, рэвалюцыя, арышт. Першыя тры адпадаюць як нерэальныя і непрыймальныя. Арышт магчымы пры радыкальным умяшаньні міжнародных арганізацыяў, калі палітыка вынішчэньня нацыі і грамадзянскай супольнасьці, якую праводзіць рэжым Лукашэнкі ў Беларусі, будзе адэкватна разгледжана як генацыд. Пра гэты шлях намі ўжо заяўлена. Веданьне такой дарогі да пераменаў важнае для нас самых (і ад нас залежыць яе працяг). Захад праяўляць ініцыятывы ня будзе.

Больш таго, у становішчы пасіўнасьці беларускага нацыянальнага грамадзтва і малой волі да барацьбы Эўропа зноў вернецца да згодніцтва з рэжымам. Эўропа будзе рабіць сваю палітыку, а ня нашу.
Эвалюцыя ўжо пачалася. Патрабаваньне, якое адразу пасьля 19-га сьнежня выставіў Захад, гучэла так: вызваліць з турмы ўсіх схопленых і арыштаваных у Беларусі і спыніць супраць іх усе судовыя справы і перасьледы. Пад гэтую формулу былі зацьверджаныя санкцыі на 158 неўязных асобаў і фармуляваліся далейшыя пагрозы рэжыму.

17-га лютага рэжым кінуў пробны шар – асудзіў на чатыры гады строгага зьняволеньня ўдзельніка Плошчы і нападу на ўваход у Дом Ураду В. Парфянкова (падазраваны як правакатар). Эўразьвяз імгненна прыняў шар. 18-га лютага выступіла Высокая прадстаўнік Эўрапейскага Зьвязу па замежных справах і палітыцы бясьпекі, Віцэ-старшыня Эўрапейскай Камісіі Кэтрын Эштан і зрабіла наступную заяву: “Эўразьвяз працягвае ўважліва сачыць за пасьлявыбарчай сытуацыяй у Беларусі, у тым ліку за судамі, што маюць адбыцца, і будзе надалей рабіць высілкі для вызваленьня і рэабілітацыі ўсіх зьняволеных па палітычных матывах.

Больш за тое, я настойліва заклікаю беларускія ўлады забясьпечыць справядлівы і адкрыты суд ўсіх асоб, абвінавачаных за іх ролю ў прэзыдэнцкіх выбарах 19 сьнежня 2010 году, у тым ліку за ўдзел у пасьлявыбарчых дэманстрацыях”.

На гэтае “больш за тое” тут жа адклікнуўся рэжым Лукашэнкі і ў той жа дзень “пракамэнтаваў” заяву Высокага прадстаўніка такім чынам: “Меру адказнасьці кожнага з абвінавачаных за беспарадкі ў Менску вечарам 19 сьнежня будзе вызначаць толькі суд”, — заявіў прэс-сакратар МЗС антыбеларускага рэжыму А. Савіных. “Падкрэсьліваем, — сказана далей, — што судовы працэс быў адкрытым і праходзіў у прысутнасьці вялікай колькасьці журналістаў і прадстаўнікоў грамадзкасьці”.
Камэнтары тут непатрэбныя – хлёсткая аплявуха Эўразьвязу і павучаньне, як сябе павінны паводзіць сапраўдныя дэмакраты.

Новы заклік Эўропы да палачнага рэжыму (“забясьпечыць справядлівы і адкрыты суд”) пачуты і ўспрыняты. Суд будзе забясьпечаны “справядлівы і адкрыты”, ня горш, чым пры Вышынскім.

Магчыма, тыя беларусы, якія пасьля 19-га сьнежня толькі што прачнуліся да палітыкі, будуць, як цяпер кажуць, у шоку ад традыцыйнага эўрапейскага філісьцерства. Але, па вялікаму кошту, Эўропа тут нікога не зьдзівіла. Яна заўсёды была такой. За беларусаў ніхто беларускую справу рабіць ня будзе. Кожны робіць сваё. Лучацца моцныя.

Цяпер пра рэвалюцыю. Хто яшчэ няглыбака думаў, мусіў бы цяпер зразумець, што немагчымыя ніякія выбары без Лукашэнкі пры рэжыме Лукашэнкі. РУХ “За новыя выбары без Лукашэнкі” – гэта наша дарога да рэвалюцыі. І той, хто хоча волі і свабоды Бацькаўшчыны і сьветлай будучыні для Беларусі – ступае на гэты шлях. Па ім трэба ісьці.

Тут добры пачатак, які ўжо расьце. Усё хораша прадумана. Суполкі Руху можна ствараць усюды, нават у “вертыкалі” узурпатара (калі там знойдуцца дэсідэнты). Выявіць суполкі варожым сілам практычна немагчыма, пакуль арганізацыі ня злучацца ў масавую сілу, а ўжо тады – хто каго. І будуць выбары – без Лукашэнкі. (Пра РУХ можна пачытаць тут: http://www.bel-ruh.org/ )

Рух разьлічаны не на скампрамэтаваную “апазыцыю”, а на сьвежых людзей, на ўсё грамадзтва. Тыя, што супрацоўнічалі з рэжымам, падтрымлівалі ўсе яго фальшывыя выбары ды рэфэрэндумы і завялі людзей у пастку правакацыі 19-га сьнежня, тыя ў Рух ня пойдуць, а калі б каторыя і пайшлі, то ад іх была б толькі шкода.

Дзеяньні, якія адбываюцца ў палітыцы вакол нас і на Ўсходзе, і на Захадзе, заўсёды сьведчаць беларусам гучна і адкрыта: станьце самы сабой, любеце сваё, станьце культурнай салідарнай нацыяй, змагайцеся за сваю культуру, мову, школу, гісторыю, зямлю і свабоду! Не жыве народ жыватом, але духам, ня цемрай, а сьвятлом, не разьвіваюцца людзі ў рабстве, а толькі ў свабодзе, якую самы сабе здабылі, бо хацелі.

19 лютага 2011 г. Зянон ПАЗЬНЯК

Заўвага аўтара: Пры развагах просьба не карыстацца тэкстам зьмешчаным на “навінах.бай” ( http://www.naviny.by/rubrics/opinion/2011/02/22/ic_articles_410_172558/ ). Там зроблены купюры, якія прынцыпова скажаюць зьмест. – (З. П.).

22/2/2011 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Люты 2011
П А С Ч П С Н
« Сту   Сак »
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024