Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты // Форум
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон ПАЗЬНЯК: ХАТНЯЯ ТУРМА

Антыбеларускі рэжым прыдумаў “хатнюю турму”, якой (па ўсім відаць) наканавана “вялікая будучыня” (бо турмаў у лукашысцкай Беларусі ўжо не хапае). Хатні арышт прапісаны ў законе, але тое, што практыкуе рэжым, ні ў які закон ня ўлазіць.
Хатняя турма ўзьнікла з беззаконьня рэжыму і поўнага самаупраўства КГБ, які, фактычна, выведзены з-пад дзеяньня закона.

У камэру ператворана хата (кватэра) арыштаванага, да якога прыстаўляюць наглядчыкаў, што маюць ключы ад хатняй камэры (адчыняюць і зачыняюць яе), назіраюць і кантралююць кожны крок вязьня. Вязень ня мае права падыходзіць да дзьвярэй, да вокнаў, ня можа выходзіць на сьвежае паветра, ня можа чытаць газэты, слухаць радыё, глядзець тэлевізар, размаўляць па тэлефоне, карыстацца кампутарам. Яму забароненыя спатканьні з адвакатам, медыцынская дапамога і агляд лекара. Ніхто ня мае права заходзіць у хатнюю камэру, акрамя вызначаных сваякоў: жонкі, бацькі альбо маткі, якія бяруць на сябе догляд і харчовае забесьпячэньне вязьня і самы знаходзяцца пад турэмным наглядам. Такім чынам кватэра (дом) ператвараецца ў турэмную камэру гэтаксама і для сям’і вязьня. Прытым (да прыкладу), разам з арыштаванай Ірынай Халіп пад турэмны рэжым трапляе нават яе трохгадовае дзіця, яно становіцца фактычным вязьнем хатняй камэры і камэрнага рэжыму.

Ведаючы садысцкую мэнтальнасьць узурпатара і сэнс сукупнай палітыкі генацыду, нескладана прадбачыць наступны крок у афармленьні хатняй пенітэнцыярнай сістэмы – аплату з боку сям’і за прысутнасьць (“працу”) наглядчыкаў. Закон тут (як і ўсюды ў рэжыме) не абавязковы. Могуць на што-небудзь спаслацца альбо прыдумаць (альбо указ аформіць і т. п.).

Заўважу, што па закону арыштаваны, які знаходзіцца ў турме, у кожным моманце мае права на спатканьне з адвакатам, на медыцынскую дапамогу і агляд лекара, можа чытаць, выпісваць газэты, слухаць радыё, глядзець тэлебачаньне і выходзіць на сьвежае паветра.
Арыштаваны беларус у хатняй турме, прыдуманай рэжымам, ня мае ніякіх такіх правоў у забесьпячэньні элемэнтарных патрэбаў існаваньня. Яму пакінута толькі магчымасьць біялагічнай “вегетацыі”.

Такія ўмовы створаныя пакуль што для двух закладнікаў. Паўстае пытаньне: навошта? Псіхалягічнае (ці дакладней, псіхіятрычнае) абгрунтаваньне тут цалкам зразумелае: “А что б не выпендривались, отморозки”. Успомнім “ягоныя” пячорныя публічныя разважаньні пра напад на Някляева. (“Ну, дали по голове. Ну и что?” “Ты же мужик! Чего ты кричишь!” “Прибежал в больницу – спрятался.” І г. д.)
Аднак, галоўнае абгрунтаваньне ў стварэньні хатняй турмы – гэта логіка палітычнага і крымінальнага кшталту, якая толькі накладзена на шызафрэнічную матрыцу.

Гэтая логіка вынікае з факталогіі падзей. Калі план “другога падпалу Райхстагу” быў зьвёрстаны і ўсё было падрыхтавана для правакацыі, з усіх спарынг-кандыдатаў “праблемным” для рэжыму заставаўся толькі Някляеў. Ён пастаянна цьвердзіў пра мірны характар акцыі і што яна мусіць быць на плошчы Каліноўскага. Някляеў здольны быў уплываць на людзей і прадухіліць іхны зыход да Дому ўраду. Пры гэтым якраз ягоная група павінна была забясьпечыць дастаўку магутнай гукаўзмацняльнай апаратуры.

Захады супраць Някляева былі зробленыя, як на вайне (вядома, чыя тут галава думала). Не дачакаўшыся нават канца галасаваньня, на кандыдата ў прэзыдэнты Някляева напала баявая спэцгрупа Міністэрства Унутранных Спраў “Алмаз”. Пакінуўшы сьмяртэльна зьбітага і нерухомага паэта на сьнезе, група ад’ехала на двух аўтобусах. Праз некалькі гадзін высьветлілася, што паэт у цяжкім стане знаходзіцца ў рэанімацыйнай палаце шпіталя Хуткай дапамогі. (“Ну, думаю, убили”, — камэнтаваў публічна на сваім узроўні гэты момант Лукашэнка. – “Потом смотрю – живой, ожил, в больницу убежал.”)

Ноччу функцыянеры спэцслужбаў уварваліся ў палату рэанімацыі, схапілі Някляева і павалаклі яго па падлозе ў турму КГБ.

Я ўжо пісаў раней, што гэтыя дзьве незаконныя апэрацыі, праведзеныя супраць Някляева спэцслужбамі МУС і КГБ, зьяўляюцца найгрубейшым і злачынным парушэньнем закона. Па факту такога злачынства неадкладна мусіла б быць узбуджана крымінальная справа пракурорам (арганізаваная групавая спроба забойства, тэрарызм, выкраданьне закладніка, сьвядомае перавышэньне ўлады, выкарыстаньне ўлады дзеля палітычных і асабістых інтарэсаў). Груба парушаны цэлы шэраг артыкулаў Крымінальнага Кодэксу. Прытым, у злачынную справу канкрэтна і непасрэдна ўключаны і сам узурпатар Лукашэнка, які засьведчыў сваё кіраўніцтва і прыналежнасьць да нападу на Някляева, да ўсіх рэпрэсіяў і пабіцьця людзей на плошчы.

Даказаць нешта адваротнае ў такой справе немагчыма. Гэта разумеюць спраўцы злачынства і ліхаманкава шукаюць выхаду. Адразу прымусілі аднаго арыштаванага разам з усімі агента засьведчыць, што “міліцыя не вінавата”. Тут жа насьпех прыдумалі вэрсію, што на Някляева напалі “неизвестные хулиганы”. Гэбісты ізноў абавязалі Дзімітрыева (выконваў ролю кіраўніка выбарчага штабу Някляева) агучыць гэтую вэрсію ў відэа-запісе.
Потым стварылі цэлы прапагандысцкі кінафільм “Плошча. Жалезам па шклу”, дзе склеілі новую бязглуздую легенду, што Някляева быццам бы хацелі забіць яго паплечнікі і палітычныя супернікі — спарынг-кандыдаты. (Дарэчы, апошняя легенда – тыповы шаблон у забойствах КГБ. У 90-х гадох гэты шаблон хацелі прымераць у “нэўтралізацыі” маёй асобы.)

Наступнае дзеяньне – недапушчэньне адвакатаў да арыштаваных. Праца адвакатаў у гэтай крымінальнай афёры ёсьць небясьпечная для рэжыму, але найбольш – у справе Някляева. Сэнс ня толькі ў тым, што спраўцам злачынства тут “няма чым крыць”, але ў тым, што, як ні круці, справа Някляева паварочваецца супраць іх самых.

Самы тыповы (і прывычны) выхад для іх – гэта пазбавіцца ад Някляева і ад ягонай справы. Небясьпечна, калі такое пачнуць рабіць людзі, якія перакрочылі рубікон забойства. Магчыма, што плян пачаў дзейнічаць разам са стварэньнем хатняй турмы, куды не дапускаецца нават лекар і сьвежае паветра.
Пасьля чэрапна-мазгавой траўмы, Някляеў ня меў у турме ні медыцынскага дасьледваньня, ні лячэньня (акрамя таблеткавага). Ён перажыў за няпоўныя паўтары месяцы чатыры пагрозьлівыя гіпертанічныя крызы. Яго мучыў пастаянны боль галавы, зьявіліся правалы памяці.

Невядома, што дакладна зараз са здароўем Някляева. Магчыма, зьявіліся ўскладненьні ў выніку нелячэньня ЧМТ сярэдняй цяжкасьці і ў камбінацыі з гіпертанічнымі крызамі, магчыма, быў перанесены (і сьведама не зафіксаваны лекарамі) мікраінсульт. Выклікаюць трывогу правалы памяці праз амаль паўтары месяцы пасьля траўмы. Усё гэта пры неабсьледваньні і нелячэньні можа прывесьці да сур’ёзнай страты здароўя, інваліднасьці, і нават да летальнага выніку.
Спраўцы антыбеларускага рэжыму ўжо ня могуць выйсьці са свайго бандыцкага кола зла. Цынічная хлусьня, самадурства і гразь верхавіны гэтай хунты мярзотнікаў ахоплівае і занечышчае, як гангрэна, усё новыя і новыя пласты грамадзтва: чыноўнікаў, настаўнікаў, праўнікаў, юрыстаў, лекараў і міліцыі – усіх патапляе ў сваю дрымучую, сьмярдзючую твань расчалавечваньня, ілжы і злачынства.

Увогуле, калі глянуць на ўсё разважліва і без пачуцьцяў, то адзіны цяпер выхад для рэжыму – выпусьціць усіх закладнікаў і спыніць прыдуманы судовы перасьлед. Такога рэжым ня зробіць, бо ня хопіць розуму. Ды й не для гэтага прыдумана подлая справа, каб ад яе адмаўляцца нішчыцелям. Адно, што пачынаюць разумець ужо болей і болей людзей – узурпатар ня можа больш быць ў Беларусі. Ён мусіць зьнікнуць неадкладна. Ягонае існаваньне небясьпечнае для нацыі, як ракавая пухліна для здаровага арганізма. І чым хутчэй такая пухліна будзе выдалена, тым здаравей людзям, тым лепш для народа.

4 лютага 2011 г. Зянон ПАЗЬНЯК

6/2/2011 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Люты 2011
П А С Ч П С Н
« Сту   Сак »
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ

Народная Перамога

[ Усе сябры ]




Лічыльнік:


Беларуская Салідарнасьць // Усе правы абароненыя // 2000—2021
Сувязь