Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

АДКРЫТЫ ЛІСТ У РАДУ ЭЎРАПЕЙСКАГА ЗЬВЯЗУ

Паважаныя спадары міністры.
Цяпер у Беларусі ўжо другі месяц працягваецца хваля рэпрэсіяў супраць насельніцтва, распачатая рэжымам Лукашэнкі ў дзень выбараў прэзыдэнта 19-га сьнежня 2010 года.

Плян рэпрэсіяў рыхтаваўся задоўга да выбараў. Лукашэнка заручыўся ў гэтым падтрымкай пэўных колаў Расеі і адначасна вёў перамовы пра “прагрэс” дэмакратыі зь міністрамі замежных справаў Эўразьвязу, пагаджаючыся на дэмакратызацыю некаторых бакоў выбарчага працэсу. Кандыдатам ад апазыцыі прадставілі радыё і тэлеэфір, але адначасна, за пяць дзён да выбараў, пачаўся жорсткі і рэпрэсіўны загон выбаршчыкаў на так званае “папярэдняе галасаваньне”. Выбарчыя камісіі былі складзеныя выключна з прадстаўнікоў рэжыму, і ў дзень галасаваньня адбыліся масавыя фальсіфікацыі выбараў. У рэальнасьці Лукашэнка не набраў патрэбную колькасьць галасоў і не перамог на выбарах.

15-га сьнежня 2010 г. у Лукашэнкі адбылася зачыненая нарада аб выбарах, на якой прысутнічалі: кіраўнік выбарчага штабу Лукашэнкі генэрал Шэйман, міністар абароны генэрал Жадобін, старшыня КГБ генэрал Зайцаў, начальнік аховы Лукашэнкі генэрал Вцюрын, міністар МУС генэрал Куляшоў, сын Лукашэнкі Віктар, кіраўнік Савета бясьпекі генэрал Мальцаў. Фактычна, засядаў штаб правакацыі і сілавой расправы з народам. Абмяркоўваўся плян дзеяньняў сілавых структураў на плошчы ў дзень выбараў 19-га сьнежня і далейшыя дзеяньні па разгортваньні рэпрэсіяў. Павінны былі быць створаныя групы КГБ, кожная зь 5-7 функцыянераў, якія мусілі б праводзіць арышты, допыты, ператрусы, запалохваньні, ужываньне сілы пасьля 19-га сьнежня.

Рэпрэсіі 19-га сьнежня пачаліся яшчэ ў час галасаваньня. Баевікі рэжымнага спэцаддзелу “Алмаз” па загаду Лукашэнкі напалі на кандыдата ў прэзыдэнты паэта Ўладзімера Някляева. Някляеў быў зьбіты да страты прытомнасьці, а потым гвалтоўна выкрадзены спэцслужбамі з рэанімацыйнай палаты шпіталю і кінуты ў засьценкі КГБ. Усе гэтыя дзеяньні цалкам не стасаваліся з Законам, мелі прыкметы пакушэньня на забойства, тэрарызму і захопу закладніка.

У гэты ж дзень галасаваньня рэжым Лукашэнкі задзейнічаў рэпрэсіўныя аддзелы міліцыі, войска і КГБ супраць мірнай дэманстрацыі насельніцтва, папярэдне арганізаваўшы правакацыйнае пабіцьцё шыбаў у Доме ўраду завербаванымі крымінальнікамі і агентурай КГБ.

Карныя і вайсковыя аддзелы міліцыі жорстка пабілі і скалечылі сотні мірных людзей, якія не выяўлялі ніякай агрэсіі і не аказвалі супраціўленьня нападнікам. У засьценкі кінулі каля 700 чалавек, у тым ліку кандыдатаў у прэзыдэнты. Да ўсіх зьняволеных да гэтага часу не дапускаюць адвакатаў і сваякоў.

Хваля рэпрэсіяў, арыштаў, ператрусаў, допытаў і хапаньня людзей па ўсёй Беларусі разьлічана рэжымам на доўгі час і ставіць на мэце ліквідаваць нацыянальныя сілы грамадзянскай супольнасьці. Пастаўлена задача зьнізіць сацыяльную актыўнасьць і разьвіцьцё інтэлектуальных нацыянальна сьвядомых групаў насельніцтва Беларусі, штурхнуць гэтых людзей у стан сацыяльнай дэградацыі, прымусіць займацца выключна выжываньнем і клопатамі аб фізічным існаваньні.

Ва ўсіх людзей, у якіх робяць ператрусы, незаконна канфіскуюць прадметы інтэлектуальнай і інфармацыйнай маёмасьці, кампутары, друкаркі, сканэры, тэлефоны, кінакамэры, фотаапараты, кнігі, рукапісы, фатаграфіі, носьбіты інфармацыі (флэшкі, плыты СD-DVD, цьвёрдыя дыскі і інш). Рэквізіцыі і ператрусы робяць па некалькі разоў у адной асобы; кожнага могуць схапіць на вуліцы, адвесьці на допыт у КГБ альбо кінуць за краты, потым пазбавіць працы альбо магчымасьці вучыцца.

Зьмест і мэтодыка гэтай хвалі перасьледу людзей у Беларусі вынікае з сутнасьці палітыкі антыбеларускага рэжыму Лукашэнкі, накіраванай на павольнае этнічнае вынішчэньне беларускай нацыі шляхам стварэньня ўмоваў для сацыяльнай дэградацыі і выміраньня пэўных групаў насельніцтва, ліквідацыі асобаў мэтадам рэпрэсіяў і тэрору.

Антыдэмакратычная антыбеларуская палітыка, якую праводзіць рэжым Лукашэнкі, пачалася з 1994 года, адразу пасьля прыходу яго да ўлады пры садзеяньні савецкага КГБ. За гэты час былі спаленыя беларускія падручнікі для школ, практычна, ліквідаваная нацыянальная беларуская школа і адукацыя. Беларусы цяпер адлучаныя ад атрыманьня адукацыі на роднай мове на ўзроўні школы і ўнівэрсітэту. Вернута камуністычная палітыка русіфікацыі. Пратэсты супраць такой палітыкі разглядаюцца рэжымам як антыдзяржаўная дзейнасьць. Поўнасьцю ліквідаванае нацыянальнае беларускае тэлебачаньне і радыё, разбураныя беларускія нацыянальныя грамадзкія і ўрадавыя інстытуты, творчыя саюзы, беларускія выдавецтвы, беларускі друк, паралізаваная беларуская грамадзкая дзейнасьць, фундамэнтальная і гуманітарная навука. Адбылося рэзкае зьніжэньне якасьці адукацыі і адукацыйнага ўзроўню насельніцтва. Практычна, ліквідаваная ўнутраная і зьнешняя дапамога пацярпеламу ад радыяцыі насельніцтву Чарнобыльскай зоны, спынены ільготы і выплаты людзям за страту здароўя, занячышчаныя землі ўведзены рэжымам у сельскагаспадарчае выкарыстаньне, забруджаная радыёнуклідамі прадукцыя ідзе на ўнутраны рынак, а чыстая прадукцыя – на экспарт у Расею. Беларускую моладзь пасьля вучобы разьмяркоўваюць на працу ў радыяцыйныя зоны Чарнобыльскай катастрофы.
У выніку — рэзка пагоршылася здароўе нацыі (асабліва дзяцей), беларусы сталі выміраць. За часы рэжыму Лукашэнкі насельніцтва Беларусі зьменшылася больш чым на паўмільёна чалавек (5%).

Працяг савецкай русіфікацыі, вынарадавеньне і выключэньне з сацыяльнага і грамадзкага жыцьця інтэлігентных і актыўных групаў насельніцтва Беларусі ёсьць цалкам усьвядомленая дзейнасьць Лукашэнкі. Яе асэнсаванасьці ён не хавае. Напрыклад, на так званым перадвыбарчым “усебеларускім сходзе” ў 2006 годзе ён сказаў, што сэнс гэтай ягонай русіфікацыйнай палітыкі ў Беларусі – зрабіць так, “каб нічога ўжо нельга было вярнуць назад”.

У рэчышчы такой вынішчальнай задачы старшыня КГБ генэрал Жадобін тры гады таму склаў сьпіс з 1767 актыўных беларусаў і інтэлектуалаў, якія ў выпадку пэўных абставінаў мусяць быць рэпрэсаваныя ў першую чаргу. Пра сьпіс генэрал аб’явіў публічна.

Пачатак цяперашняй хвалі рэпрэсіяў прадугледжвае ператрусы, допыты, арышты і пакараньні ня менш 50 тысячаў людзей, што былі на плошчы 19-га сьнежня ў Менску. Адначасна робяць таксама рэпрэсіі і па “жадобінскім сьпісе” – хапаюць актаўных асобаў, беларускіх інтэлектуалістаў, якія непасрэдна ня маюць датычнасьці да Плошчы, да выбараў і грамадзкіх пратэстаў.

Дзеяньні антыдэмакратычнага, антыбеларускага рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі, апісаныя мной у гэтым лісьце, падпадаюць пад ацэнку і юрысдыкцыю артыкула №127 (Генацыд) Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь, а таксама адпавядаюць міжнародным азначэньням генацыду ў дачыненьні да палітыкі і дзейнасьці Аляксандра Лукашэнкі.

Улічваючы аўтарытарны і абсалютны характар улады Лукашэнкі, у Беларусі практычна немагчыма ўзбудзіць супраць яго справу па артыкуле 127 (Генацыд), паколькі прызначэньне і дымісія Генэральнага пракурора, усіх кіраўнікоў юстыцыі і судоў — залежаць ад самога Лукашэнкі.

Фармальна ня можа ўзбудзіць справу і Міжнародны Крымінальны Суд (МКС) у Гаазе, паколькі Рэспубліка Беларусь не падпісала Рымскі Статут і дзяржавай-удзельнікам МКС не зьяўляецца. Вядома, аднак, што хоць МКС не ўваходзіць у афіцыйныя структуры Арганізацыі Аб’еднаных Нацыяў, але, тым ня менш, па прадстаўленьні Рады Бясьпекі ААН можна ўзбуджаць справы і супраць асобаў тых краін, што не зьяўляюцца дзяржавамі-удзельніцамі МКС. Прэцэдэнт такі ўжо быў. Механізм існуе.

У сувязі з гэтым, паважаныя спадары міністры, прашу разглядзець на паседжаньні Рады Эўрапейскага Зьвязу 31 студзеня гэтага году магчымасьць прыняцьця рашэньня аб звароце ў Раду Бясьпекі ААН на прадмет прадстаўленьня ў Міжнародны Крымінальны Суд прапановы (рэзалюцыі) аб узбуджэньні справы супраць грамадзяніна Рэспублікі Беларусь Лукашэнкі Аляксандра Рыгоравіча па абвінавачваньні – “генацыд”, стварэньня ўмоў для дэградацыі і выміраньня групаў насельніцтва беларусаў і асобных грамадзян.

Зьвяртаю ўвагу, што ў сытуацыі, якая існуе, рэальнай магчымасьцю ліквідаваць антынародны рэжым у Беларусі ёсьць арышт узурпатара. У выпадку ўзбуджэньня справы Міжнародным Крымінальным Судом, дні рэжыму будуць палічаныя. Беларусы самы арыштуюць яго і прывязуць у Гаагу.

Гэтая мая просьба і прапанова аб узбуджэньні справы адлюстроўвае пазыцыю ўсіх сумленных грамадзянаў Беларусі, якіх нішчыць і зьневажае рэжым Лукашэнкі.
Гэтая людзі падтрымліваюць рэзалюцыю Эўрапарляманту ад 20 студзеня бягучага года адносна сытуацыі ў Беларусі, але зьвяртаюць увагу на некалькі момантаў, якія я прасіў бы удакладніць.

Лукашэнка ня меў права балатавацца трэці і чацьверты разы на прэзыдэнта Беларусі (рэфэрэндум 2004 года пра трэці тэрмін Лукашэнкі быў незаконны, сфальшаваны і не прызнаны Міжнароднай супольнасьцю). Таму заклік Эўрапарляманту да новых выбараў у Беларусі мусіў бы быць удакладнены тым, што Лукашэнка не валодае больш законным правам балатавацца на выбарах, выбары мусяць быць без Лукашэнкі.

Лукашэнка ня ёсьць легітымным і законна абраным прэзыдэнтам. Гэта захопнік прэзыдэнцкай пасады. Ён сфальшаваў выбары, узурпаваў уладу і ваюе зь беларускім народам. Наша просьба і прапанова — не называць яго афіцыйна прэзыдэнтам Беларусі.

Рэжым Лукашэнкі праводзіць антыдэмакратычную, тыпова акупацыйную антыбеларускую палітыку паўзучага генацыду, сьвядома накіраваную супраць культурнага існаваньня беларускай нацыі.

Зважаючы на гэта, мы прасілі б не карыстацца тэрмінамі “беларускі рэжым”, “беларуская палітыка”, “беларуская ўлада”, “беларускі лідар” у дачыненьні да Лукашэнкі, тэрмінам “санкцыі супраць Беларусі” і т.п., бо гэта зьневажае пачуцьці дэмакратычных беларусаў і вольных людзей. Гэты рэжым, палітыка, улада і “лідар” – антыбеларускія, гэбоўскія, антынародныя. Вольныя беларусы не называюць гэты чужы рэжым “беларускім”.

Мы спадзяемся на дзейныя рашэньні Рады Эўрапейскага Зьвязу ў пытаньні дачыненьняў з антыбеларускім рэжымам і з грамадзянскай супольнасьцю Беларусі.

21 студзеня 2011 г.
Зянон ПАЗЬНЯК
Старшыня парляманцкай Апазыцыі БНФ
у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня,
Старшыня народнай
Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ

24/1/2011 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Студзень 2011
П А С Ч П С Н
« Сьн   Люты »
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024