Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

19-ГА СЬНЕЖНЯ ГАЛАСАВАЦЬ НЯ ПОЙДУЦЬ

Адным з самых вядомых эпізодаў вайны бальшавікоў супраць сялянства (“калектывізацыя” 1929-32 гг.) быў публічны выступ Сталіна, галоўнага арганізатара гэтай крымінальнай вайны. У савецкай прэсе ў сакавіку 1930 г. быў апублікаваны ягоны артыкул “Головокруженіе от успехов”, у якім “вождь” прызнаваў “перагібы” і факты прымусовага загону людзей у калгасы. Сталін заяўляў, што цяпер з гэтым будзе скончана, усё будзе дабраахвотна, а вінаватых пакараюць. Сяляне прынялі гэтую публіцыстыку за чыстую манэту, і на працягу лічаных дзён некалькі мільёнаў людзей выйшлі з калгасаў. У калгасных заганялаў апусьціліся рукі, яны разгублена стаялі каля пустой камунарскай ночвы. Але “вождь” меў на ўвазе зусім іншае, яго ня так зразумелі. Сталін проста правёў маштабную правакацыю ў сваім стылі і паглядзеў на тое, як хто будзе рэагаваць. Праз кароткі час махавік калетывізацыі закруціўся яшчэ больш актыўна і бязьлітасна.

Да словаў “важдзей” трэба ставіцца “з разуменьнем”. Выступаючы па БТ Лукашэнка энэргічна заявіў, што “няма неабходнасьці падштурхоўваць да датэрміновага галасаваньня”, маўляў, “няхай галасуюць дабраахвотна”. 16 сьнежня паказалі “ўзорны выбарчы ўчастак”, куды прыйшоў “дабраахвотна” сакратар ЦВК М. Лазавік. Электаральны начальнік аптымістычна ўсьміхаўся і кінуў свой бюлетэнь у урну – датэрмінова! Антуражныя асобы таксама ўсьміхаліся і ківалі галовамі. Але вось жа цікава, больш нікога на гэтым участку не было. Можа паліцэйшчына разагнала перад тэлеэфірам натоўпы і чэргі ахвотных “прагаласаваць датэрмінова”? Можа яны самы разьбегліся – ад граху падалей. Ды не, людзей ні на гэтым, ні на тысячах іншых участкаў не было. Назіральнікі паведамляюць пра такое кволае наведваньне фальшыўкі пад крыптонімам “папярэдняе галасаваньне”, што ім і заняцца няма чым. Людзі ў сваёй абсалютнай бальшыні ігнаруюць гэты жульніцкі прыём дыктатуры. Галасуюць толькі тыя, каго прывозяць прымусова і пад канвоем.

Менавіта з гэтым зьвязана актывізацыя ўсіх крымінальнікаў, якія на цяперашнім этапе выбарчага фарсу ўзмацнілі ціск на падначаленых. Вядома, што далёка ня ўсе людзі апускаюць перад начальнікамі галаву і маўчаць. Рабочыя, сяляне і служачыя ўсё часьцей пасылаюць падалей навязьлівых лукашыстаў, гоняць іх ад сябе і не падпарадкоўваюцца. Таму на экранах і зьявіўся галоўны электаральны крымінальнік і пачаў даваць сігналы па сваёй вертыкалі. Ён таксама ведае, што справа электаральнага падману разьвіваецца вельмі слаба, што людзі не баяцца і не зьбіраюцца ісьці на фарс нават і 19 сьнежня. А ўжо вядома, што па выбарчых камісіях даведзены “плян вынікаў папярэдняга галасаваньня” у аб’ёме ня менш за 30% прагаласаваўшых.

Ня трэба выбачаць тым, хто ламае Закон і Канстытуцыю. Яны павінны быць пакараны за свае крымінальныя злачынствы. Прымус да ўдзелу ў выбарах, фальсіфікацыя выбарчага працэсу і яго вынікаў ёсьць вельмі сур’ёзным крымінальным злачынствам. Тыя, хто сутыкнуўся з фактамі такіх злачынстваў, павінен фіксаваць на паперы (а калі можна то і іншымі сродкамі, напрыклад фота) усе гэтыя факты: прозьвішчы, пасады ўсіх заганяльшчыкаў на “выбары”, арганізатараў і выканаўцаў злачынных загадаў рэжыму. Трэба фіксаваць крымінальнікаў усіх адміністрацыйных узроўняў: дырэктараў, адміністратараў, дэканаў, камэндантаў інтэрнатаў і г.д. Пры магчымасьці трэба папярэджваць іх аб тым, што яны зьдзяйсьняюць крымінальнае злачынства і будуць пад судом. На іхнае навязьлівае пытаньне: “А почему вы ешчё не проголосовалі?” трэба адказваць пытаньнем: “А адкуль вы ведаеце, галасаваў я ці не? У нас жа па закону таемныя выбары. Хто даў вам інфармацыю пра мяне?” Пасьля абвалу рэжыму ўсе гэтыя асобы павінны будуць прадстаць перад судом. Зло павінна быць пакарана.

Рэжым няўклюдна і груба спрабуе прадставіць свой фарс у якасьці свабоднага выбару. Раптам з панядзелка па ўсёй краіне зьявіліся плякацікі з дамінантай блакітнага колеру (супакойвае вока, выклікае рамантычныя асацыяцыі). Вельмі пацешныя на гэтых плякаціках дэвізы: “Победа в наших руках!” і “Ваш выбор – правильное направление». Гэта ёсьць лексіка дамкома Швондзера з “Сабачага сэрца” Булгакава. Паўтараць такую лексіку здольныя толькі хіба што шарыкавы. Цікава, што, каб не раздражняць электарат, практычна няма плякатаў з фізіяноміяй “галоўнага кандыдата”. Можна сябе ўявіць, што яму намалявалі б людзі на блакітным фоне і фотафізіяноміі. Плякацікі разьвешаны ў офісах, крамах і іншых падкантрольных публічных месцах. Што да плякацікаў спарынг-партнёраў Лукашэнкі, то іх амаль зусім ня бачна. Каляровыя фантазіі “ад апазыцыі” на мелаванай паперы, якія днямі пачалі закідваць у паштовыя скрыні, людзі актыўна кідаюць на падлогу і топчуць нагамі.

Заўважана, што апазыц-кандыдаты чым бліжэй да 19 сьнежня, тым менш гукаюць пра сваю “перамогу”. Гэтая тэма і ўся самаўпэўненасьць, зьвязаная зь ёю, неяк растварыліся самы сабою. Замест гэтага яны пачалі гукаць пра “плошчу” і распавядаць, якой мірнай і згоднай яна будзе. На гэта рэжым робіць пагрозьлівыя жэсты з удзелам Лукашэнкі і міліцэйскіх генэралаў.

Здаецца, кожная са згаданых катэгорый электаральных вярхоў займаецца сваёй справай. Адны заганяюць і заклікаюць, другія заклікаюць і гукаюць. Але ўсё нейкае нежыцьцёвае, аморфнае – такое, якім яно было з першага дня рэжымнага фарсу. Вярхі паспрабавалі расштурхаць электарат і так і гэтак, а людзі адварочваюцца ад іх і ня хочуць нават уступаць зь імі ў дыскусіі. Электаральныя “нізы” ужо паслалі фарс і яго крымінальнікаў куды падалей. Людзі не дазваляюць рабіць з сябе клоўнаў.

Так і павінна скончыцца гэтая буйнамаштабная спроба рэжыму падмануць народ – пустымі “выбарчымі ўчасткамі” і ганебным пшыкам надзьмутай махіны дыктатуры. Ніхто на выбарчы фарс! Няўдзел у галасаваньні! Народны Байкот!

Юрка Марозаў

17/12/2010 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Сьнежань 2010
П А С Ч П С Н
« Ліс   Сту »
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024