Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Чарнобыль вачыма прафэсара Бандажэўскага

Ю.Б.: Існуе пагадненьне паміж САЗ і МАГАТЭ. Паводле гэтага пагадненьня, на мой погляд, цалкам блюзьнерскага для людзей, САЗ ня можа агалошваць афіцыйныя наступствы радыяцыйнага ўзьдзеяньня на здароўе людзей.

Мы публікуем тэкст з расейскамоўнай газэты, якая выходзіць у Італіі (“Наша Газета” – “La nostra Gazzetta”, 4 лістапада 2010 г.). Інтэрвію дае беларускі прафэсар Юры Бандажэўскі, які прыехаў на канфэрэнцыю ў Італію. Радыёлаг Ю. Бандажэўскі праводзіў навуковыя дасьледваньні і займаўся выкладчыцкай працай у Гомелі, быў рэктарам Гомельскага мэдунівэрсітэта. Ён аўтар 240 навуковых працаў. У 1999 годзе прафэсар Бандажэўскі выступіў на канфэрэнцыі ў Польшчы, дзе прачытаў даклад пра шкоднасьць так званых “малых дозаў радыяцыі”. Пасьля вяртаньня ў Беларусь ён адразу ж быў арыштаваны. Рэжымнае судзілішча на падставе фальшывых абвінавачваньняў асудзіла яго на 8 гадоў турмы. Міжнародная Амністыя прызнала яго вязьнем сумленьня. Пад ціскам міжнароднай супольнасьці рэжым вымушаны быў вызваліць яго “па амністыі” у 2005 г. Цяпер прафэсар жыве і працуе ў Францыі.

***

Інтэрвію з прафэсарам Юрыем Бандажэўскім правяла карэспандэнт “Нашай Газеты” Тацьцяна Жалезко.

Кар.: Ваш візыт у Італію мае ў пляне шэраг канфэрэнцый, прысьвечаных праблеме наступстваў Чарнобыля, — гэта Ваш другі візыт у Італію. Ці вырашана праблема ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі ў цяперашні час і ці ёсьць сэнс гаварыць пра яе праз 24 гады пасьля аварыі?

Ю.Б.: Аварыя на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі 26 красавіка 1986 г. зьяўляецца найвялікшай тэхнагеннай катастрофай у гісторыі чалавецтва. Яе наступствы закранулі здароўе і лёсы мільёнаў людзей ва ўсім сьвеце, і асабліва, ва Украіне, Рэспубліцы Беларусь, Расейскай Фэдэрацыі. Трэба прызнаць, што праз 24 гады пасьля аварыі ўладам гэтых краін не ўдалося вырашыць праблему ліквідацыі яе наступстваў, у прыватнасьці, стварыць умовы для бясьпечнага пражываньня насельніцтва на тэрыторыях, забруджаных радыёактыўнымі элемэнтамі, наступствам чаго і зьявіўся цяперашні стан здароўя насельніцтва пацярпелых рэгіёнаў. Аслабленьне ў цяперашні час увагі сусьветнай супольнасьці да чарнобыльскіх праблемаў, перш за ўсё з прычыны яго недастатковай інфармаванасьці, і праблем прадастаўленьня аб’ектыўнай навуковай інфармацыі. Неабходныя ня толькі аб’ектыўная інфармацыя, але і рэальныя дзеяньні, накіраваныя на забесьпячэньне адэкватнай абароны здароўя насельніцтва, якое ўвесь час кантактуе з радыяцыйнымі агентамі.

Кар.: Юры Іванавіч, Вы называеце сябе “грамадзянінам Чарнобыля”. Чаму?

Ю.Б.: Я прыехаў у 1990 г. у Гомель у Чарнобыльскую зону з жаданьнем дапамагаць людзям, якія патрапілі ў такую цяжкую сітуацыю, засталіся жыць у зоне забруджваньня. Прыехаў, таму што хацеў дапамагчы. Мяне вельмі цікавяць праблемы здароўя людзей, і я застаўся ў гэтай зоне да тае пары, пакуль мяне зь яе ня вытурылі. Я разумею, наколькі цяжкі стан здароўя людзей, якія жывуць на тэрыторыі, што пацярпела ад аварыі на ЧАЭС. Ім патрэбная дапамога, дапамога ўсіх тых, хто разумее, што зь імі адбываецца. Таму я імкнуўся вярнуцца як мага бліжэй да маёй роднай краіны пасьля дэпартацыі ў Францыю і імкнуся дапамагаць тым людзям, якія жывуць на забруджанай тэрыторыі.

Кар.: Што Вы можаце сказаць пра стан здароўя людзей, якія пражываюць у раёнах, якія пацярпелі ад катастрофы на ЧАЭС?

Ю.Б.: Дэмаграфічная сітуацыя ў раёнах, што пацярпелі ад катастрофы на ЧАЭС, зьяўляецца ў цяперашні час катастрафічнай, пры гэтым сьмяротнасьць у некалькі разоў перавышае нараджальнасьць. Павышаная сьмяротнасьць насельніцтва ў вялікай ступені зьвязана з сардэчна-сасудзістай паталогіяй і злаякаснымі новаўтварэньнямі, няўхільны рост якіх назіраецца штогод. Зьніжэньне нараджальнасьці абумоўлена парушэньнем функцыянаваньня мужчынскай і жаночай рэпрадукцыйных сістэмаў, паталогіяй унутрыўтробнага разьвіцьця. Асноўную небясьпеку для здароўя людзей прадстаўляюць радыёнукліды Cs-137 i Sr-90, якія паступаюць у іхны арганізм з прадуктамі харчаваньня. Тэрыторыя многіх раёнаў Украіны і Беларусі таксама забруджана агентамі хімічнай і фізычнай прыроды (сьвінец, пэстыцыды, злучэньні азота), што зьяўляецца, у супольнасьці з радыёактыўнымі элемэнтамі, крайне небясьпечным для здароўя людзей і жывёл. Сталая прысутнасьць радыёнуклідаў Cs-137 у арганізме чалавека індуцыруе комплексныя зьмены, якія закранаюць жыцьцёва важныя ворганы і сістэмы, і ўключаюць працэсы дэструкцыі і аднаўленьня. У выніку гэтага у асобаў, што пражываюць у раёнах, якія пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС, працэсы абмена рэчываў і функцыянаваньня жыцьцёва важных ворганаў маюць пэўныя асаблівасьці, якія не дазваляюць адносіць іх да катэгорыі здаровых. У гэтых умовах тактыка лячэньня, прафілактыкі і рэабілітацыі канкрэтных захворваньняў (інфэкцыйныя хваробы, траўмы і г.д.) таксама павінна мець свае асаблівасьці.

Кар.: У Беларусі пачынаецца падрыхтоўка да будаўніцтва новай атамнай электрастанцыі. Што Вы думаеце пра гэта?

Ю.Б.: Я думаю, што рабіць гэтага ня трэба. Гэтая атамная электрастанцыя не патрэбная па многіх прычынах. Перш за ўсё, каб казаць, што Беларусь пацярпела і просіць дапамогі ў міжнароднай супольнасьці. Будаўніцтва атамнай электрастанцыі сьведчыць аб тым, што насельніцтва і дзяржава ня лічаць радыяцыйнае ўзьдзеяньне, атрыманае ад катастрофы на ЧАЭС, небясьпечным (у гэтым самае важнае пытаньне!) і будзе імкнуцца стварыць новую атамную электрастанцыю. Мы цудоўна ведаем, наколькі небясьпечная тая радыяцыйная абстаноўка, у якой сёньня знаходзіцца Беларусь. Практычна ўся краіна сёньня падзьвяргаецца радыяцыйнаму ўзьдзеяньню. У раёнах, забруджаных радыяцыяй, небясьпека большая, а насельніцтва, якое жыве ў чыстых раёнах, таксама атрымлівае прадукты з радыёактыўнымі элемэнтамі. І ў гэтай сітуацыі на тэрыторыі гэтай адносна невялікай краіны зусім нелагічна будаваць атамную электрастанцыю, якая будзе забясьпечваць радыёнуклідамі навакольную прастору. З гэтых пазыцый зусім незразумелае жаданьне будаваць атамную электрастанцыю. Я супраць будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Беларусі. Я лічу, што сродкі, якія хочуць знайсьці для будаўніцтва гэтай электрастанцыі, трэба перш за ўсё выкарыстаць на абарону здароўя людзей. Беларусь – бедная краіна. У яе не разьвітая эканоміка да такой ступені, каб можна было б гаварыць аб самастойным існаваньні, яна цалкам залежыць ад энэргарэсурсаў, якія атрымлівала з Расеі. Новая электрастанцыя – гэта кабала, гэта энэргетычная залежнасьць ад краінаў, якія валодаюць радыёактыўнай сыравінай. Таму я супраць будаўніцтва атамнай электрастанцыі на маёй Радзіме.

Кар.: Прафэсар, калі праўда тое, пра што Вы кажаце, чаму Сусьветная Арганізацыя Здароўя не абвяшчае пра небясьпекі ядзернай энэргетыкі для здароўя людзей?

Ю.Б.: Існуе пагадненьне паміж САЗ і МАГАТЭ. Паводле гэтага пагадненьня, на мой погляд, цалкам блюзьнерскага для людзей, САЗ ня можа агалошваць афіцыйныя наступствы радыяцыйнага ўзьдзеяньня на здароўе людзей. Гэта антыгуманны прынцып, гэта – праява антыгуманных адносінаў да людзей. Я супраць такога кшталту пагадненьняў, падтрымліваю ўсе магчымыя акцыі, накіраваныя на тое, каб гэтае пагадненьне было разблакавана, таму што на сёньняшні дзень, праз шмат гадоў пасьля заключэньня гэтага пагадненьня людзі на Зямлі, у тым ліку і пасьля Чарнобыльскай катастрофы паміраюць ад радыяцыйнага ўзьдзеяньня. Трэба сказаць праўду людзям, трэба паказаць інфармацыю і трэба сумеснымі намаганьнямі шукаць рашэньне для таго, каб абараніць жыцьцё на планэце Зямля. Крайне небясьпечная сітуацыя для ўсяго жывога на Зямлі ў сувязі з разьвіцьцём ядзернай атамнай энэргетыкі.

Кар.: Кажуць, што Чарнобыль – гэта праблема мінулага Савецкага Саюза і ў некаторай ступені сёньня нас ня тычыцца. Ці азначае гэта, што мы можам быць спакойнымі, бо сучасныя атамныя станцыі абсалютна надзейныя ў пляне бясьпекі?

Ю.Б.: Атамныя электрастанцыі, якія былі створаны ў былым Савецкім Саюзе, вельмі недасканалыя перш за ўсё ў пляне бясьпекі для ўсяго жывога на Зямлі. Аварыя на ЧАЭС добра гэта паказала. Акрамя таго, гэтыя станцыі знаходзяцца ў такім рэжыме, які не дазваляе іх зачыніць, спыніць або заблакаваць. Гэта крайне небясьпечная сітуацыя для ўсяго жывога на Зямлі. Наступствы радыяцыйных узьдзеяньняў будуць праяўляцца ў будучыне. Гэта вельмі добра бачна на прыкладзе ўзьдзеяньня радыяцыі на папуляцыю ў Беларусі і ў краінах Балтыі і ва Украіне. Пра гэта існуюць аб’ектыўныя афіцыйныя інфармацыйныя крыніцы. Сёньня пасьля ўзьдзеяньня ў 60-я гады мінулага стагоддзя вялізнай колькасьці радыёнуклідаў мы канстатуем вельмі цяжкую сітуацыю са здароўем людзей на тэрыторыі Беларусі. Я гэта асабліва падкрэсьліваю, таму што лічу, што наступствы ЧАЭС будуць яшчэ ў будучыне. Мы яшчэ сутыкнемся з цяжкім дэмаграфічным крызісам. Радыяцыйныя агенты, пашкоджваючы генэтычны апарат людзей, спрыяюць ўзьнікненьню вялікай колькасьці мутацый. Мутацыі перадаюцца з пакаленьня ў пакаленьне праз палавыя клеткі ў спадчыну і праяўляюцца ў наступных пакаленьнях. Гэта мы ўжо стабільна бачым – цяжкія парушэньні ў другім пакаленьні пасьля Чарнобыльскай катастрофы. На жаль, ніякага аптымізму я не магу перадаць людзям, таму што трэба чакаць яшчэ большых парушэньняў. Гэта тая праява радыяцыі, якая характэрная для ўзьдзеяньня інкарпарыраваных у арганізм радыёактыўных элемэнтаў. Яны пранікаюць у арганізм, парушаюць структуры, выклікаюць энэргетычны голад у клетках чалавечага арганізма, у палавых клетках, а праз пэўны час праз шэраг пакаленьняў гэта праяўляецца цяжэйшымі парушэньнямі. Я б хацеў падкрэсьліць, што радыёнукліды зьяўляюцца яшчэ і правакатарамі многіх цяжкіх захворваньняў, таму што парушаюць сістэмы каардынацыі, парушаюць сістэмы рэгуляцыі ў арганізме чалавека.

Кар.: Чарнобыль далёка ад нас, як у сэнсе адлегласьці, так і часу. Які ўплыў сёньня, у канцы 2010 г. аказвае Чарнобыль на людзей, што жывуць тут за тысячы кілёмэтраў?

Ю.Б.: Я мяркую, што ня толькі тыя краіны, якія непасрэдна знаходзяцца каля эпіцэнтру аварыі на ЧАЭС, пацярпелі ад Чарнобыльскай катастрофы. Пацярпелі і краіны Эўропы. Радыёактыўныя элемэнты, якія былі выкінуты ў навакольнае асяроддзе, распаўсюдзіліся паветраным шляхам на вялізныя адлегласьці ў выніку аварыі на чацьвёртым энэргаблоку ЧАЭС. З паветранымі масамі яны некалькі разоў абляцелі нашу планэту. Сярод элемэнтаў, якія атрымалі жыхары Эўропы і іншых краінаў, пераважае лёгкі кораткажывучы элемэнт радыёактыўнага ёду. Менавіта гэты радыёактыўны элемэнт нанёс сур’ёзны ўдар па здароўю людзей у Эўропе, у прыватнасьці ў Францыі і іншых краінах. Зарэгістраваны выпадкі вялікай колькасьці рака шчытападобнай залозы. Але я мяркую, што ўзьнікненьне гэтага захворваньня зьвязана з тым, што радыёактыўны ёд паступіў у арганізм людзей, у якіх ужо знаходзіліся іншыя радыёактыўныя элемэнты, у прыватнасьці, цэзій-137. Гэта сумеснае дзеяньне радыёактыўнага ёда і цэзія прывяло ў вельмі кароткі тэрмін да ўзьнікненьня рака шчытападобнай залозы. Гэты цэзій мог быць мясцовага значэньня, ён мог знаходзіцца на тэрыторыі, ствараючы фон, фонавую карціну энэргетычнага парушэньня ў арганізме чалавека. У тых вобласьцях у арганізме людзей ужо ўтрымліваўся радыёактыўны цэзій, а прыход радыёактыўнага ёду выклікаў усплеск рака шчытападобнай залозы.

Сёньня дэмаграфічная сітуацыя ў краінах былога Савенцкага Саюза катастрафічная: сьмяротнасьць нашмат перавышае нараджальнасьць, назіраецца рост многіх цяжкіх захворваньняў, а прычыны гэтага, на жаль, не выяўлены і не раскрываюцца. Таму я жадаю італьянцам, каб яны захавалі здаровай сваю нацыю і чысьціню сваёй зямлі.

Пераклад з расейскай.

2/12/2010 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Сьнежань 2010
П А С Ч П С Н
« Ліс   Сту »
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024