Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты // Форум
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Балаган працягваецца, аншлага няма

У суботу 27 лістапада ў некалькіх месцах нашай сталіцы ўрэшце зьявіліся невялічкія групкі асобаў, якія “агітавалі за Лукашэнку”. Чалавечая палітра ўсё тая ж: кіруюць групкамі школьныя настаўніцы і выкладчыкі іншых навучальных установаў (у асноўным жанчыны). Групкі з 4-7 чалавек складаюцца з моладзі 15-19 гадоў. У некаторых зь іх на рукавах чырвона-зялёныя павязкі з абрэвіятурай БРСМ, на астатніх нацягнутыя белыя балахоны або на шыях накручаныя белыя шалікі з надпісам “Белая Русь” (так званая “презідентская партія”). Яны ў асноўным топчуцца пад халодным ветрам (у Менску холадна). Зрэдку адзін зь іх раздае мінакам квіточкі. На квіточках напісана на акупанцкай мове (“языке режіма”): “Мы ждём вас на выборах. Голосуйте. Мы уважаем ваш выбор”. Прызнацца, сфармулявана хітра, аднак без адваротнага адраса: хто гэты таямнічы “мы”, які “ждёт” і “уважает”? Але галоўнае якраз у тым, каб прышлі і прагаласавалі (няважна за каго). Усё астатняе рэжым зробіць сам. Вось гэта агітацыя!

Гэтыя “агітпікеты” мерзнуць гадзіны дзьве-тры ў месцах, дзе нават у выходныя праходзіць шмат людзей, у асноўным каля ўваходаў у буйныя ўнівэрмагі. Акрамя “презідентской партіі” за “презідента” агітуюць тыгры, малпы, чабурашкі і вясёлыя мішкі. Людзі ў адпаведных касьцюмах не раздаюць квіточкі і не гукаюць “на выборы!” Яны абдымаюцца з дзятвой, танцуюць на задніх лапах і г.д. Яны ствараюць атмасфэру “как хорошо в стране советской жіть”. Побач з гэтым пэрформансам смажацца на мангале шашлыкі, з двух-трох шапікаў-намёцікаў прадаюць пап-корн, салодкую вату і іншую драбязу. Час ад часу пад фанаграму сьпявае салістка ў кажуху, што стаіць побач з пікецікам БРСМ. Калі ў савецкія часы ў дні перадвыбарчых кампаній з рэпрадуктараў надрываліся хоры і салісты з маршавымі і велічна-крамлёўскімі сьпевамі, то цяперашняя “кампанія” ушчэнт сантымэнтальна-лірычная. Каля невялічкага партрэціка Лукашэнкі льецца фанаграмнае “я тебя поцеловала…”, “ты украл моё сердце…”, “я пріду к тебе, я твоя…” Пад партрэцікам вісіць вялікі аркуш з надрукаванай табліцай вялікіх дасягненьняў кандыдата Лукашэнкі. З табліцы бачна ў параўнаньні па гадах, як усё павялічылася колькасна і якасна ў розных галінах дзяржаўнага і народнага жыцьця. Табліцу чытаць цяжка, шрыфцік надта дробны.

Але ніхто табліцу не чытае. Ды й ніхто амаль каля пікецікаў не спыняецца. Людзі выходзяць з крамы з прадуктамі, якія яны купілі за шалёныя цэны – яны без тэорыі адчулі на сябе вынікі кіраваньня краінай кандыдатам, што на партрэце. Каля салісткі прытанцоўваюць некалькі падпітых дзядзькоў, для якіх унівэрсам ёсьць іхным “джэнтльмэнскім клюбам”. Астатніх грамадзянаў лукашысцкая перавыбарчая лірыка не кранае.

Пікецікаў ад “кандыдатаў апазыцыі” нідзе не заўважана (а пайшла ўжо другая дэкада “перадвыбарчай кампаніі”). Людзі выказваюць свае камэнтары на гэтую тэму: кажуць, што мабыць на кампанію збору подпісаў “оппозіція” выдаткавала ўсе грошы, што былі, і цяпер ня мае на што наймаць гукальшчыкаў “на выбары”. Але падобна, што псэўдаапазыцыя зьмяніла тактыку і ўсё ж пайшла ў народ. “Незалежныя” СМІ падаюць нам інфармацыю аб тым, што ў Воршы, Мастах і яшчэ на правінцыі той і гэты кандыдат сустрэўся з народам. Нават Радыё Свабода вымушана прызнаць, што гэтыя сустрэчы не знайшлі водгуку ў грамадзтве. Сустрэчы праходзяць у пустых залях.

Зноў даводзіцца пераадольваць цяжкасьці жанру фотарэпарцёрам. На сайтах розных “незалежных” мэдыяў бачна, як яны пакутліва шукалі ракурс, каб адлюстраваць на фота хаця б 4-6 асобаў, што сядзяць перад “кандыдатам” у крэслах. Час ад часу публікуецца хлусьня аб тым, што, напрыклад, на сустрэчу з Кастусёвым ад псэўда-БНФ прышлі 100 чалавек. На самай справе публікі ў зале было роўна ў дзесяць разоў менш. Людзі не цікавяцца, ім не цікава ўбачыць “жывога кандыдата”.

Патрыёты, якія разносяць па кватэрах улёткі з заклікам да Народнага Байкоту фальшывых выбараў, паведамляюць пра характэрныя назіраньні. Бывала, што ў рабочых дамах-маласямейках іх апярэджвалі разношчыкі ад рэжыму, якія раскідвалі па паштовых скрынках афіцыйныя запрашэньні на выбарчыя ўчасткі “19 декабря”. Фронтаўцы раскідвалі па скрынках сваю інфармацыю. А потым вярталіся праз некалькі гадзін паглядзець на вынікі “перадвыбарчай канкурэнцыі”. На падлозе густа валяліся інфармушкі пра “19 декабря”, патаптаныя нагамі і пакамечаныя рукамі рабочых людзей… Але нашых улётак пра байкот на падлозе не было.

Электаральны балаган правальваецца. Беларусы ня хочуць ісьці на фальшывыя выбары, арганізаваныя ўзурпатарам прэзыдэнцкай улады. Над рэжымам навісае пагрозьлівая хмара, імя якой Байкот.

Юрка Марозаў

28/11/2010 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Лістапад 2010
П А С Ч П С Н
« Кас   Сьн »
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ

Народная Перамога

[ Усе сябры ]




Лічыльнік:


Беларуская Салідарнасьць // Усе правы абароненыя // 2000—2020
Сувязь