Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Дэсакралізацыя рэжыма

… міф аказаўся настолькі прыўкрасным і велічным на выгляд, што многія людзі ня бачылі за гэтым міражом сапраўдную рэчаіснасьць.

Як казаў незабыўны Леанід Брэжняў, “нам досталось тяжёлое наследіе царізма”… Сапраўды, адным з важнейшых элемэнтаў расейска-імпэрскай спадчыны, якая засталася на руках беларусаў пасьля краху Імпэрыі ў 1991 годзе, зьяўлялася экзатычная форма пэўнага абагаўленьня існуючай улады і галоўных яе прадстаўнікоў (перш за ўсё самага галоўнага). Расейцы ўжо прызналіся вуснамі сваёй эліты, што гэтую традыцыю яны ўспрынялі ад дэспатычнай мангольскай арды і “творчы разьвілі” на працягу шэрагу стагоддзяў няспыннага пашырэньня Масковіі на 1/6 зямной сушы. Для беларускага мэнталітэту маскоўска-мангольская сакральнасьць была абсалютна чужой і ўспрымалася дзікай. Вялікае Княства Літоўскае ніколі ня зьведала такога маразма. У нас сакральнымі былі Храм, Народ, Чалавек – адным словам, эўрапейскія каштоўнасьці, якія існавалі ў вечнай супярэчнасьці з прыярытэтамі дэспатычнага Усходу (а Усход пачынаўся для беларусаў адразу за Смаленскам). Аднак, трагедыя расейскага захопу і 200-гадовай расейскай акупацыі Беларусі мела адным з вынікаў глыбокую цывілізацыйную траўму, якую наша грамадзтва да канца не пераадолела дагэтуль. З вынішчэньнем нашых нацыянальных эліт, усталяваньнем акупантамі прынцыпу адмоўнага адбору пры фармаваньні новых васальных лідэраў і структураў, здушэньнем беларускай мовы, школы і культуры адбылося пэўнае выкрыўленьне, брутальная дысторцыя сацыяльна-палітычнай мэнтальнасьці ў нашым грамадзтве. Толькі нямногія да канца, пасьлядоўна, праз усё жыцьцё пад расейскай акупацыяй не прымалі і адвяргалі навязанае чужынцамі, жылі ў беларускай праўдзе. У 1988 годзе гэтыя людзі начале з Зянонам Пазьняком утварылі Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне” і павялі авангард грамадзтва да аднаўленьня незалежнай Беларускай Дзяржавы.

Менавіта ў гэты пэрыяд барацьбы супраць Імпэрыі (1988-91 гг.) назіраліся яркія працэсы дэсакралізацыі (або разьвянчаньня) цэлых пластоў і схемаў, якія забясьпечвалі існаваньне савецкай імпэрыі: савецкай ідэалогіі, “башен древнего Кремля”, “незыблемых рубежей Родіны”, муміі Леніна і мільёна помнікаў яму, савецкіх грошай, што за адну ноч ператварыліся ў пыл, КГБ і гэтак далей. Дэсакралізацыя адбывалася вельмі імклівымі тэмпамі, яна здавалася нейкім стыхійным катаклізмам, што не залежыць ад волі чалавецтва, а ламае ўсё паводле раўнадушных законаў прыроды. Многія тады былі агаломшаны і не маглі знайсьці сябе месца. Іншыя (дарэчы, незалежна ад узросту і адукацыі) перажывалі духоўную эвалюцыю і актыўна ўключаліся ў нацыянальнае змаганьне. З другога боку, гэбоўская прапаганда доўга яшчэ апрацоўвала людзей фантомнай аргумэнтацыяй, кшталту “в СССР мы жілі хорошо, это Шушкевіч с Ельцыным в Віскулях Союз развалілі…” Дзесяцігоддзі, што прамінулі з тае пары, пацьвердзілі, аднак, зусім іншую праўду. Віскулёўскія падпісанты толькі наклалі фармальную рэзалюцыю на тое, што адбылося без іх і супраць іхнай волі. Начале працэсаў вызваленьня Бацькаўшчыны ад імпэрыі былі не яны, а якраз тыя, хто пад акупацыяй захаваў беларускую душу: Зянон Пазьняк, Васіль Быкаў, Яўген Кулік і іншыя патрыёты, хто сваім жыцьцём і творчасьцю рыхтаваў Вызваленьне і верыў у яго.

Некаторыя з суседзяў Беларусі пасьля краху Імпэрыі пайшлі шляхам незалежнага нацыянальна-дзяржаўнага разьвіцьця. Палякі і прыбалты ўжо пераадолелі многае з сакральнай савецкай спадчыны, хаця, зразумела, і ў іх здараюцца эксцэсы савецкай настальгіі на практыцы. Успомнім хаця б маскоўскага стаўленьніка Паксаса на пасадзе прэзыдэнта Летувы (ад яго давялося пазбаўляцца імпічмантам). У Беларусі, як напісаў Зянон Пазьняк, “вораг захапіў народную крэпасьць”. У нашай краіне ўсталяваўся рэжым унутранай, маскоўскай па сутнасьці акупацыі. Рэжым гэты настолькі абсурдны ў сваіх праявах, што мільёны разумных, практычных у асабістым жыцьці людзей вельмі доўга не маглі разглядзець гэтай яго сутнасьці і даць яму адэкватную ацэнку. Сапраўды, задача нялёгкая. Ёсьць нібыта свой “герб, сьцяг і гімн” (няхай сабе і сурагат замест забароненай гістарычнай сымволікі), ёсьць сувэрэнная тытулатура начальства: “прэзыдэнт”, “міністры”, “паслы” і шэраг іншых фармальных атрыбутаў дзяржавы. Але чаму такія правальныя вынікі функцыянаваньня гэтых атрыбутаў? Эканамічны правал, выміраньне насельніцтва, дэскрыдытацыя Беларусі ў сьвеце, разгром беларускага бізнэса і беларускай адукацыі… Практычныя, кемлівыя беларусы пасьля чарговага акту разбурэньня, пасьля кожнага зьнішчальнага дэкрэту рэжыма хапаліся за галаву і гукалі: “Што яны робяць?! Гэта ж эканамічна нявыгадна, так нельга рабіць!” Гэтую разгубленасьць ўдалося пераадолець толькі з гадамі і пасьля рацыянальных тлумачэньняў патрыётаў-фронтаўцаў аб тым, што зьдзіўляцца няма чаму. Рэжым несамастойны, ненацыянальны, небеларускі, нягледзячы на ўсю яго фальшывую рыторыку. І калі людзі ўсьведамлялі акупацыйны характар улады, якая трымае пад сабой нашу краіну, то ўсё станавілася зразумелым. Алагічнае на самой справе было лагічнымі дзеяньнямі чужынцаў, ворагаў, ненавісьнікаў, якія дзейнічаюць на карысьць недабітай маскоўскай імпэрыі і выконваюць яе загады, яе злачынны плян аслабленьня і падпарадкаваньня (адкрытай акупацыі) Беларусі. Мясцовыя рэжымшчыкі проста знаходзяцца на працы і выконваюць умовы працоўнага кантракту з сваімі працадаўцамі ў Маскве.

Яны валадарылі ў нашай краіне з 1991 года, але вымушаны былі лічыцца з нацыянальным палітычным рухам (БНФ) і нацыянальным Адраджэньнем, якое за тры-чатыры гады зьмяніла духоўнае жыцьцё краіны. У 1994-95 гадах Масква праз сваю агентуру нанесла магутны ўдар па беларускаму Адраджэньню. Пачалося ўкараненьне лукашызма ва ўсіх яго пачварных і цынічных формах. Русіфікацыя, гэбізацыя і саветызацыя штогод паэтапна нявечылі беларускае жыцьцё ва ўсіх яго праявах. Трэба прызнаць, што гэта задавальняла ня толькі настальгікаў па савецкай эпосе і ня толькі бонзаў рэжыму, якія атрымлівалі вялікія прыбыткі ад продажу Беларусі. Многія грамадзяне жылі сьвятой верай у лукашыстоўскую міфалогію, агучаную галоўным міфолагам падчас выбарчай кампаніі 1994 года. Шэраг людзей (асабліва на правінцыі) сапраўды чакалі, калі па іхных хатах рэжым пачне развозіць абяцаныя электам Лукашэнкам каляровыя тэлевізары і лядоўні, калі ім адновяць страчаныя савецкія ўклады на ашчадных кніжках. Гэтае чаканьне працягвалася ненатуральна доўга, больш за дзесяцігоддзе пасьля выбараў 1994 года. Такой магутнай сілай валодала сакральная міфалогія лукашызма. Многія сапраўды наладжвалі сямейныя банкеты пасьля абраньня Лукашэнкі на прэзыдэнцтва ў 1994 годзе і падымалі тосты “за нашага, за калгасьніка, ён ім пакажа!” З дапамогай гэбоўскай гэбельсаўшыны нараджаўся нічым не падмацаваны міф пра “простого парня із народа”, які дапяўся да вяршыняў улады і цяпер успомніць пра просты народ і выратуе яго ад бюракратаў і цемрашалаў. Вакол “молодого презідента” і ў цэлым вакол лукашызма зазьзяў яркі арэол нештодзённай сьвятасьці. Начальнік і ягонае атачэньне бачыліся вельмі многім у ракурсе алімпійскай велічы. Уражаныя прыгожымі (і фальшывымі) абяцанкамі людзі чакалі спаўненьня ўсіх сваіх, самых фантастычных жаданьняў. На сядзібу БНФ у Менску прыбягалі экзальтаваныя асобы і гукалі з бляскам у вачах: “Вот теперь начнётся новая эра! Новая эра!”

Беларусы, адпорныя на фальш і міфалогію, з трывогай назіралі за гэтымі працэсамі і неадэкватнымі паводзінамі суграмадзянаў, спрабавалі расплюшчыць людзям вочы, растлумачыць ім, што ўсе мы патрапілі ў вялікую бяду. Але міф аказаўся настолькі прыўкрасным і велічным на выгляд, што многія людзі ня бачылі за гэтым міражом сапраўдную рэчаіснасьць.

Эканамічныя праблемы, зьбядненьне бальшыні насельніцтва, зьдзекі з боку бюракратыі ўсіх узроўняў паступова вярталі грамадзтва да адэкватнага ўспрыняцьця рэчаіснасьці. А эканамічны крызіс, які грымнуў увосень 2008 года і закрануў у Беларусі літаральна кожнага, канчаткова вывеў бальшыню аматараў міфалогіі з штучнай летаргіі, арганізаванай рэжымнымі анэстэзіёлагамі. Усё больш людзей пазбаўляліся ад ілюзіяў, ніхто ўжо не прызнаваўся, што галасаваў быў “за Лукашэнку”, пачуліся праклёны. Але ў цэлым грамадзтва пагрузілася ў змрочнае і варожае маўчаньне. Людзі адвярнуліся ад рэжыма і гэта адразу ж праявілася на выбарах у рэжымныя палаткі, якія адбыліся ў верасьні 2008 года. На заклік Беларускага Народнага Фронта і яго старшыні Зянона Пазьняка адбыўся масавы байкот рэжымнага электаральнага фарса. Да 75% выбаршчыкаў не прышлі галасаваць. Масква, дыктатар і ягоная псэўдаапазыцыя былі ўражаны. Народны байкот трыюмфальна паўтарыўся на наступных мясцовых выбарах. Глеба пачала правальвацца з-пад ног дыктатуры. Рэжым усё больш завісае ў пустаце.

Раптам людзі, як у казцы пра голага караля, убачылі, што над імі не “Алімп”, а банальная хунта, кіруемая асобай мягка кажучы нездаровай. Рамантычны лоск, страшны гнеў, надчалавечая мудрасьць, яркі бляск – усе гэтыя атрыбуты сакральнага раптам растварыліся, і перад вачыма беларусаў паўстала сапраўдная карціна іхнага жыцьця, апанаванага дробнымі нягоднікамі і балбатлівымі крымінальнікамі, якія прысабечылі дзяржаўную ўладу спосабам нахабнай электаральнай падтасоўкі і мафійнай кругавой парукі сярод сваіх, далучаных да лукашызма.

Беларусы масава ацэньваюць тое, што адбылося зь імі за апошнія 16 гадоў, як асабістую абразу. Мафіёзы абразілі людзкую веру ў шчырасьць і патэрналізм улады. Людзі яшчэ з савецкіх часоў ведаюць, як супраціўляцца ціску і як па-сапраўднаму напалохаць дыктатуру – паабяцаць, што “ня пойдзем на выбары”. Гэта ёсьць самы страшны сцэнар для Масквы і дыктатуры. Гэта азначае пачатак канчатковага правалу лукашызма. Не выпадкова так крыкліва і страката псэўдаапазыцыя пачала ратаваць дыктатуру і асабіста Лукашэнку ад Народнага Байкота. Прафанатары пачалі махаць нацыянальнымі сьцягамі, гукаць антыдыктатарскія лёзунгі, абяцаць умацаваць сувэрэнітэт і г.д.

Але беларускія людзі ідуць міма іх магутнай плыньню па сваіх справах і нават не азіраюцца на іхныя пікеты. Беларусы адварочваюцца ад рэжыму і “апазыцыі”, якая спрабуе выратаваць рэжым. Людзям абрыдлі фальшывыя абяцанкі, фальшывыя лёзунгі і фальшывыя выбары. І гэта не сацыяльна-палітычная раўнадушнасьць людзей, як думаюць некаторыя аналітыкі. Беларусы абіраюць шлях Народнага Байкота. Гэта ёсьць масавы народны супраціў.

Мы стаім на парозе вельмі значных падзеяў у нашым нацыянальным і дзяржаўным жыцьці. Адмоўны досьвед “эры” лукашызма шмат чаму навучыў наш народ. Сапраўдныя нацыянальныя эліты павінны паклапаціцца аб тым, каб з Народнага Байкоту рэжымнага выбар-фарсу пачаўся шлях вызваленьня і дэмакратызацыі Беларусі.

Янка Базыль

13/11/2010 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Лістапад 2010
П А С Ч П С Н
« Кас   Сьн »
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024