Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Міраслаў Кулеба: Імпэрыя на каленях

(частка ХІІ)

Чачэнская тактыка абароны горада

Бітва за Грозны ў прынцыпе была сумай незьлічоных лакальных баёў, якія вялі невялікія групы ваяроў. Такі характар баёў вельмі добра адпавядаў мэнтальнасьці і тэмпэрамэнту чачэнцаў – экстрэмальных індывідуалістаў і шалёных аматараў рызыкі. Посьпех у такім баі можа забясьпечыць толькі самастойнасьць, уласная ініцыятыва, рухлівасьць і адвага. Сьмелы і рызыкоўны мае зазвычай больш шанцаў, чым баязьлівы і выгадніцкі.

Чачэнцы любілі начны бой, які ім значна аблягчала добрая абазнанасьць на мясцовасьці. Удзень яны плянавалі новыя акцыі, у прыцемках выходзілі на зыходныя пазыцыі, а ўначы пачыналі атаку. Расейцы, наадварот, былі схільныя пакінуць захоплены на працягу дня ўчастак, абы знаходзіцца да сьвітанка ў вялікай групе і ня маць справы з начным нападам праціўніка. Вулічныя баі патрабуюць ад іх удзельнікаў перш за ўсё рашучасьці, вялізнай напружанасьці ўсіх сілаў, фізычнай і псіхічнай вытрымкі – а таксама проста кемлівасьці і хваткасьці, чаго чачэнцы якраз маюць па-над меру.

Чачэнскія аддзелы былі ў сталым руху. Гэтая нязвыклая мабільнасьць выклікала ў расейскіх жаўнераў уражаньне, што “вораг паўсюль”. На самой справе невялікія групы ваяроў, якія мелі толькі лёгкую зброю, перасоўваліся на розныя ўчасткі фронта, ствараючы аптычнае ўражаньне вялікай колькасьці сілаў супраціву. Гэтая тактыка мела яшчэ адзін станоўчы эфэкт – у выніку сапраўднай распыленасьці чачэнскіх сілаў аказаліся малаэфэктыўнымі авіябамбардоўкі і артабстрэлы. Дадатковым козырам чачэнцаў была дасканалая абазнанасьць у горадзе, што дазваляла ім выкарыстоўваць лепшыя пазыцыі, шляхі падыходаў і эвакуацыі, найлепшыя хованкі.

Ваяры здолелі выдатна маскаваць свае пазыцыі. Расейскія выведчыкі і карэкціроўшчыкі агню не былі ў стане эфэктыўна кіраваць агнём артылерыі. А вось чачэнскія артылерысты, наогул прафэсіяналы высокага клясу, выдатна засвоілі мастацтва вядзеньня агню на закрытых пазыцыях, нябачных расейскім назіральнікам. Абслуга гранатамёта ніколі не страляла з адной пазыцыі больш за некалькі разоў, але качавала па ўсім горадзе. Для перавозкі мінамётаў і мін выкарыстоўваўся любы даступны транспарт. Бывала таксама, што мінамёт, напрыклад, цэлы дзень страляў з пакою на сёмым паверсе высокага будынка, зьнешняя сьцяна якога была разбурана. Яго ніяк не маглі засекчы.

Праслухоўваючы расейскі эфір, чачэнцы імкнуліся дэзарыентаваць карэктараў агню, што ў многіх выпадках прыводзіла да абстрэлу расейскіх аддзелаў уласнай артылерыяй. Уноч перад захопам прэзыдэнцкага палаца расейцы накрылі агнём “Града” сваю разьведроту ў раёне аэрапорта.

На жаль, была яшчэ адна рыса, якая вылучала чачэнскія аддзелы, акрамя адчайнай адвагі, што перакрывала сабой недахопы ў вывучцы, — нежаданьне падпарадкавацца строгай вайсковай дысцыпліны. Ваяры ахвотна рабілі нечаканыя налёты на пызыцыі ворага, хадзілі на выведку, упарта наляталі на расейцаў, не даючы ім аніхвіліны адпачынку. Іх захапляў сам бой, азарт, яны імкнуліся да посьпеху ў рукапашных бойках. Але іх немагчыма было схіліць да доўгачасовай абароны пазыцыі ці аб’екта, што патрабавала вытрымкі і пэўнай абазнанасьці ў тактыцы вядзеньня бою. Больш таго, яны не забівалі сабе галаву нясеньнем ахоўнай службы, звычайна спадзяючыся “на суседзяў” альбо на тыпова расейскае “авось”. Апалчэнцы наогул не выстаўлялі назіральнікаў і пастарункаў, а часам зьбіраліся ўсе разам у сутарэньнях папіць гарбаты, час ад часу вызіраючы на вуліцу, ці там выпадкам штосьці не здарылася. Уначы апалчэнцы лічылі за гонар добра выспацца і было вельмі добра, калі яны рабілі гэта на пазыцыях, а не ва ўласным ложку ў хаце. Што праўда, нават калі ў прыцемках яны пакідалі пазыцыі, за якія на працягу дня вялі лютыя баі, і маршыравалі на вячэру да маці, то раніцай з зацікаўленасьцю вярталіся на месца бою. Часта яны сустракалі на сваіх пазыцыях расейскіх жаўнераў, якія зазвычай уставалі раней за чачэнцаў. Такія сітуацыі ваяры прымалі з задавальненьнем і адразу кідаліся ў атаку, каб зноў усталяваць на сваёй тэрыторыі чачэнскі канстытуцыйны парадак.

Ваенныя злачынствы

З самага пачатку вайны аддзелы ОМОНу і ўнутраных войскаў, прысланыя ў Чачэнію з розных куткоў Расеі, адзначаліся надзвычайнай жортскасьцю. І ваяры і цывільныя жыхары вельмі хутка навучыліся адрозьніваць жаўнераў фэдэральнай арміі ад вычварэнцаў з нашыўкамі ўнутраных войскаў. Гэтых апошніх чачэнцы больш ня бралі ў палон, а кожнае злачынства, зьдзейсьненая ўнутранымі войскамі, папаўняла шэрагі ваяроў новымі дабраахвотнікамі.

Вось расказ цывільнага жыхара Грознага: “9 студзеня 1995 г. на двор нашага дому прыйшоў ОМОН. Усе п’яныя, разьюшаныя. Кажуць – вы душманы! Каля вашых дамоў разьбілі нашу брыгаду! Можа б яны і адчапіліся, калі б я ня стаў супраціўляцца, калі яны пачалі забіраць у мяне кальцо і гадзіньнік. Яны вывелі мяне за дом і прыкавалі да дрэва. Мы ўсіх тут прыкончым – кажуць яны і зараджаюць зброю. Раптам пад’ехаў БТР, выскачыў афіцэр. Што такое? Вот, са зброяй узялі. Афіцэр падышоў, адчапіў мяне ад дрэва і кажа – рукі назад! І як даў мне ў твар, што я ўпаў. Павезьлі мяне ў Маздок, сем гадзінаў мы ехалі на марозе. Усю дарогу на мне сядзеў амонавец. На другі дзень я пытаюся ў вартаўніка – што я такога зрабіў? За што вы мяне тут трымаеце і б’еце? А ён кажа – вы падазраваныя. Сапраўдных баевікоў мы тут не трымаем. Яны тут побач, у складзе гародніны, стаяць па калені ў вадзе. Там яны робяць пад сябе. Мы выводзім іх адтуль толькі на расстрэл. Потым яны па адному выводзілі нас на допыт. Усе яны ў масках, у аднолькавых мундзірах, без пагонаў і знакаў. Распраналі, скоўвалі рукі і ногі. Адзін сеў перада мною і пытаецца – ты баявік? Не. Ён мне б’е па каленях і зноў – баявік? А потым кажа так спакойна – пры кожным удары адслойваецца пяць мілімэтраў тканіны. Калі дойдзем да касьці, то лічы – ногі ўжо згнілі. Білі ўсю ноч. Навучаныя. Як толькі бачылі, што губляю прытомнасьць, адразу палівалі вадой. І ня хочаш, але прытомнасьць вяртаецца”.

Другі расповед цывільнага чачэнца. “Арыштавалі нас 24 студзеня 1995 г. на расейскім пастарунку пад Самашкамі. Нас было сямнаццаць чалавек, усе цывільныя. Пасадзілі ў верталёт, паляцелі. Пачалі біць аўтаматамі па тварах. Аднаму стрэлілі ў галаву і скінулі ўніз, потым другому, трэцяму, чацьвертаму… Я думаў, што канец, але яны зьбілі мяне да страты прытомнасьці і напэўна таму не застрэлілі. Калі верталёт прызямліўся, да нас падыйшоў маёр і пачаў крычаць і лаяць афіцэра, які быў з намі ў верталёце – каго ты мне прывёз, я што табе казаў? Цяпер ідзі і ўсіх іх расстраляй! Але нас не расстралялі, завязалі вочы і зноў закінулі ў верталёт. І зноў страшна білі. Амаль усім павыбівалі зубы, адбілі ныркі. А ў Маздоку ў верталёт ускочылі амонаўцы і білі нас прыкладамі па галаве. Калі мы ўжо не маглі стаяць на нагах, яны скінулі нас на зямлю і прымусілі прысядаць. Тых, якія ўжо не маглі, забівалі стрэлам у патыліцу. Быў з намі адзін 44-гадовы інгуш, ён ня мог прысядаць, бо яму ўсё адбілі, быў, як каша – яго таксама застрэлілі. Потым адзін зь іх прыставіў мне пісталет да патыліцы, але раптам другі стукнуў мне нагой у бок і куля праляцела каля галавы. Тады я пачаў крычаць – я не баявік, я жыву ў Расеі, прыехаў у вёску, каб забраць маці!”

А вось расказ расейскага журналіста, які назіраў за акцыяй аднаго з аддзелаў унутраных войскаў 24 чэрвеня 1995 г. а 4.30 у паселішчы нафтавікоў Новае пад Грозным. “Атака пачалася па сігналу зялёнай ракетай. Калі пад’ехалі мы, журналісты, на месцы двух дамоў палала блакітным агнём паходня газу. На ўзбочыне вялікай дарогі ляжалі радком чатыры зьнявечаныя трупы. З руінаў у дыме выносілі на насілках абвуглены труп.

Вакол віравалі задаволеныя людзі ў камуфляжы без знакаў. “Зачыстка тэрыторыі”, у перакладзе на чалавечую мову – карніцкая экспэдыцыя. У спаленых дамах жылі шэсьць сем’яў – каля 30 чалавек. З большага жанчыны і дзеці. Ніхто ня выратаваўся.

Выскачыць пасьпелі толькі трое. Напоўаголеныя, параненыя. Амонаўцы трохі пазьдзекваліся зь іх для парадку і дабілі. Потым расклалі вакол стога сена прывезеную з сабой “адабраную” зброю і з пачуцьцем добра выкананага абавязку пачалі чакаць камандваньне”.

У студзені 1995 г. ваенны пракурор Расейскай Фэдэрацыі Валянцін Панічаў прызнаў, што распачатыя 22 справы ў адносінах да расейскіх жаўнераў, падазраваных у актах забойстваў цывільнага насельніцтва Чачэніі. Да самага дня абвяшчэньня амністыі Думай для ўсіх расейскіх жаўнераў, якія ваявалі ў Чачэніі, не быў вынесены аніводзін прысуд.

Часам, аднак, помста была імгненнай. Вось расповед аднаго чачэнскага ваяра: “Мы ўбачылі з аўтавакзала, як з балкона на чацьвертым паверсе нехта выкінуў на вуліцу двух дзяцей. Мы ціхенька падняліся ўгару. Там рэзка выбілі нагамі дзьверы і ўварваліся ў пакой. Застрэлілі аднаго, які схапіўся за аўтамат, яшчэ аднаго паранілі. Двое здаліся. Калі мы ўварваліся, яны якраз зьбіраліся гвалтаваць маці тых дзяцей, які толькі што выкінулі. Яна была расейкай. Яны пасьпелі застрэліць яе і думалі, што мы ня ведаем пра дзяцей. Я не садыст, але калі бачу такіх зьвяроў, то сам раблюся зьверам. Я прывязаў іх усіх да каларыфэра. Той паранены быў непрытомны. Там стаяла газавая лямпа, я адкруціў запальнік і абліў іх газай. Яны зразумелі, што мы хочам зрабіць, адзін крычаў – застрэльце нас! Я сказаў яму – а калі ты выкідаў тых дзяцей, вашых, расейскіх, то хіба думаў іх спачатку застрэліць? Я падпаліў іх і мы пайшлі”.

Другі этап вайны: сакавік-красавік 1995 г.

Адступленьне чачэнскіх сілаў з Грознага на прыканцы лютага 1995 г. закончыла першы этап вайны.

Расейцы, здавалася, разглядалі сітуацыю крыху інакш. Ужо 25 студзеня Павел Грачоў на паседжаньні Савета бясьпекі Расеі павіншаваў сваіх падначаленых генэралаў з заканчэньнем ваеннага этапа апэрацыі ў Чачэніі.

Можа з гэтай прычыны 14 лютага адбыліся мірныя перамовы ва Уладзікаўказе і Сьляпцоўскай, на якіх расейскі бок прадстаўляў новы галоўнакамандуючы фэдэральных войскаў у Чачэніі генэрал Анатолі Кулікоў. Было заключана пагадненьне аб спыненьні агню. Але яго не выконваў ніводны з бакоў.

На пачатку сакавіка 1995 г. пасьля амаль трох месяцаў ваенных дзеяньняў фэдэральныя войскі мелі пад сваім кантролем толькі тры з чатырнаццаці раёнаў Чачэніі. У тых трох раёнах на левым беразе Церака, густа населеных казакамі, якія ўвесь час імкнуліся ў Расею – Наурскім, Надцерачным і Шклоўскім – практычна наогул не адбываліся баі. Чацьвертай адміністрацыйнай адзінкай, якую расейскія войскі ўзялі пад кантроль, быў Грозны, захоплены пасьля двух месяцаў баёў. Акрэм таго расейцы кантралявалі паасобныя анклавы ў месцах, дзе стаялі іхныя большыя сілы.

Лавінападобна расла колькасьць войскаў, якія ўдзельнічалі ў канфлікце. У першым удары ўдзельнічалі чатыры расейскія дывізіі – 40 тысячаў жаўнераў. Потым шэрагі расейскай арміі ўвесь час расьлі і ў сярэдзіне сакавіка ў самой Чачэніі і вакол яе было сканцэнтравана ўжо 200 тысячаў жаўнераў фэдэральнай арміі і 18 тысячаў войскаў МУС. Падчас вайны супраць фэдэральнай арміі ніколі не ваявала адначасова больш за 5-6 тысячаў ваяроў.

Чачэнцы ацэньвалі, што да сярэдзіны лютага ў Грозным загінула 30 тысячаў цывільных жыхароў горада, сярод якіх бальшыня – гэта былі расейцы, што стала жылі ў Грозным. Незалежная расейская арганізацыя “Мэмарыял” падала блізкія дадзеныя – 25 тысячаў цывільных, забітых у Грозным. Сярод іх 19 тысячаў загінулі падчас бамбардовак і артабстрэлаў, амаль 2 тысячы ад агню снайпэраў, столькі ж было расстраляна і замучана. 300 тысячаў апынуліся па-за межамі рэспублікі ў якасьці ўцекачоў.

Другі этап вайны распачаўся пазыцыйнымі баямі. Пасьля заняцьця 6 сакавіка, практычна без бою, паўднёвага кварталу сталіцы – Чарнарэчча, фэдэральныя войскі да сярэдзіны сакавіка былі часткова выведзены з Грознага, а іхнае месца занялі ўнутраныя войскі МУС. Галоўныя сілы расейцаў былі накіраваны на тры наступныя чачэнскія гарады: Гудэрмэс, Аргун і Шалі. Па дарозе яны абстрэльвалі амаль усе навакольныя мясцовасьці. Чачэнскія аддзелы пачалі ў той самы час зноў пранікаць у Грозны і атакаваць расейскія пастарункі.

Бой за Сьвяты Мост

Чачэнцы кажуць, што стары мост, пабудаваны на Аргуне Сойп-мулой, перасоўваўся з месца на месца і таму ў яго не маглі патрапіць расейскія бомбы.
Мост даўным даўно пабудавалі звычайныя чачэнскія сяляне, якімі кіраваў мула з Шалі Гайсумаў. Будова, якая зьвязала два берагі шырокай і капрызнай горнай ракі, што разьлівалася ў тым месцы на 200 м, аказалася вельмі трывалай. Царскія інжынэры не маглі паверыць, што мост спраектаваў чалавек, які ня меў ніякай адукацыі. Калі выбухнула вайна, расейцы на працягу трох месяцаў атакавалі мост з зямлі і паветра. На яго ляцелі бомбы і артылерыйскія снарады. Мост ацалеў. Бітва, якая разыгралася пры яго абароне, была адной з найкрывавейшых у гэтай вайне.

З сярэдзіны лютага 1995 г. чачэнскае камандваньне вырашыла стварыць у раёне маста сталыя абарончыя лініі, бо новы рэйд танкавай калёны мог скончыцца ўдарам на Шалі, які знаходзіўся ад перадавой ўсяго ў 5 км.

На гэтым этапе вайны яшчэ ня была выпрацавана эфэктыўная сістэма замены аддзелаў на перадавой. Былі групы, якія ваявалі без адпачынку па некалькі тыдняў. Здаралася, што змучаныя аддзелы дабраахвотнікаў проста пакідалі пазыцыі, калі іх з нейкай прычыны не зьмянялі. Дзіркі ў лініі фронта выкарыстоўваліся расейцамі. І менавіта такім чынам, крок за крокам фэдэральныя войскі падышлі да маста на Аргуне каля Новых і Старых Атагоў. Гэта быў апошні мост, які злучаў заходнюю і ўсходнюю часткі Чачэніі. Захапіўшы яго, можна было ісьці на Шалі, куды пасьля эвакуацыі з Грознага быў перанесены чачэнскі генштаб.

(Працяг будзе)

Пераклаў з польскай Валеры Буйвал

26/9/2010 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Верасень 2010
П А С Ч П С Н
« Жні   Кас »
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024