Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Міраслаў Кулеба: Імпэрыя на каленях

(частка ІХ)

Вычварны плян Грачова

1 студзеня – дзень народзінаў генэрала Паўла Грачова. Паводле асобаў, якія бралі ўдзел у той гістарычнай падзеі, рашэньне аб штурме Грознага было прынята зусім нечакана пасьля абеду 31 сьнежня 1994 г., калі сьвяткаваньне дня народзінаў генэрала было ў самым разгары. Галоўнакамандуючы паабяцаў сваім жаўнерам – хто першы ўварвецца ў прэзыдэнцкі палац, атрымае Залатую Зорку Героя Расеі.
Плян апэрацыі быў распрацаваны ўжо раней. Аналіз гэтага вычварнага мерапрыемства, заснаванага на лепшых акадэмічных ведах генэралаў, уражвае адной дэтальлю: плян пабудавалі так, нібыта расейская армія павінна была штурмаваць пусты, вымерлы горад. У пляне не было месца для якога-кольвечы супраціву з боку абаронцаў сталіцы.

Задума акцыі заключалася ў тым, каб наступаючы па трох накірунках – паўночнага, заходняга і ўсходняга – увайсьці ў горад, захапіць прэзыдэнцкі палац, урадавыя будынкі, чыгуначны вакзал і іншыя важныя аб’екты ў цэнтры і заблакаваць цэнтральную частку Грознага да самага далёкага прадмесьця ў раёне Ката-ямы.

Канструкцыя пляну абапіралася на ўяўленьнях расейскага камандаваньня аб арганізацыі абароны сталіцы. Яны былі ўпэўнены, што сістэма абароны складаецца з трох канцэнтрычных рубяжоў, прычым унутранае кальцо абароны праходзіць паўз межы горада. Гэта былі няслушныя ўяўленьні. У сапраўднасьці Грозны абаранялі арыгінальным спосабам, які можна акрэсьліць як “рухомую абарону” альбо “лятучы рубеж”. Канцэпцыя абароны Грознага, на якую вымушаны былі пайсьці абаронцы з прычыны няроўных сілаў абодвух бакоў, ёсьць безумоўна арыгінальным чачэнскім унёскам у сусьветную ваенную гісторыю. Сілы Дудаева былі надта малымі, каб можна было дазволіць сабе ўтрымліваць сталыя абарончыя рубяжы, тым больш тры рубяжы. Сталай лініі абароны не было вакол горада і на падыходах да яго. Чакаючы рашаючага штурма на Грозны, невялікія і рассыпаныя паўсюль аддзелы ваяроў перайшлі ў сталіцу з тэрыторыі ўсяе рэспублікі.

Каб зразумець, што сталася ў Грозным, можна зьвярнуцца да параўнаньня. Уявім сабе шарападобнае асінае кубло, пабудаванае з слаёў шэрай, папяровай масы. Ёсьць толькі адзін спосаб, каб зьнішчыць такое кубло – і кемлівы чалавек зробіць гэта з дапамогай агня. Расейцы вырашылі ўсунуць у кубло сваю галаву.

Камандавала штурмам апэрацыйная група вышэйшых афіцэраў начале з генэралам Грачовым. Група кіравала войскамі з чыгуначнага каманднага пункта ў Маздоку. Можна ўявіць сабе гэтае кіраваньне, беручы пад увагу, што каб выдаць загад, генэралы павінны былі адрывацца ад банкетнага стала. Вельмі істотным недахопам расейскіх мэтадаў вядзеньня вайны спрадвеку ёсьць тое, што баявыя апэрацыі плянуюцца цьвярозымі, а выконваюцца п’янымі. Яшчэ горш, што часам ачмурэлымі ад алкаголя бываюць і адны і другія. 205-ю матарызаваную брыгаду, якая стаяла ў паўночным аэрапорце Грознага, самы расейскія жаўнеры называлі не інакш як “дзьвесьці п’яная”.

Штурм распачаўся бомбавым налётам на Грозны. Былі выкарыстаны ракеты саманакіраваньня РПК-500, якія выстрэльвалі з пяці самалётаў Су-24М. Усе намаганьні прынесьлі мізэрны вынік, бо над Грозным вісела густая заслона хмар. Адначасова з паветраным ударам распачалася артпадрыхтоўка.

У момант пачатку штурма горада расейская група войскаў у Чачэніі мела, паводле Грачова, 230 танкаў, 454 бранемашын і 388 гармат і мінамётаў. Такой агнявой навалы не было з часоў штурму сталіцы ІІІ Рэйха.

Зьнішчэньне расейскіх танкаў

На Грозны вырушылі аддзелы мотапяхоты, марской пяхоты Ціхага акіяна, Барынцавага і Балтыйскага мораў, дэсантныя аддзелы і спэцназ. Некаторыя з баявых групаў прасоўваліся наперад практычна без боя, іншыя адразу сутыкнуліся з абаронцамі сталіцы. Пакуль што баі мелі характар лакальных сутычак.

Расейская ваенная махіна ўкатывалася ў Грозны павольна, па дарозе мэтадычна душачы раскіданыя абарончыя пункты. Здавалася, што ў такім жа павольным, упартым тэмпе войскі разгорнуцца перад брамамі сталіцы, аточаць яе і будуць спакойна заціскаць пятлю, а потым вуліцы зальюць масы людзей і тэхнікі. Таго, што сталася ў апошні дзень адыходзячага 1994 г., ніхто не прадугледжваў.

На працягу дзьвюх-трох гадзін танкавыя калёны рэзкім кідком ударылі з аддаленых прадмесьцяў у накірунку на цэнтар. Слабыя абарончыя пазыцыі прарывалі, не зважаючы на страты ў жывой сіле і тэхніцы. Абаронцы зразумелі, што мэтай расейцаў у гэтым баі ёсьць захоп Грознага да наступленьня змроку і любым коштам, нягледзячы на ўласныя страты і страты сярод цывільнага насельніцтва.

На ўскрайку пэрыфэрыйнага паўночнага 4-га жылога квартала, каля новага будынка Пэдінстытута займалі абарончыя пазыцыі “бранетанкавыя сілы” рэспублікі: два танкі Т-72 і Т-62 з экіпажамі. Там стаялі таксама два гусенічных цягачы МТЛБ, адзін з прываранай зэніткай, другі са здвоеным буйнакалібэрным кулямётам КПВТ. Падобны, з чатырох ствалоў КПВТ быў схаваны ў прыватных хатах на беразе Сунжы і ахоўваў прэзыдэнцкі палац.

На золку 31 сьнежня з боку ўжо занятай расейцамі часткі Ханкалы зьявіліся верталёты. Пачуўшы далёкі грукат матораў, разьлік зэніткі адкрыў агонь. Снарады, якія разрываліся на вышыні 2500 м, зрабілі на пілотаў вялікае ўражаньне – верталёты павярнулі назад.

У хуткім часе высьветлілася, што верталёты забясьпечвалі з паветра вялікую калёну фэдэральных войскаў, якая набліжалася да горада. Калёна абышла Ханкалу і ўдарыла на 4-ы квартал Грознага.

Тут раптам здарылася паломка супрацьпаветранай гарматы – снарад заклініў замок. Пакуль гармату наладжвалі, зноў прыляцелі верталёты і залпам ракет “паветра-зямля” зьнішчылі чачэнскі танк Т-72. Яго мэханік-кіроўца згарэў.

Расейскія танкі было бачна як на далоні. Чачэнскі танк страляў і адразу мяняў пазыцыю. Ваяры з разьліку зэніткі беглі перад ім і вялі Т-62 на новае, абранае раней месца. Так рабілі пасьля кожнага стрэлу.

За 10 хвілін адзіны чачэнскі танк сям’ю снарадамі зьнішчыў танк, тры транспарцёры і тры БМП. Калі быў падбіты першы расейскі танк, экіпажы выскачылі з астатніх машын і схаваліся за насыпам. Танкі не зрабілі аніводнага стрэлу, але пяхота адкрыла няшкодны на такую адлегласьць агонь. Потым афіцэры паднялі жаўнераў у атаку. Некалькі зь іх забеглі ў будынак кінатэатру “Расея”. Чачэнскі танк абстраляў кінатэатр. Была перахоплена радыёразмова расейцаў, якія прасілі падмацаваньняў і крычалі, што ў 4-м квартале яны сутыкнуліся з чачэнскім танкавым палком…

Танкі групоўкі “Усход” прарваліся ў горад і спрабавалі схавацца сярод дамоў, але патрапілі ў пастку. Па кварталу бегала некалькі чачэнскіх групаў па некалькі чалавек, узброеных ў бранебойныя гранатамёты. Яны наладзілі сапраўднае паляваньне на танкі. Іх зьнічалі на кожным скрыжаваньні. Расейцы вялі бой цэлую ноч і несьлі адчувальныя страты. Групоўка “Усход” не прасунулася далей за Садовае Кальцо, потым павярнула назад. На зваротным шляху танкі зноў патрапілі пад агонь прэзыдэнцкага спэцназа, які гэтым разам заняў высокія дамы і бліжэйшы квартал прыватных хат. На вуліцах і на ўскраіне квартала цэлую ноч гарэлі танкі. Паводле чачэнскіх дадзеных, групоўка “Усход” страціла ў гэтым баі больш за 50 бранемашын.

На паўночным накірунку 1-ы батальён 81 матарызаванага палка 8-га Валгаградзкага гвардзейскага корпусу практычна без баёў дайшоў да чыгуначнага вакзала і заняў яго каля 13.00. Каля 15.00 яны заблакавалі прэзыдэнцкі палац з боку вакзала. Потым на вакзал падышла 131-я мэханізаваная брыгада з Майкопа. Фэдэральныя войскі нідзе не напаткалі арганізаванага супраціву. Чачэнскія ваяры толькі пачалі зьбірацца з усяго горада ў раён вакзала.

Эфір напоўніўся галасамі чачэнскіх камандзёраў, якія дакладвалі аб прарыве танкаў і бранемашын праз іхныя пазыцыі. У Грозны ўехалі сотні машын. Такой атакі сучасны сьвет яшчэ ня бачыў – ніколі дагэтуль, ні ў воднай бітве не здаралася такога. Магло падасца, што танкі раздушаць горад разам зь яго абаронцамі, што гусеніцы расейскіх танкаў спрасуюць Грозны. У цэнтральных кварталах ужо сваволіла цэлая армія, а ўсё новыя тактычныя злучэньні падыходзілі звонку. Мы ня можам зазірнуць у душы тых жаўнераў, якіх лёс паставіў адных супраць другіх. Але можна ўявіць сабе, што адчувалі адны і другія. Для расейцаў гэта мусіў быць вырашальны, пераможны штурм, якім заканчвалася вайна. Іх, безумоўна, акрыльвала адчуваньне ўласнай моцы і магутнасьці імпэрыі, якая стаяла за імі. Было таксама шампанскае, зьмяшанае з гарэлкай, і не было яшчэ страху.

А чачэнцы… Чачэнцы ніколі не прызнаюцца, што баяцца. Але трывога напэўна пасялілася ў сэрцах тых, якія ведалі, наколькі няроўнымі былі сілы. А яны ж ведалі, што Расея мае больш танкаў, чым ёсьць чачэнцаў, здольных насіць зброю.

Ваяры адыходзілі ў цэнтральную частку горада з баямі. У хуткім часе баі разгарнуліся каля самых урадавых будынкаў, вакол прэзыдэнцкага палаца. Лёс няроўнай бітвы, здавалася, быў вызначана. Аднак… З часам галасы ў эфіры пачалі гучаць зусім інакш. Зьявілася новая нота, якая гучэла ўсё больш выразна Адусюль паведамлялі пра расейскія танкі, ахопленыя полымем. Чуваць было таксама лаянку расейскіх танкістаў, яны немым крыкам прасілі дапамогі. Камандуючы абароны сталіцы Аслан Масхадаў (у эфіры называны “Цыклон-02”) склікаў ваяроў у цэнтральную частку сталіцы. “Расейскія жаўнеры кідаюцца тут ва ўсе бакі. Хлопцы, толькі спакойна, зьнішчайце іхныя машыны, яны вельмі добра гараць, нашы спалілі іх ужо больш за 60 штук. Да цемры трэба ліквідаваць усе астатнія”. Масхадаў знаходзіўся ў прэзыдэнцкім палацы, які абстрэлівалі танкі і артылерыя. Па радыё яму адказаў “Пантэра-2”, намесьнік Басаева: “Славутае ў нас сёньня паляваньне!” Танкі сапраўды гарэлі паўсюль, па ўсім горадзе, як скрынкі запалак. Як прадугледжваў гэта Дудаеў – шалёная атака патанала ва ўласнай крыві.

Батальён Басаева ваяваў у цэнтры горада. Там разгортваўся кульмінацыйны акт навагодняй драмы, якая ператварылася ў вялікае крывавае паляваньне. Групы па некалькі зьнішчальнікаў з гранатамётамі бегалі па вуліцах, шукаючы здабычу.

Муса Бакаеў успамінае: “Бой пачаўся на скрыжаванні каля гаражоў. Першую машыну разьбіў з гранатамёта Гелаеў. Вежа узьляцела вышэй за пяціпавярховыя дамы. Усе засьмяяліся – калі камандзёр дае такі прыклад, трэба ваяваць! Я ўлез на дах гаража. З даху было вельмі ёмка страляць, проста ў матор. Я зьнішчыў два БМП. Гаургашвілі залез на высокі мур, адкуль падпаліў танк і БМП. Каля чарцёжных майстэрняў я шахнуў яшчэ адзін танк – у суме тры штукі ў той дзень. Іх было шмат, “как нерезаных собак”. Страляй, заўсёды патрапіш. Быў такі прыгожы дзень, мы адсьвяткавалі Новы год! А назаўтра я зьнішчыў яшчэ адзін танк”. Жаўнеры і афіцэры, якіх бралі ў палон, былі ў шоку. Яны зусім не разумелі, што адбываецца вакол іх. Разьбітыя бранемашыны ў агні загарадзілі вуліцы, і калёны сталі на месцы. У эфіры ўсё часьцей ваяры прасілі прыслаць снарады для гранатамётаў.

Паводле пляну, 131-я брыгада павінна была падрыхтаваць калідор для ўнутраных войскаў, якія мусілі ачышчаць горад. Спачатку брыгадзе ўдалося заняць чыгуначны вакзал, але ўнутраныя войскі не пайшлі сьледам. У хуткім часе брыгада апынулася ў поўным абкружэньні. А потым пачалася разьня.

Да раніцы 1 студзеня 1995 г. 131-я мэханізаваная брыгада з Майкопа практычна перастала існаваць. Зь яе 26 танкаў чачэнцы зьнішчылі 20, з 120 БМП засталіся толькі 8. Вялізныя страты панёс гвардзейскі матарызаваны пяхотны полк з Валгаграда.

31 сьнежня Саіда Мухтарава была ў сутарэньнях рэспубліканскага шпіталя. Каля 21.00 ў сутарэньне ўварваліся расейскія жаўнеры і афіцэры. “Яны выглядалі проста страшна – брудныя, п’яныя, ванітавалі лаянкай. Калі яны пераканаліся, што сярод нас няма “бандытаў”, то пачалі прыносіць сваіх параненых. Кідалі іх проста на бэтонную падлогу. Маладыя 19-гадовыя жаўнеры крычалі ад болю і пракліналі найгоршымі словамі свайго прэзыдэнта і Грачова, якія паслалі іх на забой. Апоўначы, не зьвяртаючы ніякай увагі на паміраючых, скрываўленых жаўнераў, у сутарэньне забеглі расейскія лекары з шпітальнага пэрсаналу. Топчучыся ў калюжынах крыві, яны пачалі накрываць на стол. Адкаркавалі пляшку з спіртам і павіталі Новы год пераможнымі крыкамі “ура!” А лекары-чачэнцы ў гэты час апэрыравалі расейскіх жаўнераў. Потым жаўнеры-марадзёры пачалі прыносіць у сутарэньне і складваць проста на параненых і паміраючых рэчы, скрадзеныя ў кватэрах і дамах. Нехта прынёс нават карніз з фіранкамі. Раніцай палова параненых жаўнераў была мёртвай – яны паміралі, пакуль лекары п’янствавалі. Праз два дні, калі пачалі вывозіць параненых, у машыны і БТРы жаўнеры спачатку складвалі нарабаванае барахло”.

(Працяг будзе)

Пераклаў з польскай Валеры Буйвал

21/9/2010 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Верасень 2010
П А С Ч П С Н
« Жні   Кас »
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024