Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты // Форум
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон ПАЗЬНЯК: ГАЛОЎНАЕ – БАЙКОТ, ГАЛОЎНАЕ – З НАРОДАМ

(Выступ на сакавіцкім Сойме БНФ)

Паважаныя сябры Сойму. Дазволю сабе тэзісна абазначыць некалькі пытаньняў бягучай цяпершчыны. Маю адчуваньне, што апошнім часам антыбеларускі рэжым выяўляецца ва ўсё больш завершанай форме як рэжым рэпрэсіўны. Перад выбарамі 2011 года стаўка робіцца на рэпрэсіі, запалохваньне, узмацненьне кантролю над грамадзтвам, упор на выкарыстаньне ўлады, на стварэньне заканадаўчых актаў пад рэпрэсіўную палітыку.

У прынцыпе нічога новага тут няма і ня будзе потым. Гэбоўскі рэжым, каб і хацеў, нічога іншага ня ўмее і ня можа рабіць. Такая яго парода, што ў Беларусі, што ў Расеі. І вартыя жалю тыя людзі, якія думаюць, што гэбісцкі (ды яшчэ і антыбеларускі) рэжым можна неяк перайначыць, прылагодзіць і рэфармаваць. КГБ не рэфармуецца. Яго трэба толькі (і абавязкова) ліквідаваць. Калі такой задачы ня ставіць і не змагацца, то рэжым ліквідуе грамадзтва.

Парадыгма існаваньня гэтай цемры такая, што чым больш будзе слабець грамадзтва, тым больш будуць жорсткімі і дробязнымі рэпрэсіі. Людзям стане цяжка дыхаць; пад рэпрэсіі падпадуць звыклыя чалавечыя паводзіны; прыдумваньне неіснуючых парушэньняў і фабрыкацыя абвінавачваньняў стане звычайнай зьявай. Што мы ўвесь час і назіраем. “Падпал райхстага” з Аўтуховічам – тыповая ілюстрацыя такіх подлых паводзінаў рэжыму. Гэб’ю і заказчыкам патрэбны гучны факт раскрыцьця “тэрарыстычнай змовы”, каб тэрарызаваць грамадзтва. Прытым, заўважце, Эўразьвяз ускосна падтрымлівае антыбеларускі рэжым у гэтай брыдкай справе. У апошняй рэзалюцыі Эўрапарляманта па Беларусі няма ні слова пра Аўтуховіча, і ў той жа час выказваецца патрабаваньне вызваліць з турмы іншых, менш вядомых вязьняў.

І тут падвойны стандарт! Бюракратычная Эўропа ня можа бяз фальшу. Нават вязьняў падзялілі на “сваіх” і “чужых”. Тое ж з журналістамі, палітыкамі і г. д. Памятаем, як яны ўпарта не хацелі заўважаць гераізму і арыштаў Уладзімера Плешчанкі, як маўчалі, калі ў 2000-м годзе 25 Сакавіка была спроба забойства Юры Беленькага на плошчы Якуба Коласа ў Менску. Памятаем, як ілжыва лепятаў нямецкі шпіён Ганс Вік (ён жа кіраўнік місіі АБСЭ ў Менску), калі на “Свабодзе” яму задалі пра гэта пытаньне наўпрост.

Апошнім часам паднялося пытаньне пра ўдзел ў Эўранэсьце. Даволі прымітыўнай маніпуляцыяй групы эўрадэпутатаў (прапанавалі рэжыму заведама непрыймальнае рашэньне) дасягнулі выніку, якога хацелі: у Эўранэст запросяць 10 асобаў з непарляманцкіх структураў Беларусі.

Калі пачыналася гэтая камбінацыя ў Эўразьвязе, мы ў кіраўніцтве Партыі абмеркавалі вырыянты нашай адмовы ў такой несур’ёзнай задуме. Бо калі ўспрымаць іхнюю палітыку ўсё ж сур’ёзна, то нашай Партыі і Фронту як найстарэйшай палітычнай арганізацыі, якая ў 1991-м здабыла незалежнасьць краіны, мусілі прыслаць запрашэньне.

Але аказалася, што праблемаў ня будзе. Мы крыху пераацанілі верагоднасьць іхных намераў. Яны запрасілі сваіх, тых, каго ведаюць, каму аплочвалі камандзіроўкі ў Брусэль, каго бачылі на сэмінарах па дэмакратыі і на іншых “таўкучках”. Там і знаёмыя журналісты, і камуністы, і “палітыкі” з “Экадому” (?), і нават Анжэліка Борыс у той кампаніі ёсьць.

Ну, наколькі ж гэта ўсё лапідарна і несур’ёзна. Нелегітымную структуру замянілі яшчэ больш нелегітымнай тусоўкай. Нелегітымныя палатнікі прадстаўляюць нелегітымны антыбеларускі рэжым. А гэтыя людзі каго прадстаўляюць? Мне здаецца, што яны нават сябе не прадстаўляюць, а толькі блытаныя інтарэсы тых, хто іх туды запрасіў. Хаця аб’ектыўна гэтая так званая “апазыцыя” ёсьць люстэркам антыбеларускага рэжыму.

Альтэрнатыўную пазыцыю ўладзе можа прадстаўляць альтэрнатыўная ўладная структура. Паколькі такой структуры няма (хіба што Рада БНР), то ёсьць іншыя варыянты вырашэньня праблемы. Але іх нават не шукалі, бо пэўная група ў Эўразьвязе хацела мець пэўны вынік і склеіла яго, як умела.

У гэты ж час быў штучна раздзьмуханы маёмасна-палітычны канфлікт у Саюзе палякаў. Пачаўся ён у 2000 годзе, калі адышоў ад кіраўніцтва Тадэвуш Гавін і кіраўніком выбралі спадара Кручкоўскага, які аб’явіў, што Саюз палякаў ня будзе больш кантактаваць з БНФ і стане супрацоўнічаць з рэжымам Лукашэнкі. Кіраўніцтва Польшчы ў гэты час запрасіла Кручкоўскага супрацоўнічаць у розныя камісіі пальскага сэнату, ён стаў частым госьцем у Варшаве, а польская дыпляматыя ў Беларусі шчыльна зацікавілася справамі Саюза палякаў, магчыма не падазраючы, што рэжым шчыльна назіраў за гэтым зацікаўленьнем. У выніку зьявілася Анжэліка Борыс. Як толькі зьявілася Борыс, рэжым пайшоў у атаку. У 2005 годзе ўзьнік дыпляматычны скандал, у выніку якога пару польскіх дыпляматаў былі выдаленыя зь Беларусі, а Саюз палякаў распалавінілі на дзьве часткі (умоўна кажучы, на пра-варшаўскую і пра-менскую арганізацыі).

Тут тыповая стандартная дзейнасьць спэцслужбаў. Такім мэтадам пры дапамозе рэжымных амбасадаў і КГБ у канцы 90-х былі расколатыя ўсе беларускія арганізацыі ў краінах Прыбалтыкі, у Расеі (Пецярбург, Масква), на Ўкраіне, у Малдове і іншых месцах. (Раскол БНФ у 1999-м – таксама тыповы прыклад.) Адметнасьць канфлікту ў СПБ хіба толькі ў тым, што расколвалі з абодвух бакоў.

Штучная эскалацыя канфлікту ўнутры СПБ у час вырашэньня праблемы з Эўранэстам і дзіўныя групавыя прапановы Эўразьвязу пра дзясятку запрошаных знаёмцаў зь Беларусі выклікаюць у мяне часам проста камічнае адчуваньне.

Якраз тады, калі панну Анжэліку запрасілі ў Варшаву, калі яна хораша ўсьміхалася з Браніславам Камароўскім (кандыдатам на прэзідэнта) і паказвалася журналістам, я меў размовы зь некаторымі польскімі палітыкамі-патрыётамі. Ну, кажу, во наша Анжэліка… “Нешта не падабаецца нам гэтая асоба”, — зь яўным намёкам кажуць мне патрыёты. Такая вось жыцьцёвая камэдыя побач зь вельмі сур’ёзнымі для ўсіх нас, беларусаў, справамі.

У размовах з калегамі-фронтаўцамі нашыя думкі супадаюць, што гатовасьць у грамадзтве ня йсьці галасаваць на фальшывыя выбары — даволі высокая. Цяпер трэба інтэнсіфікаваць нашу працу ў кірунку прапаганды байкоту – пісьмовую і вусную. Вусную – абавязкова. У гэтай сытуацыі яна можа быць даволі эфектыўнай.

Сумняваюся, што (каб супроцьстаяць байкоту) рэжым рызыкне абнізіць парог абавязковай яўкі выбаршчыкаў (50% +1). Але ня выключана і такое, што ён пойдзе на такі крок. Тады гэта толькі аблегчыць нашу працу. Па журналістах я ўбачыў, што, магчыма, рэжым таксама не разумее (ці, дакладней, адэкватна на разумее) сэнсу нашага байкоту – салідарнасьць грамадзтва.

Выстаўляцца на чацьвёрты тэрмін прэзыдэнцтва і разьлічваць, што такое ўспрымуць як справядлівыя выбары – гэта ўжо ня праста паранойя, гэта цягне на поўны ідыятызм. Толькі ўнікальная па нікчэмнасьці псэўдаапазыцыя магла б успрыняць сурёзна такую табарную “палітыку.” Дзякуй Богу беларусам ўжо надакучылі гэтыя скокі, і ахвота ісьці на выбарчы балаган малее з кожным днём.

Сваю “элегантную перамогу” рэжым зробіць і бяз выбаршчыкаў. Нам важна, каб выбаршчыкі былі на іншым баку. Тады зьявяцца ўмовы, каб ў рэшце рэшт зьмесьці з лавы ўсю гэтую антыбеларускую псэўдаапазыцыйную нечысьць разам з антыбеларускім рэжымам.

Мяркую, што нікога з нас не зьдзіўляе, што на ролю рэжымных гайдукевічаў у выбарах прэзыдэнта зрабілі заяўку ўжо некалькі асобаў. Іх будзе яшчэ больш. Але для нас гэта ня мае значэньня. Масква (як заўсёды) ставіць на Лукашэнку, і колькасьць зазывалаў электарату на галасаваньне не перавядзецца. Мы арганізоўваем байкот ня з боку кандыдатаў, а з боку выбаршчыкаў.

Пакуль што перад намі мясцовыя выбары. Застаўся месяц. Трэба ўзмацняць нашу працу па байкоту гэтых выбараў. Думаю, што нядрэнная будзе рэпетыцыя. (…)

Зянон ПАЗЬНЯК
Старшыня Беларускага Народнага Фронту “Адраджэнье” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ
21 сакавіка 2010 г.

23/3/2010 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Сакавік 2010
П А С Ч П С Н
« Люты   Кра »
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ

Народная Перамога

[ Усе сябры ]




Лічыльнік:


Беларуская Салідарнасьць // Усе правы абароненыя // 2000—2022
Сувязь